Вы тут

Матэматык Ігар Жабароўскі пра тое, у якіх выпадках трэба адкінуць логіку


Гісторыя поспеху і крыху разважанняў пра дапамогу і жыццёвыя ўрокі

Ігар Жабароўскі працаваў настаўнікам матэматыкі ў адной са сталічных школ. Аднойчы мама шасцікласніка паскардзілася, што яе дзіця не зразумела тэму і што яна сама адкрыла падручнік і таксама нічога не зразумела. Выхад з сітуацыі, знойдзены Ігарам, спадабаўся не толькі гэтай маме, але і іншым бацькам, яго вучням і калегам з іншых школ. Прычым спадабаўся настолькі, што яго ідэя дала старт адукацыйнаму праекту, які пасля распаўсюдзіўся на ўсю рускамоўную прастору і стаў прыносіць добры прыбытак яго стваральніку.


Цяпер Ігар не толькі паспяховы бізнесмен, але і адзін з самых яркіх і публічных беларускіх мецэнатаў. Ён ужо ахвяраваў больш за 60 тысяч долараў на падтрымку дзяцей-сірот, а сёлета на 13-м сезоне Sосіаl Wееkеnd падтрымаў на 10 тысяч рублёў праект, прысвечаны рэабілітацыі дзяцей з ДЦП. І гэта далёка не ўсе яго дабрачынныя ініцыятывы.

— Давайце не будзем інтрыгаваць чытачоў — раскажыце, як вы дапамаглі той маме?

— Я зрабіў відэаўрок з тлумачэннем тэмы, выклаў у сацсетках і сказаў ёй і іншым бацькам, што яны могуць скарыстацца ім. Усім спадабалася, і я стаў перыядычна ствараць такія відэаўрокі і выкладваць іх для агульнага карыстання. Але больш за ўсё маёй работай зацікавіліся іншыя настаўнікі. Відэаўрокі дапамагалі ім працаваць: дзякуючы ім дзеці лепш разумелі тэму, і тлумачэнне новага матэрыялу стала займаць менш часу.

Калі пайшлі водгукі ад бацькоў і калег, у мяне ўзнікла ідэя паспрабаваць распаўсюдзіць гэта на вялікую аўдыторыю.

Так нарадзіўся адукацыйны праект «Інфаўрок». Я сам зрабіў сайт, што называецца, «на каленцы», і пачаў выкладваць свае відэаўрокі там. Праз паўгода наведвальнасць сайта пачала даходзіць да васьмі тысяч чалавек у суткі, і я вырашыў запісаць гэтыя ўрокі на дыск і паспрабаваць прадаваць іх. Так з гэтага стаў атрымлівацца бізнес.

Першыя крокі я зрабіў у студзені 2011 года. А ўжо летам сышоў са школы і пачаў займацца толькі гэтым праектам. За наступныя тры гады вырасла вялікая кампанія. Мы наладзілі вытворчасць відэаўрокаў па ўсіх тэмах школьнай праграмы, па ўсіх прадметах і класах — і рэалізавалі больш за 100 тысяч дыскаў па ўсім СНД.

— Хто іх купляў?

— У асноўным настаўнікі, каб выкарыстоўваць на ўроках. Дыскі дапамагалі ім рыхтавацца да заняткаў, здымалі частку нагрузкі.

Сёння праект «Інфаўрок» — гэта больш за 1,5 мільёна ўнікальных наведванняў на суткі. І гэта ўжо не толькі і не столькі відэаўрокі, якія, дарэчы, усе — а гэта больш за тры з паловай тысячы — цяпер выкладзены ў бясплатны доступ на сайце і на «Ютубе». У нас з'явіліся і іншыя бясплатныя прадукты і паслугі, у першую чаргу ў дапамогу настаўніку. А сярод платных — дадатковая прафесійная адукацыя для дарослых. Асноўныя нашы карыстальнікі — зноў жа, настаўнікі. Дапусцім, хтосьці выкладае матэматыку і вырашыў, што добра было б яшчэ выкладаць і фізіку. Але ён не мае права гэтага рабіць, калі ў дыпломе запісаны толькі як настаўнік матэматыкі. Яму трэба прайсці перападрыхтоўку. Гэта мы і забяспечваем.

— А з боку сістэмы адукацыі цікавасць да вас была? Ці ўсё гэта настаўнікі купляюць за свае грошы?

— Мне неяк спакайней, калі мы працуем наўпрост са сваімі канчатковымі спажыўцамі і штодня атрымліваем зваротную сувязь — гэта дазваляе дынамічна змяняцца, своечасова перабудоўвацца. І зусім іншая гісторыя, калі пачынаеш залежаць ад мноства дадатковых фактараў і не заўсёды маеш магчымасць развівацца менавіта так, як хочаш.

Я бачу адзіны крытэрый сваёй паспяховасці — патрэбна тое, што я раблю, канчатковаму карыстальніку ці не. Як толькі не патрэбна, я згортваю гэты кірунак. Я не магу сабе дазволіць рабіць тое, што нікому не трэба, таму што я трачу на гэта свае рэсурсы без якіх-небудзь знешніх крыніц.

— А калі вы ўпершыню зразумелі, што робіце нешта патрэбнае людзям? І што адчулі тады?

— Памятаю, як я запусціў у продаж самы першы дыск і паступіла каля 40 заказаў на працягу пары тыдняў. Гэта выклікала столькі эмоцый! Не, нават яшчэ раней, калі я толькі зрабіў свой сайт. Спачатку там быў толькі адзін наведвальнік — я сам. І я памятаю, як аднойчы яго наведалі чатыры чалавекі — гэта было класнае адчуванне: «Ух ты! Хтосьці яшчэ гэтым зацікавіўся!» Увечары я патэлефанаваў маме і падзяліўся сваёй радасцю: «Мама, у мяне чатыры наведвальнікі!» Потым было сто наведвальнікаў, тысяча, дайшло да мільёнаў, але такіх пачуццяў ужо не было, я проста канстатаваў факты.

І самыя першыя кліенты таксама дарылі самыя яркія эмоцыі. Я з задавальненнем з імі размаўляў, вёў доўгія перапіскі. Сёння да нас кожны дзень прыходзяць сотні лістоў. Людзі нешта пытаюцца, дзеляцца сваімі ідэямі. Ім цяпер адказвае служба падтрымкі. Я ўжо восем гадоў гэтым займаюся, і, вядома, такіх яркіх эмоцый ужо няма.

— Раскажыце пра сваё рашэнне ўдзельнічаць у дабрачынных праектах.

— На самай справе многія бізнесмены і наогул людзі, у якіх шмат грошай, займаюцца дабрачыннасцю. Проста не ўсе пра гэта ведаюць. Што датычыцца мяне, то не было такога моманту, што вось я зразумеў, што зарабіў шмат грошай і цяпер трэба падзяліцца. Проста калі я зарабляў, умоўна кажучы, сто долараў, то меў магчымасць камусьці дапамагчы на дваццаць долараў. А калі зарабляў, дапусцім, тысячу, то мог дапамагчы на сто або дзвесце, па-рознаму...

Я рэдка калі сам шукаю: а каму б мне сёння дапамагчы? У мяне такая філасофія: калі жыццё звяло мяне з нейкім выпадкам, дзе, тэарэтычна кажучы, я магу дапамагчы, то я лічу, што гэта невыпадкова. Магчыма, ёсць шмат сітуацый, у якіх мая дапамога была б больш эфектыўная, але чамусьці Бог мяне прывёў вось да гэтай канкрэтнай сітуацыі. Напэўна, таму, што не ўсё тое, што мы лічым эфектыўным, такім з'яўляецца...

— Вы верыце ў Бога?

— Так. Але я не вяду проста-такі ўзорнае, правільнае жыццё. Мы з сям'ёй перыядычна ездзім у царкву, возім дзяцей на прычасць, часцей за ўсё з ініцыятывы жонкі, але тым не менш... І разам з тым — ні з кім цяпер не хачу спрачацца, але асабіста для сябе я падзяляю законы царквы і законы Божыя. Для мяне больш важнымі з'яўляюцца не нейкія фармальныя прыкметы, а што ў чалавека ўнутры. І маё асабістае меркаванне: калі б кожны чалавек трымаў Бога ў сябе ўнутры, наша жыццё было б іншае. Таму што можна ўсміхацца, але калі ўсмешкі няма ўнутры...

Але я нічога і нікога зараз не крытыкую. Я думаю, што, можа, каб кагосьці прывесці да Бога, нічога і рабіць не трэба, ён сам прыйдзе і здолее адрозніць, дзе дабро, а дзе зло. А хтосьці павінен для гэтага кожную нядзелю хадзіць у царкву і выконваць усе фармальнасці, і толькі пасля вялікай колькасці такіх дзеянняў яму штосьці адкрыецца...

А самае галоўнае, на мой погляд: усё роўна, якой веры прытрымліваецца чалавек, важна, каб вынікам яго веры была большая колькасць дабра. Гэта адзіны крытэрый: калі ад чалавека зыходзіць больш дабра, чым зла, і вера гэтаму спрыяе, значыць, усё правільна.

— Жонка падтрымлівае вас у вашых пачынаннях, у тым жа мецэнацтве?

— Самае галоўнае, што яна не перашкаджае развівацца мне як асобе. На ёй ляжыць каласальны клопат пра сям'ю. Я таксама стараюся ўдзельнічаць у выхаванні дзяцей (старэйшаму сыну Ігара цяпер пяць гадоў, дзвюм дзяўчаткам-двайняткам па тры, малодшаму — годзік. — Аўт.), але вельмі важна, што, знаходзячыся на працы, я магу быць спакойны за сям'ю і ведаць, што там усё добра. Жонка ў мяне малайчына.

Я не магу сказаць, што на ўсе мае справы яна глядзіць так жа, як я, але важна, што ні я, ні яна не вырашаем нічога аднаасобна. Калі я лічу, што вось так — правільна, то па максімуме спрабую пераканаць яе, а калі гэтага не атрымаецца, тады шукаем нейкі кампрамісны варыянт. Гэта адзіны, як мне здаецца, правільны шлях.

— Можаце падзяліцца нейкім сваім жыццёвым урокам?

— Вось адна, можа, не з самых важных, але апошніх высноў, да якіх я прыйшоў: не трэба марнаваць час на тое, што табе не падабаецца. На людзей, з якімі некамфортна, на занятак, які не па душы... Мне здаецца, нам зверху ва ўсіх справах і сферах жыцця прыходзяць падказкі. І калі вось неяк некамфортна, значыць, гэта няправільны шлях.

Трэба прыслухоўвацца да сябе, і не толькі ў адносінах з людзьмі, але і наогул, у прынцыпе. Напрыклад, запланаваў нейкую справу і адчуваеш, што нешта не тое, ці пастаянна сутыкаешся з нейкімі перашкодамі... Трэба ўмець своечасова «счытваць» гэтыя падказкі і не баяцца нешта змяніць.

Я маю ў сваім вопыце велізарную колькасць выпадкаў, калі, насуперак унутранаму адчуванню, працаваў з нейкім чалавекам ці супрацоўнічаў з кампаніяй, і ўсё гэта заканчвалася адным і тым жа — няўдачай. Таму ўсё больш прыходжу да высновы, што калі наканавана быць добраму выніку, то шлях да яго павінен быць у радасць. Ён можа быць цяжкім, можна з ног валіцца ад стомы, але павінна быць цікава і пры гэтым добра тваёй душы. Ні ў якім разе не трэба рабіць штосьці праз сілу! І лепш своечасова павярнуцца і пайсці ў іншы бок, калі што, нават калі лагічна гэта здаецца няправільным. Хоць я матэматык і логіка для мяне — гэта святое, але ўсё ж яна можа нас часам адвесці не туды. І калі яна ўступае ў супярэчнасць з адчуваннямі, лепш прыслухацца да сваіх унутраных адчуванняў, да сэрца.

Гутарыла Святлана БУСЬКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Беларусь і Расія зблізілі пазіцыі па праграме рэалізацыі дагавора аб Саюзнай дзяржаве

Беларусь і Расія зблізілі пазіцыі па праграме рэалізацыі дагавора аб Саюзнай дзяржаве

Аб гэтым заявіў старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч на сустрэчы са старшынёй Савета Федэрацыі Валянцінай Мацвіенка.

Грамадства

Як Брэст рыхтуецца да святкавання свайго 1000-годдзя

Як Брэст рыхтуецца да святкавання свайго 1000-годдзя

Афіцыйныя святкаванні і асноўныя мерапрыемствы гарадскога Міленіума пройдуць 6—8 верасня.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Пра ляльку з секс-шопа, галубоў на ігрушы і дзяўчынку, якая схавала пашпарты.