Вы тут

Фільм «Чыстае мастацтва» даследуе абліччы маладой краіны


«Мы жывём у краіне, якая мае ганаровую назву Белая Русь» — гучыць на паказанай у фільме ўрачыстай цырымоніі. Людзі, здаецца, і самі не вызначыліся, у Беларусі яны жывуць альбо ў Белай Русі, з Вялікага Княства Літоўскага паходзяць альбо з Савецкага Саюза, УНОВІСам адметная іх культура альбо бюстамі Леніна. Тут высакародная архітэктура суседнічае з чырвонай зоркай, як на адным са здымкаў Міхала Анемпадыстава. Уплывы, сімвалы і водгаласы розных культурных пластоў запоўнілі наваколле, а дакументальны фільм «Чыстае мастацтва» Максіма Шведа пайшоў па іх перакрыжаваннях, кантрастах і супярэчнасцях. Прэм'ера карціны адбылася на Кракаўскім кінафестывалі і справакавала цэлы стос думак пра наша кіно, культуру і калектыўнае несвядомае.


«Дзе мой край»

Караткевіч ведаў, а сучаснае грамадства так і не прыйшло да адной роўніцы — усё ж высакароднай архітэктуры ці чырвонай зоркі. Часам камічнае, часам драматычнае суіснаванне ў маладой краіне рознага кшталту ўплываў застаецца надзвычай цікавай тэмай для мастацкага даследавання. Як мінулае і разнастайныя ідэалогіі праяўляюцца ў беларускай рэчаіснасці, якія мудрагелістыя камбінацыі атрымліваюцца праз іх спалучэнне, як усё гэта фарміруе вобраз мыслення беларуса?

Пакуль што адказы застаюцца туманнымі, бо культура іх даследуе нясмела, дыскурс не дасягае дэцыбелаў, якія б можна было распазнаць, а мысленне, калі справа даходзіць да такіх абстрактных пытанняў, пераключаецца на больш простыя катэгорыі. Хоць, здавалася б, у маладой краіне з нявызначанай нацыянальнай ідэяй, дзе можна сустрэць адсылкі да статутаў ВКЛ на беларускай і ў той жа час пачуць, што мова была штучна ўтворана ў 1920-х, больш удзячнай і неабходнай тэмы няма.

Тым больш, такія рэфлексіі амаль не сустракаюцца ў кіно, таму даволі далікатнае выказванне Максіма Шведа робіцца прадстаўніком рэдкага віду.

Пра што кіно?

У гарадской прасторы раз-пораз з'яўляецца белае палатно: галоўны герой карціны малады мастак Захар Кудзін — адзін з яго твораў, дарэчы, знаходзіцца ў фондах Нацыянальнага мастацкага музея — выходзіць у горад, каб натхніцца формамі, якія ўзнікаюць на дамах і агароджах праз працу ЖКГ. Супрацоўніцы жыллёва-камунальнай гаспадаркі Інна Краўчанка і Зінаіда Віктаровіч, таксама героі фільма, геаметрычнымі блокамі замазваюць народны вандалізм — надпісы «Мая краіна Беларусь», альбо «Lіfe іs art».

І атрымліваецца натуральны Малевічаў супрэматызм ці яго вобраз, прычым, як і марылі «ўнавісаўцы» ў Віцебску ў 20-я гады мінулага стагоддзя, паўсюдна інтэграваны ў гарадскую прастору. Захар Кудзін падмячае гэтыя канструкцыі і бярэ іх за аснову, толькі яго абстрактныя палотны ў адрозненне ад шэрых прастакутнікаў на збудаваннях часта выклікаюць непрыняцце і па сваім змесце, і па месцы, дзе яны пішуцца, — нехта не прызнае такое мастацтва, нехта проста выклікае міліцыю, а прадстаўнік міліцыі можа сказаць: «Я ўвогуле не разумею, што гэта такое і для чаго гэта, патлумачце мне».

Вынікам працы становіцца дэманстрацыя твораў Захара Кудзіна ў адмысловай выстаўцы. Інна і Зінаіда як прасунутыя жанчыны і аматары сучаснага мастацтва прыходзяць у выставачную прастору і пазнаюць у палотнах сваю работу.

Кантрапункты

Абстрактнае мастацтва галоўнага героя, а таксама віцебская школа і перадавыя ідэі ўнавісаўцаў, што непазбежна прыходзяць у галаву падчас прагляду фільма, сімвалізуюць авангард, развітае грамадства, адсутнасць забабонаў і іншыя прыгожыя характарыстыкі еўрапейскай плыні, якую наша краіна ў сабе нясе. Нясе праз кроплі, якія свабодна кладуцца на карціну; open-aіr фестываль на Кастрычніцкай вуліцы; развагу пра званне заслужанага, за якое трэба выслужыцца; нацыянальны арнамент і тых, хто жадае пакінуць свой след на белым палатне (Захар Кудзін прапануе памаляваць выпадковым людзям).

Гэтыя сімвалы, калі яны трапляюць у горад, увесь час адцяняюць спадчыну савецкага часу — яе замілавальна непасрэдныя праявы, кансерватызм і рудыменты, што ніяк не сыдуць у мінулае. На расквечаны вулічны фестываль на Кастрычніцкай вуліцы глядзіць шэры бюст Леніна...

У адным з эпізодаў дзядуля падыходзіць да мастака і са сваёй савецкай прастатой і дакладнасцю ўступае ў дыскусію, кажучы, маўляў, «наша галава прызначана для таго, каб разумець», з чаго вынікае, што абстрактныя вобразы Кудзіна не адпавядаюць яго азначэнню мастацтва.

Агульнае несвядомае ў нас хутчэй не агульнае, а разрозненае: еўрапейскі пачатак стане спасцігаць мастацкія вобразы, а савецкі запытае «Чаго вы тут аціраецеся?»

Чыстае мастацтва

Што паказальна, калі б на адной з гарадскіх агароджаў з'явіўся «Чорны квадрат» Малевіча, яго б ніхто не заўважыў: каб набыць сэнс, яму трэба было апынуцца ў «чырвоным куце». Геаметрыя супрацоўніц ЖКГ мімікрыруе пад ардынарную прастору, а перанесеная ў работы Кудзіна становіцца мастацтвам. Нягледзячы на тое што УНОВІС працаваў у Віцебску амаль стагоддзе таму, сучаснае грамадства аказваецца не гатовае да абстракцыянізму, а часам праз сваё стаўленне праяўляе дрымучасць, але яго правобразы ўсё роўна знайшлі сабе месца і поўнаўладна запанавалі на сценах гарадоў.

Выглядае аптымістычна: пакуль мастацтва, якое ў кантэксце фільма мы назвалі сімвалам еўрапейскай плыні, спатыкаецца аб пэўныя перашкоды (абмежаванняў у карціне дастаткова), яго вобразы паступова запаўняюць горад і хутка накрыюць яго цалкам. Шэрыя прастакутнікі ў такім выпадку — але толькі ў кантэксце фільма — выглядаюць куды больш важнымі за сапраўдны стрыт-арт.

Фільм Максіма Шведа, дарэчы, знайшоў месца, каб вельмі далікатна і па-кіношнаму рэдкім лейтматывам выказацца пра вагу нацыянальнай культуры і мовы: пакуль арнамент аказваецца за сеткай (метафара яшчэ ад піянераў кіно), адна з гераінь кажа другой, што ўрок па беларускай літаратуры ў школе дачкі праводзіцца толькі раз на тыдзень, дык з мовай узнікаюць праблемы. Больш нічога не трэба: намёк зразумелы.

Новае жыццё

«Чыстае мастацтва» — адзін з найлепшых беларускіх дакументальных фільмаў апошняга часу, прычым ён цудоўна паддаецца пад інтэрпрэтаванне. Гэта работа для ўнутранага спажывання: ніхто, апроч беларуса, так добра не зразумее прыгоды свабоднага мастака з вялікім палатном у адносна свабодным горадзе і тонкасць, з якой яны паказаны. Рэжысёр павярцеў у руках мастацтва і тое, што яно мае на ўвазе, з усіх бакоў: здаецца, няма нічога датычнага тэмы, што ў карціне не аказалася хоць бы ў адным плане, прычым гэта дзіўным чынам уплятаецца ў логіку, а ў той жа час можа яе разгалінаваць — толькі пажадай.

Праз абстрактныя кампазіцыі і тое, якія рухі яны правакуюць, як на гэта рэагуе наваколле, за свае пяцьдзясят хвілін «Чыстае мастацтва» паспявае нагадаць, наколькі дваістая наша культура, як у ёй праяўляюцца натуральны менталітэт і прышчэплены савецкімі дзесяцігоддзямі вобраз мыслення і што мы дагэтуль не зразумелі, дзе мы сапраўдныя, а дзе сфарміраваныя пад уздзеяннем.

Адзін з мінакоў (насамрэч не мінак, у фільме задзейнічана даволі знаёмых рэжысёра, якія выглядаюць выпадковымі персанажамі, і гэта сур'ёзная падстава назваць яго напалову фіктыўным) кажа галоўнаму герою, што шэрая геаметрычная фігура на яго карціне нагадвае цагліну, «якая б'е па галаве і пакідае ў шоку, яшчэ б і памяць страціць — дык увогуле можна новае жыццё пачаць».

Новае жыццё пачалося ў 1991-м.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?