Вы тут

Выступленне Міхаіла Мясніковіча на закрыцці 6-й сесіі Савета Рэспублікі


Выступленне старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь М. У. Мясніковіча на закрыцці шостай сесіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання


Паважаныя члены Савета Рэспублікі!

Паважаныя запрошаныя!

У перыяд шостай сесіі Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання ажыццяўляў дзейнасць па рэалізацыі пастаўленых кіраўніком дзяржавы задач, заканадаўча забяспечваючы ўстойлівае сацыяльна-эканамічнае развіццё. Прынята да ведама тры дэкрэты Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, адобрана 58 законапраектаў, у тым ліку 36 аб ратыфікацыі міжнародных дагавораў.

Завершана работа над законапраектам «Аб змяненні Закона Рэспублікі Беларусь «Аб аўтарскім праве і сумежных правах», распрацоўку якога ажыццявіў Савет Рэспублікі.

Прынята новая рэдакцыя Жыллёвага кодэкса.

Вядзецца сур'ёзная работа па карэкціроўцы Грамадзянскага кодэкса. Яе мэта — забеспячэнне прывабнасці нашай краіны для інвестыцый і вядзення бізнесу. Мы ўлічваем уласны і замежны вопыт. Гэтыя пытанні разглядаліся ў маі на секцыі навукова-кансультатыўнага савета пры Прэзідыуме Савета Рэспублікі. Да мерапрыемства праявілі цікавасць прадстаўнікі дзяржаўных органаў, навуковых і бізнес-колаў, члены судзейскай і адвакацкай супольнасці.

Паважаныя калегі!

Ва ўрадзе зараз актыўна абмяркоўваецца набор дзейсных інструментаў развіцця эканомікі краіны ў 2020 годзе. Савет Рэспублікі прапанаваў Савету Міністраў правесці ўжо ў 2019 годзе прапрацоўку асноўных напрамкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на перыяд да 2025 года, што дазволіць парламенту забяспечыць своечасовую падрыхтоўку неабходных законапраектаў. І ў першую чаргу варта паскорыць карэкціроўку заканадаўства з улікам нормаў Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 23 лістапада 2017 года № 7 «Аб развіцці прадпрымальніцтва». На восеньскай сесіі 2019 года пажадана ўнесці неабходныя змяненні ў Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях і Працэсуальна-выканаўчы кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях.

Акрамя таго, трэба актывізаваць работу па ўдасканаленні нормаў законаў «Аб гаспадарчых таварыствах», «Аб неплацежаздольнасці і банкруцтве», «Аб дзяржаўным рэгуляванні гандлю і грамадскага харчавання». Мяркуем, што не страчана актуальнасць і ў законапраектах аб дзяржаўных арганізацыях і аб электраэнергетыцы. Разлічваем сёлета атрымаць прапановы Савета Міністраў па гэтых законапраектах.

Паважаныя члены Савета Рэспублікі!

Работа з насельніцтвам з'яўляецца для парламентарыяў безумоўным прыярытэтам. Нядаўна Прэзідыум Савета Рэспублікі дэталёва разгледзеў работу членаў Савета Рэспублікі са зваротамі грамадзян за мінулы год, прааналізаваў тэматыку паступіўшых зваротаў і якасць работы з імі. Так, у 2018 годзе сенатарамі праведзена больш за 1,5 тыс. асабістых прыёмаў, у ходзе якіх разгледжана 7 тыс. зваротаў. У І квартале 2019 года праведзена 285 асабістых прыёмаў, прыняты 924 чалавекі. Аналіз зваротаў паказаў, што каля траціны з іх датычыцца матэрыяльнага становішча грамадзян: заработная плата, працаўладкаванне. Другі блок пытанняў — медыцынскае абслугоўванне, работа дзіцячых дашкольных устаноў і школ. Трэцяя па ліку зваротаў група пытанняў — стан і рамонт жыллёвага фонду, добраўпарадкаванне.

Работа са зваротамі грамадзян дае станоўчыя вынікі. Варта цаніць давер людзей да ўлады. Нам трэба і далей актыўна весці гэту дзейнасць, выкарыстоўваючы новыя формы і метады. Па выніках прыёмаў павінны прымацца канкрэтныя рашэнні, фармальны падыход недапушчальны.

Варта больш поўна даводзіць да грамадскасці звесткі аб бюджэтных выдатках, на што яны накіроўваюцца. Павінны быць не толькі справаздачы, але і інфармаванне аб тым, што будзе зроблена і калі.

Для найбольш эфектыўнага вырашэння пытанняў, якія паступаюць ад насельніцтва, неабходна максімальна задзейнічаць мясцовыя Саветы дэпутатаў і іх асацыяцыі. Па ініцыятыве Савета Рэспублікі такія асацыяцыі былі створаны і функцыянуюць у Магілёўскай і Гродзенскай абласцях. Нядаўна аналагічная структура сфарміравана і ў Віцебскай вобласці. Разлічваем на яе актыўную работу.

Асаблівую ўвагу Савет Рэспублікі ўдзяляе развіццю маладзёжнага парламентарызму. У Беларусі працуе звыш 40 маладзёжных парламенцкіх структур — абласных, раённых і гарадскіх. Нядаўна маладзёжны парламент створаны і пры Брэсцкім абласным Савеце дэпутатаў. Гэты кірунак павінен развівацца больш актыўна. Члены Савета Рэспублікі разам з Саветамі дэпутатаў павінны імкнуцца да таго, каб гэта дзейнасць была эфектыўная для фарміравання маладых лідараў і карысная краіне.

Паважаныя калегі!

Міжнародная дзейнасць Савета Рэспублікі ў бягучай сесіі была накіравана на ўсталяванне новых і пашырэнне дзеючых міжпарламенцкіх сувязяў. Прайшлі візіты і сустрэчы высокага ўзроўню з дэлегацыямі Польшчы, Францыі, Чэхіі, Славакіі, Латвіі, Германіі. Развіваецца супрацоўніцтва з Кангрэсам мясцовых і рэгіянальных улад Савета Еўропы. Актывізавалася міжпарламенцкае супрацоўніцтва з КНР, актыўна ідзе работа з парламентарыямі Расійскай Федэрацыі.

У найбліжэйшы час нам трэба будзе правесці на высокім узроўні VІ Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі ў Санкт-Пецярбургу, а таксама Форум рэгіёнаў Беларусі і Узбекістана.

Прашу членаў Савета Рэспублікі прадоўжыць актыўную работу па падрыхтоўцы гэтых мерапрыемстваў, асаблівую ўвагу ўдзяліць падпісанню камерцыйных кантрактаў і пагадненняў аб супрацоўніцтве. На Форум мы выходзім з шэрагам ініцыятыў і разлічваем на іх падтрымку.

У цэнтры ўвагі Савета Рэспублікі працягваюць заставацца пытанні ўдасканалення дагаворна-прававой базы еўразійскай інтэграцыі, а таксама саюзнага будаўніцтва. У Савеце Рэспублікі былі выпрацаваны і накіраваны ва ўрад канкрэтныя прапановы па далейшым развіцці беларуска-расійскай інтэграцыі.

Паважаныя члены Савета Рэспублікі!

Дазвольце падзякаваць вам за сумесную плённую сесійную работу. У адпаведнасці з артыкулам 95 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь шостую сесію Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання аб'яўляю закрытай.

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.