Вы тут

Як без рызыкі адпачыць у спёку?


Вадасховішча Дразды даўно стала ўлюбёным месцам адпачынку тысяч людзей. Блізкасць да гарадскіх магістраляў, вялікія жылыя раёны на адлегласці пары-тройкі кіламетраў і звілістая берагавая лінія — што яшчэ трэба для масавага паломніцтва ў спякоту, якая вось ужо амаль месяц не адпускае Мінск? Але, на жаль, дзе адпачывальнікі — там і парушэнні.


— Пад нашым кантролем знаходзіцца шэсць пляжаў, — кажа начальнік выратавальнай станцыі «Дразды» Андрэй Мароз. — На кожным з іх у спякотныя дні адпачывае па тысячы чалавек адначасова, а то і болей. Лічыце, агулам атрымліваецца насельніцтва невялікага райцэнтра. На выхадных тут чаго толькі няма — масавае распіццё напояў з градусамі, заплыў за папераджальныя буйкі, карыстанне надзіманымі матрацамі... З апошнімі часамі даходзіць да анекдота. Мы не аднойчы «здымалі» з сярэдзіны акваторыі аднаго і таго ж парушальніка. Ён клаўся на матрац і проста аддаваўся на волю цячэння. Колькі мы ні гаварылі, што матрац не плавальны сродак, што ён можа лёгка перакуліцца, а чалавек пойдзе пад ваду, — да яго не даходзіла.

Але асноўны наш біч — гэта нецвярозыя ў вадзе. Некалькі гадоў таму ў нас здарыўся проста дзікі выпадак. П'яная кампанія прымасцілася недзе на беражку і нешта адзначала. Як гэта водзіцца, адзін з удзельнікаў застолля на свежым паветры пайшоў ахаладзіцца ў ваду. Кампанія яго нават і не хапілася адразу. Толькі калі сыходзілі з вадасховішча, адзін успомніў: а дзе наш таварыш? Кінуліся яны назад на месца, дзе сядзелі. Але знайсці яго адразу не здолелі. Выклікалі вадалазаў. Тыя дасталі са дна цела патанулага. Кампанія не прыдумала нічога лепшага, як тут жа на месцы выпіць за спачын яго душы. Наогул, ісці на кантакт з нецвярозымі людзьмі вельмі складана. Дыялогі атрымліваюцца, мякка кажучы, займальныя, але вось што рабіць, калі чалавек ледзь трымаецца на вадзе, але ні за што не хоча садзіцца да нас у лодку?

Разам з тым ёсць і іншыя прыклады. Раз мы адправіліся на абход і заўважылі дзяўчыну, якая заплыла за буй. Мы падышлі бліжэй, пацікавіліся самаадчуваннем. Дзяўчына спярша сказала, што добра ўмее плаваць. Але праз нейкі час усё ж папрасілася ў лодку, бо моцна стамілася і не ацаніла свае сілы.

Шмат праблем нам дастаўлялі спартсмены-трыятланісты. Яны заплываюць па шэсць чалавек адразу на сярэдзіну акваторыі. Мы выязджаем, тлумачым, што купацца тут забаронена, і просім кіравацца да берага. Спартсмены, у сваю чаргу, пачыналі выстаўляць прэтэнзіі ў наш адрас. Маўляў, мы тут трэніруемся, а вы нам перашкаджаеце. І ўвогуле, маўляў, мы не простыя адпачывальнікі, і з намі нічога дрэннага не здарыцца. Але як бы там ні было, мы гэта расцэньваем як знаходжанне ў вадзе па-за дазволенай зонай, таму што на сярэдзіне акваторыі ходзяць катары. І заўважыць чалавека своечасова магчыма далёка не заўсёды, не кажучы аб тым, каб яго неяк аб'ехаць. Псіхалагічнае супрацьстаянне доўжылася даволі доўга. І нарэшце трыятланісты здаліся. Яны пачалі плаваць уздоўж буёў, але ў дазволеным месцы.

А вось у нас 11 чэрвеня загінуў чалавек. Такая недарэчная смерць адбылася... Адзін рэстаран на праспекце Пераможцаў пабудаваны блізка ад берагавой лініі. І вось яго наведвальнік вырашыў пакупацца, ды не разлічыў свае сілы і знік. Гэта толькі ў кіно чалавек, калі тоне, пачынае махаць рукамі і клікаць на дапамогу. А ў рэальнасці ўтапленне — справа ціхая. Перад тым мы праязджалі на катары і нікога не сустрэлі. Пасля аказалася, што нас раздзяліла літаральна 15 хвілін. Відавочца, які паведаміў аб трагедыі, сышоў. І вось дзе шукаць чалавека? Пачалі прачэсваць дно і прыкладна праз гадзіну мы дасталі патанулага.

...Першы пункт, куды мы кіруемся, — гэта дамба. Яе ў якасці трампліна аблюбавалі падлеткі. Вось толькі знаходзіцца яна ў месцы, якое для купання не прызначана. Што ляжыць на дне з даволі складаным рэльефам — невядома. А глыбіня тут істотная — каля васьмі метраў. Купацца забаронена ў радыусе пяцідзесяці метраў. Спыняе гэта, аднак, далёка не ўсіх.

Андрэй Мароз бярэ мегафон і крычыць:

— Злазьце з дамбы. Тут месца, забароненае для купання. Навошта рызыкуеце здароўем?

Трое падлеткаў збянтэжана пераглядваюцца.

— А як нам адсюль вылезці? Тут жа на сушу дарогі няма.

— Паволі злазьце і плывіце туды, дзе знаходзяцца буі. А мы пастаім, пасочым, каб нічога не здарылася.

Хвіліны праз тры апошні падлетак перасек «мяжу». І праз некаторы час мы кіруемся ў напрамку за МКАД.

— Там у нас таксама абсталяваны пляжы. На жаль, што там адбываецца, мы з будынка выратавальнай станцыі не ўбачым. Па першае, тут будзе напрасткі кіламетры з тры. Па-другое, берагавая лінія вельмі звілістая. Ды і масты перашкаджаюць... Так-так-так, а што гэта ў нас тут? Парушальнікі!

Справа мы бачым дзвюх жанчын бальзакаўскага ўзросту. Яны плаваюць хіба не на самой сярэдзіне ракі. Глыбіня ўнізе — метраў восем. Прычым ніякага пляжа тут і блізка няма.

Матарыст-рулявы спыняе лодку.

— Адпачываеце? — пытаецца начальнік станцыі.

— Так. Спякотна, вось і асвяжаемся. А мы нешта парушылі?

— О, не тое слова. Па-першае, вы знаходзіцеся на сярэдзіне акваторыі. Вас можа пераехаць катар або лодка. Па-другое, я тут не бачу ні буйкоў, ні пляжа. Значыць, вы ў забароненым месцы.

— Ды мы тут купаемся не ўпершыню і ўсё добра, — спрабуе пераканаць адна з жанчын.

— А калі не будзе добра? Вы ад катара, які можа несціся на вялікай хуткасці, адплыць не паспееце — тут жа агляд мінімальны. Калі, крый божа, дрэнна стане, на дапамогу ніхто не прыйдзе.

— А дзе нам купацца?

— Пляж праз некалькі соцень метраў вунь там, — паказвае ў бок санаторыя «Крыніца» Андрэй Мароз.

— Добра, пойдзем туды... — са скрухай уздыхае жанчына і разам з сяброўкай пачынае павольна плыць да берага. Як і ў першым выпадку, чакаем, пакуль парушальнікі выйдуць на бераг. А матарыст-рулявы зноў заводзіць рухавік. Мы кіруемся да моста, дзе сходзяцца два вадасховішчы — Дразды і Крыніца.

...І проста з-за берага на нас выплывае лодка з маладымі людзьмі на борце. Ні на кім з іх няма выратавальных камізэлек.

— Ого... — шэпча начальнік станцыі. — І хто іх выпусціў толькі?

— Маладыя людзі! — разносіцца над вадасховішчам. — Вы чаму без камізэлек? Дзе лодку бралі?

— Там, — паказвае адзін з юнакоў у бок забаўляльнай установы. Кіруемся туды. На беразе нейкі мужчына крычыць:

— Гэта я ім лодку даў. І камізэлькі там ёсць.

— Дык а чаму ні на кім з іх яны не надзетыя? Гэта ж сур'ёзнае парушэнне. А калі лодка перакуліцца, тады што? Вадалазы будуць іх на дне шукаць?

Пад нашым пільным вокам лодка з юнакамі павольна рухаецца да берага.

* * *

Вось так мы літаральна за 40 хвілін сталі сведкамі трох парушэнняў правілаў бяспекі на вадзе. Не пабачылі мы хіба што п'яных купальшчыкаў. Але сустрэць апошніх увечары працоўнага дня не так і проста. Наперадзе ж яшчэ не адзін летні ўік-энд.

Валяр'ян ШКЛЕННІК

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».