Вы тут

У Віцебскай вобласці працягласць мясцовых аўтадарог — больш за 15 тысяч кіламетраў


З іх 78,3 % — з цвёрдым пакрыццём (даўжынёй — каля 11,7 тысячы км). Адпаведна астатнія — грунтавыя дарогі. І ўсе яны на балансе КУП «Віцебскаблдарбуд».


Для параўнання, працягласць рэспубліканскіх аўтамабільных дарог — каля трох тысяч кіламетраў. За іх адказвае РУП «Віцебскаўтадар».

Між іншым, на аўтадарогах знаходзіцца 1229 маставых збудаванняў працягласцю 33,8 тысячы пагонных метраў і шэраг іншых прыстасаванняў і збудаванняў. Згодна з дзяржпраграмай па развіцці і ўтрыманні аўтамабільных дарог на 2017—2020 гады, зацверджанай пастановай Савета Міністраў ад 18 верасня 2017 года № 699, вызначаны ўчасткі мясцовых дарог для правядзення першачарговых рамонтных работ.

Паводле інфармацыі аблвыканкама, плануецца адрамантаваць і рэканструяваць не менш за 879,8 км. У тым ліку капітальна — 16 км. Плюс — каля дваццаці пагонных метраў мастоў.

Да наступнага года плануецца завяршыць рамонт аўтадарог вобласці, якія забяспечваюць пад'езды ад раённых цэнтраў да аграгарадкоў.

Старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў пастаянна нагадвае калегам з рэгіёнаў, што і дарогі павінны быць у цэнтры ўвагі. Гэта — адна з задач дзейнасці мясцовай прадстаўнічай улады. І нельга самаўхіляцца ў гэтым пытанні, перакладваючы адказнасць на выканкамы. Па дарогах у далёкія вёскі прыязджаюць аўталаўкі, бытоўкі на колах, «хуткая», пажарныя аўто і гэтак далей. Такім чынам, гэтыя «артэрыі» спрыяюць у падтрыманні сацыяльных стандартаў.

Цікава, як бачыцца дарожнае пытанне ў глыбінцы? Уладзімір Цярэнцьеў лічыць, што Дубровенскі раён — добры прыклад таго, як трэба развівацца. У прыватнасці, пасля «Дажынак», якія прайшлі тут два гады таму, многае робіцца для добраўпарадкавання, стварэння добрых умоў для тутэйшых жыхароў.

Старшыня Дубровенскага райсавета дэпутатаў Алена Ціханава канстатавала, што працягласць трасы М1 на тэрыторыі раёна каля 29 км. Стараюцца на добрым узроўні падтрымліваць стан іншых дарог. Напрыклад, ёсць так званая старая Смаленская дарога — былы Кацярынінскі тракт. Яе працягласць у раёне прыкладна 30 км.

Старшыня адзначыла, што кіраўнік мясцовай дарожнай арганізацыі — ДРБУ № 108, філіяла КУП «Віцебскаблдарбуд» Уладзімір Чантарыцкі — дэпутат райсавета. Таму адчувае двайную адказнасць, каб раён быў прэзентабельны і ўтульны для пражывання.

Шмат увагі Дубровеншчыне ўдзяляе і кіраўнік РУП «Віцебскаўтадар» Уладзімір Мацвееў.

Мясцовыя дарогі, між іншым, абслугоўвае і камунальнае ўнітарнае прадпрыемства, якое два гады таму стварылі пры Малабахаўскім сельсавеце. Сярод тэхнікі КУП ёсць два трактары, навесы для расчысткі снегу. Могуць падчысціць дарогу, падсыпаць, абкасіць вуліцы населеных пунктаў і гэтак далей. Дапамагаюць добраўпарадкоўваць і падтрымліваць дарогі ў добрым стане і на тэрыторыі іншых сельсаветаў.

Праблема недастатковай аператыўнасці ў навядзенні парадку на дарогах і каля іх і каардынацыі дзеянняў палягае ў тым, што вуліцы ў глыбінцы знаходзяцца на балансе розных арганізацый. За цэнтральныя адказвае ДРБУ (фінансаванне з абласнога бюджэту), а за суседнія, паміж дварамі, — ЖКГ (за кошт грошай сельсаветаў). Гэта праблема, якая быццам бы і не вельмі грунтоўная, але часам мясцовым жыхарам не зусім зразумела: чаму адну вуліцу прыбралі, падсыпалі, вычысцілі там снег, а побач — не спяшаюцца.

У раёне, як падкрэслівае старшыня, аўралу ў дарожным пытанні няма. Праблемы вырашаюцца планава і мэтанакіравана.

Галоўнае, на што не раз звяртаў увагу Прэзідэнт, зрабіць усе дарогі ў краіне, якая знаходзіцца ў цэнтры Еўропы, годнымі ў сэнсе якасці, бяспекі і прыдарожнага сэрвісу.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.