Вы тут

Месцы ёсць — з дурною славай, Ды «разумным» — абы сплаваць...


Мусіць, яшчэ раз: год дзеліцца на дзве паловы — падчас першай мы чакаем Каляд, падчас другой — лета. У сярэдзіне красавіка, калі выйшаў чарговы конкурсны здымак (гл. нумар «Звязды» за 17.04.) да яго, здавалася, яшчэ далёка было, але ж... Калі


Уладальнікі машын

«Носяцца» з заменай шын,

Ці з гумовікаў на кеды

Пераходзяць непаседы,

Гэта — добрыя прыкметы:

Аджываем! Заўтра лета!

«Абяцаў» яго спадар Валерый Гаўрыш з Чавус і, вядома ж, не без падстаў — меў рацыю. Як, дарэчы, і многія нашы чытачы: і ў кадры, і па-за кадрам чаго яны толькі не ўбачылі! Апроч (можна яшчэ раз глянуць на здымак)... чалавека. Яго і сапраўды там няма.

Куды падзеўся, здагадак шмат. Паводле спадарыні Валянціны Гудачковай з Жыткавіч:

Каля лесу, каля саду

Ясь сустрэў такую бабу,

Што... «забіў» на канюшыну —

Кінуў боты і машыну...

Дзе Яніна?

Ясь той дзе?

Прачытаеце ў «Звяздзе».

З «падачы» спадара Мікалая Касмачэўскага з Наваполацка:

У працоўны час Мікіта

На прыроду вывез «світу»:

Нехта смажыць шашлычкі,

Нехта з вудай ля ракі,

Хтось падаўся у грыбы,

Хто — удваіх — яшчэ куды...

А ў Мікіты — нуль турботаў:

Спіць хлапец

і сушыць боты.

Навідавоку яны, а вось сам «сушыльшчык»? Можа, у кусты дзе залёг? Ці за аўтобус?

А можа, і зусім не лёг — не спіць? Можа, пайшоў прыгоды шукаць — на сваю галаву (сёння, на жаль, гэта як бы «ў модзе»):

Месцы ёсць —

з дурною славай,

Ды «разумным» —

абы сплаваць...

Ну, а вы — шукайце потым

Па машыне ці па ботах.

Піша так спадарыня Любоў Чыгрынава з Мінска. Ад яе ж — праўдзівая гісторыя. Гадоў з 25 таму адзін з яе знаёмых уладкаваўся працаваць на прыватніка — прадукты па вёсках развозіць: нешта трохі таннейшае, свяжэйшае, смачнейшае... А таму ўсім добра было: і вяскоўцам, і прыватніку, і шафёру-прадаўцу... Аж пакуль не разнеслася чутка, што прапаў ён — разам з машынай, з таварам.

Часы тады ліхія былі, неспакойныя. Людзі думалі, што аграбілі чалавека і самога альбо забілі, альбо ўтапілі... Можна ўявіць, што сям'я перажыла... Але ж недзе праз тыдзень новыя чуткі з'явіліся — ужо вясёлыя: жывы-здаровенькі той чалавеча! Проста заехаў з таварам да адной хутаранкі і галаву там згубіў...

Што, вядома ж, здараецца (калі на шчасце, калі на бяду), а таму не дзіва, што знаходзіць адлюстраванне — у прозе, у вершах... Паводле спадарыні Чыгрынавай,

Каб хоць ночку

Прабавіць з табой,

Хлопец гатовы —

У вір галавой...

Трапяць у сэрца

Стрэлы Амура —

У пекла, здаецца,

Скочыў бы здуру.

Што праўда, тое праўда, бо з пекла не вяртаюцца, а вось з віру — кіроўца вынырнуў. Маці, жонцы і сыну такая радасць была... Хоць і з лыжкай дзёгцю, бо работадаўца не дараваў: папрасіў кампенсацыі за сапсаваныя прадукты, прастой машыны, страчаны прыбытак...

Во які доўгі расказ! Ёсць у спадарыні Чыгрынавай і кароткая версія:

На сем ночак Янка

Збочыў да каханкі.

(А сям'я ж — адразу —

Выклік вадалазам...)

Ля ракі-палонкі

Галасіла жонка...

Ды й затым нудзіцца —

Штраф — не разлічыцца!

То-бок праўду кажуць, што калі б у чалавека была мажлівасць надаваць па вядомым месцы таму, хто вінаваты ў большасці яго памылак, то сядзець — дакладна — з тыдзень не змог бы...

«І няхай!» — упэўнена спадарыня Наталля Шкут з вёскі Прудок Светлагорскага раёна, бо заслужыў:

«Бус» нічыйны,

цёмны лес...

І такія ж боты...

Валанцёрам, МНС

Шмат было работы.

Але ж, згадзіцеся, добра ўсё, што добра канчаецца, бо (як лічыць сямікласніца СШ № 3
г. Вілейкі Карына Цануніна
) магло б і значна горш:

Кіроўца, едучы з работы,

Пад прыдарожныя кусты

Адкінуў гумавыя боты,

А мог — крый Божа — капыты.

Ад чаго? Рытарычнае пытанне, але ж... Ад цяжкай працы, ад дрэннага надвор'я (не трэба наракаць на сіноптыкаў: яны не памыляюцца... Проста блытаюць даты і месцы), ад хвароб, ад...

«Многае ў нашым жыцці можна растлумачыць з дапамогай хімічных формул, — нагадвае спадар Мікалай Старых з Гомеля, — з іх жа дапамогай напісаць... якую-небудзь гісторыю і нават зрыфмаваць:

Боты, што купіў Пятро,

Прапускаюць «аш два о».

А калі прамочыш ногі,

Няма лепшай дапамогі,

Чым «цэ два аш пяць о аш».

Ды кіроўца — не алкаш.

І ДАІ «пасе» дарогі...

Значыць, трэба церці ногі.

Усе чытачы і яшчэ са школы, — на ўсякі выпадак нагадвае шаноўны Мікалай Валянцінавіч, — пэўна ж, помняць: «аш два о» — вада, а «цэ два аш пяць о аш» — этанол, асноўны кампанент алкагольных напояў».

На здымку іх, праўда, няма — нават паху...

Абвостранае чуццё ў спадарыні Чыгрынавай:

— Ты, вятрыска, раскажы,

Дзе і з кім нашы мужы?

— Ды пілі гарэлку, піва...

Як заўсёды не хапіла...

Па дабаўку

па Віллі ́

Дружна ў краму паплылі,

І занесла малайцоў

Проста ў лапы пагранцоў.

А магло, згадзіцеся, і да эколагаў, бо

Дужа гожы бераг Сожа!

Вочы радаваў лужок...

І навошта ж ты, нябожа,

«Бус» да рэчкі «прывалок»?

Лепш да мыйні б падагнаў —

Бяды-горачка не знаў:

За рублі аўто памыў —

Штраф нікому б не плаціў.

Пра яго ж анекдот: да дзяжурнага даішніка дзеці падбеглі — пацягнулі на суседнюю вуліцу, бо там, маўляў, такое... «Аварыя? Наезд? «Хуткую» выклікаць? — на хаду пытаецца даішнік. — «Не, — адказваюць малыя. — Там наш фізік машыну няправільна прыпаркаваў!»

Тутэйшыя дзеткі...

Пра іх жа спадар Віктар Сабалеўскі з Узды:

Са сталіцы

ўнукі ў госці

Завіталі да бабулі.

Захацелася чагосьці,

Хоць... мядзведжае цыбулі.

Доўга ў лесе пры балоце

Чарамшы шукалі:

Не было смакоцця ў роце

Й боты пагублялі.

Добра, што хоць самі дадому прыйшлі — трэба разумець, жывыя-здаровыя, бо (паводле сужэнцаў Астроўскіх з Мінска) — дасведчаныя. І не толькі ў правілах паркоўкі:

Недзе ў лесе ля шашы

Хлопцы сталі адпачыць,

І сушыцца нехта ўдумаў,

Бо «адпарыў» ногі ў гуме.

...Калі ўперадзе дарогі,

Беражыце свае ногі!

І, вядома ж, сябе — любіменькіх:

Цягне часам апынуцца

Летам на прыродзе.

Трэба толькі апрануцца

Па адметнай модзе:

Каб пабыць у лесе зноў

І не мець турботы

Ад гадзюк і ад кляшчоў,

Абувайце боты!

Дарэчы, вось гэтыя, са здымка, сужэнцам Астроўскім нагадалі мінулае, прычым — вельмі даўняе:

У 45-м, шмат пазней

Выручала гума,

І хадзіў сярод людзей

Чарнаваты гумар:

Многа маючы «шчадрот»

Людзі так спявалі:

За гумовік, зручны бот,

Дзякуй, бацька Сталін!

За адзін (напрыклад, правы) дзякуй з Мінска, за другі...

(Анекдот дарэчы. Мужчына забірае боты з рамонту. «З вас 10 рублёў», — просяць у майстэрні. «А чаму? — не разумее кліент. — Вы ж казалі, што 20...» — «А мы адзін бот згубілі»...)

Спадар Іван Сіманёнак з Пастаў свае гумовыя ў рамонт не здаваў, а таму насіў іх парамі. І ваду выліваў не аднойчы. Так што сюжэт са здымка яму да болю знаёмы. «Адзінае, як прызнаецца, — балоты бываюць розныя: калі на верхавым, разгарнуўшы сфагнум, можна смагу наталіць-напіцца, то на нізінным няйначай чэрці водзяцца. А калі да іх яшчэ і бабры...

Працэнтаў на дзесяць нашы лясы падтоплены менавіта гэтымі браканьерамі, — сцвярджае спадар Іван. — Яны перакрываюць сваімі плацінамі ўсе магчымыя каналы і ручаіны, а ў берагах выкопваюць столькі падземных хадоў і нор...»

Зноў жа даслоўна: «Уваліцца туды (а ўжо ў холад і знянацку...) — не пажадаю нікому, бо тады не толькі ў боты набярэш, але і порткі змочыш. А калі дадаць, што ў баброў іх вадаём — іх жа прыбіральня, то можна ўявіць і «водар».

Адкуль:

У нізінах «пастак» шмат —

Вязкіх, нечаканых,

Але ж горай, брат, няма

За бабровы ямы.

Як правалішся туды,

Як зачэрпнеш ботам,

Дык запомніш назаўжды

Цяжкі дух балота, —

сцвярджае, заўважым, той, хто гэта ведае. Хто пакуль што не...

«Шмат што робіцца сёння для развіцця турызму, — піша спадар Валерый Гаўрыш з Чавус. — Адкрываюцца пункты пракату спартыўнага інвентару, распрацоўваюцца новыя маршруты — і пешыя, і вела-, і аўтамабільныя, карыстаюцца попытам паслугі аграсядзіб».

Гаспадар вось гэтай, са здымка (яна, паводле спадара Гаўрыша, проста «не ў кадры») даўно прымае турыстаў:

Для аматараў вандроўкі

У лесе зладжаны пракат:

Малады і вельмі лоўкі —

Калі ласка — самакат.

Не праходзяць сёння міма

І аматары экстрыму:

Да паслуг — анучы, боты...

І з жардзінай... У балоты...

Ну чаму б і не, калі хочаш вострых адчуванняў, а гор паблізу няма: хлопца ў багну цягні — рызыкні, тым больш зараз, калі (на думку спадарыні Гудачковай)

Горад цісне, аж нудзіць?

Дык гайда на волю:

Шчасце босым пахадзіць

Па лужку, па полю!

А калі да гэтага яшчэ і дома ўсё пароблена, калі там, як у спадара Сабалеўскага, іншых клопатаў няма... Ну сапраўды:

Абагнаўшы бульбу,

Пасадзіўшы грады,

Несумненна буду

Адпачынку рады!

У лясную зону

Уцяку па шчасце,

Стану рабінзонам

Пятніцу шукаці!

Шанцаў знайсці — больш чым дастаткова: усё лета, можна сказаць, наперадзе!

Дарэчы. У аднаго іспанца, які ў Мінск пераехаў, спыталі, што яму тут не падабаецца. Коратка сказаў: «Клімат». — «Але ж у нас таксама бывае лета», — запярэчыла яму жанчына. «Я не заўважыў», — прызнаўся замежнік.

Адкуль пажаданне: калі ласка, не паўтарайце яго памылкі, пастарайцеся атрымаць асалоду — ад спеваў салаўя, ад кветак і красак, ягад-грыбоў, першых яблыкаў-груш, цёплага ветру, вады... Бо лета, як пяецца ў вядомай песні, «это маленькая жизнь». (Яно ж, паводле анекдота, не тады, калі цёпла, а тады, калі водпуск і грошы.)

Зрэшты, з кропкай у гэтым аглядзе, мы, здаецца, паспяшаліся: не назвалі аўтараў найлепшых радкоў да папярэдняга здымка. На ім, нагадаем, быў малады чалавек з дзвюма чорнымі свінкамі.

Дык вось найлепшыя радкі пра іх, на думку вялікага чытацкага журы, склалі спадары Мікалай Старых з Гомеля, Іван Сіманёнак з Пастаў, Валерый Гаўрыш з Чавус, Мікалай Касмачэўскі з Наваполацка, спадарыні Гудачкова з Жыткавіч, Карына Цануніна з Вілейкі і Іна Алісевіч...

Вось з гэтым, апошнім, меркаваннем пагадзілася і журы маленькае рэдакцыйнае, таму прыз у выглядзе падпіскі на дарагую сэрцам «Звязду» на трэці квартал бягучага года накіроўваецца на Уздзеншчыну. Вы таксама хацелі б пяць разоў на тыдзень атрымліваць «родную газету на роднай мове»? Тады варыянтаў два: першы — аформіць падпіску, другі — уважліва паглядзець на новы конкурсны здымак, прыдумаць кароткі (не больш за восем радкоў) подпіс (а можна — некалькі) і даслаць у рэдакцыю. Шанс на выйгрыш мае кожны. Пішыце!

Валянціна ДОЎНАР

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Ад іх жа шчырыя прабачэнні ўсім, чые радкі не прайшлі строгага конкурснага адбору — гэтым разам...

Будзем чакаць наступнага

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Куды звяртацца, калі грамадзяніну затрымліваюць зарплату?

Куды звяртацца, калі грамадзяніну затрымліваюць зарплату?

Адказ на гэта і іншыя пытанні — у гутарцы з Дзмітрыем Шаўчуком.

Эканоміка

Чаму не варта спадзявацца на «шэрую» зарплату?

Чаму не варта спадзявацца на «шэрую» зарплату?

Будаўніку заплацілі менш, чым дамаўляліся вусна.

Культура

Галоўны рэдактар часопіса «Маладосць» распавядае пра новую стратэгію выдання

Галоўны рэдактар часопіса «Маладосць» распавядае пра новую стратэгію выдання

З пачаткам новай падпісной кампаніі ў «Маладосці» з'явіўся новы «прамоўшан»: цяпер гэта «больш чым часопіс».