Вы тут

Павел Латушка: Сённяшні глядач лёгка адрознівае сапраўднае ад падробкі


Ужо некалькі месяцаў Купалаўскі тэатр працуе пад кіраўніцтвам Паўла Латушкі — вядомага дыпламата і прыхільніка беларускай культуры. Да таго як стаць генеральным дырэктарам тэатра, ён пабываў на пасадах пасла Беларусі ў Польшчы, міністра культуры і, нарэшце, пасла Беларусі ў Францыі (па сумяшчальніцтве Іспаніі, Партугаліі і Манака). Адзін з самых «гучных» у сферы культуры дыпламат цяпер займаецца будучыняй Купалаўскага, а нам расказвае пра планы тэатра, найлепшую падзею ў Францыі і беларускае кіно.


— Ужо асвойталіся на новым месцы?

— З улікам таго, што я некалькі гадоў займаўся сферай культуры на радзіме і быў датычны да яе падчас дыпламатычнай работы, прызначэнне кіраўніком адной з найважнейшых культурных устаноў краіны стала для мяне, як я кажу, вяртаннем, але ў будучыню. У будучыню, таму што праз рэалізацыю новых ідэй, праектаў і падыходаў да мастацтва з'яўляецца магчымасць зрабіць крок наперад.

— Крок наперад, маецца на ўвазе, асабіста для вас?

— Разлічваю, што мы зробім яго разам з калектывам, аб'яднаўшы адзін з найлепшых у беларускай тэатральнай прасторы творчы патэнцыял і адпаведны сённяшняму часу менеджмент. Стратэгія нашага тэатра — падтрымліваць развіццё нацыянальнай культуры і слова — акрэслена яшчэ сто гадоў таму. Я не маю права яе мяняць і перакананы, што ніхто не адважыцца на гэта ў будучым. Але метады і тэмпарытм яе рэалізацыі, канешне, могуць быць розныя, больш мабільныя і актыўныя.

— Ваша імя, нават калі казаць пра дыпламатычную службу, часта гучыць менавіта ў звязцы з культурнымі ініцыятывамі. Ці было прасоўванне нацыянальнай культуры вашай свядомай місіяй?

— Папулярызацыя сваёй краіны з'яўляецца адным з інструментаў сучаснай знешняй палітыкі. Працуючы паслом у Польшчы, Францыі, Іспаніі ды іншых краінах, я карыстаўся рознымі механізмамі — арганізацыяй эканамічных мерапрыемстваў, правядзеннем бізнес-форумаў, наладжваннем міжурадавых і міжпарламенцкіх кантактаў, але таксама намагаўся прэзентаваць дзяржаву праз яе культурнае багацце. Мы павінны паказваць свету нашу ўнікальнасць. На жаль, шмат французаў не ведаюць пра Беларусь — гэта франкацэнтрычная нацыя, засяроджаная больш на сваім унёску ў сусветную культуру. І хоць народамі былых савецкіх рэспублік яна асабліва не цікавіцца, нашы ініцыятывы мелі водгук, станоўча ўплывалі на ўспрыманне Беларусі і схілялі да больш глыбокага знаёмства з краінай.

— Наколькі па вашым досведзе культурная дыпламатыя эфектыўная?

— Зразумела, вынік дыпламатычнай працы перш за ўсё ацэньваецца па гандлёвым абароце і экспарце беларускай прадукцыі, але перадумовай для добрых эканамічных паказчыкаў з'яўляецца знаёмства з патэнцыйным партнёрам. Калі ў той ці іншай краіне не хапае інфармацыі пра нашу дзяржаву, варта звярнуцца і да культурнай дыпламатыі. Беларуская культура — частка еўрапейскай, яна мае глыбінныя карані. Вельмі важна, каб партнёры ў Еўропе зацікавіліся нашай краінай, гэта паказваць.

— То-бок у стасунках паміж Беларуссю і Францыяй можна адсачыць рэальны вынік культурнай дыпламатыі?

— Што мы называем рэальным вынікам? — гэта тое, колькі людзей прыйшло на нашы мерапрыемствы. Сотні тысяч французаў наведалі пастаноўкі Вялікага тэатра оперы і балета, Купалаўскага тэатра, Тэатра-студыі кінаакцёра, тэатральнага праекта «ТрыТФармаТ», Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі, Беларускія музычныя сезоны, выстаўкі больш чым сотні нашых мастакоў і іншае, што распаўсюдзіла пазітыўную інфармацыю пра Беларусь. Ці гэта дрэнна для дзяржавы? Перакананы, што такі падыход слушны, прычым яго трымаюцца дыпламатычныя місіі па ўсім свеце.

— За час вашай работы ў Францыі было арганізавана больш за дзвесце культурных мерапрыемстваў у больш чым пяцідзесяці французскіх гарадах — даволі шырокая дзейнасць. Вы сціпла кажаце, што гэтым займаюцца ўсе дыпламатычныя місіі, але выглядае на тое, што на культуру вы рабілі стаўку.

— Проста цікаўнасць да культурных падзей у грамадстве большая, таму яны і запамінаюцца лепш. Чалавек не можа, як чапля, стаяць на адной назе. Мы стаялі на дзвюх: упершыню арганізавалі Беларуска-французскі бізнес-форум (пазней іх адбылося пяць) і Беларуска-французскія міжрэгіянальныя эканамічныя форумы, стварылі гандлёва-эканамічную камісію і падпісалі шэраг міжурадавых пагадненняў — усё гэта ў скарбонку адносін паміж нашымі краінамі. Але таксама мне было важна стварыць для дзеячаў культуры Беларусі дадатковую магчымасць паказаць сябе, напрыклад, у Парыжы — неафіцыйнай культурнай сталіцы свету, што прыцягвае людзей з розных куткоў планеты, дзе марыць выступіць шмат творчых людзей і рэцэнзіі якой могуць стаць шляхам да новага прызнання. Мы маем чым ганарыцца і што паказаць. Калі б на нашы спектаклі не прыходзілі поўныя залы, калі б у фінале людзі не ўставалі і не віталі нашых артыстаў апладысментамі, калі б не набываліся беларускія творы выяўленчага мастацтва, не было б пяцідзесяці гарадоў і двухсот праектаў.

— І якія былі рэцэнзіі на выступленні беларускіх калектываў?

— Перадусім мы аналізавалі водгукі наведвальнікаў. Напрыклад, у французаў не прынята ўставаць з апладысментамі, але я не аднойчы быў сведкам таго, як пасля завяршэння выступлення нашых артыстаў зала альбо яе частка ўставала. Я ўспамінаю, як Купалаўскі тэатр паказваў у Парыжы «Пана Тадэвуша». Арганізацыйна, фінансава і лагістычна гэта быў вельмі складаны праект, але высілкі апраўдаліся: усе семсот гледачоў — поўная зала — усталі, каб падзякаваць артыстам. Нягледзячы на хібы субцітраў — быў выкарыстаны пераклад яшчэ ХІХ стагоддзя, ад чаго нават французам было трохі складана яго зразумець — спектакль атрымаў высокую ацэнку. Рэцэнзіямі на наш балет мы можам ганарыцца, людзі нават пісалі нам лісты. Адной з самых яскравых падзей у Францыі для мяне стала выступленне «Песняроў». Яшчэ з Уладзімірам Мулявіным ансамбль іграў у Канах у 1976 годзе, а мы арганізавалі канцэрты ў Парыжы і Ліёне. Водгукі і эмоцыі публікі падчас выступлення застануцца са мной на ўсё жыццё. У такія моманты разумееш, што арганізацыя такіх мерапрыемстваў вартая сіл і здароўя.

— Як выбіралася, што паказаць французам, і ці была тут нейкая розніца з культурнай праграмай у Польшчы?

— Мы пайшлі шляхам прэзентацыі розных кірункаў беларускага мастацтва: тэатральнага, музычнага, выяўленчага, манументальнага, харэаграфічнага, народнага і гэтак далей. Калі зразумелі, што ёсць запатрабаванне на музычныя вечары, якія мы ладзілі сумесна з узнагароджаным медалём Францыска Скарыны Георгіем Сасноўскім, зрабілі Беларускія музычныя сезоны. Калі зразумелі, што прыязджае ўжо не першы, не другі і нават не трэці спектакль, пачалі арганізоўваць Беларускія тэатральныя сезоны. Прэзентацыя беларускай культуры ў Польшчы абапіралася, з аднаго боку, на беларускую этнічную меншасць, якая жыве на ўсходзе краіны: менавіта дзякуючы падтрымцы беларусаў там адбываліся і адбываюцца дзясяткі культурных падзей. З іншага боку, палякі — ментальна блізкая славянская нацыя, таму публіка да канцэртаў з удзелам беларускіх калектываў падрыхтаваная. Для французаў нашы мерапрыемствы, наадварот, рабіліся адкрыццём невядомага белага абшару ў цэнтры Еўропы. Не так даўно ў Мінску я сустрэўся са знаёмай кіраўніцай адной французскай асацыяцыі ў справе аховы жывёл, сяброўкай Брыжыт Бардо — яна прызналася, што ў захапленні ад першага візіту ў Беларусь, і шкадуе, што ў Францыі так мала інфармацыі пра нашу краіну.

— Вы вярнуліся ў Мінск з культурнай сталіцы свету. Што, як вам падаецца, беларускай культуры добра было б пераняць?

— Калі казаць пра метады кіравання і менеджменту ў сферы культуры, некаторыя формы маглі б нам спатрэбіцца. Некалькі гадоў таму мы на адмысловай нарадзе абмяркоўвалі ўвядзенне ў Беларусі сістэмы электронных білетаў. Я памятаю, як цяжка гэта пытанне вырашалася і наколькі нашы ўстановы культуры былі не гатовыя да таго, што сёння з'яўляецца неад'емнай часткай жыцця. Карысных практык у Францыі дастаткова, і мы маглі б імі скарыстацца, але калі казаць у цэлым пра культуру, то для свету мы каштоўныя менавіта сваёй унікальнасцю. Мы павінны не пераймаць, а захоўваць і паказваць сваё. Варта ганарыцца і людзьмі, якія нарадзіліся на беларускай зямлі, а ўнёсак зрабілі ў культуру іншых краін, у прыватнасці Францыі. Прывяду адзін прыклад звычайнага дня ў Парыжы: раніцай у горнай школе, дзе вучыўся Ігнат Дамейка, мне далі магчымасць дакрануцца да яго асабістых лістоў і дакументаў, у гэты самы дзень прайшоў аўкцыён работ мастака Парыжскай школы Пінхуса Крэменя, што нарадзіўся на Лідчыне, і адкрылася выстаўка «Гіём Апалінэр і яго сябры» — маці Апалінэра паходзіла з Навагрудчыны, а яго сябрамі былі Марк Шагал і Хаім Суцін. Тут паўсюль можна знайсці месцы, звязаныя з нашай краінай, Парыж — гэта Агінскі, Орда, Міцкевіч, Ваньковіч, Радзівілы. Так, не ўсе асобы, што паходзяць з Беларусі, выклікаюць з ёй асацыяцыі, таму адна з місій дзяржавы заключаецца ў тым, каб праз дыпламатычныя службы гэтыя асацыяцыі ў грамадскасці ствараць і замацоўваць.

— У гэтай дыскусіі можа прагучаць довад, што наша тэрыторыя не дала гэтым людзям развіцца і стаць сусветна вядомымі, дык якое мы маем права называць іх сваімі.

— Ці сапраўды трэба дзяліць? Праз постаці, якія нарадзіліся на Беларусі і праславіліся ў іншай краіне, мы, наадварот, павінны шукаць тое, што аб'ядноўвае, тут няма нічога дрэннага. Я вёў перапіску з адным каталіцкім храмам у Францыі, дзе было пазначана, што Шагал нарадзіўся ў маленькай вёсцы Віцебск Расійскай імперыі. Я напісаў, што ўсё ж такі Віцебск — не вёска, а горад, на той момант там жыло каля шасцідзесяці тысяч чалавек, а наконт паходжання варта ўказваць, як робіць усё больш і больш выданняў, што месцам нараджэння мастака з'яўляецца Беларусь.

— Як місію прасоўвання беларускай культуры вы працягнеце ў Купалаўскім тэатры? Ці пашырыце межы, якія тэатр ужо займае?

— Думаю, абмежаванняў, агароджаў у сферы культуры ўвогуле не павінна з'яўляцца. Тым больш у тэатральным мастацтве, якое мае быць месцам для эксперыментаў і новых падыходаў, здольных прымусіць гледача думаць, аналізаваць, з розных бакоў паглядзець на жыццёвыя і грамадскія сітуацыі. Генеральны дырэктар павінен забяспечваць фінансавую стабільнасць тэатра. Купалаўскі знаходзіцца ў добрым эканамічным стане, але ў справе рэалізацыі новых праектаў мы будзем разлічваць на падтрымку спонсараў, мецэнатаў і рэкламадаўцаў. Прыватныя партнёры дапамогуць нам выйсці за сцены асноўнага будынка — я кажу пра пашырэнне тэатральнай прасторы, куды глядач без аніякага адміністрацыйнага рэсурсу будзе зацікаўлены прыйсці па нешта новае і нестандартнае.

— На што канкрэтна Купалаўскаму патрэбны дадатковыя грошы ад прыватных партнёраў?

— Лічу, што першы прафесійны тэатр Беларусі павінен мець больш шырокую функцыю, чым рэгулярная пастаноўка спектакляў. Мы маем намер, пры падтрымцы Міністэрства культуры, завяршыць капітальны рамонт малой сцэны на вуліцы Энгельса. Тут не спатрэбяцца вялікія грошы, бо мы зробім аскетычную, але шматфункцыянальную прастору для эксперыментаў. Каб паглядзець на прыгожыя жырандолі — калі ласка на галоўную сцэну, а новая арт-пляцоўка тым часам умесціць у сабе галерэю для выяўленчага мастацтва (думаю, яшчэ адна галерэя ў цэнтры Мінска будзе важная для нашых мастакоў і запатрабаваная сярод аматараў мастацтва) і Дзіцячую тэатральную студыю. Скажу шчыра, калі б толькі пачынаў свой шлях у культуры, з задавальненнем стаў бы кіраўніком малой сцэны Купалаўскага: яна можа даць нават больш магчымасцяў, чым пасада генеральнага дырэктара. Натуральна, сродкі патрэбны і на новыя спектаклі на галоўнай і камернай сцэнах. Абмяркоўваем таксама выданне ўласнага часопіса.

— А дзіцячая тэатральная студыя — гэта новая ідэя?

— Так, найбліжэйшым часам мы плануем падпісаць дамову на апрацоўку канцэпцыі. Мы ўвогуле зацікаўлены ў новых ідэях: мы адчынілі ўсе дзверы і вокны — калі ласка, прыходзьце да нас са сваімі праектамі. Таксама для нас будзе важная, асабліва ў сувязі са стагоддзем Купалаўскага, гастрольная дзейнасць. Пасля завяршэння рэстаўрацыі і пераезду ў новы будынак тэатр, можа, не так шмат гастраляваў па Беларусі, але па размовах з артыстамі я бачу, што яны ў гэтым зацікаўлены, таму ўжо з верасня будзем арганізоўваць паездкі па краіне і за мяжу. Я перакананы, нам гэта пад сілу.

— Ці ёсць нешта, што ў тэатры для вас будзе непрымальна?

— Усё гэта ўжо акрэслена заканадаўствам, ставіць дадатковыя бар'еры няправільна, трэба іх, наадварот, здымаць і ствараць больш магчымасцяў для творчай рэалізацыі калектыву. Гляджу на мастацтва максімальна шырока.

— А ці ёсць нейкія абмежаванні з боку Міністэрства культуры?

— Няма ніякіх. Дзяржава ўклала значныя сродкі, каб аднавіць гістарычны будынак Купалаўскага — сёння мы маем найлепшую і самую тэхналагічную сцэну ў краіне. Да таго ж яна фінансуе штодзённую дзейнасць тэатра і новыя пастаноўкі.

— Падчас вашай працы міністрам культуры была ўведзена сістэма фінансавання кінематографа праз рэспубліканскі конкурс кінапраектаў. Яна, на ваш погляд, працуе?

— Наколькі я ведаю, гэта сістэма зазнала шэраг змен. Калі мы кажам пра кінасферу, трэба перш за ўсё зразумець, для каго мы хочам здымаць кіно. Калі на экспарт — уключаюцца стандартныя бізнес-механізмы, а калі для сябе, варта ўсведамляць, што праз свае кінатэатры і тэлебачанне мы не ў стане вярнуць хаця б адчувальную частку бюджэту фільма. Лічу, прыярытэтным для нас з'яўляецца кіно для сябе — для Беларусі, беларусаў і пра Беларусь і беларусаў. Наступнае пытанне — хто яго прафінансуе? У еўрапейскіх краінах адным з галоўных заказчыкаў з'яўляецца тэлебачанне, але ў нас сёння гэта немагчыма, значыць, адказнай за фінансаванне кінасферы становіцца дзяржава. Дадатковым інструментарыем, калі ёсць падатковыя льготы, можа стаць дзяржаўна-прыватнае партнёрства. Далей для кінагульцоў неабходна стварыць канкурэнтнае асяроддзе, у якім яны будуць спаборнічаць, у тым ліку з «Беларусьфільмам», за дзяржаўную падтрымку. Калі здымаць будзе толькі Нацыянальная кінастудыя, якія б там таленавітыя рэжысёры ні працавалі, нічога не атрымаецца, мы гэта ўжо прайшлі праз дзесяцігоддзі ўласнага досведу. Калі на базе «Беларусьфільма» плануецца стварыць прадзюсарска-вытворчую кампанію — перакананы, гэта дасць толькі кароткатэрміновы вынік. «Беларусьфільм» можа даваць паслугі: калі ласка, усіх запрашаем, хай тэлеканалы і прадзюсары з іншых краін прыходзяць здымаць кіно, бо ў нас, напрыклад, суперсучаснае абсталяванне, найлепшае падаткаабкладанне, павільёны працуюць не толькі ўлетку, але і зімой, у Мінску няма затораў і гэтак далей. І нарэшце, хто павінен каардынаваць працэсы ў беларускім кіно? Афіляваная дзяржавай структура — нацыянальны кінаінстытут альбо фонд, якая разглядала б заяўкі, фарміравала конкурсныя камісіі і прымала рашэнні. Прыбыткі пералічваюцца ў інстытут, а ён, калі фільм паглядзела, напрыклад, сто тысяч гледачоў, вяртае прадзюсарам грошы і кажа: «Малайцы, здымайце яшчэ». Непасрэдна дзяржава яго не фінансуе, ён залежыць ад эфектыўнасці кіравання. Гэта ідэальная схема? Так, але яна рэальная, што даказана прыкладамі многіх краін.

— Наколькі, як вам здаецца, у нашай краіне ўвогуле створаны ўмовы для развіцця новых формаў і праектаў у культуры?

— Гэта даволі складанае пытанне, бо звязана ў тым ліку з развіццём эканомікі. Думаю, паступовы рост эканамічнага і бізнес-патэнцыялу створыць дадатковыя магчымасці для сферы культуры. Што датычыцца заканадаўчых інструментаў, не бачу прынцыповых перашкод, якія заміналі б рэалізацыі ідэй і праектаў. Развіццё культуры таксама залежыць ад саспеласці грамадства і ў прыватнасці людзей, якія фарміруюць яе ідэалагічную лінію. Неяк з Мікалаем Пінігіным мы па-сяброўску дыскутавалі наконт новых пастановак Купалаўскага, і пра адзін з нашых класічных твораў ён сказаў, што той страціў актуальнасць, а я адказаў, што таленавіты рэжысёр заўсёды зможа знайсці новае прачытанне. Усё мяняецца, мы рэфармуемся, рэфармуецца грамадства — сёння глядач лёгка адрознівае сапраўднае ад падробкі і не кожны прадукт гатовы «купіць». Я перакананы, працэс будзе ісці: тое, што дзесяць гадоў таму здавалася немагчымым, цяпер не выклікае здзіўлення.

Гутарыла Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

Фота Таццяны ТКАЧОВАЙ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.