Вы тут

У Мазыры асвоены выраб машын і агрэгатаў для аграрыяў*


Расказвае дырэктар ААТ «Мазыртэхсэрвіс» Аляксей Баранаў.

— Наша арганізацыя — гэта былая МТС, машынна-трактарная станцыя, потым — «Сельгастэхніка». Перажылі некалькі рэарганізацый, а задачы засталіся ранейшыя і вельмі сур'ёзныя — дапамагаць сельскагаспадарчым прадпрыемствам. Так што мы спрадвеку, традыцыйна займаемся рамонтам сельскагаспадарчай тэхнікі і яе абслугоўваннем. А сёння з'явіўся і новы кірунак — выраб машын і агрэгатаў для аграрыяў. А яшчэ займаемся гандлем — маем свой магазін прамысловых і харчовых тавараў. Пасабляем сельскагаспадарчым і перапрацоўчым прадпрыемствам рэалізоўваць іх прадукцыю, адначасова гаспадаркам лягчэй разлічвацца і з намі. І праз уласны магазін можам, калі гэта патрэбна, авансаваць сваіх работнікаў — адпускаем харчовыя тавары па спісках, а грошы потым утрымліваюцца з зарплаты.


Намеснік дырэктара па вытворчасці Уладзіслаў Лазібееў дэманструе культыватар-апырсквальнік КОУП-8.

А яшчэ арганізавалі склад-магазін, які гандлюе запаснымі часткамі, некаторымі відамі абсталявання і спадарожнымі таварамі і матэрыяламі. Маем сваю сталовую. Так склалася, што мы ўзялі на сябе досыць адказны абавязак па харчаванні людзей з сельскагаспадарчых арганізацый у палявых умовах. Нашы кухары ўмеюць прыгатаваць смачныя абеды, якія ўсім падабаюцца, гаспадаркі забіраюць іх у тэрмасах, і механізатары і палявыя рабочыя маюць магчымасць падсілкавацца і не патраціць на гэта шмат часу. У тым ліку ў выхадныя дні.

Калі адчулі сябе крыху больш упэўнена ў новай справе, у вёсцы Козенкі зрабілі прыбудову да сталовай і адкрылі кафэ. Каб было дзе бавіць час моладзі, і карпаратыў правесці ці дзень нараджэння адзначыць, і нават вяселле сыграць. Аказваем людзям гэтыя паслугі, меню — пад заказ.

Слесар па рамонце і абслугоўванні сельскагаспадарчай тэхнікі Юрый Піскун усталёўвае корпус тэрмастата на матор КамАЗа.

— Сёння тэхніка на вёсцы надзвычай складаная. Гэта ж якія ў вас павінны быць спецыялісты, каб рамантаваць сённяшнія трактары і камбайны, увесь шматлікі парк гаспадарак... У вас ёсць такія спецыялісты і рамонтная база для такой тэхнікі?

— У калгасах сёння няшмат спецыяльнага абсталявання для рамонту тэхнікі: зварачнага, шліфавальнага, высокаэфектыўнага, каб якасна гэта зрабіць. Так што мы ім патрэбны.

Цяпер усё часцей кіраўнікі сельскагаспадарчых прадпрыемстваў прыходзяць да высновы, што на месцах, у раёнах, такія службы, як наша, трэба аднаўляць. Каб не ганяць трэйлер са зламаным, скажам, трактарам з Лельчыц да нас і назад пасля рамонту. Але аднаўляць — гэта толькі сказаць лёгка. За час, які прайшоў пасля ліквідацыі аддзяленняў «Сельгастэхнікі», страчана многае — рамонтная база з неблагім тэхнічным аснашчэннем, перадавыя тэхналогіі, кваліфікаваныя кадры.

Так што для пачатку давайце берагчы тое, што ёсць, — такія прадпрыемствы і такія калектывы, як наш. Мы з гэтага зыходзім і стараемся не проста берагчы, а развіваць свае магутнасці, мацаваць калектыў.

Я ўжо казаў, што прызначэнне нашага прадпрыемства — рамонт тэхнікі, яе выраб і абслугоўванне, у тым ліку ў палявых умовах. А рамантуем абсалютна ўсю тэхніку, якая працуе ў сельскай гаспадарцы, нават самую навейшую, складаную, нярэдка замежную. Вочы баяцца, а рукі робяць. Бо хто, калі не мы? Тэхніка не павінна прастойваць. Такая задача ставіцца перад намі, і я стаўлю яе перад калектывам. Што не ўмеем — трэба вучыцца. Пераймаць перадавы вопыт. Чаго не хапае з абсталявання — трэба набываць. Але задача павінна быць выканана. Плюс выраб тэхнікі — гэта яшчэ больш складана.

У нас дастаткова абсталявання, якое дазваляе выконваць даволі складаныя работы. А пры рамонце тэхнікі патрэбна мець высокаэфектыўнае абсталяванне. Бо не ўсе гаспадаркі могуць набыць для рамонту новы вузел, дорага. Просяць адрамантаваць стары. Не на кожнае прадпрыемства здасі ў рамонт, на некаторых вузел пасля рамонту будзе каштаваць як новы.

Усё гэта гаворыць, што нам патрэбна і далей спецыялізавацца ў такім кірунку. Каб і рамантаваць, і аднаўляць вузлы і агрэгаты, механізмы якасна і па-магчымасці не вельмі дорага.

Слесар па зборцы металаканструкцый Руслан Ражок займаецца плазменнай рэзкай металу.

— А якое абсталяванне ў вас для гэтага ёсць сёння, Аляксей Самсонавіч?

— Плазменная рэзка, без яе нікуды. З дапамогай спецыяльнай праграмы яна выража з ліставога металу любую дэталь. Ёсць кардынатна-прабіўны станок, досыць складаны і эфектыўны, таксама працуе па праграме. Зразумела, што з камп'ютарным суправаджэннем. Таксама на ім можна выбіваць са сталі дэталь любой канфігурацыі таўшчынёй да 4 міліметраў. Маем і вальцовачнае абсталяванне, а таксама аўтаматычныя пілы, якія ў аўтаматычным рэжыме даюць вельмі высокую дакладнасць, — парэжуць метал менавіта так, як табе патрэбна. А далей ён пойдзе на мехапрацоўку на сучасным такарным, фрэзерным абсталяванні. Дапамагаюць працаваць лістагібы, такарная група станкоў, сярод якіх і аўтамат; зубафрэзерныя станкі, кругла-, плоскашліфавальныя, на якіх выконваецца ў тым ліку шліфоўка каленвалаў. Трубагібы дазваляюць вырабляць абсталяванне для фермаў. Можна пералічваць далей.

У цэлым забяспечаны і кваліфікаванымі кадрамі, хоць калі знойдуцца ахвотныя з вопытам адпаведнай работы, хутчэй за ўсё, што прымем у сваю сям'ю. Бо разумеем: належную якасць забяспечваюць перш за ўсё спецыялісты.

Слесар Іван Кошман ставіць шкіў на жатку камбайна.

— Вельмі нас зацікавіла, што вы самі выпускаеце сельскагаспадарчую тэхніку. Раскажыце, якую.

— Даволі даўно ўзялі на сябе яшчэ і ганаровыя, але ж і цяжкія абавязкі вытворцы, а не толькі кваліфікаванага рамонтніка. З 2006 года выпускаем кукурузную сеялку, а калі правільна, то сеялку дакладнага высеву. Высяваць прапашныя культуры. Чаму ўзнікла такая патрэба? На базе «Крынічная» быў пабудаваны кукурузна-калібровачны завод, і паўстала пытанне, чым сеяць. Мы прапанавалі сваю сеялку, і зараз яна шырока выкарыстоўваецца ў краіне. Пастаўляем для іх запасныя часткі, у выпадку неабходнасці ажыццяўляем рамонт.

Выпускаем культыватары-падкормшчыкі для міжраднай апрацоўкі, гэта абавязковая аперацыя пры вырошчванні той жа «каралевы палёў», мы і тут прыйшлі на дапамогу аграрыям.

У свой час было даручэнне губернатара, яшчэ Уладзіміра Андрэевіча Дворніка, вярнуцца да простай, але надзейнай мадэлі збожжавай сеялкі, мелася на ўвазе СЗУ-3,6. Бо складаныя замежныя і нават айчынныя, але не менш дарагія, пнеўматычныя пасяўныя агрэгаты не заўсёды апраўдвалі надзеі вяскоўцаў. Тым больш што яны дарагія і ў рамонце. У выніку мы робім сваю, мазырскую, механічную прычапную ЗС 4,2. Далей пайшла і ЗС-6, з захопам у шэсць метраў. Яна паказала не толькі нармальную для гаспадарак цану, але і патрэбную якасць высеву. Можна ставіць спецыяльную прыстаўку і высяваць травы.

Сеялка зерневая ЗС-6.

Робім яшчэ «Норыі» збожжавыя для работы на збожжасушыльных комплексах, транспарцёры. Наогул многае з таго, што гаспадаркам патрэбна. Яны бяруць усё ахвотна, тым больш што выконвалася праграма па аднаўленні збожжасушыльных комплексаў цэлага шэрагу гаспадарак, і мы вялі мантаж іх і нават будаўніцтва. І тады нашы «Норыі» былі вельмі запатрабаваныя. Зараз чамусьці ўпор робіцца на сушку збожжа на раённых камбінатах хлебапрадуктаў (КХП), гаспадаркі возяць туды, у выніку КХП не паспяваюць перапрацоўваць, і гаспадаркі губляюць грошы, бо за ўсё патрэбна плаціць.

Наладзілі выпуск ангараў, іх шырыня да 21 метра, а даўжыню можна гнаць любую. З рулоннай сталі катаюцца і ёмістасці любога аб'ёму.

Вырабляем паілкі для фермаў з паплаўковай камерай і падагрэвам, стойлавае і іншае абсталяванне для фермаў і запасныя часткі для яго, у тым ліку для ўтрымання свіней. мы камплектавалі некалькі свінакомплексаў.

Вышэйшы пілатаж любога рамонту — рамонт рухавікоў, у тым ліку дызелі ўсіх марак, айчынныя і замежныя. Так што — звяртайцеся!

Дошка гонару «Звязды»

  1. Ражок Руслан Васілевіч — слесар па зборцы металаканструкцый.
  2. Навуменка Аляксандр Мікалаевіч — слесар механазборачных работ.
  3. Ястрэмскі Павел Пятровіч — слесар-рамонтнік.
  4. Курдзюшкін Ігар Міхайлавіч — слесар механазборачных работ.
  5. Капчук Васіль Васілевіч — слесар па рамонце сельскагаспадарчых машын і абсталявання.
  6. Кошман Іван Ігнатавіч — слесар па рамонце сельскагаспадарчых машын і абсталявання.
  7. Піскун Юрый Аляксеевіч — слесар па рамонце сельскагаспадарчых машын і абсталявання.

Уладзімір ХІЛЬКЕВІЧ

Алена ДАЎЖАНОК

Фота Андрэя САЗОНАВА

*УНП 490803579

*На правах рэкламы

Загаловак у газеце: Кулібіны ўласнага «разліву»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».