Вы тут

Чаму нельга раскідаць валасы?


«Нядаўна прыехалі да бабулі ў вёску, дачка стала расчэсвацца, а валасы з расчоскі выкінула ў смецца. Бабуля, бачачы гэта, пачала на яе сварыцца: нельга так рабіць, а то галава балець будзе. Мы толькі пасмяяліся: маўляў, прымхі ўсё гэта. А потым я падумала: але ж аднекуль гэта забарона ўзялася. Можа, вы падкажаце, з чым яна звязана?» — піша Тамара Пятроўна П. з Мінска.


Фота: http://premiera-beauty.ru

Валасы сталі аб'ектам пільнай увагі ў абрадавай практыцы беларусаў і іншых славянскіх народаў, а таксама апынуліся тым рытуальным атрыбутам, вакол якога сфарміравалася мноства разнастайных забаронаў і прадпісанняў. Відавочна, што нават у сітуацыях, далёкіх ад абрадава акцэнтаваных, у стаўленні да валасоў захоўвалася пэўная сакральнасць. Напрыклад, традыцыя забараняла расчэсваць валасы на Дабравешчанне (прыгадайце: «На Дабравешчанне птушка гнязда не ўе, дзеўка касы не пляце»), але поле яе ўздзеяння распасціраецца і на штодзённасць: калі ў расчосцы засталіся валасы, выкідваць іх куды папала строга забаранялася. Яны маглі патрапіць у рукі нядобрасумленных людзей, і тыя маглі лёгка аказаць уздзеянне на іх гаспадара. Каб пасварыць маладых, досыць узяць некалькі валасінак і выканаць з імі некаторыя магічныя дзеянні. Таму неабходна сачыць за тым, каб валасы не трапілі ў чужыя рукі.

Да таго ж, дрэнную службу маглі саслужыць былому гаспадару валасоў птушкі. Увесну яны збіраюць прыродны матэрыял для ўмацавання гнёздаў. Адным з найлепшых канструкцыйных матэрыялаў маглі быць доўгія валасы. Уся бяда ў тым, што птушкі ўюць свае гнёзды, як правіла, на дрэвах, якія размешчаны ў геапатагенных зонах са знакам мінус. Праз уздзеянне сіл прыроды на асобны волас здзяйсняецца адпаведны ўплыў і на яго гаспадара. Таму ў асяроддзі беларусаў асабліва асцерагаліся раскідаць валасы дзе папала, каб не справакаваць з'яўленне каўтуна — даволі цяжкага захворвання, якое характарызуецца скручваннем і збіваннем валасоў «на валёнак» (вельмі падобны на лямец), расчасаць якія немагчыма, акрамя таго змена структуры валасоў суправаджаецца галаўнымі болямі. У ранейшыя часы, калі ў кожнай хаце былі печкі, валасы спальвалі, а там, дзе былі рэкі, пускалі на ваду, «каб валасы раслі хутка і густа». Калісьці сярод беларусаў існавала традыцыя састрыжаныя валасы збіраць і захоўваць на працягу жыцця, каб «узяць» іх на «той» свет і «адчытацца за кожную валасінку»: пасля смерці іх укладвалі ў падушку і клалі пад галаву нябожчыка.

У традыцыйнай культуры ўсходніх славян валасы заўсёды сімвалізавалі мноства, а таму багацце і шчасце. Так, на Каляды гаспадару жадалі гэтулькі цялят, авечак у статку, вазоў жыта і да т. п. колькі валасоў на галаве. У славянскіх народаў у адносінах да валасоў сфарміраваўся шэраг іншых рэгламентацый, напрыклад, каб валасы хутка адрасталі, раілі стрыгчыся, калі Месяц прыбывае, так і валасы будуць «расці-прыбываць». Калі валасы пастаянна стрыгчы на ўбываючым Месяцы або калі яго няма ўвогуле (Межы), яны перастануць расці зусім.

Дзіцяці да года забаранялася стрыгчы валасы (каб не «адрэзаць мову», г. зн. не спыніць яго разумовае развіццё і здольнасць размаўляць). Першае рытуальнае адстрыганне — застрыжкі — выконвалі роўна ў год. Гэтым абрадавым дзеяннем імкнуліся падкрэсліць завяршэнне першага пераходнага перыяду ў жыцці чалавека.

Аксана КАТОВІЧ, Янка КРУК

Дасылайце свае пытанні пра карані і прыстасаванасць да сучаснага жыцця каляндарных і сямейна-побытавых народных традыцый і абрадаў на паштовы або электронны адрас рэдакцыі з пазнакай «Пра радзіннае».

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».