Вы тут

Пра што нагудзеў трымер


Калі б Якуб Колас раздзел «Новай зямлі» «Летнім часам» пісаў сёння, замест «Ідуць касцы, звіняць іх косы» ў яго б дакладна было «Ідуць касцы, гудуць (як варыянт — равуць) іх косы». А можа, і ўвогуле пра гэта класік нічога б не пісаў. Бо сенакос з духмянага, роснага, нават рамантычнага дзейства ператварыўся ў спаборніцтва незразумелых істот у вялізных акулярах, якія, бы прышэльцы, павольна сунуцца па траве, махаючы перад сабой металічнай палкай, якая натужна ўзвывае. Трава не кладзецца ў пракосы, а, пасечаная на дробныя часткі, разлятаецца ва ўсе бакі. Прынамсі гэтак, напэўна, выглядала б сучасная ўсюдыісная карціна ў вачах Коласа ці кагосьці з яго герояў. Жах, дый годзе!..


А мы да яе літаральна за некалькі гадоў прызвычаіліся, нібыта так заўсёды і было. Прачынаешся раніцой у вёсцы — не птушыны спеў будзіць, а завыванне трымера. Добра, калі аднаго — руплівыя гаспадары любяць пакасіць траву, якая ледзь адскочыла на падворку, акурат у суботу ці нядзелю. Гэткая новая вясковая забаўка — і няцяжка, і ілюзія працы, і сваё гаспадарскае самалюбства пацешыць. Ды каб толькі мужчыны гэтак забаўляліся, яно было б зразумела: ім абы машынка, нават у выглядзе трымера. Але ж усё часцей з бензінавай ці электрычнай касой наперавес і прадстаўніцы «слабога» полу без мэты па двары соваюцца.

І, вы ведаеце, гэта заразна. Мяркую па сабе. У сям'і маладых мужчын, дзякуй богу, ужо хапае, і што падворак перад хатай ды ўзбочыны на вуліцы зарослыя б не былі — гэта дакладна. Але дзе там! У самой жа лепей атрымаецца. Самы важкі аргумент — кветкі. Ты іх сееш, садзіш, песціш, гадуеш, а мужык трымерам махане — і няма кветачак. Нават калі ты побач стаіш і рукамі махаеш — усё роўна злоўчыцца што-небудзь патрэбнае зрэзаць. Таму лепш самой — павольненька, акуратненька, не тузаючы. Да таго ж у мужчыны можа знайсціся сотня розных больш важных спраў — рыбалка, напрыклад, ці ў цяньку пад кустам паваляцца. А трава ж расце! У суседзяў двор выгалены, а ў тваім трава на пядзю — непарадак! А калі ўмееш абыходзіцца з трымерам — нікога ўгаворваць не трэба: пайшла сабе, пакасіла, а гультай хай ляжыць на баку ці на возеры стаіць, вочы вылупіўшы. Ён пасля, канешне, будзе абурацца, што не пачакала, але табе што — галоўнае, работа зроблена. Такая вось гендарная роўнасць. За звычайную касу наўрад ці так хутка хапалася б. Яе ж і накляпаць трэба, і патачыць у працэсе, а гэта нежаночая справа, бо досвед трэба мець. А так адзін неасцярожны рух асялком — і кавалка наманікюранага пазногця (у лепшым выпадку) няма. Не, звычайная каса жаночых рук не любіць...

А трымер... Да яго пачынаеш ставіцца як да машыны. У мяне, напрыклад, ён свой, асабісты, я да яго нават дакранацца нікому не даю. Такая ў мяне лялечка — электрычны, лёгенькі, але магутнасць добрую мае, з зялёным кажухом. Заўжды дагледжаны — я яго пасля кожнай касьбы ў тазіку памыю (не падумайце, што зусім дурная, — канешне, ніжнюю частку, а не тую, дзе матор), вытру, на сонейку прасушу, у спальні ў закуток пастаўлю... Здарылася нядаўна бяда — згубілася ў траве ад яго адна штучка, без якой ні фрэзу ні прыкруціш, ні шпульку з лёскай. Дык я за два дні, ахвяруючы абедам, па ўсіх сэрвісных цэнтрах гойсала, штучку шукала. Мужыкі на мяне са здзіўленай павагай глядзелі. (А можа, са здзеклівай?)

Штучку тую мне ажно з самой Германіі вязуць на заказ, таму трэба чакаць. Значыць, і гэтыя выхадныя пройдуць без толку. А трава расце-расце, канюшынка-дзяцеліна ўжо красаваць пачала. Непарадак — на цэлую пядзю ад зямлі вырасла!..

І нібыта ў мінулым жыцці было — калі на тым жа падворку траву падгадоўвалі, каб пакасіўшы (звонкай звычайнай касой, канешне) каго-небудзь ёй пакарміць — трусікаў, напрыклад, ці карове ў яслі кінуць. І падворак быў заўсёды не паголена-калючы, а мяккі і шаўкавісты, і ўвечары мы, малыя, ішлі на яго мыць па расе пяткі, наладжваючы басанож вясёлыя скокі ў позніх прыцемках. А па вуліцы рыпелі цяжкія вазы з духмяным сенам, і, едучы на такім возе блізка-блізка да неба, вельмі здорава было прыдумваць, на каго ці на што падобныя аблокі, якія праплываюць перад вачыма. Увечары, калі бацька садзіўся кляпаць касу на адмысловай калодцы, звонкае рэха рассыпалася ў вербалозах ля крыніцы, і здавалася, што там нейкая чароўная істота стукае па крышталі... І было ціха-ціха, і прачынаўся ад спеву птушак ці ад гучнага «Выганяй!» таго, чыя чарга была пасвіць радоўку. І мужчыны ішлі ранкам з косамі на плячах, а жанчыны — з віламі і граблямі, і кожны рабіў тое, што яму належыць, і старанна вучыў гэтай навуцы сваіх дзяцей і ўнукаў з упэўненасцю, што ім абавязкова гэта ў жыцці спатрэбіцца...

Тррр-р-р»... Трымер і ў горадзе доўга не маўчыць, вось і зараз затарахцеў дзесьці пад вокнамі, вярнуў да рэальнасці. Час ідзе, прагрэс імчыць, што ўспамінаць пра нешта архаічнае, амаль як лапці ці лучына? Але чамусьці сумна неяк. Яшчэ і Караткевіч прыгадаўся. Памятаеце: «Таму мы такі моцны, трывалы народ, што праз усё наноснае ва ўсіх нас сядзіць звычайны мужык альбо баба. І культура, здаецца, і вытанчанасць, і размова пра Сомерсета Моэма, а павеяла сенам — і хочацца бабе басанож на траву; павеяла небяспекай — і празмерна культурны мужык лаецца беларускімі праклёнамі».

Пісалася гэта гадоў сорак пяць назад. Шмат што сапраўды памянялася ў гэтай філасофіі. Галоўнае — каб першая частка — пра «моцны і трывалы» нязменнай засталася. А што там будзе далей — каса, трымер ці яшчэ які цуд тэхнікі — не так ужо і важна.

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Загаловак у газеце: Фі­ла­со­фія се­на­ко­су

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».