Вы тут

У Светлагорскім раёне рамантуюць трасу Р82


Праз пасёлак Парычы ў Светлагорскім раёне праходзіць рэспубліканская траса Р82. Менавіта на ёй цяпер адбываюцца рамонтныя работы. У гэты ж час мясцовыя дарогі толькі нядаўна набылі гаспадара.


Старшыня Парыцкага сельскага Савета дэпутатаў Аляксандр ЦАЛКО расказвае, што летась пасля зваротаў грамадзян і з дапамогай мясцовых улад агульнымі намаганнямі зрабілі добраўпарадкаванне Майскай плошчы — у цэнтры Парычаў. Там да юбілею пасёлка часткова паклалі асфальт. На гэтыя мэты былі выкарыстаны і сродкі, заробленыя падчас суботніка. Між тым грошай, каб адрамантаваць плошчу цалкам, не хапіла.

— Цяпер дарогі мясцовага значэння будуць рамантаваць спецыялісты, — радуецца Аляксандр Фёдаравіч. — А дарогі нашага гарадскога пасёлка знаходзяцца на абслугоўванні камунальных службаў. Мы з імі цесна супрацоўнічаем і імкнёмся папярэдзіць скаргі. Вядуцца паступова рамонтныя работы. Канешне, складана з новым пакрыццём асфальтам, але ж робяць ямачны рамонт, а грунтавыя дарогі грэйдзіруюцца мінімум раз у квартал, а бывае і часцей.

У суседнім Чыркавіцкім сельсавеце таксама задаволены, што сёлета ўсе дарогі перададзены на баланс мясцоваму ДРБУ-207 — філіялу КПРБУП «Гомельаблдарбуд».

— Добра, што хоць гаспадар вызначыўся, — адзначае старшыня Чыркавіцкага сельсавета Уладзімір ЛАХАРДАЎ. — Але пакуль фінансаванне не выдзелена, яшчэ будзем пакутаваць. Да гэтага года некаторыя дарогі ўвогуле ні на чыім балансе не знаходзіліся. Ніхто не хацеў ні рамантаваць, ні грэйдзіраваць, ні чысціць. Звычайна рабіць усё гэта дапамагала мясцовая гаспадарка.

Між тым у невялікім і кампактным Светлагорскім раёне каля 700 кіламетраў дарог мясцовага значэння. Па сутнасці, гэта вуліцы ў населеных пунктах. Цяпер яны перайшлі ў абласную ўласнасць. Таму імі будуць займацца раённыя структуры камунальнага праектна-рамонтна-будаўнічага ўнітарнага прадпрыемства «Гомельаблдарбуд».

— Бягучы рамонт ужо ажыццяўляецца — праводзіцца грэйдзіраванне ці ямачны рамонт, — растлумачвае намеснік старшыні Светлагорскага райвыканкама Дзмітрый ШАБЕТНІК. — А больш сур'ёзныя пытанні — у адпаведнасці з іх планамі. Прэм'ер-міністр Сяргей Румас, які быў нядаўна ў Светлагорску, даў даручэнне Гомельскаму аблвыканкаму сёлета зрабіць капітальны рамонт на трох сур'ёзных артэрыях горада — вуліцах Свярдлова, Авіяцыйнай і Шашэйнай... Але фінансавання на гэта пакуль няма. Няма і сур'ёзнай праграмы, якая дазволіла б бачыць перспектывы развіцця дарожнай сеткі на некалькі гадоў. У любым выпадку пастаўленую задачу трэба выконваць. Скаргі, якія ўзнікаюць па стане дарог, канешне, мы здымаем — рэагуем на самыя вострыя праблемы. Але ж капітальна сёлета адрамантавалі толькі адну дарогу — да аграгарадка Дуброва ў Мікалаеўскім сельсавеце. Глабальна праблему можна вырашыць толькі выдзяленнем нейкіх сур'ёзных сродкаў.

Ірына АСТАШКЕВІЧ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».