Вы тут

Прэстыж школы — у прафесіяналізме настаўнікаў і поспехах вучняў


Мазырскай сярэдняй школе № 14 усяго 26 гадоў, аднак толькі за апошні час з яе выйшлі вядучыя супрацоўнікі Мазырскага нафтазавода, тэхнолагі прадпрыемства «Мазырсоль», высокапрафесійныя ўрачы, чатыры сусветныя мадэлі, акцёр Арцём Пінчук, пяціразовы чэмпіён свету па веславанні на байдарцы і каноэ Дзмітрый Рабчанка... Пра кожнага выпускніка ў школе ёсць напамін проста на сценах, якія сталі своеасаблівым музеем-летапісам жыцця вучняў. Намаганнямі настаўнікаў і дзяцей тут пішацца гісторыя школы і краю праз здымкі, вершы, цацкі, малюнкі. Усе калідоры ўпрыгожваюцца сваімі рукамі, так што хутка не застанецца ніводнай пустой пляміны. А ад кожнага выпуску акрамя традыцыйных кветак настаўнікі атрымліваюць падарункі хэнд-мэйд, шчодра напоўненыя сэнсам.


 

Выпускнікі 2019 года.

За гэты час калектыву ўдалося зрабіць самае галоўнае: наладзіць сістэму адукацыйнага і выхаваўчага працэсу, якая дае высокія вынікі.

— Кожны год мы — адны з лідараў сярод устаноў адукацыі ў спаборніцтве па сацыяльна-эканамічным развіцці Мазырскага раёна. Нашы выпускнікі — пераможцы заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах, міжнародных прадметных і творчых конкурсаў, — кажа дырэктар сярэдняй школы № 14 горада Мазыра Алена ПРЫБЫШЧУК.

Атмасферу аднадумства і сям'і ў школе разам ствараюць творчыя настаўнікі, матываваныя вучні і неабыякавыя бацькі. Аднак нам здалося, што асноўны рухавік школы, які пастаянна зараджае на творчасць і матывуе на дасягненні ўсю школьную сям'ю, — яе дырэктар, якая 11 гадоў таму літаральна ўварвалася сюды са сваімі ідэямі. На першай жа педагагічнай нарадзе Алена Уладзіміраўна паставіла задачу: школа павінна стаць адной з найлепшых у горадзе. І педагогі, чые прафесіяналізм і самаадданасць не выклікалі сумнення, з радасцю адгукнуліся на такое патрабаванне.

«Пад ключ» тут зроблена ўжо 18 кабінетаў, пастаўлена 120 дзвярэй. Акрамя прыгожага і тэматычнага афармлення на сценах класаў тут месцяцца разнастайныя інфармацыйныя стэнды па пэўных прадметах з QR-кодамі, дзякуючы якім можна даведацца яшчэ больш. Пяць кабінетаў цяпер у працэсе афармлення, і зноў жа такім чынам, каб адразу з парога было зразумела, якія прадметы тут выкладаюць.

Дырэктар сярэдняй школы № 14 горада Мазыра Алена ПРЫБЫШЧУК

— Гэта ўсё заслуга нашай Ляны Калковай — настаўніцы выяўленчага мастацтва, на заняткі да якой дзеці проста бягуць, — заўважае Алена Прыбышчук.

Дырэктар увесь час падкрэслівае, што яе дзеці і настаўнікі самыя разумныя, прыгожыя і таленавітыя. Упэўненасць кіраўніка пацвярджаецца разнастайнымі дыпломамі, у тым ліку і міжнароднымі, якіх ужо столькі, што можна замест шпалер завешаць такімі адзнакамі сцены не ў адным класе. Так што не дзіва, што педагогам у школе прыемна працаваць, а вучням прэстыжна ў ёй вучыцца.

А Ірына ТЫЛЬКОВІЧ, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце, стварыла міні-музей проста ў холе школы на сценах. Тут інфармацыя пра ўсё, ад школьнага жыцця да гісторыі Беларусі, па тэматычных катэгорыях: спорт, гісторыя, адукацыя, тэатр, літаратура і іншае. Тут праводзяць нават цэлыя экскурсіі і квэст-праграмы для школьнікаў і жыхароў горада.

— Мы стараемся, каб нават сцены мелі пэўны выхаваўчы момант і не былі пустымі. Тут і здымкі вучняў, і пэўныя ўстаноўкі і рэкамендацыі дзецям. Сёлета думаем аформіць падчас працоўнага лагера сцяну для алімпіяднікаў, — расказвае яна.

Намеснік дырэктара Ірына Тыльковіч дэманструе партфоліа найлепшага класнага кіраўніка Гомельскай вобласці.

Штогод для бацькоў у гарадскім палацы культуры праводзяць канферэнцыі, якія ператвараюцца ў сапраўдныя канцэрты-справаздачы дзяцей і флэшмобы ад настаўнікаў. А гледачы маюць хоць і бясплатныя, але квіткі — інакш зала не змесціць усіх ахвотных. У нумарах заўсёды задзейнічана ад дзесяці і больш чалавек, а ў школе ажно дзве касцюмерныя, бо для выступленняў тут тысячы касцюмаў.

Летась школьная агітбрыгада заняла першае месца ў краіне за найлепшы праект па арганізацыі шостага школьнага дня, а сёлета ў красавіку гэты праект прадставілі на навукова-метадычнай выстаўцы. Апроч таго, школьная агітбрыгада юных інспектараў дарожнага руху, як і юныя сябры міліцыі, — бронзавыя прызёры гэтага года па Гомельскай вобласці. Нягледзячы на вялікую колькасць школьных гурткоў і аб'яднанняў, сёлета тут стварылі новую ваенна-патрыятычную дружыну. Нездарма ж адзін з нашых дэвізаў — «Гары сам і запальвай іншых!».

Дакладна прытрымліваюцца тут і яшчэ трох асноўных дэвізаў, якія вялізнымі літарамі красуюць на сценах: «Ад поспеху ў школе — да поспеху ў жыцці», «Я люблю сваю школу», «Настаўнік і бацькі — адзіная сям'я». Можа, таму так і працуюць тут — зладжана, усе разам, — як жывуць.

Ірына СІДАРОК

Фота Андрэя САЗОНАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».