Вы тут

О секс — ты космас?


Чулі навіну пра тое, што секс паміж зямлянамі і дзецьмі каланізатараў Марса можа быць небяспечны? («Сёння ранкам убачыў у ваннай іншапланецяніна. А той памыўся, накруціўся, нафарбаваўся — аказалася, гэта мая жонка...») Так мяркуе прафесар Універсітэта Райса (Тэхас) Скот Саламон, які ўпэўнены, што біялагічная эвалюцыя чалавека на Чырвонай планеце будзе працякаць з хуткасцю «амерыканскіх горак». На думку біёлага, нашчадкаў каланізатараў Марса ад зямлян будуць адрозніваць больш шырокія і ломкія косткі, абмежаваная магчымасць глядзець удалячынь, зменены колер скуры, лепшая засваяльнасць кіслароду і іншая імунная сістэма. (Памятаеце, як казаў у фільме «Госця з будучыні» Фіма Каралёў пра Алісу: «Яна маленькая, валасы кароткія, вочы — ВО! І глядзіць не па-нашаму».) Усё гэта можа зрабіць небяспечнымі кантакты паміж зямлянамі і марсіянамі. Асабліва з улікам таго, што на Чырвонай планеце ад павышанай радыяцыі колькасць мутацый у немаўлят нашмат узрасце. І хоць нічога з гэтага пакуль не спраўдзілася, атрымліваецца не надта аптымістычна, праўда? (Як там ва Уладзіміра Высоцкага? «В далеком созвездии Тау Кита / Всё стало для нас непонятно, — / Сигнал посылаем: «Вы что это там?» — / А нас посылают обратно».) Дарэчы, вы заўважылі, што тэма гендару стала ўсё больш набываць «касмічныя абароты»?


Увесну ў рамках «Месячніка гісторыі жанчын» планавалася правесці першы ў гісторыі выхад у адкрыты космас з удзелам толькі прадстаўніц прыгожай паловы чалавецтва — Эн Маклейн і Крысціны Кох. Але NАSА мусіў яго адмяніць праз адсутнасць... прыдатнага скафандра. Зусім як на Зямлі, праўда? («— Я тоўстая? — Не. — Але пахудзець не перашкодзіла б? — Ты мне і такая падабаешся. — Але захаплення не выклікаю, так? — Выклікаеш. — Але не шалёнае?..») Эн пасля першага выхаду вырашыла, што ёй зручная верхняя секцыя скафандра сярэдняга памеру, аднак да прызначанай даты можна было падрыхтаваць толькі адзін скафандр патрэбнага памеру — на другую астранаўтку. (Адразу ж нарадзіўся жарт: «На самай справе яны проста адмовіліся адначасова выходзіць у космас у аднолькавых скафандрах».)

Зімой гендырэктар дзяржкарпарацыі «Раскосмас» Дзмітрый Рагозін выказаўся пра ідэю перайменаваць касмічны карабель. «Ён раней быў «Федэрацыяй», а цяпер у яго будзе больш мужчынская назва, усё ж такі карабель павінен не як дзяўчынка называцца, а мужчынскім імем», — заявіў ён. А вось расійскі лётчык-касманаўт Міхаіл Карніенка не ўбачыў у гэтым нічога дрэннага, маўляў, у імені закладзена назва краіны, «гэта зусім не дзяўчынка». І дадаў, што сярод калег няма ніякіх гендарных прадузятасцяў. «Жанчына на караблі — гэта толькі ў маракоў да няшчасця. Мы з цёткамі столькі разоў лёталі — ніякіх праблем!»

Ну, можа, раней яно так і было. А цяпер Хелен Шарман, астранаўт з Брытаніі, сцвярджае, што ляцець на Марс павінны экіпажы, якія складаюцца з прадстаўнікоў аднаго полу. У процілеглым выпадку жанчыны і мужчыны пачнуць спаць адно з адным, што негатыўна адаб'ецца на місіі. А там і да бяды недалёка. («Экзістэнцыяльны эксгібіцыяніст любіць доўга ўглядацца ў бездань. А калі бездань пачынае ўглядацца ў яго — расхінае плашч».) Быццам праводзілася спецыяльнае даследаванне, прысвечанае паводзінам людзей, у тым ліку і сексуальным, якія знаходзяцца ў працяглай ізаляцыі. Дык вось, згодна з высновамі, у змешаных экіпажах большая верагоднасць узнікнення неўстаўных адносін, якія могуць скончыцца той жа цяжарнасцю. А яшчэ асабістыя стасункі могуць ускладніць сумесную работу экіпажа. Калі прыгадаць секс-скандал на брытанскай атамнай падводнай лодцы (не космас, канешне, але тым не менш) — малодшы лейтэнант Рэбека Эдварс уступіла ў сувязь з капітанам субмарыны Сцюартам Армстрангам (потым высветлілася, што «падводнае» каханне было не толькі ў іх), — то гэтыя словы здаюцца слушнымі. (Раю перагледзець амерыканскую камедыю «Апусціць перыскоп» — там прыкладна пра гэта). NАSА высветліла, што каманда з адных жанчын больш перспектыўная, паколькі канфліктныя сітуацыі паміж мужчынамі будуць узнікаць часцей.

Канешне, калі верыць усім гэтым касмічным даследаванням. Бо нядаўна загадчыца лабараторыі біяфізікі клеткі Інстытута медыка-біялагічных праблем РАН Ірына Огнева расказала ў інтэрв'ю, што расійскія навукоўцы не могуць правесці даследаванні па вывучэнні ўплыву фактараў касмічнага палёту на сперматагенез праз нежаданне айчынных касманаўтаў здаваць... біялагічны матэрыял. «Ахвотных сярод іх не знаходзіцца», канстатавалі навукоўцы. Пастаўленая задача па даследаванні ў касманаўтаў спермаграмы да, падчас і пасля палёту «выклікае ва ўсіх усмешку і непрыняцце». У замежнікаў, выходзіць, усё інакш і без комплексаў, раз яны робяць пэўныя прагнозы? Зрэшты, чаго здзіўляцца смеласці астранаўтаў, калі, як пішуць, у Германіі звычайны кіроўца невялікага транспарцёра пры правядзенні паліцыяй дарожнага кантролю зрабіў тое, што адмаўляюцца рабіць расійскія касманаўты. Для праверкі на наркотыкі яму выдалі ёмістасць для аналізаў. Ён схадзіў у кусты, дзе прабыў незвычайна доўга, і прынёс... Паведамляюць, што тэст мусілі рабіць па сліне і ён быў адмоўным. Можа, яму ў астранаўты?.. («Забудзь яе, брат. Яна касметолаг. Космас — не для такіх, як мы».)

Кастусь ХАЦЕЛАЎ-ЗМАГЕЛАЎ

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Людзі думаюць, што ўсёмагутныя і — разбіваюцца»

«Людзі думаюць, што ўсёмагутныя і — разбіваюцца»

Ці так небяспечны парашутны спорт, як здаецца на першы погляд?

Грамадства

Дзе знаходзяць падтрымку бацькі асаблівых малых?

Дзе знаходзяць падтрымку бацькі асаблівых малых?

Стаялі ў калідоры і ўспаміналі першыя крокі ў выхаванні сваіх асаблівых дзетак.

Культура

«Калі чалавецтва зноў паставіць перад сабой высокія пытанні, яно мяне ўспомніць»

«Калі чалавецтва зноў паставіць перад сабой высокія пытанні, яно мяне ўспомніць»

Пагутарылі з дачкой вядомага ўраджэнца Віцебска Лазара Хідэкеля.