Вы тут

Згадваем фільмы, пастаўленыя па кнігах Васіля Быкава


Беларускаму пісьменніку Васілю Быкаву, аднаму з найбуйнейшых аўтараў другой паловы XX стагоддзя, які пісаў па-беларуску і пра Беларусь (і пра катэгорыі, вядома ж, універсальныя) 19 чэрвеня споўнілася б 95 гадоў. Аўтар знаёмых кожнаму з нас твораў, дзе герой у час вайны праходзіць праз нечалавечыя выпрабаванні, робіць маральны выбар, размаўляе на ўнікальнай, мілай сэрцу, гаворцы, казаў, што з'яўляецца прадстаўніком забітага пакалення.

Яго і праўда забілі, але толькі на паперы: у пачатку 1944 года родныя Быкава атрымалі «пахавальную», але на шчасце, таксама ліст ад Васіля, а пасля дэмабілізацыі нарэшце і яго самога, жывога. Цяжкія ваенныя гады — яны апісаныя ў аўтабіяграфічнай кнізе «Доўгая дарога дадому» — і ўсё пабачанае падчас вайны стала асновай незабыўнай прозы, якая апынулася ў першых шэрагах сусветнай літаратуры мінулага стагоддзя. Памёр пісьменнік роўна шаснаццаць гадоў таму, у шэсцьдзясят другую гадавіну пачатку Вялікай Айчыннай вайны, якая заняла ледзь не ўсё яго жыццё.

Мы дагэтуль не маем сталічнай вуліцы, названай у гонар Васіля Быкава, альбо прысвечанага яму помніка, затое творы пісьменніка былі неаднаразова экранізаваныя, як на кінастудыі «Беларусьфільм», так і за межамі тэрыторыі Беларусі. Мы падабралі тры творы Быкава ў суправаджэнні іх небезвядомых экранізацый, каб лішні раз спыніцца ля спадчыны вялікага класіка.


«Альпійская балада» — «Альпійская балада» Барыса Сцяпанава

«Ён туліў да грудзей яе заплаканы твар і цьмяна праз боль сваіх пакут адчуваў і яе боль».

Аповесць: Вайна і каханне на вайне. Іван Цярэшка здолеў уцячы з лагера для ваеннапалонных у Аўстрыі, скарыстаўшыся выбухам нечакана знойдзенай бомбы. Ужо ў лесе ён пачуў за сабой воклік «Руссо!» і выявіў, што за ім ідзе яшчэ адна бяглянка. Гэта была італьянка Джулія, з якой праз пэўны час Іван паразумеўся дзякуючы веданню некалькіх нямецкіх слоў і яе веданню некалькіх рускіх слоў. На шляху да ўяўнай свабоды ў рэшце рэшт яны закахаліся адно ў аднаго, але неўзабаве трапілі ў пастку. Пакуль на Івана не накінуліся сабакі, ён паспеў кінуць Джулію з прорвы ў гурбу снега... Праз шмат гадоў родныя галоўнага героя атрымліваюць ліст з Рыма і даведваюцца, што ў Італіі расце і вучыць рускую мову Іванаў сын.

Кіно: Ёсць вядомая гісторыя пра тое, як на здымкі «Альпійскай балады» прэтэндаваў не хто-небудзь, а сам Джузэпэ дэ Санціс — італьскі рэжысёр, што стаяў ля вытокаў неарэалізму. Ён папрасіў набыць правы на экранізацыю, але яму адмовілі і дэлегавалі задачу зняць карціну савецкаму аўтару Барысу Сцяпанаву. Галоўныя ролі ў фільме выканалі Станіслаў Любшын і Любоў Румянцава — тры дні героі ў паласатых робах прабіраліся да будучыні і размаўлялі на сумесі некалькіх моў. У трох адмераных днях на фоне ўражальных краявідаў (здымкі, праўда, праходзілі не ў Альпах, а ў Карачаева-Чэркесіі) знайшлося месца для ўсмешак, надзей і ўзрушанага ўдыхання свабоды. Толькі кіно магло паказаць, як каханне расквеціла твары Івана і Джуліі ў той іх шчаслівы дзень на альпійскім лузе. І менавіта кіно, з дапамогай музыкі, буйных планаў і наўмыснага хаосу сцэны, у якой да ўцекачоў набліжаюцца сабакі, змагло паказаць кантраст пераходу ад абсалютнага шчасця да трагедыі ўсяго жыцця.

«Сотнікаў» — «Узыходжанне» Ларысы Шапіцька

«Значыць, невядомасць, цемра, забыццё — назаўжды, без удзячнасці і ўзнагароды?»

Аповесць: Гэта вечная гісторыя пра маральны выбар, сілу духу і здраду. Два партызаны — Сотнікаў і Рыбак — пасля тыдня на параным жыце ідуць на хутар, каб знайсці ежы для сябе і атрада. Хворы Сотнікаў кепска сябе адчувае, але ўпарціцца прызнацца, як складана яму даецца дарога. На зваротным шляху партызанаў здалёк заўважаюць немцы і раняць Сотнікава. Рыбак дацягвае напарніка да найбліжэйшай хаты, але там іх, а заадно і гаспадыню Дзёмчыху, арыштоўваюць. Абодва праходзяць праз допыт у паліцая, але перад апошнім прыгаворам вызначаюць для сябе розныя прыярытэты.

Кіно: Менавіта «Сотнікаў» стаў асновай шэдэўра «Узыходжанне» адной з найвядомейшых рэжысёрак савецкага кіно Ларысы Шапіцька. Чорна-белая карціна, што прынесла аўтарцы Залатога мядзведзя Берлінскага кінафестывалю, выпісала неверагодных персанажаў, а Сотнікава параўнала з самім Ісусам Хрыстом. Уласна шлях звычайнага, але надзвычай моцнага духам партызана, на шыбеніцу, праз хваробу, раненне і допыт, дзе яму выпалілі зорку гарачым жалезам, і з'яўляецца метафізічным узыходжаннем. Вы ўбачыце пад адмысловым ракурсам Барыса Плотнікава, што выканаў галоўную ролю, позірк яго крыштальных вялікіх вачэй і апошняе ўратаванне перад павешаннем. Рыбака ў фільме сыграў Уладзімір Гасцюхін, які неаднаразова расказваў, як цяжка яму далася роля, чаму ў наступны раз працаваць з Шапіцькай ён адмовіўся.

«У тумане» — «У тумане» Сяргея Лазніцы

«Хіба людзі так хутка могуць мяняцца? Каб да вайны адзін, а ў вайну — іншы».

Аповесць: Бураў і Войцік маюць заданне: забіць свайго знаёмца Сушчэню за здраду. Высновы партызаны зрабілі з дзеянняў немцаў: некаторы час таму некалькі работнікаў чыгункі былі арыштаваныя за дыверсію, дык усіх павесілі, апроч Сушчэні. Значыць — выдаў. Для Сушчэні госці не аказаліся надта нечаканымі, і ён пакорліва пайшоў за імі, толькі ў лесе ўсе трое трапілі ў хітрую пастку — уласна для гэтага немцы і вызвалілі аднаго з арыштаваных — і Бураў аказаўся паранены. Дыспазіцыя памянялася і Сушчэня замест таго, каб ісці пад дулам ружжа, панёс параненага Бурава, пакуль той не сканаў. Нягледзячы на тое, што смяротны прыгавор яму быў адменены, галоўны герой усё роўна не ўбачыў для сябе магчымасці жыць.

Кіно: «У тумане» стала другой ігравой карцінай у фільмаграфіі Сяргея Лазніцы (між іншым, ён нарадзіўся ў Баранавічах, але калі яму было шэсць месяцаў, сям'я пераехала ў Кіеў). Прэм'ера  «У тумане» адбылася ў Асноўнай конкурснай праграме Канскага кінафестывалю, дзе фільм атрымаў прыз Міжнароднай федэрацыі кінакрытыкаў FІPRESCІ. Карціна стала філасофскай прытчай, працяглым навесам на чыстае сумленне ваенных акалічнасцяў, размераным апавяданнем, дзе шэптамі агучваецца самае галоўнае, а часам не агучваецца ўвогуле — толькі перадаецца на ўзроўні адчуванняў. Уладзімір Свірскі ў галоўнай ролі па-майстэрску адмаўчаў свае перажыванні і прыйшоў да фіналу з маральным і фізічным грузам, прычым маральны аказаўся цяжэйшы.

Сафія ПАЛЯНСКАЯ

Загаловак у газеце: Спадчына Быкава, памножаная на два

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».