Вы тут

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў


Ода «касманаўту»,

або Пра тое, як дзед Леўка пад небам пабываў

vodomotorika.ru

Што было — яно было,

Хоць даўным-даўно сплыло:

Леўка ў чоўне — бы ў ракеце —

«Пагасціў» у лепшым свеце.

 

...Ён прызнаны быў рыбак:

Ведаў, дзе ляшчоў касяк,

Дзе кучкуюцца язі,

Хоць вазамі іх вазі.

Бабе сома закарціць, —

Што раз плюнуць, што злавіць...

А часцей —

                         дык для забавы

Па Дняпры дзядуля плаваў.

 

...Неяк дно там паглыблялі,

Люду, тэхнікі нагналі,

Толу ўклалі.

                      Усё па плане —

Вось-вось шнур ужо падпаляць...

 

Бачыў люд: пабег агеньчык,

Каля «бомбы» ужо грабеньчык...

Там жа

                      раптам,

                                 неспадзеўка —

З-за куста

                     на чоўне...

                                Леўка!

Хоць крычы,

                               хоць не крычы,

Дзеду ўжо не памагчы!

 

Ірванула дык рванула:

Вёску з лесам скаланула!

Рэчка выйшла з берагоў,

Ледзь не змыўшы «гледачоў»!

А дзе ж човен?!

                              Леўка дзе?!

Толькі трэскі па вадзе...

 

Бабы тут хрысціцца сталі,

Дзядзькі — шапкі паздымалі:

Яно ж трэба...

                             Жах дык жах:

Гэтак згінуць...

                            На вачах.

Люд знямеў...

                            Ды праз хвіліну

Нехта зоркі

                           ўбачыў... спіну:

Дзед?..

                           Жывы?!

                                     І сам... грабе?!

Ты глядзі: не так сабе!

 

Усе насустрач:

                       «Дзе баліць?..»

«Што зламаў?..»

                       «Ці будзе жыць?»

Хтосьці мацаў:

                        «Ты ў парадку?»

Кажа:

                       «Трэскі ў азадку.

Я нажыў такі бяду...» —

                       «Дык падвезці!?» —

— «Сам дайду».

 

...З месяц дома

                      дзедка жыў

Як?

                     Ды хто там бачыў?

Тое месцейка лячыў,

                     Але ж не лайдачыў:

Неяк зноў з'явіўся з чоўнам,

Што старому быў не роўным —

Акаваны нос, карма...

Дзед стараўся нездарма.

 

На пытанне ж, ці жахліва

К богу злётаў у старым,

Той казаў:

                          «Адно меў дзіва —

Век не... пі́саў дагары,

Хоць на фронце ваяваў».

...Там наш дзед героем стаў.

Гонар мелі мужыкі

Пасядзець з ім ля ракі.

Ды і цяпер

                            сто грам кульнуць —

Добрым словам памянуць.

Соф'я Кусянкова, в. Лучын, Рагачоўскі раён


На чужы каравай...

ego-lution.ru

У канцы мінулага стагоддзя ў нашу вёску прыслалі маладую настаўніцу рускай мовы і літаратуры. Гэта была цікавая дзяўчына. Фігуру мела не горшую, чым у Людмілы Гурчанкі, прычоску — амаль як у Алы Пугачовай. А вось тварык, на жаль, падгуляў: ён быў у вяснушках, якія здаваліся досыць мілымі, калі Тая ўсміхалася, а вось калі злавала (што здаралася куды часцей), выглядалі сапраўдным брыдкім рабаціннем.

Такая вось была неспадзяванка — першая, што кідалася ў вочы, але ж далёка не апошняя.

Другая атрымалася ў дзеўкі з жыллём. Справа ў тым, што пасялілі яе праз дзве хаты ад школы, у цёткі Пелагеі, якая раптам сказала, што грошай за кватэру з новай жылічкі браць не будзе, нават карміць яе згодна як родную дачку, але ж пры ўмове, што Таіса дапаможа ёй па гаспадарцы.

Сэканоміць грошай маладой настаўніцы, вядома ж, хацелася, лішняй работы яна не баялася, з чаго складаецца цётчына гаспадарка, не ведала і таму з ахвотай згадзілася. А далей...

Можа, любоў якая была, можа, цяжка з усім спраўляцца (у гаспадыні апроч вялікай хаты і «валочкі» зямлі былі дзве каровы, двое цялят, трое свіней, куры, гусі, трусы і авечкі), можа, сваёй сям'і захацелася... Факт, што ў хуткім часе і неяк раптам Тая распісалася з нашым участковым і пераехала да яго. Дом быў асобны, прасторны, з усімі выгодамі. Здавалася б, у такім толькі жыць ды дзяцей гадаваць. Але ж і год прайшоў, і два, і чатыры, а іх няма — нават почуту. Затое іншы — ёсць. Спачатку ўсе казалі, што ўчастковы да фельчаркі ездзіць у суседнюю вёску, потым — ён у горадзе раман закруціў...

Што там праўда было, што не, але ж дыму без агню, відаць, не бывае. У сям'і пачаліся сваркі і слёзы. Жонка разводам яшчэ не пагражала, але ж неяк пры мужу ляпнула, што калі ён гуляе, то можа і яна...

Не думаю, што Таіса на гэта пайшла б — не такія былі часы і не той характар, але ж родны муж яе, можна сказаць, «падштурхнуў», сказаў: «Ты?! Вось такая рабая? У люстэрка на сябе паглядзі. Каму ты патрэбна?»

Тая, вядома ж, паглядзела, чарговую ноч адплакаўшы, і нічога такога не ўбачыла: ну, талія ўжо не 70 сантыметраў. І вага не 55 кілаграмаў, але ж усё пры ёй. А тут яшчэ і пуцёўка.

...Карацей, настрой у жанчыны быў вельмі рашучы. Да таго ж у санаторыі і амаль адразу яна выпадкова пачула размову дзвюх пакаёвак, што, маўляў, у 21-ы нумар заехалі такія чыстаплюі... Асабліва яна — палкоўнічыха.

«Значыць, ёсць і палкоўнік?» — падумала Тая, і хутка ўбачыла, які ён — рана пасівелы, стройны, хударлявы, прыгожа адзеты... Мара, а не мужчына! Хоць і трохі разгублены... Ці прыгнечаны? «Усё з-за чыстаплюйкі», — пашкадавала чалавека Таіса. І тут жа вырашыла жонку палкоўніка, знешне падобную на Каробачку з «Мёртвых душ», — у разлік не браць. Тым больш што яна прывезла яго і праз суткі з'ехала.

А вось муж, як выглядала, адзіноты не чакаў — шукаў кампаніі. Не дзіва, што яны пазнаёміліся, сталі разам хадзіць на працэдуры, а па вечарах і ў кіно, пасля чаго Тая (а хай муж ведае!) ужо падумвала запрасіць палкоўніка да сябе...

Як тут і раптам з'явілася Каробачка: пераняўшы Таісу па дарозе ў сталоўку і адвёўшы ўбок, яна вельмі ветліва, як жанчына жанчыну, папрасіла саперніцу «пераключыцца на каго-небудзь іншага»: не дурыць галаву яе хвораму мужу.

Для Таі і гэта сустрэча, і просьба былі настолькі нечаканымі, што яна не прыдумала нічога лепшага, як загаварыць... пра каханне з першага позірку і пра тое, што якраз з ёй гэты сапраўдны мужчына, палкоўнік, можа, стаў бы пасапраўднаму шчаслівы...

Вось тут заклапочанасць жонкі як рукою зняло:

— Паслухайце, маці Тэрэза, — у твар ёй засмяялася Каробачка. — Мой муж усё жыццё працуе на аўтобусе. А палкоўнік у нашай сям'і (прычым палкоўнік юстыцыі) — гэта я. Так што вам, відаць, лепей было б з'ехаць.

...Трэба сказаць, што Таіса якраз гэта і зрабіла, але зусім не ад страху перад чужымі пагонамі. Па яе — ні села ні пала — прыехаў... муж, прывёз дадому. І, што, можа, яшчэ цікавей, ніякіх раманаў болей не круціў. Казаў: «Ды ну яго... Хто гуляе з агнём, дагуляецца да попелу».

А жонка яму толькі паддаквала.

А. Міхалевіч, г. Барысаў


Ад астрогу няма перасцярогу. Ад хваробы — таксама

otvetclub.com

У нашай вёсцы і пакуль яшчэ жыве традыцыя: жанчыны ў святы ці ў нядзелю збіраюцца недзе на лаўцы, сядзяць, гамоняць. Бо што яшчэ ў іх застаецца — з гаспадаркі хіба кот ці сабака, значыць, спяшацца няма куды... Ды і няма на чым, па шчырасці кажучы: ногі — аніякія, таму ў кожнай у руках па кійку, гэта на ўсякі выпадак, каб без прыгод дайсці да сябровак ды вярнуцца дамоў.

Затое памяць ва ўсіх — дай божа!

Самая гаваркая з жанчын — Станіслава Якімаўна. Пачне што ўспамінаць ды расказваць і быццам памаладзее: маршчынкі разгладзяцца, вясёлыя чорцікі ў вачах заскачуць... Здаецца, і сама зараз падхопіцца ды пабяжыць каровак даіць, прычым не дамоў і адну ці дзве, а на ферму ўсе дваццаць.

«Раней для работы там аніякіх умоў не было, — успамінае жанчына. — Дзверы пазачыняеш, — няма чым дыхаць, паадчыняеш — скразнякамі здзімае...

Неяк, помню, моцна прастудзілася, а бальнічныя браць моды не было. Не тое што цяпер: чуць дзе кальнула ці скрабянула, хутчэй у паліклініку — абы ад работы «адкасіць».

А я тады запусціла хваробу: што ні рабіла — нос залажыла начыста. Карову саджуся даіць (тады ўсё ручкамі, ручкамі...) і сабе на калена анучку кладу. Разоў колькі цыркану малаком у вядро, высмаркаюся і далей за дойку.

Толькі чую — начальства на ферме з'явілася... І не толькі сваё, а яшчэ і важнейшае — з раёна ці з вобласці... Ходзіць па кароўніку, глядзіць на парадкі, каля мяне, бачу, спыняецца — назірае, як працую. А потым той самы важны і кажа: «Женщина, так же нельзя работать! Вам надо срочно гайморит лечить».

Я то назву хваробы чула, але ж прыкладна як звон... А вось адкуль ён?.. «Так-так, трэба лячыцца, — згаджаюся з начальнікам, — бо дурная хвароба! Ні спасу ад яе, ні рады... І гляньце куды ўбілася: у людзей — туды, дзе ніхто не бачыць, а мне — дык проста ў нос...»

Начальства ў рогат — аж карову мне спудзіла. А потым заатэхнік і кажа, што тая хвароба, што ні самому паглядзець, ні людзям паказаць, называецца гемарой, а вось мая — гаймарыт. Словы падобныя, а хваробы не...

Сорамна мне стала за сваю недалёкасць: уткнулася галавой у каровін бок ды маўчу, думаю: не трэба было рот адкрываць.

— Яшчэ і як трэба, — адказала ёй суседка. — Бо калі б не адкрыла, можа, і сёння не ведала б, дзе той гемарой, а дзе гаймарыт. А так — заатэхнік «адукаваў» цябе, ты — нас. Галоўнае — ёсць што ўспомніць!»

...І хай жа бог дае, каб было каму расказаць — вечарам, у вёсцы, на лавачцы.

Галіна Нічыпаровіч, в. Магільна, Уздзенскі раён

Рубрыку вядзе Валянціна ДОЎНАР

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Галiна Левіна: Помнiк — не канструктар i не чарцёж, яго трэба перажыць, выпакутаваць

Галiна Левіна: Помнiк — не канструктар i не чарцёж, яго трэба перажыць, выпакутаваць

У архiтэктара Галiны Левiнай — Хатынь, творчая спадчына яе бацькi.

Грамадства

Прэмiя прыгажосцi. Дзеля чаго людзi кладуцца пад нож пластычнага хiрурга?

Прэмiя прыгажосцi. Дзеля чаго людзi кладуцца пад нож пластычнага хiрурга?

Як сведчаць шматлiкiя даследаваннi, прывабным людзям прасцей прабiцца ў жыццi i яны дасягаюць у кар'еры большага поспеху. 

У свеце

Як Еўропа аднаўляецца ад кавiднага ўдару?

Як Еўропа аднаўляецца ад кавiднага ўдару?

Сёлета еўрапейская эканомiка будзе перажываць глыбокую рэцэсiю з-за ўспышкi каранавiруса, нягледзячы на хуткiя i ўсёабдымныя антыкрызiсныя меры як на саюзным, так i на нацыянальным узроўнi.

Эканоміка

Тонкае мастацтва дабрабыту. Складаем сямейны бюджэт разам са спецыялістам Нацбанка

Тонкае мастацтва дабрабыту. Складаем сямейны бюджэт разам са спецыялістам Нацбанка

2020 год паставіў усіх нас перад неабходнасцю дакладна планаваць свае выдаткі.