Вы тут

”Рэнесанс” кінастудыі “Беларусьфільм”


У хуткім часе можна будзе ўбачыць новыя беларускія фільмы


Дырэктар Уладзімір Карачэўскі сустракае журналістаў у павільёне “Кафэ”. Фота sputnik.by

"Зроблена на “Беларусьфільме!” — так называлася прэс-канферэнцыя, праведзеная напрыканцы мая нацыянальнай кінастудыяй. Журналістам было паказана некалькі кінастужак, якія будуць выпушчаны ў хуткім часе. Сярод іх моладзевы сітком “Ілюзіі”, гістарычнае фэнтазі “Авантуры Пранціша Вырвіча” і ваенная кінастужка “Судьба диверсанта”. Адбылася прэзентацыя новых рэлізаў студыі дакументальнага кіно “Летапіс” і студыі анімацыйных фільмаў.

Дарэчы, генеральны дырэктар “Беларусьфільма” Уладзімір Карачэўскі выступіў з прывітальным словам і кароткай прамовай у павільёне “Кафэ”, дзе зусім нядаўна здымаўся першы ў нашай краіне моладзевы сітком “Ілюзіі” з 16 серый. Згодна з сюжэтам шасцёра студэнтаў рыхтуюць новы спектакль, каб пазбегнуць закрыцця свайго студэнцкага тэатра. (Рэжысёр — Іван Паўлаў). Сітком адкрывае не толькі новыя імёны маладых акцёраў, але і папулярызуе беларускую музыку: моладзевыя музычныя калектывы таксама зняліся ў фільме. Некаторыя з іх выступілі ў дэкарацыях “Кафэ” перад журналістамі, напрыклад, група “Вектор Эго”.

У глядзельнай зале быў паказаны афіцыйны рэліз самага маштабнага нацыянальнага кінапраекта “Купала”. Паколькі імя Янкі Купалы вядома не толькі ў Беларусі, фільм збіраюцца паказаць і ў іншых краінах. Верагодна, што трэйлер будзе перакладзены з беларускай на рускую, англійскую і кітайскую мовы. Рэжысёр кінастужкі — Уладзімір Янкоўскі. Яе здымкі распачаліся мінулым летам і вяліся не толькі ў Беларусі, але і ў Літве, Расіі. Дарэчы, галоўнага героя фільма грае латвійскі акцёр Мікалай Шостак, які мае беларускія карані. У ролі Паўліны Мядзёлкі знялася Вераніка Пляшкевіч, актрыса Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М. Горкага. Гэтымі днямі ідзе мантаж адзнятага матэрыялу. Працягласць фільма павінна скласці 2 гадзіны 40 хвілін. Наперадзе ў “Купалы” — фестывальны прагляд. Больш шырокае кола гледачоў убачыць кінастужку ў 2020 годзе.

Сёння у вытворчасці “Беларусьфільма” знаходзяцца сем кінастужак, яшчэ чатыры чакаюць сваёй чаргі. Паводле слоў Карачэўскага, у год кінастудыя можа выпускаць да 40 фільмаў розных фарматаў.

“Кінаіндустрыя ва ўсім свеце — гэта не проста здымкі карцін”, — не стамляецца паўтараць генеральны дырэктар “Беларусьфільма”. На яго думку, Беларусь неабходна адкрываць для кінавытворцаў з усяго свету.

Віта Зорына

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».