Вы тут

Анатоль Ісачанка правёў прыём грамадзян у Мядзеле


На прыём грамадзян, які правёў старшыня Мінаблвыканкама Анатоль Ісачанка ў Мядзеле, запісаліся чатыры чалавекі. Але жанчына, якую цікавіла пытанне збору малака ад яе каровы, не з'явілася. Таму кіраўнік цэнтральнага рэгіёна выслухаў заяўнікаў літаральна за паўгадзіны. Пры гэтым ён адзначыў, што мясцовыя ўлады добра працуюць са зваротамі грамадзян і вырашаюць пытанні, што датычацца іх кампетэнцыі.


Віталь Мінчук звярнуўся з пытаннямі водазабеспячэння і будаўніцтва лініі сувязі. «Помпа не спраўляецца з падачай вады ў дамы, — паскардзіўся заяўнік, — часта здараюцца перабоі. Гэтая праблема хвалюе ўсіх жыхароў вуліцы Халмагорскай».

Намеснік старшыні Мядзельскага райвыканкама Жанна Апановіч канстатавала, што ў раёне добра ведаюць пра гэтую сітуацыю, трымаюць яе на кантролі. І ў прынцыпе яно ўжо вырашаецца: літаральна ў наступныя два месяцы пачнецца пракладка новых камунікацый і іх закальцоўка. Будзе пабудаваны назіральны пункт, і 120 абанентаў далучаць да сетак водазабеспячэння, пабудаваных летась. Што датычыцца другога пытання, то ў наступным годзе плануецца правесці новую оптавалаконную лінію па дзяржпраграме, запэўнілі прадстаўнікі раённага вузла электрасувязі.

— Глядзіце толькі, каб сеткі вытрымалі, таму што тут ёсць праблемы, — папярэдзіў губернатар.

Часлаў Адамовіч з вёскі Выгалавічы паскардзіўся, што раённыя электрычныя сеткі не выдаюць тэхнічныя ўмовы, каб павялічыць падачу ў дом электраэнергіі, неабходнай для падагрэву вады і ацяплення, — маўляў, не дазваляюць наяўныя магутнасці. Але мужчыну такі адказ здзіўляе: у вёсцы закрыліся дзіцячы сад, фельчарска-акушэрскі пункт, пошта, клуб, якія больш не спажываюць электраэнергію.

— Калі вам верыць, што сеткі не вытрымліваюць нагрузкі, то неабходна прымаць рашэнне аб іх замене або мадэрнізацыі, — звярнуўся да прадстаўнікоў электрасетак Анатоль Ісачанка. — Мы павінны расказаць людзям пра дакладны план дзеянняў.

Яніна Іванаўна, Людміла Уладзіміраўна і Павел Уладзіслававіч Гірыны пражываюць у вёсцы Унукі разам у адным доме. Яны хадайнічалі перад губернатарам, каб закрылі праезд праз іх двор. Паміж дзвюма гаспадарчымі пабудовамі праходзіць дарога шырынёй 2,8 метра. Яна стаіць на балансе мясцовай будаўніча-дарожнай арганізацыі. Але Гірыны сцвярджаюць, што гэты праезд належыць ім. Проста пры рэгістрацыі ў 2009 годзе была дапушчана памылка.

— Вы паглядзіце, да якой катэгорыі гэты ўчастак зямлі адносіцца. І калі першапачаткова ён ішоў як непадзельны, то трэба прыняць рашэнне, вярнуць зямлю людзям і ўзаконіць яе. Калі гэта былі землі агульнага карыстання, то выстаўляйце на аўкцыён, няхай выкупляюць. Гэта будзе законна. Прапрацуйце два гэтыя варыянты, — даў Анатоль Ісачанка даручэнне спецыялістам.

— Як паказвае практыка, усе зямельныя пытанні складаныя, неадназначныя і цягнуцца на працягу 10—20 гадоў. Калісьці людзі з нейкіх прычын своечасова не аформілі або няправільна аформілі зямлю. Сёння даводзіцца зноў звяртацца да гэтай тэмы. І мы вырашаем праблемы ў межах дзеючага заканадаўства, падабаецца гэта грамадзянам ці не, — падкрэсліў напрыканцы губернатар.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Загаловак у газеце: Пытанні вырашаюцца ў межах заканадаўства

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».