Вы тут

Карэспандэнты «Звязды» адправіліся ў вячэрні рэйд па месцах адпачынку сталічнай моладзі


— Падлеткі-правапарушальнікі цяпер прасунутыя. Убачылі міліцыянера — інфармацыя праз месенджары паміж сабой пайшла. Не паспееш абярнуцца, а іх ужо і след прастыў! — кажа старшы ўчастковы інспектар інспекцыі па справах непаўналетніх Першамайскага РУУС Мінска маёр міліцыі Андрэй Касцючкоў. — Бегаюць так хутка, хоць на Алімпійскія гульні адпраўляй!

Карэспандэнты «Звязды» разам з ахоўнікамі парадку адправіліся ў вячэрні рэйд па аблюбаваных месцах адпачынку сталічнай моладзі.


Першы прыпынак — буйны гандлёва-забаўляльны цэнтр на станцыі метро «Усход». Непаўналетніх трэба шукаць у зоне фуд-корта. Менавіта тут яны спрабуюць набыць алкаголь.

— Добры вечар. Вам ёсць па 18 гадоў? — падыходзіць да кампаніі з чатырох хлопцаў Андрэй Ігаравіч. — Вашы пашпарты, калі ласка.

Маладыя людзі, якія за столікам у кутку частуюцца півам і гамбургерамі, працягваюць дакументы. Міліцыянер уважліва глядзіць на дату нараджэння.

— А вы пашпарт дома забыліся? — звяртаецца да юнака з моднай стрыжкай інспектар.

Гэта, тлумачаць суразмоўнікі, адна з самых папулярных адгаворак у падлеткаў, якія не хочуць раскрываць свой сапраўдны ўзрост. А яшчэ прыдумваюць, што здалі пашпарт на візу, не носяць с сабою «важныя паперы», бо баяцца згубіць. Нават спрабуюць даказваць, што ўсе патрэбныя міліцыянерам дакументы толькі што скралі!

— Новая «фішка» ў моладзі — калі пашпарт з сабою не браў, але ёсць яго фота. «Вось, пераканайцеся, мне ўжо 19!» — паказваюць на тэлефоне. А там добра бачна, што над дакументам папрацавалі ў графічным рэдактары, — кажа старшы ўчастковы інспектар інспекцыі па справах непаўналетніх Першамайскага РУУС Мінска маёр міліцыі Уладзімір Гардзіеўскі.

Прафесійнае чуццё калег не падвяло. Яўгену (гэта і іншыя імёны ў тэксце змененыя. — Аўт.) сямнаццаць гадоў: «Толькі тату не тэлефануйце, — просіць. — Ён мне новы планшэт абяцаў. Баюся, што гэтая мая выхадка ўсё сапсуе».

З бацькамі хлопца інспектары правядуць прафілактычную гутарку. Пакуль ехалі дарослыя, Жэня расказаў, што навучаецца на экскурсавода. Добра валодае нямецкай мовай. Любіць падарожнічаць.

— Мы не ведалі, колькі яму гадоў. Пазнаёміліся ў інтэрнэце — «рэзаліся» ў адну камп'ютарную гульню. Вось першы раз сустрэліся абмеркаваць поспехі, — апраўдваюцца паўналетнія сябры юнака.

Тым часам міліцыянеры знайшлі супрацоўніцу адной з вядомых сетак хуткага харчавання, якая прадала 17-гадоваму піва. Дзяўчына цалкам прызнала сваю віну: «Людзей сёння шмат, зусім закруцілася. Не ўгледзела». За гэта прадаўшчыцы пагражае штраф да 50 базавых велічынь (згодна з часткай 6 артыкула 12.17 КаАП Беларусі).

— Часам вызначыць узрост чалавека вельмі цяжка. Адны выглядаюць старэйшымі за свае гады, іншыя, наадварот, «не дацягваюць» да іх. Таму лепей правяраць усіх «падазроных», — кажуць інспектары.

Міліцыянеры спыталі дакументы яшчэ ў траіх чалавек — усё ў парадку.

***

— Сярод падлеткаў шмат дробных крадзяжоў. Хапаюць цукеркі, жуйкі. Дарэчы, робяць гэта, пабіўшыся аб заклад. Маўляў, я змог. А ты? Нядаўна адна дзяўчына пад уплывам сябровак спрабавала каньяк з крамы вынесці! — расказваюць калегі.

Хатніх падлеткавых вечарынак стала менш, лічаць суразмоўнікі. Незаконных графіці таксама: «Для такой творчасці выдзяляюцца спецыяльныя сцены. Малюй, колькі душы заўгодна». Пік папулярнасці спайсаў, на шчасце, прайшоў. Але трымаецца мода ў падрастаючага пакалення на закінутыя будынкі. Так і цягне іх туды, каб зрабіць экзатычныя сэлфі. На жаль, наколькі гэта небяспечна, многія нават не здагадваюцца. «Раён на раён», па чалавек 100, пагаварыць юнакі зараз не выходзяць. Адносіны высвятляюць анлайн.

Лес побач з вуліцай Лапаціна. Яшчэ адно летняе месца, дзе любіць «тусавацца» моладзь. Накіроўваемся туды.

— Што робіце тут? — сустракаем кампанію з дзвюх дзяўчат і трох хлопцаў.

— Фатаграфуемся.

— А што ў руках? — Уладзімір Віктаравіч заўважае пластыкавую бутэльку памерам 0,5 літра.

— Вада! — адказвае бялявая прыгажуня.

— Тут вадой не пахне. А вось алкаголь адчуваецца добра.

— Можа быць, не ведаю. Я ўзяла бутэльку дома і наліла туды вады, — выкручваецца дзяўчына.

— Паедзем на медыцынскі агляд або адразу скажаце праўду?

— Так, я піла сідр, але раніцай! Адзін глыток! Тое, што заставалася на дне. Гэта напой маёй старэйшай сястры. Яна пакінула яго на стале, — прызнаецца падлетак. — У мяне была істэрыка! Я плакала, думала, што экзамен заваліла па рускай мове.

Сяброў Машы адпускаем. З дзяўчынай накіроўваемся ў аддзяленне міліцыі, туды пад'едуць і яе бацькі. Па дарозе даведваемся, што Маша скончыла 9 клас, збіраецца паступаць на лінгвіста. Абітурыентка плануе вывучаць англійскую і кітайскую мовы.

— Вы павінны мяне зразумець, самі ж маладыя былі! — цісне на жаль Марыя.

— Я да 25 гадоў увогуле не піў алкаголь, прафесійна займаўся спортам, — выдае Андрэй Ігаравіч.

— Яна ў мяне да канца лета пад хатнім арыштам сядзець будзе, ніякіх кішэнных грошай і нават доступ у інтэрнэт абмяжую, — гневаецца расчырванелы бацька Марыі. — Я ёй пакажу, дарослая! Яна сваю памылку ўжо зразумела — бачу па вачах. Урок на ўсё жыццё.

Адказнасць па частцы 1 артыкула 17.3 КаАП «Распіванне алкагольных, слабаалкагольных напояў ці піва ў грамадскім месцы, акрамя месцаў, прызначаных для ўжывання алкагольных, слабаалкагольных напояў ці піва, або з'яўленне ў грамадскім месцы ў стане алкагольнага ап'янення, які абражае чалавечую годнасць і грамадскую маральнасць» наступае з 16 гадоў. Таму прэтэнзіі за правіну Машы будуць выстаўлены яе бацькам па артыкуле 9.4 КаАП «Невыкананне абавязкаў па выхаванні дзяцей».

***

Уладзімір Віктаравіч працуе інспектарам па справах непаўналетніх амаль 21 год. Андрэй Ігаравіч у міліцыі — 16.

Цікава, што Уладзімір Віктаравіч па адукацыі — настаўнік хіміі і біялогіі. Веданне дзіцячай псіхалогіі, прызнаецца міліцыянер, дапамагае ў службе.

— Самае складанае ў нашай працы — гэта знайсці агульную мову з падлеткамі. На маім адміністрацыйным участку шэсць школ. Кожны тыдзень я праводжу прафілактычныя гутаркі з вучнямі. Вынікі ёсць. Але ўсё роўна, на жаль, знаходзяцца тыя, у каго на дрэнную справу рукі «свярбяць». Толькі потым плачуць: «Андрэй Ігаравіч, чаму я вас не паслухаўся?!», — расказвае па дарозе на новы «аб'ект» інспектар.

— Канешне, шкада тых, хто па сваім падлеткавым глупстве папаўся, не з той кампаніяй, напрыклад, звязаўся. Але закон адзіны для ўсіх, — кажа Уладзімір Віктаравіч. — Мы ж, у першую чаргу, клапоцімся пра бяспеку саміх дзяцей! Невядома, каго можна сустрэць на вуліцы ноччу і што ў незнаёмца ў галаве?!

Бацькі, што не дзіўна, амаль заўсёды абараняюць сваё дзіця. Клянуцца, што дачка пах піва проста не пераносіць і бутэльку ёй падкінулі. У такім выпадку, каб не быць галаслоўнымі, падлетка вязуць на медыцынскі агляд.

— Мы таксама працуем з татамі і матулямі, якія ўхіляюцца ад выплаты аліментаў. Несумленных хапае, — канстатуюць калегі.

А яшчэ інспектары праводзяць індывідуальную прафілактычную работу з так званымі цяжкімі падлеткамі. Арцём, да якога накіроўваемся, год таму скраў ровар. У хлопца ёсць свой транспарт, але зламаўся. Адрамантаваць ніхто не дапамог, таму ён «вырашыў праблему» па-свойму. У дачыненні да юнака была заведзена крымінальная справа. Цяпер Арцём павінен знаходзіцца па месцы жыхарства пасля 22 гадзін. Праверым.

— Чым будзеш летам займацца? — сустракае на парозе «падапечнага» Уладзімір Віктаравіч.

— Польскую мову вучыць, — адказвае тата юнака. — Да матулі туды паедзем, яна ўжо на новым месцы паціху ўладкоўваецца. Сярэдні бал у атэстаце аб базавай адукацыі ў сына — 5,5. Ён, увогуле, спакойны хлопец. Усе «залёты» ў Цёмы з сябрамі. Хай лепей у камп'ютарныя гульні дома гуляе.

— За розум узяцца ніколі не позна, тым больш, калі ёсць падтрымка бацькоў. Сям'я для падлеткаў — галоўны прыклад, — абагульняюць міліцыянеры.

***

Мікрараён Уручча. На гадзінніку — 23.15. З прадуктовай крамы выходзіць мужчына і працягвае бутэльку джын-тоніка дзвюм дзяўчатам. Накіроўваемся да гэтай тройцы.

— А што я? Папрасілі — дапамог, — заяўляе незнаёмец гадоў сарака. — Увогуле, пытацца пра ўзрост у жанчын непрыстойна! Яны вунь на якіх абцасах і з чырвонымі вуснамі — усе дваццаць пяць гадоў дасі!

Марына і Іра вучацца на першым курсе ў каледжы. 15-гадовыя дзяўчаты паспяхова здалі сесію і вырашылі гэта «адсвяткаваць». Праблемы знайсці таго, хто дапаможа ўсё арганізаваць, не ўзнікла: «спагадлівых», як растлумачылі прыгажуні, заўсёды можна знайсці.

— Вам, паважаны, за сваю дабрыню трэба будзе расплачвацца. Падобныя дзеянні трактуюцца як уцягванне непаўналетняга ў антыграмадскія паводзіны (артыкул 17.4. КаАП), — тлумачыць Уладзімір Віктарвіч. — А гэта — штраф ад 10 да 20 базавых велічынь.

— Гаварылі мне сябры, што са сваім характарам прападу — вось, атрымлівай! — схапіўся за галаву мужчына. — Я ж проста па цыгарэты выйшаў...

— Мне аднойчы з юнаком прыйшлося аб'ехаць пяць крам у пошуках прадаўца, у якога ён купіў алкаголь. У выніку — глуха. Хлопец стаміўся «падарожнічаць» і прызнаўся, што ўсё прыдумаў, каб сябра не падстаўляць, — успамінае выпадак з прафесійнай дзейнасці Андрэй Ігаравіч.

На першы раз сітуацыя для дзяўчат скончыцца, хутчэй за ўсё, папярэджаннем і прафілактычнай гутаркай. Бацькам жа нагадаюць пра дзеянне артыкула 17.13 КаАП «Невыкананне абавязкаў па суправаджэнні ці забеспячэнні суправаджэння непаўналетняга ў начны час па-за межамі жылля».

Падлеткі зараз у асноўным ужываюць слабаалкагольныя напоі: піва, джын-тонік, сідр. Гэтага маладому неакрэпламу арганізму «хапае» з лішкам. Суразмоўнікі кажуць, што ўмудраюцца непаўналетнія «тусіць» нават на могілках — шыфруюцца так!

Статыстыкі, хлопцы ці дзяўчаты часцей за ўсё парушаюць закон, у інспектараў няма. Сярэдні ўзрост — 13—17 гадоў. Больш за ўсё правапарушальнікаў сярод студэнтаў з іншых гарадоў: «Падлеткі з'язджаюць ад бацькоў, адчуваюць свабоду і пачынаюць адпачываць без межаў».

***

— Сучаснае пакаленне — няпростае, але наколькі разумнае! Непаслухмянасць хутка пройдзе — час у іх зараз такі. Успомніце сябе ў падлеткавым узросце і свой юнацкі максімалізм, — на развітанне кажуць міліцыянеры. — Нам жа застаецца быць для моладзі не нейкім караючым органам, а старэйшымі мудрымі сябрамі.

Кацярына АСМЫКОВІЧ

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Загаловак у газеце: Маладосць не ўсё даруе

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як сапраўдныя мужыкі засвойваюць «жаночую» справу

Як сапраўдныя мужыкі засвойваюць «жаночую» справу

У апошнія гады тэма раўнапраўя паміж мужчынамі і жанчынамі перажывае новую хвалю росквіту.

Культура

Згадкі пра Аркадзя Куляшова

Згадкі пра Аркадзя Куляшова

Гісторыя аднаго выступлення.