Вы тут

3,5 тысячы чалавек атрымліваюць у Беларусі сацыяльную пенсію


Якія перспектывы далейшага павышэння пенсій і магчымых навацый у сістэме пенсійнага забеспячэння? Ці бярэцца для разліку пенсіі дапамога па беспрацоўі? Калі будзе заключана пагадненне аб пенсійным забеспячэнні ў ЕАЭС?

На сайтах Міністэрства працы і сацыяльнай абароны і БелТА 19 чэрвеня прайшла анлайн-канферэнцыя па пытаннях пенсійнага забеспячэння. У ёй прынялі ўдзел намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Валерый КАВАЛЬКОЎ, начальнік галоўнага ўпраўлення пенсійнага забеспячэння Мінпрацы Наталля МУРАШКЕВІЧ і намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення пенсійнага забеспячэння Ларыса ЯШКОВА.


— Беларусы, якія не маюць права на працоўную пенсію праз недахоп стажу працы з выплатай узносаў, могуць атрымліваць толькі сацыяльную пенсію. Гэта каля 110 рублёў. Колькі чалавек у нашай краіне атрымліваюць сацыяльную пенсію? І ці плануе Мінпрацы распачаць якія-небудзь дзеянні, каб скараціць іх колькасць?

Валерый Кавалькоў:

— Такіх пенсіянераў 3,5 тысячы чалавек. У цэлым памер пенсій залежыць ад працягласці працоўнага стажу і ўзроўню заробку, з якога выплачаны страхавыя ўзносы. Гэта значыць, аб'ём удзелу грамадзяніна на легальным рынку працы вызначае яго будучае пенсійнае забеспячэнне. Міністэрства прымае шэраг мер па стымуляванні легальнай працоўнай дзейнасці. Гэта, у прыватнасці, садзейнічанне ў працаўладкаванні, вядзенне агульнарэспубліканскага банка вакансій, інфармаванне пра важнасць выплаты страхавых узносаў і г. д.

— Калі будзе скарочаны страхавы стаж для маці чацвярых дзяцей? Таксама раней паведамлялася, што ў Беларусі могуць перагледзець выплату дапамог сем'ям, у якіх выхоўваецца дзіця-інвалід, то-бок працягнуць выплату дапамогі на іншых дзяцей, старэйшых за тры гады, пасля дасягнення дзіцем-інвалідам 18 гадоў. Калі маюць намер прыняць гэтыя змены?

Валерый Кавалькоў:

— Такія меры абмяркоўваюцца, але рашэнне па іх пакуль не прынята.

— Ці бярэцца для разліку пенсіі дапамога па беспрацоўі?

Наталля Мурашкевіч:

— Перыяд атрымання дапамогі па беспрацоўі ўключаецца ў агульны стаж для прызначэння пенсіі, але працягласцю не больш за шэсць месяцаў. У разліку заробку гэты перыяд улічваецца ў памеры 40 працэнтаў сярэдняй заработнай платы работнікаў за адпаведныя месяцы.

— Палата прадстаўнікоў рыхтуе да ратыфікацыі беларуска-эстонскі дагавор аб сацыяльным забеспячэнні. А з якімі дзяржавамі ў Беларусі ўжо дзейнічаюць адпаведныя дагаворы?

Наталля Мурашкевіч:

— Сёння ў краіне дзейнічаюць дагаворы, заснаваныя на прапарцыйным прынцыпе (калі дзяржава плаціць пенсію за стаж, набыты на яе тэрыторыі), з Расіяй, Латвіяй, Літвой і Азербайджанам. На такім жа прынцыпе ў 2018—2019 гадах Беларусь падпісала дагаворы аб сацыяльным (пенсійным) забеспячэнні з Чэхіяй, Эстоніяй і Польшчай. Гэтыя дагаворы набудуць сілу пасля завяршэння ў дзяржавах працэдур іх ратыфікацыі. Акрамя таго, у цяперашні час з экспертамі гэтых краін вядзецца работа над праектамі адміністрацыйных пагадненняў аб прымяненні гэтых дагавораў.

— Зараз пенсійныя сістэмы ў дзяржавах ЕАЭС працуюць па-рознаму. Але не так даўно ЕЭК рабіла заяву, што пагадненне аб пенсійным забеспячэнні ў Еўразійскім эканамічным саюзе (якім прадугледжана галоўнае — пры разліку пенсій будзе залічвацца стаж працы на тэрыторыі ўсіх дзяржаў ЕАЭС) плануецца заключыць ужо ў 2019 годзе. Наколькі гэта рэальная перспектыва?

Наталля Мурашкевіч:

— У цяперашні час у Беларусі праводзяцца ўнутрыдзяржаўныя працэдуры, неабходныя для падпісання Пагаднення аб пенсійным забеспячэнні работнікаў дзяржаў — членаў ЕАЭС. Тэрміны падпісання Пагаднення будуць залежаць ад завяршэння гэтых працэдур ва ўсіх дзяржавах — членах ЕАЭС. Паводле Пагаднення, пенсія будзе прызначацца кожнай дзяржавай за свой стаж пасля ўступлення яго ў сілу.

— Ці прапрацоўваюцца ў Мінпрацы прапановы аб новым павышэнні пенсійнага ўзросту ў Беларусі? Калі так, то якія варыянты разглядаюцца?

Валерый Кавалькоў:

— Павышэнне пенсійнага ўзросту пачата зусім нядаўна, з 2017 года. Таму давайце пакуль дачакаемся вынікаў.

Ці плануецца адмяніць узносы ў ФСАН для пенсіянераў, якія працуюць?

— У Беларусі трэба адмяніць узносы ў ФСАН для пенсіянераў, якія працуюць, з такой прапановай выступілі летась работнікі «Беларуськалію» на сустрэчы з кіраўніком Адміністрацыі Прэзідэнта Наталляй Качанавай. Яна абяцала даць адказ пасля таго, як гэтае пытанне разгледзяць і прапрацуюць са спецыялістамі Мінпрацы. Ці разглядалі ў Мінпрацы гэтае пытанне? І ці можна разлічваць (і калі), што ў Беларусі адменяць узносы ў ФСАН для пенсіянераў, якія працуюць?

Наталля Мурашкевіч:

— Гэтае пытанне хацелася б разгледзець крыху ў іншай плоскасці. Менавіта выплата асобай, якая дасягнула агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту, у перыяд работы ўзносу ў памеры аднаго працэнта індывідуальнага заробку дазваляе, адмовіўшыся ад атрымання пенсіі, істотна павялічыць яе памер у далейшым — за пяць гадоў такой работы ў 1,7 раза. Пры гэтым адзначу, што сярэдні перыяд атрымання пенсіі ў мужчын набліжаецца да 17 гадоў, у жанчын — перавышае 26.

— З гэтага года паводле Указа № 500 «Аб дзяржаўным сацыяльным страхаванні» фізічныя асобы, якія ажыццяўляюць непрадпрымальніцкую дзейнасць, могуць уносіць узносы ў ФСАН на добраахвотнай аснове. Ці шмат такіх плацельшчыкаў сёння?

Валерый Кавалькоў:

— Па стане на 19 чэрвеня на ўліку ў якасці плацельшчыкаў абавязковых страхавых узносаў у органах Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва маецца 140 фізічных асоб, якія ажыццяўляюць дзейнасць, што не адносіцца да прадпрымальніцкай. Найбольшая колькасць прыпадае на тых, хто аказвае паслугі рэпетытарства, цырульніцкія і касметычныя паслугі, а таксама паслугі па манікюры і педыкюры; ажыццяўляе тынкальныя, малярныя работы, работу па ўладкаванні пакрыццяў падлог і абліцоўцы сцен, абклейванні сцен шпалерамі, мураванні (рамонце) печаў і камінаў.

— Ці будзе дасягнуты сёлета паказчык суадносін памеру сярэдняй пенсіі да сярэдняй зарплаты ў 40 працэнтаў, які яго ўзровень цяпер? Ці магчыма сёлета, як і летась, павышэнне пенсіі?

Валерый Кавалькоў:

— Адной з асноўных задач, якія стаяць перад нашым міністэрствам, з'яўляецца давядзенне суадносін сярэдняй пенсіі па ўзросце і сярэдняй заработнай платы да ўзроўню 40 працэнтаў. У студзені — красавіку 2019 года гэтыя суадносіны склалі 38,3 працэнта. З мая гэтага года праведзены пераразлік працоўных пенсій. У выніку сярэдні памер пенсіі па ўзросце павялічыўся на 6,3 працэнта. Што датычыцца пераразліку пенсій, параметры і тэрміны яго правядзення будуць залежаць ад сцэнарыя развіцця эканомікі.

— У канцы 2018 года кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на тое, што за шэсць гадоў дэфіцыт Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва вырас у дзевяць разоў. Недахоп сродкаў у фондзе стабільна складае прыблізна 10 %. У 2018 годзе недахоп сродкаў у ФСАН таксама быў на ўзроўні 10 %? З чым звязаны дэфіцыт сродкаў? І як можна вырашыць праблему?

Валерый Кавалькоў:

— Па выніках работы за 2018 год бюджэт фонду выкананы з прафіцытам у суме 315 мільёнаў рублёў. Сродкі рэспубліканскага бюджэту для збалансавання бюджэту фонду, гэта значыць на фінансаванне працоўных пенсій і дапамог, не прыцягваліся. Былі прыцягнутыя субвенцыі рэспубліканскага бюджэту ў аб'ёме 779,6 мільёна рублёў для фінансавання фондам нестрахавых выплат, якія ў адпаведнасці з заканадаўствам павінны фінансавацца за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту.

У бягучым годзе таксама чакаецца бездэфіцытнае выкананне бюджэту фонду. Па выніках працы за студзень — май прафіцыт бюджэту фонду склаў 78,3 мільёна рублёў. Пры гэтым таксама прадугледжаны субвенцыі рэспубліканскага бюджэту на фінансаванне нестрахавых выплат у аб'ёме
846 мільёнаў рублёў.

Падрыхтавала Святлана БУСЬКО

Выбар рэдакцыі

Палітыка

На пасяджэнні ЦВК зарэгістраваны 56 членаў Савета Рэспублікі сёмага склікання

На пасяджэнні ЦВК зарэгістраваны 56 членаў Савета Рэспублікі сёмага склікання

Выбары прайшлі ў прыўзнятай атмасферы, дастойна і з яркімі выступленнямі.

Культура

У Беларусі будзе стварацца археалагічная карта

У Беларусі будзе стварацца археалагічная карта

Калі Скарына прыехаў у Кракаў, і як выглядаў малы Рагвалодавіч.

Грамадства

Як застацца людзьмі пасля разводу

Як застацца людзьмі пасля разводу

Можа дапамагчы медыятар.