Вы тут

Як прайшла цырымонія адкрыцця Еўрапейскіх гульняў


Урачыстая цырымонія адкрыцця II Еўрапейскіх гульняў адбылася на галоўнай спартыўнай арэне краіны - Нацыянальным алімпійскім стадыёне «Дынама». Яе генеральным прадзюсарам выступіў Ігар Круты, а рэжысёрам-пастаноўшчыкам Аляксей Сечынаў. Цырымонія носіць назву «Калі цвіце папараць», у плыні яе разгарнулася тэатралізаванае шоу ў пяці эпізодах. Стваральнікі цырымоніі прапанавалі 22 тысячам людзей на стадыёне і мільёнам тэлегледачоў разам адправіцца на пошукі папараць-кветкі і зразумець, якое пасланне нясе старажытная легенда для кожнага чалавека. Цырымонія адкрыцця ІІ Еўрапейскіх гульняў пазнаёміла ўвесь свет з багатай гісторыяй і культурай Беларусі.


З боку чашы агню на стадыёне была ўсталявана інсталяцыя - мастацкая інтэрпрэтацыя традыцыйнага беларускага пояса. Ён як абавязковы элемент нацыянальнага касцюма меў не толькі практычнае значэнне, але і глыбокае сакральнае. Пояс нёс на сабе ахоўную функцыю, быў сімвалам сталасці і гатоўнасці да дзеяння. Так Беларусь гатова прымаць II Еўрапейскія гульні. На поясе ўстаноўлена 7 званоў; перазвон - неад'емная частка беларускай культуры, а лік 7 з'яўляецца сакральным, увасабляе поспех і выступае сімвалам пажадання спартыўнага поспеху атлетам.

 

Цырымонія традыцыйна пачалася з аб'явы афіцыйных асоб і вынасу сцяга Рэспублікі Беларусь. Яго вынеслі 14 дзяцей у стылізаваных нацыянальных касцюмах шасці абласцей Беларусі і горада Мінска. Дзеці перадалі сцяг краіны салдатам роты ганаровай варты. А падчас гэтага над стадыёнам пад музычнае суправаджэнне павольна праляцеў белы бусел. Здаўна ў Беларусі лічыцца, што ў хаце, на даху якой або побач з якой пасяліўся бусел, будзе сямейнае шчасце і дабрабыт, гэтая птушка з'яўляецца сімвалам вернасці, адданасці і бацькоўскай любові.

Першы эпізод, прадстаўлены гледачам, – Купалле - пазнаёміў усіх з беларускай культурай: народныя касцюмы, унікальныя традыцыі, звычаі і побыт беларускага народа. Гэта своеасаблівы экскурс у самае сэрца традыцыйнай культуры і нематэрыяльнай культурнай спадчыны краіны. На васьмі рухомых сцэнах артысты разыгралі сцэнкі з традыцыйных беларускіх абрадаў. Характэрна, што на сцэне ад пачатку да канца шоу знаходзіліся беларускія скрыні. Куфар - гэта вобраз беражлівых адносін і захаванасці беларускай культуры і традыцый.

Цырымонія працягнулася парадам спартсменаў. Арэна стадыёна ператварылася ў стылізаванае народнае святкаванне, а ўздоўж дарогі парада загарэліся «купальскія агні». Па павер'ях, купальскі агонь ачышчае цела ад хвароб, а душу - ад дрэнных думак. Такім чынам, рухаючыся скрозь вогненную містэрыю, атлеты прынялі ўдзел у сапраўдных купальскіх гуляннях. Больш за 4000 атлетаў прайшлі перад гледачамі пад гукі напісанага для цырымоніі музычнага трэка беларускага этна-гурта Vuraj.

Далей на экранах з'явіўся відэаролік, які пад радкі знакамітага верша Янкі Купалы «Спадчына», пагрузіў гледачоў у чароўны свет беларускага фальклору. Людзі ва ўсім свеце ўбачылі сакральныя фальклорныя сімвалы Беларусі, якія сустракаюцца ў многіх казках і легендах: Дуб, Крыніца і Камень. На стадыёне «Дынама» персанажы з народных паданняў і легенд быццам бы ажылі.

У адным з эпізодаў цырымоніі гаворка пайшла пра выбітных людзей дваццатага стагоддзя родам з Беларусі. Дзейнасць многіх з іх аб'ядноўвае тэма палёту. Палёт іх натхнення, думкі, эмацыйны і фізічны палёт як пераадоленне сілы прыцягнення. У відэароліку былі прадстаўлены Марк Шагал, Янка Купала, Валянцін Елізар'еў, Уладзімір Мулявін, Павел Сухі і іншыя.

У іншым эпізодзе прадстаўлены прыродны гонар Беларусі - Белавежская пушча. Таямнічасць лесу, дыханне прыроды. Ролік паказаў два свету - свет цывілізацыі і свет дзікай прыроды, якія сустракаюцца ў Белавежскай пушчы. Вачыма дзіцяці гледачы ўбачылі таямнічы танец зуброў.

Пратакольная частка з’яўляецца неад'емнай у любой падобнай цырымоніі. Сцяг Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў пад песню Дзімаш Кудайбергенава вынеслі героі беларускага спорту - Ала Цупер, Алена Бялова, Яніна Правалінская-Карольчык, Мікалай Казека, Аляксандр Раманькоў і Ігар Макараў. Клятвы аб сумленнай барацьбе прагучалі ад імя спартсменаў, трэнераў і суддзяў. Пасля чаго на арэне з'явілася сусветная зорка, оперная дзіва Ганна Нятрэбка.

Пасля ўрачыстай прамовы Аляксандра Лукашэнкі мільёны людзей убачылі канчатковы этап эстафеты агню «Полымя міру». Сінхронна з ўдарамі званоў сем факеланосцаў (Дар'я Домрачава, Надзея Скардзіна, Максім Мірны, Аляксей Грышын, Юлія Несцярэнка, Раман Петрушэнка і Дзмітрый Даўгалёнак) запалілі полымя сямі малых чаш, размешчаных перад імі. Кожны ўдар звана суправаджаў агністы імпульс, з сёмым ударам у чашы загарэлася Полымя міру.

Мільёны людзей, прайшоўшы разам праз усе дзеянні спектакля, здабылі легендарную папараць-кветку, якая сімвалізуе агульную мару аб пачатку свята спорту.

Лічбы цырымоніі адкрыцця

  • Было выкарыстана 300 тон абсталявання
  • 1000 светлавых галоў па 50-60 кг кожная
  • 150 тон сцэнічных канструкцый
  • 6 тон гукавога абсталявання
  • Агульная плошча экранных паверхняў - больш за 3000 м2
  • Больш за 1300 чалавек узялі ўдзел у цырымоніі (уключаючы адміністратараў і тэхнічную падтрымку)
  • Больш за 500 артыстаў
  • 700 валанцёраў
  • Больш за 1200 касцюмаў зрабілі для цырымоніі
  • Агульны час падрыхтоўкі цырымоніі - больш за 350 дзён
  • Мантаж дэкарацый і тэхнічнага абсталявання на стадыёне - 26 дзён
  • Дэмантаж - 12 гадзін
  • Хранаметраж цырымоніі адкрыцця - 2 гадзіны 42 хвілін.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як праходзіў ваенна-гістарычны фестываль «Мір-1812»

Як праходзіў ваенна-гістарычны фестываль «Мір-1812»

Трэці раз ваенна-гістарычны фестываль «Мір-1812» на два дні перанёс пасёлак больш чым на два стагоддзі назад. 

Грамадства

Ці заўсёды выгадна афармляць бальнічны

Ці заўсёды выгадна афармляць бальнічны

Сярод знаёмых у мяне ёсць шмат жанчын, якія звяртаюцца да ўрача пры любым занядужанні і пры кожнай магчымасці афармляюць бальнічны ліст. 

Культура

Чаму сучаснае беларускае кіно «невялікае»?

Чаму сучаснае беларускае кіно «невялікае»?

Пісьменнік і дысідэнт Андрэй Сіняўскі, калі расказваў пра ўтрыраваную дробязнасць савецкай «цывілізацыі», прывёў у прыклад аповесць Міхаіла

Грамадства

Беларусь і Расія зблізілі пазіцыі па праграме рэалізацыі дагавора аб Саюзнай дзяржаве

Беларусь і Расія зблізілі пазіцыі па праграме рэалізацыі дагавора аб Саюзнай дзяржаве

Аб гэтым заявіў старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч на сустрэчы са старшынёй Савета Федэрацыі Валянцінай Мацвіенка.