Вы тут

Што пісалі газеты пра будні партызан


«Не трэба чакаць, пакуль наступіць выпадак для таго, каб сутыкнуцца з немцамі. Немцаў трэба шукаць і знаходзіць, знаходзіць і біць, біць усюды і ўсімі сродкамі, трымаць іх у стане паўсядзённага напружання, бесперапынку выматваць іх сілы...

Адсіжванне і чаканне роўна здрадзе. Нельга адсіжвацца і чакаць, калі вораг топча сваімі бруднымі нагамі нашу свяшчэнную зямлю, руйнуе і паліць нашы гарады і сёлы, тысячамі знішчае наша мірнае насельніцтва... Больш ініцыятывы і самастойнасці! Вышукваць новыя формы і метады барацьбы з ворагам, неадкладна іх прымяняць і ажыццяўляць, біць немцаў там, дзе яны гэтага не чакаюць, наносіць ім удары ў самыя адчувальныя месцы — вось баявыя задачы кожнага атрада» — заклікала партызанская газета «Большэвік Палесся» ў чэрвені 1943 года.


Няўлоўны праціўнік

Пар­ты­зан­ская ста­тыс­ты­ка.

Партызанскі рух стаў сапраўднай праблемай для нямецка-фашысцкіх захопнікаў. За гады вайны партызаны і падпольшчыкі на беларускай зямлі знішчылі каля паўмільёна акупантаў, пусцілі пад адхон больш за 11 тысяч эшалонаў, разграмілі 948 варожых штабоў і гарнізонаў, знішчылі 1355 танкаў і бронемашын. Калі глядзець на дакументы савецкага ўраду, на загады і звароты Сталіна, якія друкаваліся ў газетах ваенных часоў, партызанскаму руху аддавалася асаблівая роля, народныя мсціўцы згадваліся побач з воінамі Чырвонай Арміі.

Немцы былі не гатовыя да такога маштабнага народнага супраціўлення і не ведалі, як супрацьстаяць хітраму, трываламу, спрытнаму, няўлоўнаму праціўніку, які з'яўляецца знянацку, дзейнічае з засад і ўмешваецца ў раней спланаваныя аперацыі, у тыле здабывае інфармацыю пра іх ваенныя сілы і планы. У сакрэтнай брашуры «Аб вопыце дадзенай вайны» гаварылася: «Гэты рух быў для нас навіной; фанатызм, пагарда да смерці і ўпартасць, якую мы спаткалі ў народа ў рамках гэтага спосабу вядзення вайны, здзівіў нас, а велізарны размах прымянення гэтага метаду прывёў нас у жах». «Нельга адмаўляць, што гэтая барацьба каштуе нам вялікіх ахвяр, скоўвае частку нашых сіл і наносіць нам сур'ёзныя страты. Бальшавіцкія партызанскія атрады маюць добра арганізаваную і дасканала заканспіраваную разведвальную сетку... Пад покрывам цёмнай ночы партызаны падпаўзаюць да чыгуначнага палатна, адвінчваюць рэйкі і закладваюць міны запаволенага дзеяння, а, калі чыгуначны састаў, нагружаны ваеннымі матэрыяламі або поўны нямецкіх салдат-адпускнікоў, ляціць пад адхон, яны кідаюць у вагоны ручныя гранаты, абстрэльваюць іх з аўтаматаў, а потым бясследна знікаюць, нібы ўтануўшы ў лясным гушчары.

Уздоўж прасёлачных дарог партызаны, схаваўшыся ў лісці дрэў, падпільноўваюць праезджыя аўтамашыны. Уначы яны знішчаюць вартавыя пасты, нападаюць на чыгуначныя будкі і раней, чым на месца здарэння прыязджае атрад, паспяваюць бясследна знікнуць.

У гэтых месцах заўсёды трэба быць напагатове. З абодвух бакоў дарогі і чыгуначнага палатна высякаецца лес на адлегласці 50—100 метраў для таго, каб лягчэй можна было агледзець мясцовасць», — пісала ў маі 1943 года фашысцкая газета «Дойчэ альгемайнэ цайтунг».

«Ахова камунікацый патрабуе ад немцаў вялікай сілы... Акупанты вымушаны трымаць усюды гарнізоны і няспынна ахоўваць усе ваенныя аб'екты, базы, склады, масты, чыгуначныя лініі, аэрадромы. Нідзе, апрача як у распалажэнні вялікіх гарнізонаў, немцы не могуць з'яўляцца па аднаму або невялікімі групамі. Для кожнай справы патрэбна ўзброеная ахова. Апрача таго, трэба вылучаць сур'ёзныя сілы для барацьбы з партызанскімі атрадамі... Зразумеўшы, якой велізарнай стратэгічнай сілай у руках савецкага ваеннага камандавання з'яўляюцца партызанскія атрады, нямецкія акупанты з вясны 1943 года правялі шырокія ваенныя дзеянні супраць партызан. У многіх месцах супраць партызан накіраваны не толькі шматлікія спецыяльныя часці, але і кадравыя пяхотныя дывізіі з прымяненнем танкаў, авіяцыі і артылерыі», — пісаў П. К. Панамарэнка ў брашуры «Партызанскі рух у Вялікай Айчыннай вайне».

Як пус­ціць эша­лон пад ад­хон?

Немцы нават спрабавалі скампраметаваць народных мсціўцаў, засылалі ў атрады сваіх агентаў, стваралі ілжэатрады, якія дзейнічалі пад выглядам партызан. Партызанская газета «Большэвіцкі сцяг» заклікала «рашуча выкрываць фашысцкіх правакатараў»: «Гітлераўскія майстры фальшывак пускаюць у ход усялякія правакацыі, каб толькі ачарніць партызан, абліць іх брудам, скампраметаваць іх сярод насельніцтва. З гэтай мэтай нямецкія акупанты дрэсіруюць, а потым імкнуцца заслаць у партызанскія атрады сваіх агентаў-правакатараў. У атрадах яны прыкідваюцца чэснымі партызанамі і ў той жа час займаюцца марадзёрствам, рабуюць і тэрарызуюць насельніцтва. Выкрываць гэтых нягоднікаў і распраўляцца з імі, як з правакатарамі, — непахісны закон партызанскага жыцця».

«Немцы і іх прыспешнікі на ўсіх перакрыжаваннях крычаць: «Сталінскія бандыты — здраднікі радзімы, як ваўкі хаваюцца па лясах і толькі ў цёмныя ночы з-за вугла грамяць мірных жыхароў, бо больш яны ні на што не здольныя. Бандыты тыя, хто, як дзікія звяры, налятае на вёскі Пагарэлае, Аміновічы, Уборкі, Зборск і пачынае агулам лавіць гусей, кур, вытрасаць з кватэр на машыны апошнюю вопратку мірных жыхароў; тыя, хто спаліў вёскі Суша і Усакіна, Чырвонае і Гумны; тыя, хто расстраляў дзясяткі соцень нявінных жыхароў. Гэта зрабілі і робяць фашысты і паліцэйскія», — 7 лістапада 1942 года дае абвяржэнне газета «Бобруйский партизан». — Тыя ж, якія штодзень пускаюць пад адхон эшалоны, разбураюць масты, вадакачкі і гарнізоны, культурна і ветліва гутараць з насельніцтвам, — не бандыты, а патрыёты, абаронцы сваёй Радзімы ад нашэсця гітлераўскіх бандаў». Газета паведамляе, што «дзесяткі тысяч нямецкіх салдат і афіцэраў, сотні тысяч машын, танкаў, самалётаў знішчылі партызаны-дыверсанты за час Айчыннай вайны... Абломкі варожых эшалонаў, пушчаных імі пад адхон, валяюцца на чыгунках Мінск — Бабруйск, Барысаў — Орша, Магілёў — Рагачоў».

Рэспубліка-партызанка

Партызанскія атрады пачалі стварацца з першых дзён вайны. Асабліва прырастаць шэрагі мсціўцаў сталі пасля першых перамог Чырвонай арміі. У лясы ваяваць сыходзілі цэлымі сем'ямі і вёскамі. Да канца 1943 года пад партызанскім кантролем знаходзілася ўжо 60 працэнтаў тэрыторыі рэспублікі.

«Зіма 1941—1942 гадоў выдалася снежная і марозная. Весці пазіцыйную вайну ў такіх умовах было для нас рызыкоўнай справай. Абкам партыі прымае рашэнне: здзейсніць рэйд партызанскіх атрадаў па раёнах Мінскай, Палескай і Пінскай абласцей, — згадваў Аляксандр Сакевіч — рэдактар газеты «Кліч Радзімы». — У нашым распараджэнні было каля 200 падвод. Калона магла расцягнуцца больш чым на два кіламетры. Тады вырашылі ехаць дзвюма паралельнымі калонамі. Перасоўваліся толькі ноччу. Здзейсніўшы кідок кіламетраў у трыццаць-сорак, займалі намечаны пункт і, расставіўшы пасты, клаліся адпачываць. Удзень праводзілі разведку і намячалі далейшы маршрут.

Чуткі пра наш марш з хуткасцю маланкі разносіліся па вёсках. Хутка народ загаварыў, што буйное злучэнне Савецкай Арміі перашло лінію фронту і паспяхова вядзе баі з гітлераўцамі.

Пар­ты­за­ны пус­ці­лі пад ад­хон ва­ро­жы эша­лон.

Чуткі дзейнічалі: многія невялікія гарнізоны разбягаліся яшчэ да нашага прыходу. Тых жа, хто яшчэ трымаўся, мы знішчалі. Так былі разгромлены нямецка-фашысцкія гарнізоны ў Доўгім, Скоўшыне, Вялічкавічах, Пасталах і іншых». Гэты рэйд працягваўся каля трох тыдняў. У яго была ўзята і партызанская тыпаграфія. Сялянкі сшылі невялічкія мяшэчкі з палатна, накшталт кісетаў для тытуню, у якія лясныя журналісты расклалі шрыфт. Падчас прывалаў, калі дазваляла абстаноўка, выпускаліся невялікія ўлёткі...

Дзякуючы прапагандысцкай рабоце, якой партызаны аддавалі вялікую ўвагу, зрываліся многія пачынанні акупацыйных улад. Мясцовае насельніцтва адмаўлялася плаціць падаткі, хавала прадукты, ухілялася ад прымусовай мабілізацыі, моладзь, каб не трапіць на катаргу ў Германію, сыходзіла ў лясы. Так, у першыя дні акупацыі гітлераўскія ўлады абвясцілі, што калгасы ператвараюцца ў «абшчынныя гаспадаркі», якія будуць уласнасцю заваёўнікаў. Партызаны адразу ж выпусцілі ўлёткі, у якіх заклікалі не падпарадкоўвацца распараджэнням акупантаў. «Дзейснасць заклікаў пераўзышла ўсе нашы чаканні: маленькія лісткі аказаліся мацней загадаў захопнікаў. Хлеб быў сабраны, абмалочаны, а амбары аказаліся пустымі. Па нашай жа парадзе калгаснікі разабралі з фермаў грамадскую жывёлу», — згадваў пасля вайны Іван Крыскавец, рэдактар падпольнай магілёўскай абласной газеты «За Радзіму».

У саміх атрадах праводзілася агітацыйная работа, падчас якой партызаны знаёміліся са зводкамі саўінфармбюро, поспехамі калег, калектыўна чыталі партызанскія газеты і прэсу, брашуры і кнігі, дастаўленыя з Вялікай зямлі. Партызаны праводзілі сходы і гутаркі ў вёсках. 25 красавіка 1943 года «Большэвік Палесся» дакладае: «Разгорнутую палітмасавую работу праводзіць сярод мірнага насельніцтва партызанскі атрад імя Варашылава. Атрад заваяваў славу сваімі баявымі поспехамі і правільна пастаўленай работай сярод насельніцтва. Партызаны не толькі чытаюць сялянам паведамленні саўінфармбюро, савецкія газеты і лістоўкі. Яны з моладдзю вывучаюць франтавыя песні, арганізоўваюць мастацкую самадзейнасць, дапамагаюць сялянам у палявых работах. Адсюль і бесперапынны рост атрада. За апошні месяц ён вырас у два разы».

Каб павысіць баяздольнасць партызанскіх атрадаў, асаблівая ўвага аддаецца рабоце з кадрамі. «Раней мы білі ворага галоўным чынам з засад. У апошні час нам прыйшлося сутыкацца з праціўнікам непасрэдна, лоб у лоб. Гэта нас прымусіла па-новаму паставіць баявую вучобу ў атрадзе, арганізаваць яе ў адпаведнасці з набытым вопытам партызанскай барацьбы, — пісаў «Большэвік Палесся» 10 чэрвеня 1943 года. — У атрадзе ўведзена суровая рэгламентацыя дня... Усе байцы, вольныя ад баявых аперацый, штодзённа навучаюцца не менш 7 гадзін... Вучобу праводзіць камандны састаў, які ў сваёй большасці складаецца з франтавікоў і старых партызанаў...

Зва­рот Яку­ба Ко­ла­са.

Вялікую ўвагу мы аддаём таму, каб баец умеў выбіраць месца на полі боя, каб ён мог прымяніцца да любой абстаноўкі. Дабіваемся таго, каб кожны партызан валодаў разнастайнымі відамі айчыннай і трафейнай зброі, каб ён метка страляў і змог у любы час ліквідаваць магчымыя затрымкі ў стральбе».

Праводзяцца ў партызанскіх брыгадах і курсы медсясцёр, на якіх курсанты слухаюць лекцыі па спецыяльных прадметах, праходзяць адпаведную практыку і падрабязна вывучаюць, як абыходзіцца з вінтоўкай, аўтаматам, гранатай.

«Уцякаючы ад жандармскіх і паліцэйскіх пагромаў, у лесе апынулася маладое пакаленне — дзеці. Каб даць ім належнае выхаванне і навуку, камандаванне брыгады партызанскіх атрадаў 1-га чэрвеня адчыніла школу і выдзеліла настаўнікаў», — паведамляла газета «Барацьба» 19 чэрвеня 1944 года.

Насельніцтва пад аховай

Перад партызанамі стаяла задача ратаваць насельніцтва ад знішчэння і ўгону ў Германію. «Абкам распрацаваў спецыяльнае мерапрыемства. Усе населеныя пункты вобласці былі размеркаваны паміж партызанскімі атрадамі і брыгадамі. Кожны атрад ведаў, якое сяло ён абараняе, куды вывозіцца насельніцтва ў выпадку небяспекі, клапаціўся пра стварэнне лясных лагераў. У лясах былі створаны запасы харчавання, — расказваў сакратар Мінскага падпольнага абкама КП(б) Б Васіль Казлоў. — Партызаны правялі многа баёў, абараняючы насельніцтва. Незадоўга да наступлення Чырвонай Арміі фашысты распачалі найбуйнейшыя за час вайны карныя аперацыі супраць раёнаў, дзе сканцэнтраваны партызанскія атрады. Насельніцтва, выратоўваючыся ад зверстваў, ад угону ў рабства, масамі ішло ў лясы, уступала ў партызанскія атрады, уключалася ў актыўную барацьбу супраць гітлераўцаў.

Сваімі баявымі дзеяннямі партызаны вобласці вывелі з гарадоў і вёсак і выратавалі каля 567 тысяч чалавек мірнага насельніцтва». Такія ж меры прымаліся і ў іншых абласцях Беларусі.

Газеты расказваюць, як партызаны вызваляюць «навербаваную моладзь» і замежных нявольнікаў, прывезеных сюды на прымусовую працу. Мсціўцы ахоўваюць палі падчас сяўбы і збору ўраджаю, часта самі дапамагаюць на палявых работах, выдзяляюць коней. «Большэвік Палесся» 2 верасня 1943 года расказвае пра сапраўдны бой на полі: немцы, якія спрабавалі забраць збожжа на полі Глускага раёна, атрымалі сур'ёзны адпор з боку народных мсціўцаў. Двое сутак вялася перастрэлка з ворагам, партызанам нават давялося прыгнаць сюды свой танк.

Пры адступленні акупанты рабуюць і паляць вёскі (для гэтай мэты немцамі нават былі створаны спецыяльныя брыгады), і ў газетах можна знайсці багата нататак пра тое, як партызанам удалося спыніць ворага і патушыць пажары, вярнуць нарабаванае сялянам.

Вызваленне

Кіраўніцтва баявымі дзеяннямі партызанскіх брыгад і атрадаў, арганізацыю іх непасрэднага ўзаемадзеяння з войскамі Чырвонай Арміі здзяйснялі аператыўныя групы Беларускага штаба партызанскага руху, прыкамандзіраваныя да ваенных саветаў франтоў. Яны займаліся забеспячэннем партызан зброяй і боепрыпасамі, адпрацоўвалі і перадавалі разведданыя камандаванню франтоў, распрацоўвалі і ставілі кожнаму партызанскаму злучэнню баявыя задачы.

Пад­рыў­ні­кі.

Асобая роля аддавалася партызанам у аперацыі «Баграціён». Беларускія партызаны перад пачаткам аперацыі з 20 па 23 чэрвеня правялі масавае разбурэнне чыгуначных дарог і паралізавалі рух на чыгунках у тылу ворага. Кантралявалі партызаны і грунтовыя, і шасэйныя дарогі, знішчалі тэлефонна-тэлеграфную сувязь. Разам з воінамі Чырвонай арміі вызвалялі населеныя пункты, а таксама дапамаглі танкаваму корпусу здзейсніць імклівае прасоўванне па лясіста-балоцістай мясцовасці і нечакана напасці на ворага. «Усе дарогі і прасекі... былі размініраваны, завалы расчышчаны. Партызаны і мясцовыя жыхары ўмела арудавалі рыдлёўкамі, сякерамі, умацоўвалі балоцістыя месцы. І гэта на ўсёй працягласці ад Бярэзіны да Смалявіч!» — згадваў генерал-лейтэнант танкавых войскаў А. Бурдзейны.

Пасля вызвалення Беларусі 180 тысяч народных мсціўцаў уступілі ў Чырвоную армію, многія партызаны занялі кіруючыя пасады і аднаўлялі разбураныя гарады і вёскі.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Загаловак у газеце: Лясная проза

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».