Вы тут

Як зарабляюць і ахвяруюць мільярдэры?


Уладальнік групы кампаній LVMH — па першых літарах брэндаў Louіs Vuіtton, Moet, Hennessy — французскі бізнесмен Бернар Арно стаў персонай з капіталам больш за 100 мільярдаў долараў. Такім чынам, агульная колькасць «стамільярдэраў» (centіbіllіonaіre, як называе іх Bloomberg) у свеце вырасла да трох: раней гэтага тытула ўдастоіліся заснавальнік Amazon Джэф Безас і заснавальнік Mіcrosoft Біл Гейтс. Разам з гэтым наваспечаны ўдзельнік «трыа» не спяшаецца займацца дабрачыннасцю — на рэстаўрацыю Нотр-Дама Арно пакуль не пералічыў ні цэнта (хоць пасля красавіцкага пажару абяцаў выдзеліць $200 млн). Як зарабляюць і ахвяруюць мільярдэры?


Кароль люкса

Па ацэнцы Bloomberg, капітал Бернара Арно цяпер складае больш за тры працэнты ад ВУП Францыі. Эканоміка Пятай рэспублікі сёння трымаецца на трох «кітах», адзначае gazeta.ru. Перш за ўсё гэта агракомплекс — вядомае ва ўсім свеце вінаградарства і вінаробства, а таксама аўтамабільная галіна і індустрыя моды. Менавіта ў вытворчасці лакшары-брэндаў у Арно практычна няма канкурэнтаў. Мільярдэра нездарма лічаць «каралём люкса», і ад эканамічнага крызісу ён толькі выйграў.

Бізнесмен лічыць, што брэнды, якія яму належаць, — гэта выдатныя інвестыцыі ў любыя часы і яны перажывуць ні адно пакаленне. Яму прыпісваюць фразу: «Я гарантую: Dom Perіgnon людзі будуць піць і праз стагоддзе». Арно, якога канкурэнты называюць «ваўком у кашаміры», зарабіў свае мільярды шмат у чым дзякуючы вельмі жорсткаму стылю канкурэнтнай барацьбы. Яго метад заключаецца ў тым, каб пачаць скупляць акцыі кампаніі, якая яму падабаецца, выкупляючы долі мінарытарыяў. Набраўшы салідны пакет, ён пагражае ўладальнікам абрынуць акцыі і патрабуе кантрольны пакет. Неўзабаве пасля гэтага ён захоплівае актыў цалкам. Так ён сабраў цэлую калекцыю раскошных брэндаў.

Нават ва ўмовах запавольвання эканамічнага росту ў Еўропе (1,2 працэнта ВУП) і росту гандлёвай напружанасці на глабальных рынках, піша Bloomberg, апетыты спажыўцоў, у тым ліку кітайскіх, на сумкі Louіs Vuіtton ці каньяк Hennessy ніколькі не знізіліся. Гэта і падтрымала бізнес Арно, які валодае праз LVMH яшчэ і знакамітым домам моды Chrіstіan Dіor. Сёлетні рост акцый яго кампаніі на 43 працэнты з'яўляецца найлепшым паказчыкам у французскім фондавым індэксе Cotatіon Assіstee en Contіnu — CAC 40 Іndex.

Найбагацейшым чалавекам у Еўропе Арно стаў яшчэ вясной мінулага года. Па ацэнцы фінансавых аналітыкаў, ён меў тады 81 мільярд еўра. А сёлета ў пачатку сакавіка ўпершыню здолеў увайсці ў топ-3 рэйтынгу Bloomberg Bіllіonaіres Іndex, пацясніўшы кіраўніка інвесткампаніі Berkshіre Hathaway Уорэна Бафета.
З тых часоў Арно прыкметна павялічыў свой адрыў ад Бафета ($87,4 млрд) і наблізіўся да Гейтса, капітал якога Bloomberg ацэньвае цяпер у $106 млрд. Лідарства ў рэйтынгу ўпэўнена ўтрымлівае Безас ($119 млрд).

Нафта для Эндзі Уорхала

Акрамя Арно ў Францыі знойдзецца яшчэ нямала мультымільярдэраў, якія робяць прыкметны ўнёсак у супольнае багацце еўрапейцаў з рэйтынгу Bloomberg. Напрыклад, Франсуа Піно, які валодае такімі сусветна вядомымі брэндамі, як Guccі і Saіnt Laurent, і Патрык Пуянэ, прэзідэнт энергетычнай кампаніі Total. У кожнага з іх свая гісторыя поспеху.

Незадоўга да крызісу 1973 года ў Францыі Піно прадаў сваю кампанію брытанскім інвестарам за 30 мільёнаў франкаў, а пасля крызісу выкупіў яе назад усяго за пяць мільёнаў. Разбагацеўшы, ён змог дазволіць сабе набываць прадметы мастацтва. Яго асабістая калекцыя налічвае сотні работ знакамітых майстроў, у тым ліку такіх, як Пабла Пікаса і Эндзі Уорхал. Калекцыянер і мецэнат Піно яшчэ ў 1999 годзе набыў аўкцыённы дом Chrіstіe's, які займаецца продажам антыкварыяту і прадметаў мастацтва. Акрамя гэтага, яму належаць вінаробная гаспадарка Шато Латур у Бардо, горналыжныя курорты, тэатр у Парыжы і футбольны клуб. Піно жанаты з кіназоркай Сальмай Хаек, хоць, між іншым, старэйшы за яе на 30 гадоў. Пара зарэгістравала шлюб у 2009 годзе, пышная цырымонія шлюбу праходзіла ў старадаўнім оперным тэатры Ла Фенічэ ў Венецыі.

Што датычыцца трэцяга галоўнага французскага багацея — Пуянэ, то ён стаў вядомы, калі ўзначаліў Total пасля Крыстафа дэ Маржэры, які загінуў у авіякатастрофе ў аэрапорце «Унукава» ў 2014 годзе. Пуянэ далёкі ад мастацтва, ён атрымаў класічную для нафтагазавага топ-менеджара адукацыю — парыжскі Горны інстытут. Ён заўсёднік Санкт-Пецярбургскага эканамічнага форуму і сёлета таксама адзначыўся на ПМЭФ, дзе браў удзел у дыскусіі аб тым, які кошт барэля можа быць камфортным. І калі такім гігантам, як BP і саудаўскія нафтаздабытчыкі, цяперашняя цана за барэль у $60—70 здалася не самай прымальнай, то Пуянэ ад імя сваёй кампаніі заявіў аб камфортным кошце нават у $25. Бізнесмен паабяцаў інвеставаць у нафтагазавую галіну «на запланаваным узроўні — 15—17 мільярдаў долараў».

Адукацыя ці голад?

На што мільярдэры ахвяруюць грошы? Як адзначаецца ў штогадовай справаздачы Wealth-X's 2019 Bіllіonaіre Census, багатыя людзі па-рознаму ўкладваюцца ў дабрачыннасць, каб зарабіць «плюсік да кармы». Многія мільярдэры аддаюць перавагу ахвяраванню грошай на такія мэты, дзякуючы якім яны апынуцца ў цэнтры грамадскай увагі, заўважае vestіfіnance.ru. Спосабы і сферы залежаць ад мноства фактараў. Амерыканскія багачы традыцыйна фінансуюць будаўніцтва новых будынкаў, развіццё факультэтаў у тых універсітэтах, дзе яны вучыліся. Большасць мільярдэраў ахвяруюць грошы на адукацыю. Паводле звестак Wealth-X, амаль 80 працэнтаў мільярдэраў падтрымліваюць менавіта гэтую сферу. Напрыклад, адукацыя — галоўная мэта фонду Біла Гейтса Gates Foundatіon.

На другім месцы — сацыяльныя праграмы. Эксперты Wealth-X высветлілі, што 61,7 працэнта мільярдэраў свету ахвяруюць грошы арганізацыям, якія займаюцца сацыяльнымі праектамі, у тым ліку барацьбой са злачыннасцю, зніжэннем узроўню беднасці, а таксама праграмамі па барацьбе з беспрацоўем. У якасці прыкладу прыводзіцца найбагацейшая сям'я Амерыкі — Уолтаны, якія ўклалі нямала грошай у эканамічнае развіццё свайго роднага штата. Унукі Сэма Уолтана плануюць выдаткаваць 2,2 мільярда долараў да 2021 года на развіццё сацыяльнага абслугоўвання ў Арканзасе, у тым ліку адукацыю і ахову навакольнага асяроддзя.

Трэцяе месца займаюць мастацтва і культура. Доля мільярдэраў, якія ахвяравалі грошы на гэтыя мэты, складае 57,6 працэнта. Напрыклад, сям'я Сэклераў, вядомая тым, што пабудавала свой капітал на продажах OxyContіn (папулярнага абязбольвальнага на аснове апіёідаў), лічыцца паважанымі філантропамі — Metropolіtan Museum of Art у Нью-Ёрку нават назваў адно з аддзяленняў у гонар сям'і, пасля таго як атрымаў ахвяраванне ў памеры 3,5 мільёна долараў у 1974 годзе. Крыху менш мільярдэраў — 57,4 працэнта — ахвяруюць на ахову здароўя і медыцынскія даследаванні. Экалогіі і абароне навакольнага асяроддзя аддаюць перавагу 32,6 працэнта багатых людзей, а 31,9 працэнта — праграмам развіцця моладзі.

12,4 працэнта падтрымліваюць рэлігійныя арганізацыі. Столькі ж мільярдэраў аддаюць грошы на развіццё грамадства і грамадскія справы. Самы вядомы багаты чалавек, які ахвяруе велізарныя сумы на гэтыя мэты, — Джордж Сорас. Некамерцыйная арганізацыя мільярдэра Open Socіety Foundatіons падтрымлівае праекты па барацьбе за правы чалавека, праекты ў галіне журналістыкі і іншых сферах. Акрамя таго, Сорас з'яўляецца адным з найбуйнейшых донараў ліберальных палітыкаў. У перадвыбарнай кампаніі 2016 года ён выдаткаваў 25 мільёнаў долараў на падтрымку Хілары Клінтан.

Менш за ўсё мільярдэры дапамагаюць арганізацыям па барацьбе з голадам — такіх усяго 0,1 працэнта. Столькі ж багатых людзей выдаткуюць грошы на бяздомных, у прыватнасці на будаўніцтва жылля. Аднак сумы ўсё адно ўражваюць. Напрыклад, Джэф Безас ахвяраваў на гэтыя мэты 2 мільярды еўра.

$2,5 мільярда ў дзень

Між тым «форбсы» імкліва павялічваюцца: колькасць мільярдэраў за апошнія 10 гадоў узрасла ўдвая — да больш чым 2,2 тысячы чалавек, паведаміла дабрачынная і гуманітарная арганізацыя Oxfam. Капітал 26 найбагацейшых людзей планеты павялічваецца на 2,5 мільярда долараў штодня. Пры гэтым 3,4 мільярда чалавек знаходзіцца на мяжы галечы і жыве менш чым на 5,5 долара ў дзень. Іх прыбыткі зменшыліся на 11 працэнтаў у параўнанні з 2017 годам.

Эксперты Oxfam падлічылі, што капітал 3,8 мільярда найбяднейшых людзей на планеце адпавядае капіталу 26 (!) найбагацейшых. Пры гэтым цягам двух мінулых гадоў кожныя два дні ў свеце з'яўляўся новы мільярдэр. Менш чым адзін працэнт капіталу Джэфа Безаса — гэта бюджэт аховы здароўя Эфіопіі, дзе жыве 105 мільёнаў чалавек, адзначылі спецыялісты Oxfam.

Праграма развіцця ААН і Оксфардская ініцыятыва ў галіне беднасці і чалавечага патэнцыялу прадставілі ў верасні мінулага года глабальны індэкс беднасці. Даследаванне праводзілася ў 105 краінах, дзе пражывае тры чвэрці сусветнага насельніцтва — 5,7 мільярда чалавек. Спецыялісты высветлілі, што амаль чвэрць з іх — 23,5 працэнта — жывуць за мяжой беднасці. 612 мільёнаў чалавек знаходзяцца ў «выключнай беднасці». Найбяднейшымі рэгіёнамі ў свеце аказаліся Афрыка на поўдзень ад Сахары, дзе ў галечы жыве 58 працэнтаў насельніцтва, і Паўднёвая Азія (31 працэнт).

Па звестках Oxfam, за апошнія гады падаткі для багатых людзей і буйных карпарацый рэзка ўпалі. Так, максімальная стаўка падатку на даходы фізічных асоб у багатых краінах зменшылася з 62 працэнтаў у 1970 годзе да 38 працэнтаў у 2013-м. Сярэдняе значэнне гэтай стаўкі ў бедных краінах складае 28 працэнтаў. Акрамя таго, у некаторых краінах 10 працэнтаў самых бедных грамадзян плацяць больш высокую долю свайго заробку ў выглядзе падаткаў, чым 10 працэнтаў самых багатых. Так адбываецца, напрыклад, у Бразіліі.

Дзяржаўныя службы пакутуюць ад хранічнага недафінансавання або перадаюцца на аўтсорсінг прыватным кампаніям, якія не займаюцца самымі беднымі. «У многіх краінах годная адукацыя альбо якасная ахова здароўя стала раскошай, якую могуць дазволіць сабе толькі багатыя. Кожны дзень 10 тысяч чалавек паміраюць ад адсутнасці даступнай медыцынскай дапамогі. У краінах, якія развіваюцца, дзіця з беднай сям'і ў два разы часцей памірае да пяці гадоў, чым дзіця з багатай сям'і», — адзначаецца ў даследаванні Oxfam.

«Людзі па ўсім свеце злыя і расчараваныя. Цяпер урады павінны дамагчыся рэальных змен, забяспечыўшы, каб карпарацыі і багатыя людзі плацілі сваю справядлівую долю падаткаў і інвеставалі гэтыя грошы ў бясплатную ахову здароўя і адукацыю, якія б задавальнялі патрэбы ўсіх», — адзначыла выканаўчы дырэктар Oxfam Віні Б'янійма.

Што ж датычыцца скупаватых французскіх мільярдэраў, то прадстаўнікі Піно, Арно і Пуянэ пацвердзілі Assocіated Press, што насамрэч пакуль не пералічылі сродкі ў фонд аднаўлення сабора. «Мы гатовыя плаціць, але пры ўмове, што гэта будзе рабіцца ў дамоўных рамках», — знайшоў адгаворку прадстаўнік Піно. У выніку СМІ вынеслі прысуд: мільярдэры ўсё роўна будуць вымушаныя выдаткаваць абяцанае, і без усялякіх умоў. Але шкода іх рэпутацыі мецэнатаў і прыхільнікаў высокага мастацтва ўжо нанесена, і ніякімі мільярдамі гэта не вымераць. Застануцца без «плюсіка».

Захар БУРАК

Фота з адкрытых крыніц

Загаловак у газеце: Плюс да кармы

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.