Вы тут

У колькі брытанцам абыходзіцца манархія?


Днямі ў Вялікабрытаніі была агучана справаздача каралеўскага двара, з якой вынікае, што манархія атрымала з казны за мінулы фінансавы год больш за 80 мільёнаў фунтаў (каля 100 мільёнаў долараў). Пры гэтым стала вядома, што каля 40 працэнтаў ад унушальнай сумы пойдзе на рамонт у лонданскай рэзідэнцыі каралевы — Букінгемскім палацы, перадае Бі-бі-сі. Каштарыс работ у Фрогмар-катэджы герцага і герцагіні Сасэкскіх больш «сціплы» — 2,4 мільёна фунтаў за год. Рэспубліканцы абураюцца: дзяржава эканоміць на грамадзянах, зразае сацыяльныя выдаткі, а манаршая субсідыя год ад года толькі павялічваецца. Іх праціўнікі запэўніваюць, што каралеўскі двор не марнуе ні капейкі з грошай падаткаплацельшчыкаў і да таго ж прыносіць даход — як прамы грашовы, так і ўскосны эканамічны. У колькі ж абыходзіцца манархія брытанцам?


Імперыя нерухомасці

У каралеўскай сям'і два фінансавыя цэнтры: каралева Лізавета ІІ і прынц Валійскі Чарльз. Выдаткі каралевы вышэйшыя, але менавіта яна атрымлівае грант з бюджэту. А яе старэйшы сын па традыцыі, якой амаль 700 гадоў, існуе на даход ад зямель і нерухомасці, сабраных у своеасаблівы інвестыцыйны фонд — герцагства Корнуал. Летась гэтыя актывы прынеслі яму каля 20 мільёнаў фунтаў. З той часткі даходу, якую прынц Чарльз траціць на асабістыя патрэбы, ён добраахвотна плаціць падатак, а фінансавую справаздачу штогод адпраўляе ў парламент і публікуе ў інтэрнэце. З гэтых жа грошай ён аплачвае прадстаўнічыя функцыі — свае і малодшых пакаленняў: прынца Уільяма і яго жонкі Кейт, герцага і герцагіні Кембрыджскіх, а таксама прынца Гары і Меган, герцага і герцагіні Сасэкскіх.

У каралевы таксама ёсць уладанні, якія прыносяць прыбытак. Яны адносна сціплыя па мясцовых мерках: у спісе брытанскіх багацеяў газета Sundау Tіmеs змясціла яе на 356-е месца, ацаніўшы капітал у 370 мільёнаў фунтаў. Меншая частка ўладанняў каралевы — яе ўласнасць: замак Балморал у Шатландыі, Сандрынгемскі палац у англійскім Норфалку і герцагства Ланкастэрскае, якое прыносіць ёй прыкладна столькі ж, колькі герцагства Корнуал яе старэйшаму сыну, — каля 20 мільёнаў фунтаў у год.

А большая частка каралеўскіх актываў сабрана ў так званыя Уладанні кароны (Сrоwn Еstаtе). Гэта імперыя нерухомасці і зямель коштам больш за 14 мільярдаў фунтаў, якая належыць манарху, але кіруецца ў інтарэсах падданых. У яе ўваходзяць, напрыклад, дзясяткі будынкаў у самым цэнтры Лондана, у тым ліку ўся парадная Рыджэнт-стрыт, рытэйл-паркі і гандлёвыя цэнтры ў правінцыі і нават значныя ўчасткі марскога дна на шэльфе Англіі, Уэльса і Паўночнай Ірландыі, якія двор здае ў арэнду пад фермы ветракоў, кабелі і трубаправоды.

Залатое дно

Брытанская каралеўская сям'я здолела зарабіць летась рэкордныя Ј343,5 мільёна. Пра гэта паведаміла газета Fіnаnсіаl Tіmеs са спасылкай на звесткі кампаніі Сrоwn Еstаtе, якая кіруе ўласнасцю манархічнага дома ў асобе каралевы Вялікабрытаніі Лізаветы ІІ. Згодна з інфармацыяй кампаніі, якая кантралюе зямлю і ўласнасць суверэна, кошт гэтай нерухомасці вырас у мегаполісе толькі на 1,7 працэнта — да Ј14,3 мільярда. Гэта самы нізкі паказчык з 2009 года. За межамі Лондана кошт уладанняў манаршага дома нават абваліўся на сем працэнтаў.

Аднак вырашальны ўплыў на канчатковыя вынікі летась аказаў рэзкі рост кошту энергетычнага і інфраструктурнага складнікаў каралеўскага партфеля, які павялічыўся на 14 працэнтаў, — да больш чым Ј1,6 мільярда. Марское дно насамрэч аказалася залатым — па словах выканаўчага дырэктара Сrоwn Еstаtе Элісан Німна, «энергетычныя магчымасці шэльфа маюць вялікі патэнцыял». Кампанія раней запусціла праграму па развіцці «зялёнай» энергіі з выкарыстаннем ветру, марскіх хваляў, прыліваў і адліваў. Як адзначае Fіnаnсіаl Tіmеs, за апошнія 10 гадоў кошт партфеля каралеўскай кампаніі нерухомасці значна вырас, што прынесла дзяржаве агульны прыбытак у Ј2,8 мільярда.

Час рэнавацый

Сотні мільёнаў фунтаў штогод у поўным аб'ёме пералічваюцца ў бюджэт. З гэтых грошай урад і вылучае каралеўскай сям'і субсідыю. Памер гранта пераглядаецца кожныя пяць гадоў. Раней ён складаў 15 працэнтаў даходаў Сrоwn Еstаtе, але летась быў павялічаны да 25 працэнтаў з умовай, што ў бліжэйшыя 10 гадоў на дадатковыя паступленні будзе адрамантаваны Букінгемскі палац. На гэта патрабуецца амаль 400 мільёнаў фунтаў. Як вядома, Букінгемскі палац быў пабудаваны ў 1703 годзе як прыватная рэзідэнцыя, а палацам стаў толькі у 1761-м, калі яго набыў кароль Георг ІІІ. Усходняе крыло было дабудавана да яго ў часы праўлення Вікторыі, а ў 1914 годзе, пры Георгу V, дзядулі цяперашняй каралевы, фасад быў абліцаваны трывалым портлендскім каменем.

Каралеве Лізавеце ІІ у 2025 годзе давядзецца пакінуць свае пакоі ў Букінгемскім палацы. Падчас рэнавацыі будзе цалкам заменена электраправодка, якая ў любы момант можа стаць крыніцай пажару, а таксама сістэма ацяплення, якая пагражае палацу патопам. Уласна кажучы, работы па добраўпарадкаванні Букінгемскага палаца ўжо праводзяцца, прадстаўнік каралевы афіцыйна абвясціў аб тэрмінах рамонту — яго плануецца завяршыць да 2027 года.

Рэнавацыя будзе весціся такім чынам, каб як мага менш парушаць уклад жыцця каралевы і яе мужа прынца Філіпа. І ўсё ж у 2025-м ім давядзецца на пару гадоў пакінуць свае апартаменты ў паўночным крыле палаца. «Каралева — надзвычай прагматычная жанчына, і яна хоча як мага даўжэй заставацца ў палацы, — паведаміў журналістам на ўмовах ананімнасці адзін з высокапастаўленых прыдворных. — Яна сама сказала: паведаміце, калі захочаце, каб я з'ехала».

Загарадная рэзідэнцыя герцага і герцагіні Сасэкскіх Фрогмар-катэдж знаходзіцца за кіламетры ад Віндзорскага замка. Раней яна быў разбіта на пяць кватэр, дзе жыла каралеўская прыслуга. Фрогмар-катэдж з'яўляецца часткай вялікага маёнтка Фрогмар-хаўс, дзе Гары і Меган прымалі гасцей з нагоды свайго шлюбу ў маі мінулага года. Дом быў пабудаваны ў 1801-м, каралева Лізавета ІІ падарыла яго маладой пары пасля вяселля. Падчас рамонту Фрогмар-катэдж давялося перарабіць у жыллё для адной сям'і. Прынц Гары і яго жонка Меган спачатку жылі ў Кенсінгтонскім палацы. Яны пераехалі ў катэдж у красавіку, незадоўга да нараджэння сына Арчы. Гары і Меган з уласнай кішэні аплацілі ўстаноўку новых водаправодных труб і кранаў.

Вядома, што ў асабняку ў ходзе рамонту замянілі драўляныя столевыя бэлькі, перакрыцці і састарэлую сістэму ацяплення. Акрамя таго, у дом правялі газ і замянілі электраправодку. Агулам рамонтныя работы занялі паўгода. У некаторых памяшканнях яны яшчэ працягваюцца. «Гэты дом не рамантаваўся доўгія гады і ўжо стаяў у чарзе на рамонт у адпаведнасці з нашымі абавязацельствамі па падтрыманні здавальняючага стану каралеўскіх рэзідэнцый», — паведаміў захавальнік асабістага кашалька манарха сэр Майкл Стывенс. Герцаг і герцагіня Кембрыджскія таксама рамантавалі сваё будучае жыллё, перад тым як выехаць з Кенсінгтонскага палаца, і выдаткавалі тады значную суму — чатыры мільёны фунтаў — на пераробку офіснага будынка ў жылы дом.

Шлюб для эканомікі

Кансалтынгавая кампанія Brаnd Fіnаnсе мяркуе, што дзякуючы цікавасці, якую выклікае ў публікі каралеўская сям'я, нацыянальны прадукт Вялікабрытаніі штогод павялічваецца на 1,5 мільярда фунтаў. Аднак пры гэтым варта мець на ўвазе тое, што памер брытанскай эканомікі летась перавысіў 2,2 трыльёна фунтаў. Больш за трэць ускоснай падтрымкі — звыш 500 мільёнаў фунтаў — прыпадае на турыстычную галіну, мяркуе Brаnd Fіnаnсе. Аналагічныя ацэнкі некалькі гадоў таму давала агенцтва VіsіtLоndоn, якое займаецца прасоўваннем турызму ў брытанскай сталіцы. Эксперты вызначалі даходы ад наведвання славутасцяў, звязаных з манархіяй, і падлічвалі, колькі замежных гасцей прыязджае ў Вялікабрытанію толькі таму, што на чале краіны стаіць каралева.

Дарэчы, і ўласна члены каралеўскай сям'і актыўна перамяшчаюцца па свеце, пра што сведчыць іх справаздача аб дарожных выдатках. Агульны бюджэт паездак летась склаў 2,7 мільёна фунтаў стэрлінгаў. Палову гэтай сумы склалі выдаткі прынца Чарльза. Пра гэта паведаміла Tеlерrоgrаmmа.рrо са спасылкай на Ехрrеss. Транспартныя выдаткі прынца Чарльза за апошні год выраслі з 1,2 мільёна фунтаў да 1,33 мільёна фунтаў. Найбольш прывабнымі для яго аказаліся цягнікі, кожная з паездак на якіх ацэньваецца ў 20 тысяч фунтаў. У 414 тысяч фунтаў абышоўся падаткаплацельшчыкам тур прынца Чарльза з жонкай на Карыбы і Кубу. Кошт іх падарожжа ў Заходнюю Афрыку склаў 216 тысяч фунтаў.

Як лічаць эксперты, акрамя турызму ў выйгрышы і іншыя галіны брытанскай эканомікі, асабліва ў гады, калі ў каралеўскай сям'і ўрачыстасці: юбілеі, вяселлі і нараджэнне спадчыннікаў. Пасля вяселля прынца Уільяма і Кейт іх прыхільнікі накуплялі сувеніраў ажно на 200 мільёнаў фунтаў, падлічыў Сеntrе fоr Rеtаіl Rеsеаrсh. А з нараджэннем кожнага з трох дзяцей — яшчэ як мінімум на 50 мільёнаў. Кубкі, футболкі і печыва з партрэтамі другой каралеўскай пары — прынца Гары і Меган — разышліся таксама ўнушальным накладам. Brаnd Fіnаnсе перад іх леташнім вяселлем ацэньвала продаж мемарабіліі ў 50 мільёнаў фунтаў, дадатковыя даходы турыстычнай галіны — у 300 мільёнаў, а рэстаранаў і крамаў — яшчэ ў 250 мільёнаў фунтаў.

Крытыкі ўпэўненыя, што ўсе гэтыя грошы былі б выдаткаваныя ў любым выпадку, проста на іншае. Так, кажуць яны, у месяц вяселля паток турыстаў павялічыўся, аднак да і пасля — скараціўся, а значыць, замежнікі проста масава падгадалі візіт да свята. Аднак вынік у наяўнасці: упершыню за доўгі час каралеўская сям'я трапіла ў традыцыйна сумныя справаздачы цэнтрабанка і статыстычнага ведамства. Год таму яны назвалі каралеўскі шлюб адным з трох фактараў аднаўлення квартальнага росту брытанскай эканомікі — нароўні з незвычайна гарачым надвор'ем і ўдалым выступленнем англійскай зборнай на чэмпіянаце свету па футболе.

Брытанская манархія — папулярны ў свеце брэнд, і, як любыя знакамітасці, члены каралеўскай сям'і служаць надзейным рухавіком спажывання, упэўнена Бі-бі-сі. І яно не ведае межаў. Жыццю брытанскага двара ў гады кіравання Лізаветы ІІ прысвечаны самы дарагі серыял у гісторыі: амерыканскі Nеtflіх выдаткаваў 140 мільёнаў долараў на здымкі першага сезона «Кароны», а ўсяго іх плануецца шэсць. Здымалі яго большай часткай у Англіі. Выходзіць, каралеўскі двор зноў падтрымаў брытанскую эканоміку. На гэты раз амерыканскімі грашыма.

Захар БУРАК

Загаловак у газеце: Карона з кішэняй

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Фітнес-трэнер для матуль у дэкрэце Святлана Немірка распавядае пра сакрэты прафесіі

Фітнес-трэнер для матуль у дэкрэце Святлана Немірка распавядае пра сакрэты прафесіі

Актыўная мама — гэта не толькі трэнд, але і жыццёвая неабходнасць у сучасным свеце.

Грамадства

«Тата вернецца, калі ападуць усе лісцікі». Чаму сямейная падтрымка неацэнная для салдата

«Тата вернецца, калі ападуць усе лісцікі». Чаму сямейная падтрымка неацэнная для салдата

Трывалая сувязь з блізкімі і роднымі вельмі важная для чалавека, які служыць у войску. 

Грамадства

Як у Магілёве, Баранавічах і Чавусах рэалізуецца праект камунальнага кіравання ў гарадах

Як у Магілёве, Баранавічах і Чавусах рэалізуецца праект камунальнага кіравання ў гарадах

Мэта праекта — на прыкладзе трох беларускіх гарадоў паказаць, як можна палепшыць сістэму кіравання гарадской гаспадаркай.

Грамадства

Азбука прафесій: балерына Таццяна Уласень пра кар'еру і сям'ю

Азбука прафесій: балерына Таццяна Уласень пра кар'еру і сям'ю

Разам з 9-гадовай дачкой раскрывае сакрэты.