Вы тут

Старадаўні Прапойск захоўвае шмат таямніц


«Жывыя» фрэскі слаўгарадскага храма, трон расійскай імператрыцы Кацярыны і загавораныя ручнікі — старадаўні Прапойск захоўвае шмат таямніц

Той, хто ўпершыню прыязджае ў Слаўгарад, вельмі здзіўляецца, калі дазнаецца, што горад старэйшы за Маскву. Куды ні кінь вокам, забудова ў асноўным савецкага перыяду. Выключэнне складаюць храм Раства Прасвятой Багародзіцы, пабудаваны ў канцы XVІІІ стагоддзя, і паштовая станцыя, якая, калі ў хуткім часе не распачаць яе рэстаўрацыю, можа знікнуць з зямлі. Але таямніцы адкрываюцца таму, хто іх шукае. Ну што, пачнём?


Як радзімічы слаўгарадчанамі сталі

У гіс­то­ры­ка-края­знаў­чым му­зеі  зна­хо­дзяц­ца рэд­кія руч­ні­кі-абя­рэ­гі.

Для пачатку крыху гісторыі. Упершыню чалавек з'явіўся тут за некалькі дзясяткаў тысяч гадоў да нашай эры. А вось у летапісных крыніцах (устаўной грамаце Смаленскай біскупскай кафедры) назва Прупой згадваецца толькі ў 1136 годзе. Заснавальнікам горада ў складзе Смаленскага княства быў князь Расціслаў-Міхаіл. На працягу свайго існавання Прупой неаднаразова мяняў назвы і ў розныя перыяды быў Прапошэнскам, Пропольскам, Прапойскам, пакуль нарэшце не стаў Слаўгарадам. У ХІV стагоддзі Прапойск уваходзіў у склад Вялікага Княства Літоўскага і быў дзяржаўным уладаннем, у пачатку ХVІ стагоддзя стаў цэнтрам Прапойскай воласці, а ў другой палове гэтага ж стагоддзя пераўтварыўся ў староства ў Мсціслаўскім ваяводстве. У верасні 1772 года, пасля падзелу Рэчы Паспалітай, расійская імператрыца Кацярына ІІ падарыла Прапойск князю Галіцыну. Па яго распараджэнні і была ў 1793 годзе пабудавана царква Раства Прасвятой Багародзіцы.

У сярэдзіне XІX стагоддзя старадаўні горад меў усе шанцы стаць металургічнай сталіцай. Чыгуналіцейны завод у вёсцы Старынка лічыўся адным з найбуйнейшых металургічных прадпрыемстваў Расійскай імперыі. Каб дастаўляць вырабы на рачную прыстань, па левым беразе Сожа праходзіла першая на Магілёўшчыне вузкакалейка — прамаці беларускай чыгункі, якой, на жаль, у сучасным Слаўгарадзе няма. А яшчэ тут быў кафельны завод, вырабы якога выкарыстоўваліся пры афармленні Гранавітага пакоя маскоўскага Крамля. Прыгожы рэльеф — замкавая гара, унізе якой коцяць свае хвалі Проня і Сож, вялікі луг за ракой, які на некалькі кіламетраў расцягнуўся да лесу — рабіў горад непрыступным. Яго вызваленне ў гады Вялікай Айчыннай вайны было вельмі цяжкое. Кажуць, што вада ў Сожы была чырвонай ад крыві. За гераізм і мужнасць жыхароў і чырвонаармейцаў, якія склалі тут свае галовы, Прэзідыум Вярхоўнага Савета СССР Указам ад 23 мая 1945 года перайменаваў Прапойск у Слаўгарад. Па неафіцыйнай версіі, калі Сталіну палажылі на подпіс загад аб перайменаванні 324-й дывізіі, якая вызваляла населены пункт ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, у прапойскую, ён упэўнена перакрэсліў слова Прапойск і напісаў — Слаўгарад. Маўляў, такая назва болей падыходзіць для герояў-вызваліцеляў.

Пад гукі паланэзу

З Прапойскам звязаны імёны такіх сусветна вядомых асоб, як Восіп Казлоўскі, аўтар музыкі да расійскага нацыянальнага гімна канца XVІІІ — пачатку XІX стагоддзя «Гром Победы, раздавайся», Іван Грыгаровіч, кампазітар, ігумен Арэст, духоўны прапаведнік і летапісец, Фёдар Тулаў, рускі партрэтыст. А ў студзені 1787 года па дарозе ў Крым мястэчка наведала імператрыца Кацярына ІІ. У прыгожым замку на абрыве над ракой дапазна гучалі гукі паланэза, гарэлі свечкі і звінеў вясёлы смех. Імператрыца была так зачаравана мясцовымі краявідамі, што пакінула гістарычны надпіс на ліпе, маўляў, калі б зараз было лета, я пасадзіла б тут дуб. Легенда паспяхова жыве і перадаецца з вуснаў у вусны.

Час не пашкадаваў ні замка, ні іншых старадаўніх пабудоў, знік у небыццё і трон Кацярыны, які быў зроблены спецыяльна да яе прыезду. Але мясцовы жылкамгас стварыў тут сімвалы тых падзей. На знакавым месцы сёння ўстаноўлены карэта і трон, тэрыторыя ўпрыгожана мноствам кветак — быццам царыца зноў прыехала наведаць упадабаныя ёй месцы і пайшла пагуляць па старадаўнім парку. А пакуль яе няма, усе карыстаюцца момантам. Можна пасядзець унутры карэты або на месцы фурмана, патрымацца за паходны куфар на задніку — а раптам разбагацееш? На вялікім камені гістарычная даведка пра замкавую гару. З-за яго гулліва выглядае яшчэ адзін гістарычны персанаж — памешчык Яншын, адзін з сумна вядомых уладальнікаў замка. Чаму сумна? Ды таму, што прапіў-праматаў свой маёнтак. І нават у метале ён са сваёй нязменнай спадарожніцай-бутэлькай і гармонікам — гэта ўсё, што ў яго засталося ад багатага маёнтка. Напамін пра мінулае ажывіў старадаўні парк. Тут адпачываеш душой і пераносішся на некалькі стагоддзяў таму. Як і раней, журчыць непадалёк крынічка, коціць унізе свае цяжкія воды абмялелая за гады Проня — рака, якая калісьці дала назву гораду. Менавіта тут яна зліваецца з Сожам.

Па драўлянай лесвіцы (зноў дзякуй камунальнікам) можна спусціцца яшчэ на адну гістарычную пляцоўку. Ды ў другой палове XX стагоддзя там знаходзіўся млын. Яго ўжо няма, але на гэтым месцы пабудавалі з дрэва новы, стылізаваны. А з ім яшчэ і цэлы комплекс
з альтанак, старажытных багоў і міфічных істот. Вунь з-за кустоў выглядае русалка. Можаце смяяцца, але старыя людзі кажуць, што ў рэчышчы Сожа прыгажуні жывуць і дагэтуль. Луг за ракой наогул нешта накшталт тутэйшага Лукамор'я, нават ад некаторых тапонімаў кроў у жылах стыне — Чортаў кут, напрыклад. Але пра гэта наступным разам.

Фрэскі просяць адкрыцця

У Слаў­га­ра­дзе  за­ха­ваў­ся  ўні­каль­ны аль­бом  з фрэс­ка­мі.

У 1793 годзе ў Прапойску была пабудавана царква Раства Прасвятой Багародзіцы — прыгожы храм з васьмігранным купалам і званіцай, якая стаіць асобна. Аўтарам праекта лічыцца прадстаўнік класіцызму, рускі архітэктар Мікалай Львоў, той самы, які пабудаваў у Магілёве Іосіфаўскі сабор у гонар сустрэчы расійскай імператрыцы з аўстрыйскім імператарам Іосіфам. Усе будаўнічыя матэрыялы для храма вырабляліся на месцы, толькі жалеза на дах прывезлі з Масквы. Інтэр'ер упрыгожвалі 57 фрэсак з сюжэтамі Новага і Старога запаветаў. На жаль, аўтар невядомы, але вялікая верагоднасць, што да іх меў дачыненне знакаміты мастак Уладзімір Баравікоўскі.

Сёння ў храм назіраецца сапраўднае паломніцтва. Людзі едуць паглядзець на цудадзейную ікону Божай Маці Усіх Тужлівых Радасць, якая адплюшчвае вочы. Яе можна пазнаць па вялікай колькасці ахвяраваных ёй дарагіх рэчаў — залатых ланцужкоў і пярсцёнкаў. Гэта сведчанні нечых ацаленняў. Настаяцель храма айцец Уладзімір расказаў, што гэтая ікона вельмі рэдкая і аўтар яе невядомы. Божая Маці сапраўды глядзіць на нас з паўадкрытых павек і, здаецца, у самае сэрца.

А пасля візіту ў тутэйшы гісторыка-краязнаўчы музей я даведалася, што захаваўся альбом з падрабязным апісаннем храмавых фрэсак. У канцы сямідзясятых былі спробы аднавіць храм і зрабіць там музей. Падказала мне пра гэты альбом вельмі дасведчаны і захоплены сваёй справай старшы навуковы супрацоўнік музея Вера Стасенка. І калі я гартала яго, то нават рукі дрыжэлі ад усведамлення, што трымаюць гэты неацэнны скарб. Тут сабраныя фота і апісанні ўсіх тых 57 фрэсак, якія ўпрыгожвалі сцены і купал храма. І нават у чорна-белым выкананні яны ўражваюць. Усё гэта ўсяляе надзею, што калісьці храм усё ж такі адновяць у яго былой велічы. А Вера Стасенка, якая часта наведвае храм у надзеі разгадаць зашыфраваныя ў яго канструкцыях і выявах сімвалы, заўважыла, што апошнім часам тыя фрэскі, якія яшчэ захаваліся, сталі прыкметна ярчэйшыя.

Да Блакітнай крыніцы на таксі. Калі знойдзеце яго

Кар­ці­ны зна­ка­мі­та­га рус­ка­га парт­рэ­тыс­та Фё­да­ра Ту­ла­ва,  які жыў у Пра­пой­ску і быў па­ха­ва­ны на пры­ход­скіх мо­гіл­ках.

Яшчэ адна гаючая святыня Слаўгарадскага раёна — Блакітная крыніца. Але пра яе ўжо столькі напісана, што сэнсу няма паўтараць. Дастаткова адкрыць інтэрнэт. Адзначу толькі, што гэта месца было сакральнае яшчэ ў радзімічаў, стараславянскага племені. Ад Слаўгарада да святыні ўсяго 12 кіламетраў, але прыгарадных рэйсаў туды няма. Мне, напрыклад, на аўтастанцыі параілі скарыстацца паслугамі таксі.

З Лясной крыху прасцей. Гэта таксама вельмі вядомы аб'ект, пра які напісана шмат і падрабязна. Ехаць туды трэба, нават не сумнявайцеся. Гэта нешта накшталт Барадзіна пад Масквой, у XVІІІ стагоддзі тут адбылася знакавая бітва рускіх са шведамі, у якой перамаглі першыя на чале з царом Пятром І. У Лясной працуе шыкоўны музей-бібліятэка і знаходзіцца ўнікальны храм у гонар Святых апосталаў Пятра і Паўла. Пра расклад таксама лепей даведацца загадзя. Праездам да Лясной можна дабрацца на любым слаўгарадскім аўтобусе або маршрутцы. Па панядзелках можна таксама даехаць на аўтобусе, што едзе ў Пацяраеўку, а па серадах на аўтобусе да Іванішчавіч. Праўда, ад прыпынку да Лясной ісці пехатой яшчэ кіламетры тры. Але гарантавана не заблукаеце: храм, які праглядаецца з дарогі, якраз будзе арыенцірам. У Лясной на старадаўніх могілках ёсць пахаванні тых часоў, а каля музея на грошы міжнароднай дапамогі зроблена рэканструкцыя бою XVІІІ стагоддзя. У салдат, дарэчы, твары сучасных слаўгарадчан.

Аматары даўніны могуць з дапамогай грамадскага транспарту дабрацца да вёскі Улукі, дзе, калі пашчасціць, можна знайсці векавую лістоўніцу. Ну і ў старадаўні Гайшын. Калісьці там быў панскі маёнтак. Цяпер, на жаль, няма. А вось краявіды прыгожыя. Не пашкадуеце, калі любіце шукаць на сваю галаву (у добрым сэнсе слова) падарожжа. Музеяў і помнікаў тут няма, але, калі пашчасціць, вы шмат чаго даведаецеся ад мясцовага насельніцтва.

Усяго праз райцэнтр, як паведамілі на аўтастанцыі, праходзіць 25 міжнародных і прыгарадных маршрутаў. І да Масквы прасцей дабрацца, чым да мясцовых прыгажосцяў, — аўтобус з Бабруйска праязджае горад кожны дзень.

Сціплая абаяльнасць сферы паслуг

Калі збіраецеся нешта паглядзець, ехаць у Слаўгарад трэба на некалькі дзён. Самы бюджэтны варыянт пражывання — гасцініца «Сож». Яна знаходзіцца якраз у цэнтры горада. Але тым, хто прывык да раскошы (які сэнс наогул тады ехаць у Слаўгарад?), гэты варыянт можа не спадабацца. Па водгуках у інтэрнэце, тут, мякка кажучы, час прыпыніўся на адзнацы «Савецкі Саюз».

Але тут і не збіраюцца пускаць пыл у вочы. Адразу ж папярэджваюць, што вельмі сціпла. Па кошце, праўда, гэта не скажаш. Аднамесны нумар каштуе 28 рублёў 19 капеек, а калі грошай няма, то можна абмежавацца ложкам у двухмесным нумары за 16 рублёў 44 капейкі. Праўда, калі ў першым варыянце вы плаціце за набор выгод у выглядзе асобнага санвузла з ваннай, халадзільніка і тэлевізара, то ў другім тэлевізар і халадзільнік не прадугледжаны. Хаця па тэлевізары ў найлепшым выпадку можна паглядзець толькі шэсць каналаў. Інтэрнэт  (wі-fі) да слаўгарадскай гасцініцы таксама яшчэ не дайшоў. З посудам, абяцалі, цяжкасцяў не будзе — забяспечаць і талеркамі, і відэльцамі.

Калі не жадаеце эксперыментаваць з пражываннем, выбірайце адразу аграсядзібу — тут і сустрэнуць, і забавяць, і ўсе прыгажосці пакажуць. Адрас можна знайсці на сайце. Там наогул шмат карыснай інфармацыі. Дарэчы, у адрозненне ад гасцініцы тут трэба браніраваць месца — напрыклад, у аграсядзібе «Свет кветак», якая знаходзіцца непасрэдна ў Слаўгарадзе, у выхадныя на два тыдні наперад усё занятае. Пражыванне ў нумары абыдзецца прыкладна ў 20—30 рублёў у залежнасці ад камфорту. Пры гэтым майце на ўвазе, што душ і санвузел не ў нумары. Калі жадаеце, то звозяць і на Блакітную крыніцу. Але аднаму ехаць туды нявыгадна — возьмуць дзесьці 30 рублёў з дастаўкай туды і назад, яшчэ каля гадзіны адводзіцца на агляд крыніцы. Столькі ж будзе каштаваць падарожжа да Лясной.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.