Вы тут

Час жывой прыроды


У канцы працоўнага тыдня спяшаемся на дачу. Так мы называем вясковы дом, што набылі за пяцьдзясят кіламетраў ад Брэста. А гэтым летам, калі ўжо, лічы, месяц пакутуем ад спёкі, выхадных дачакацца не можам. І не дзіва: на дварэ чэрвень, а трава ў горадзе выглядае як ржышча пасля пакосу — спрэс жоўтая. Яшчэ на мінулым тыдні ў Баранавічах неяк раптам заўважыла: дворнік па вуліцы Савецкай мяце жоўтае лісце, нібы ў верасні. У сваім горадзе неяк не заўважала лістападу, прыгледзелася пасля: у нас і карычневых ссохлых лістоў шмат. Таму не дзіва, што з душнага горада нібы на крылах ляціш да прыроды.


Там таксама спёка, засмяглы ад сонца агарод, падвялыя кветкі, але там — жывое жыццё. У мінулую суботу настрой нам зрабіў верабей, які на ляту злавіў аграмадную муху. Такія часам і ў хату залятаюць, гудуць нібы бамбавозы, мы іх «конскімі» называем. Дык вось верабейка, якога, відаць, распірала ад гонару за ўласную спрытнасць у лоўлі здабычы, дэманстратыўна ўсеўся на жалезную перакладзіну, каб публічна з'есці тую вялікую муху. У ліку гледачоў быў яшчэ наш сусед... Мусіць, з прычыны памеру насякомага вераб'ю не ўдалося адправіць муху ў страўнік адным глытком, ён задраў голаў, крыху прыадкрыў дзюбу, каб пракаўтнуць... Гэта і падвяло пёрыстага, муха злаўчылася і вылецела. Ён кінуўся за ёй наўздагон, але фінал палявання мы ўжо не бачылі.

Яўна гэта быў не вераб'іны дзень, бо праз гадзіну, можа і менш, суседская котка Мурка пад той жа перакладзінай, толькі на зямлі, схапіла няшчасную птушку і паперла ў бок свайго хлява. Яна толькі таму не атрымала ад мяне венікам, што я не дагнала. Ну трэба ж хоць нейкае кацінае сумленне мець! Ліда, суседка, корміць сваю Мурку ад пуза. Да нас прыйдзе, памяўкае, палашчыцца, абавязкова нехта вынесе кавалак каўбасы, другая суседка Наталля таксама пачастункі прывозіць. Сусед хваліцца, што Мурка кожны дзень тлустых мышэй цягае. Кацянят у яе ніколі не было, бо яна — пустацвет, з катамі гуляе, прыплоду не прыносіць. І пасля гэтага ёй яшчэ трэба гэтых няшчасных вераб'ёў лавіць! Чамусьці падумалася, што гэта быў менавіта той верабей, хоць хто ж яго ведае.

— Інстынкт драпежніка, — паблажліва даводзяць мне сямейнікі і сусед, — трэба разумець.

А я згадваю стары мульцік яшчэ, можа, з часоў маіх школьных гадоў. Там малы сабачка дапытваўся ў бацькі: «Чаму мы так катоў не любім?» «Таму што яны зладзеі і прайдзісветы», — адказаў галава сабачага сямейства. І з поўным разуменнем навуковых абгрунтаванняў абяцаю перацягнуць венікам, як толькі Мурка зноў возьмецца душыць вераб'ёў на маім двары. Бывае, што радыкальныя меры спрацоўваюць. Бо Мурка — эстэт кацінага садызму. Увосень назіралі, як доўга, дэманстратыўна і вытанчана яна мучыць мыш. Давялося ўмяшацца і дабіць бедную шэрую істоту, а то невядома колькі яшчэ цягнуліся б тыя пакуты.

Яны, жывёлы і птушкі, аказваецца, як і людзі, бываюць самыя розныя. А яшчэ законы ў прыроды часам даволі жорсткія. Гэта бачна нават на прыкладзе буслоў, якія жывуць на слупе побач з хатай. Сёлета яны выкінулі з гнязда дваіх буслянят, а дваіх пакінулі і гадуюць. Сам бусел — таксама драпежнік. Сусед-паляўнічы расказваў, як назіраў за буслом, які літаральна глытаў аднаго за адным птушанят курапаткі. Яны, маленькія жоўтыя камячкі, беглі за мамай-курапаткай, але не паспявалі, і ён, аграмадны белы птах, іх, нібы зярняты, дзёўб аднаго за адным. Пакуль чалавек зарыентаваўся, паспрабаваў адагнаць, ад вывадка амаль нічога не засталося. Аднойчы сусед назіраў, як бусел еў зайчаня. Маленькага зайчыка птах глытаў з паўгадзіны — велікаватая аказалася здабыча, потым з гадзіну ці больш стаяў на адной назе, ператраўляў. Буслы ловяць не толькі жаб — не грэбуюць ніякай жывой істотай, якая трапляецца на шляху. А вось знаёмыя расказвалі, як у іхняй вёсцы ля хаты жывуць «буслы-пенсіянеры». Яны старыя ўжо, прыляцелі пазней за іншых, доўга папраўлялі гняздо. Птушанят у іх няма, днём яшчэ недзе лётаюць, а вечарамі стаяць самотныя ў сваім гняздзе. Аказваецца, і так бывае.

Але не толькі птушкі — нашы дачныя суседзі. Як толькі адчыніш вокны, у пакой нярэдка залятаюць чмялі, восы, нават шэршань можа завітаць. Мае ўсе баяцца гэтых няпрошаных гасцей. А ў мяне ёсць свой сакрэт стасункаў з пералічанымі насякомымі: я іх ніколі не крыўджу, не баюся, стараюся спакойна выгнаць у адчыненыя акно альбо дзверы — і яны мяне не кусаюць.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.