Фіналы ў веславанні на байдарках і каноэ працягнуліся ў Заслаўі ў чацвер. Адразу чатыры залатыя медалі заваявалі беларусы ў гэты дзень на ІІ Еўрапейскіх гульнях.
Вольга Худзенка заваявала залатую ўзнагароду ў байдарцы на дыстанцыі 500 метраў. Беларусцы ўдалося апярэдзіць алімпійскую чэмпіёнку венгерку Дануту Козак і Эму Ёргенсен з Даніі. «Калі б вы толькі ведалі, каго я перамагла! Данута Козак вельмі крутая! Яе абыграць раней было нерэальна. Не ведаю, што мне сёння дапамагло. Напэўна, тое, што выступаю ў сябе дома, — эмацыянальна расказала Вольга. — Ранейшая перамога надала ўпэўненасці, я зразумела, што канкурэнтаздольная. На трыбунах за мяне балелі мама, браты, шмат жыхароў з майго роднага горада Хойнікі. Дзякуй ім вялікі».
«З Вольгай мы працуем апошнія дзесяць гадоў. Ёй даводзілася пераадольваць розныя цяжкасці, але яна ніколі ні адну трэніроўку не працавала напаўсілы, таму і дасягае такіх высокіх вынікаў, — падкрэсліў старшы трэнер жаночай зборнай Беларусі па веславанні на байдарках Генадзь Галіцкі. — Летась на чэмпіянаце свету Вольга мне сказала: я не ведаю, як яе перамагчы, — настолькі моцная была венгерка. Аднак праз час мы гэта зрабілі, і я рады, што атрымалі гэтую перамогу на дамашнім канале ІІ Еўрапейскіх гульняў».
Нагадаем, у бягучым сезоне на дыстанцыі 500 метраў Вольга Худзенка выступала на этапе Кубка свету ў Познані, дзе заняла другое месца. А ў першы дзень спаборніцтваў яна разам з Марынай Літвінчук заваявала залатую ўзнагароду на дыстанцыі 500 метраў у байдарцы-двойцы.
Чэмпіёнкай Гульняў стала таксама Алена Наздрова ў каноэ-адзіночцы на 200-метровай дыстанцыі. Яна апярэдзіла саперніц з Германіі і Польшчы.
На такой жа дыстанцыі ў каноэ-адзіночцы «золата» выйграў і Арцём Козыр. Амаль палову корпуса ён прывёз бліжэйшаму саперніку. «Груз адказнасці зваліўся з плячэй. Ішоў да гэтага выніку цэлы год. Нарэшце гэты дзень настаў і скончыўся паспяхова. Вельмі адчувалася падтрымка трыбун, родных і блізкіх. Вялікі ім дзякуй. Дома сцены і праўда дапамагаюць. Заваяваць гэты медаль было цяжка, але падтрымка гледачоў дапамагла справіцца з усім», — адзначыў Арцём.
У чацвер Марына Літвінчук другі раз стала чэмпіёнкай ІІ Еўрапейскіх гульняў, выйграўшы «золата» ў гонцы на 5 000 метраў.
Сярэбраны медаль у веславанні на каноэ на 500 метраў заваявала двойка Вольгі Клімавай і Надзеі Макарчанкі. Таксама «серабро» ўзяў жаночы квартэт у складзе Маргарыты Махневай, Надзеі Папок, Вольгі Худзенкі і Марыны Літвінчук у байдарцы-чацвёрцы. Апярэдзіць беларусак на дыстанцыі 500 метраў удалося толькі венгеркам. Трэцім у фінальным заплыве на 200 метраў на байдарцы стаў Дзмітрый Траццякоў. Такім чынам, весляры заваявалі дзесяць медалёў на Еўрапейскіх гульнях у Мінску, пяць з іх — залатыя.
Іншыя падзеі чацвярга
У сёмы дзень спаборніцтваў ІІ Еўрапейскіх гульняў былі разыграны 24 камплекты медалёў у такіх відах спорту, як стральба з лука, веславанне на байдарках і каноэ, веласіпедны спорт — трэк, стральба кулявая, стральба стэндавая, барацьба вольная, барацьба жаночая. Таксама прайшлі папярэднія спаборніцтвы па бадмінтоне, пляжным футболе, спартыўнай гімнастыцы і настольным тэнісе.
***
Павел Далідовіч завяршыў выступленне ў спаборніцтвах па стральбе з лука. У паядынку за выхад у паўфінал беларус саступіў Стыву Війлеру з Нідэрландаў — 1:7. Такім чынам, беларускія лучнікі завяршылі ІІ Еўрапейскія гульні з адной узнагародай — у жаночым камандным турніры па стральбе з класічнага лука.
***
Беларускія спартсменкі не змаглі прабіцца ў фінал спаборніцтваў па кулявой стральбе. У кваліфікацыйным раўндзе з малакалібернай вінтоўкі з трох пастаў на 50 метраў беларуска Марыя Мартынава набрала 1158 балаў і заняла 15-е месца. Святлана Шчарбацэвіч з вынікам 1144 балы апынулася на 36-й пазіцыі сярод 39 удзельніц спаборніцтваў.
***
У чацвер у рамках ІІ Еўрапейскіх гульняў кваліфікацыйнымі спаборніцтвамі стартаваў турнір па спартыўнай гімнастыцы. Фіналы ў індывідуальным мнагабор'і пройдуць у суботу, а фіналы на снарадах — у нядзелю на Мінск-Арэне. Беларусь на Еўрапейскіх гульнях прадстаўляюць Ягор Шарамкоў, Андрэй Ліхавіцкі і Васіль Міхаліцын у мужчын, а таксама Ганна Мяцеліца і Анастасія Алістратава ў жанчын.
***
На веладроме Мінск-Арэны разыграны чатыры камплекты ўзнагарод: у камандным спрынце ў мужчын і жанчын, а таксама ў скрэтчы і гонцы па ачках.
Беларусь у гэты дзень прадставілі: Паліна Піваварава, Аксана Салаўёва, Іна Савенка і Караліна Савенка (камандная гонка праследавання); Раман Цішкоў, Яўген Ахраменка, Яўген Каралёк і Гардзей Цішчанка (камандная гонка праследавання); Аляксандр Глова, Арцём Зайцаў і Уладзіслаў Новік (камандны спрынт). У гонцы па ачках — Іна Савенка, у скрэтчы — Яўген Каралёк.
Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ
Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.
Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны.
Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.