Вы тут

Як ствараўся праект «Цёплыя хаткі»


У жодзінскай сярэдняй школе № 5 вельмі любяць прыроду, таму часта ўдзельнічаюць у розных экалагічных праектах. Летась там вырашылі заняцца праблемай бадзяжных жывёл. З ініцыятывай па стварэнні для іх «Цёплых хатак» вучні на чале з настаўніцай біялогіі Людмілай Паўлавец звярнуліся ў жыллёва-камунальную гаспадарку і да ўладаў горада. З праектам дайшлі і да рэспубліканскага этапу конкурсу «100 ідэй для Беларусі», які ладзіцца Саюзам моладзі.


Ад­на з удзель­ніц пра­ек­та  Па­лі­на Ніт­чан­ка і на­стаў­ні­ца бія­ло­гіі Люд­мі­ла Паў­ла­вец.

«Колькасць кінутых жывёл павялічваецца з ростам насельніцтва. Яны часта гінуць, што выклікае яшчэ і санітарную небяспеку для людзей», — акрэсліваюць праблему жодзінскія школьнікі. Разам з настаўніцай вучні пачалі шукаць гуманныя спосабы дапамогі братам нашым меншым. «Хлопцы і дзяўчаты, убачыўшы статыстыку адлову катоў і сабак, якую нам прадставілі ў ЖКГ, былі вельмі ўзрушаныя, — кажа кіраўніца праекта. — Таму нарадзілася ідэя стварыць экалагічныя «Цёплыя хаткі». Апытанне мясцовых жыхароў паказала, што ў горадзе шмат аднадумцаў. Гэта надавала сілы для далейшых дзеянняў.

Перш-наперш валанцёры ўмоўна падзялілі Жодзіна на некалькі дзясяткаў квадратаў, дадалі пару ўчасткаў каля горада і на працягу чатырох месяцаў лічылі бяздомных жывёл. Пасля стварылі інтэрактыўную карту, на якой адзначылі месцы з іх максімальнай колькасцю, дзе хаткі патрабуюцца больш за ўсё.

Далей пачалі распрацоўваць іх макеты. Вырашылі, што трэба рабіць домікі з адходаў, якія ўтвараюцца на пілараме, тады яны будуць танныя. Былі ўлічаны і кліматычныя ўмовы: зімой холадна, значыць, неабходна ўцяпліць падлогу і сцены пенапластам.

Адзін такі экадамок, на думку валанцёраў, зможа ўмясціць два-тры сабакі альбо сям'ю кошак з трыма-чатырма кацянятамі. Яго сярэдні кошт (з улікам матэрыялу) атрымаецца каля 125—195 рублёў.

Каб пазбегнуць вандалізму, хаткі вырашылі размяшчаць каля пад'ездаў, якія маюць сістэму відэаназірання. Паклапаціліся юныя распрацоўшчыкі і пра эстэтычны складнік. Дамок спраектаваны такім чынам, каб не парушыць агульную канцэпцыю забудовы горада і каб яго можна было гарманічна ўпісаць у навакольную прастору.

— Мы атрымалі адабрэнне і згоду на бясплатную стэрылізацыю і часовае ўтрыманне жывёл падчас рэабілітацыі ад ветэрынарных клінік. Ініцыятыву ўхваліў і намеснік дырэктара жыллёва-камунальнай гаспадаркі нашага горада. Усе гатовыя дапамагчы. Засталося толькі ажыццявіць задуманае, — кажа Людміла Паўлавец.

Адметна, што падобны праект «Цёплыя хаткі для катоў» ужо рэалізавала міжнародная зоаабарончая арганізацыя Аnіmаl Саrе Сеntеr «LІSАBОNА» ў Кобрыне. Дзякуючы старшыні райвыканкама і дырэктару ЖКГ яны паставілі пяць домікаў, зробленых з еўравагонкі.

— Калі ёсць жаданне працаваць і змяняць свет да лепшага, то ўсё абавязкова атрымаецца, — адзначаюць у арганізацыі. — Спачатку было шмат скептыкаў, гучалі меркаванні, што кіраўніцтва горада не дазволіць устанавіць гэтыя домікі, што гараджане знішчаць іх у першую ж ноч. Але, як мы бачым, улады вельмі пазітыўна паставіліся да праекта, а жыхары падкормліваюць катоў і берагуць іх жыллё.

Юлія АДАМОВІЧ

Загаловак у газеце: Бяздомным жывёлам — цёплыя хаткі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Тураўскі крыж упершыню будзе прадстаўлены 26 верасня

Тураўскі крыж упершыню будзе прадстаўлены 26 верасня

На свята Узнясення Крыжа Гасподняга, падчас вячэрняй службы ў Мінскім кафедральным саборы.

Грамадства

Як і чым жыве колішняя «памідорная сталіца» Беларусі?

Як і чым жыве колішняя «памідорная сталіца» Беларусі?

Каб адчуць, чым organіc food адрозніваецца ад звыклых для сучаснага гараджаніна прадуктаў, дастаткова пакаштаваць памідоры ў Савічах і параўнаць іх з таматамі з гіпермаркета.

Грамадства

Генеральны дырэктар РУП «Белпошта» Святлана Юркевіч: Мы будзем развіваць перш за ўсё паштаматы

Генеральны дырэктар РУП «Белпошта» Святлана Юркевіч: Мы будзем развіваць перш за ўсё паштаматы

На працягу многіх дзесяцігоддзяў пошта асацыіравалася з традыцыйным наборам паслуг — лістамі, пасылкамі, газетамі, пенсіямі... Але сучасныя тэхналогіі ўсё больш уваходзяць у наш побыт.