Вы тут

З марамі пра тэатр будучыні


...У беларускім фільме «Гадзіннік спыніўся апоўначы» мы бачылі артыста Дзмітрыя Арлова, які змог раскрыць псіхалогію вобраза фон Каўніца, схаваную пад маскай прыстойнасць служкі Рэйха, што здолелі ўвесці ў апакаліптычны хаос увесь свет. Роўнай акцёрскай работы ў кінематографе ўсяго свету на гэтую тэму няма. За ёю стаяла асоба з каласальным жыццёвым досведам.


Народны артыст БССР, стваральнік Рускага драматычнага тэатра Беларусі, прафесар, адзін з заснавальнікаў айчыннай тэатральнай школы, Дзмітрый Арлоў нарадзіўся ў Маскве ў 1903 годзе. Яго бацька Аляксей Арлоў быў святаром у храме Святога Апостала Іакава Завядзеева. Сям’я жыла пры царкве. У 1917-м бацькоўскі прыход закалацілі. Бацьку прынялі настаўнікам гісторыі ў Таганскае гарадское вучылішча, але з-за душэўнага болю ён рана сышоў з жыцця (у 1925 годзе). Дзмітрый, адзін з шасці дзяцей, што выхоўваліся ў сям’і, у гэты ж год скончыў Маскоўскі дзяржаўны тэхнікум імя Луначарскага (будучы Расійскі інстытут тэатральнага мастацтва) і атрымаў дыплом артыста драматычнага тэатра. Яго настаўнікамі былі любімыя вучні К. Станіслаўскага: А. Папоў, А. Дзікі, Л. Леанідаў. Дзмітрый Арлоў прапрацаваў у двух знакамітых тэатрах Масквы, а восенню 1936 года ён пераязжае ў Беларусь. Назаўжды.

Гэта быў час, калі кіраўніцтва рэспублікі вырашыла ўзняць мастацкі ўзровень трупы Рускага тэатра, які на той час быў у Магілёве. Угаварыў пераехаць Д. Арлова яго сябар У. Кумельскі, былы масквіч, які ўзначальваў рускую трупу ў Магілёве. Ведаючы, што Д. Арлоў сапраўды валодае школай Станіслаўскага і з’яўляецца асобай высокай культуры, ён спадзяваўся, што з яго дапамогай яны здолеюць стварыць у Беларусі тэатр будучыні. Д. Арлоў рызыкнуў.

З 1939 па 1948 год Арлоў узначальваў Рускі драматычны тэатр БССР. А ў гады вайны ён быў кіраўніком тэатра, які абслугоўваў армію Другога беларускага фронту. Пасля вайны Д. Арлоў фарміруе трупу Рускага тэатра, які перабіраецца ў Мінск. Ён вяртае артыстаў, якія перажылі вайну, і запрашае яркіх акцёраў з Масквы, майстроў школы Станіслаўскага. Тэатр Дзмітрыя Арлова даваў людзям сілу аднаўляць Радзіму і таму быў заўсёды поўны. Арлоў аддаў тэатру не толькі талент акцёра, але і энергію арганізатара і кіраўніка складанай тэатральнай справы.

Як артыст ён уражваў глыбінёй пранікнення ў вобраз, адкрываючы духоўныя сэнсы п’ес праз вобразы Цара Фёдара паводле А. Талстога, Дзядзі Вані А. Чэхава, гогалеўскага Хлестакова, Карэніна Л. Талстога… Ён працаваў над спектаклямі як рэжысёр, ставіў Горкага, Чэхава, Пушкіна, Астроўскага, Сіманава і іншых, п’есы, што адрозніваліся вырышэннем важных, глабальных тэм. Высока цаніў работы карыфеяў беларускіх тэатраў Я. Купалы і Я. Коласа.

У 1947 годзе Д. Арлоў, не спыняючы служэння ў тэатры, ідзе на выкладчыцкую працу — узначальвае кафедру акцёрскага майстэрства і рэжысуры Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута з 1947 па 1969 год.

За 24 гады, што ён працаваў у інстытуце, Д. Арлоў выхаваў 120 высакакласных артыстаў, рэжысёраў, педагогаў. Ён перадаваў нам, сваім вучням, разуменне мастацтва як высокага духоўнага служэння. Казаў: «Чым больш маштабная асоба мастака, тым больш каштоўны яго твор. Таму што ён сам у не меншай ступені, чым яго майстэрства, складае душу мастацтва». Мы, яго вучні, адчувалі ў ім нейкую неверагодную духоўную магутнасць, звышмудрасць, звышлюбоў.

Дзмітрый Аляксеевіч Арлоў пайшоў з жыцця ў 65 гадоў, апынуўся ў бальніцы напярэдадні дыпломных экзаменаў акцёрскага выпуску. З уласцівай яму адказнасцю ён прадыктаваў сваёй дачцэ настаўленні на экзамены для кожнага свайго вучня. А праз 2 дня 18 ліпеня 1969 года яго не стала…

Народны артыст БССР, прафесар адзначаны высокімі ўрадавымі ўзнагародамі. Ён сыграў больш чым 40 вядучых роляў у тэатры і кіно. Як рэжысёр ажыццявіў 19 пастановак у Рускім драматычным тэатры імя Горкага, 3 спектаклі ў магілёўскім тэатры, 1 спектакль у тэатры імя Я. Купалы і 35 спектакляў у тэатральна-мастацкім інстытуце.

Дачка майстра, прафесар Таццяна Арлова выпусціла кнігу «Настаўнік», куды ўвайшлі выбраныя артыкулы майстра, успаміны пра яго, дакументы.

Але партрэты такіх асоб, як Дзмітрый Арлоў, павінны быць у галерэі вобразаў педагогаў і дырэктараў у Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Ды і ў музеі Рускага драматычнага тэатра ў Мінску, да стварэння якога Дзмітрый Арлоў меў дачыненне.

Віялета КЛІМЕНКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».