Вы тут

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў


Трэба вяртацца ў дзяцінства

roscontrol.com

Лета — пара адпачынкаў, паездак, сустрэч, найчасцей, вядома ж, чаканых. Я, напрыклад, амаль штогод бачу, як дзве дарослыя, скажам так, жанчыны, прыехаўшы ў водпуск у родную вёску, адна да адной кідаюцца ў абдымкі, чую, як ледзь не крычаць:

— Прывітанне, мая Краснапёрачка!

— Прывітанне, Карасік!

...Мянушкі гэтыя прыліплі да кабет даўно, калі яны, дванаццацігадовыя, падаліся на рыбу.

Рыштунак сабе доўга не шукалі. Позірк Лены спыніўся на кломлі (так у нас звалі «складанку» з трохкутнікаў, збітых па вуглах тонкімі планкамі і абцягнутых сеткай. Зараз такіх, мусіць, не робяць ды і лавіць імі забаронена. А некалі кломлі былі на кожным падворку. Гаспадары з імі хадзілі на рыбу, гаспадыні — гадавалі куранят...)

Дык вось, іх маленькіх, дзяўчынкі перанеслі пад вялікі кошык. Самі, каб не парэзацца асакой, «прыбраліся» ў горшае адзенне, абулі кеды, на шыі павесілі па торбе для рыб і гародамі, каб ніхто не ўбачыў, рушылі да возера.

Лавіць стараліся так, як гэта рабілі дарослыя дзядзькі, — пераймалі іхнія рухі. І самае цікавае, што ў дзяўчат атрымалася: з першага ж заходу злавілі некалькі карасікаў, потым яшчэ.

Праз пэўны час вырашылі паглядзець, што ловіцца ў Шчары — гэта рака паблізу іхняга возера. Там, каля берага, была сцяна з аеру ды чароту, над ёй віліся матылькі...

Дзяўчаткам не хацелася парушаць такое хараство, аднак рыбакі — людзі азартныя. Узяўшыся за кломлю, Лена з Аняй зрабілі адзін заход, потым другі, трэці, і ў сетцы забілі хвастамі дзве рыбкі-краснапёркі, потым невялікі шчупачок, два-тры акунькі...

Урэшце, прыкінуўшы, што гэтага ўлову ўжо дастаткова, дзяўчынкі (і зноў жа гародамі, каб ніхто не ўбачыў, бо рыбалка ў вёсцы справа не жаночая, а тым больш не дзявочая) рушылі дахаты. Там яны самі паскрэблі і пасмажылі рыбу. Атрымалася — ну вельмі смачна!.. Так што ўражанні ад рыбалкі азмрочвала хіба адно: бліжэй да вечара ўся вёска ўжо ведала, што Лена Колікава і Аня Аркадзікава хадзілі на рыбу, што налавілі шмат і што адну дзяўчынку з той самай рыбалкі завуць... Карасікам, а другую Краснапёркай.

Спачатку сяброўкі крыўдавалі на свае мянушкі, потым змірыліся, а цяпер дык нават ганарацца, бо не ўвесь жа час быць Аленай Мікалаеўнай ды Ганнай Аркадзеўнай. Трэба вяртацца ў дзяцінства!

Ірына Салата, г. Гродна


Наш добры сябра — Урдан

rilitas.com

Кажуць, што кватэры бываюць горшыя, чым турмы. Наша па тым часе была, здаецца, найлепшай! Яна пачыналася з маленькай вітальні (усю плошчу якой, прылёгшы, займала аўчарка), далей ішлі кухня (елі ў ёй па чарзе, бо чатыры чалавекі за стол не садзіліся) і два пакоі: у большым, але прахадным жылі бацькі майго мужа, а меншы адразу пасля вяселля яны ўступілі нам. Добрыя людзі! Грэх на іх скардзіцца, але ж і ўявіць...

Першыя чатыры месяцы наша дачушка жыла ў нашым пакоі, а потым, калі добра пацяплела, мяне (20 гадоў, 45 кілаграмаў вагі) з такім вось дзіцяткам і сабакам адвезлі на дачу аж за семдзесят кіламетраў ад Мінска.

Людзі там, вядома ж, былі, нават многа, але ж ні табе вады (халодная — у калонцы праз вуліцу), ні пральнай машыны, ні крамы, ні паліклінікі, ні тэлефонаў, ні памперсаў, ні падмогі...

Зрэшты, вось тут я трошкі хлушу, бо ў будныя дні (на два выхадныя прыязджала сям'я) адзін памочнік усё-такі быў. Каляску з дзіцем я магла спакойна даверыць сабаку. Ён жа, наш разумнік Урдан, як толькі малая пачынала варочацца ці плакаць, падаваў мне голас: заводзіў сваё працяжнае «гр-р-р-р» альбо ціха падвываў, а калі яшчэ і гаўкаў — мне трэба было спяшацца...

Карацей, для нас ён рабіў нямала, але гэта было не ўсё.

Неяк у пагодны выхадны мы пакіравалі ў недалёкі лес. Каляску з дачушкай (яна спакойна спала) пакінулі пры сцежцы, самі разышліся абапал, каб пазбіраць чарніцы, як раптам наш Урдан забурчаў і нават загаўкаў. «Пакрыўдзіўся, што не ўзялі з сабой, што не з намі», — прызнала свякроў.
«...Альбо здурнеў», — дадаў свёкар ды яшчэ і прыгразіў: заткніся, маўляў, а то малую пабудзіш!

Сабака — нават не падумаў: ён чамусьці працягваў брахаць, так што я адразу ж вярнулася да каляскі і... ледзь не самлела: верх яе быў накрыты, можна сказаць, жывой рухомай «хусцінай»... з вялікіх чорных мурашоў. І гэта шчасце, што Урдан быў побач, а я блізка, што дзяцей тады спавівалі: мурашкі проста не паспелі нашкодзіць...

Гэта — адзін выпадак, зараз — другі.

Аднойчы, ужо добра пад восень, я стала гатаваць абед. Дачушка з Урданам заставаліся на дварэ, і праз акно я бачыла, што малая поўзае па дыванку, што сабака на варце, што па вуліцы, міма нашага доміка, пайшоў народ з электрычкі (машын тады мала было)... Потым — што суседчына дачка адчыняе брамку, заходзіць да нас у двор, вітаецца з Урданам і маленькай Машай, лёгенька шлёпае дзіця па адстаўленай «пятай кропцы» і...

У той жа момант сабака збівае жанчыну з ног, усім целам прыціскае да зямлі.

— Урдаша, пусці, — просіцца тая, — ты не так зразумеў... Я ж пагладзіць Машу хацела, а ты што падумаў?

Тут трэ было бачыць морду сабакі! «Бура» пачуццяў! З аднаго боку ён адчуваў сваю правату, з другога — віну, а галоўнае — не ведаў, што рабіць далей, пакуль да іх, у тую ж «кучу», не «ўвалілася» мая Машуля, а потым і я. Усе разам мы качаліся ад смеху...

На вялікі жаль, дачушка ў мяне ўсяго адна. Гадаваць яе, ну вядома ж, дапамагалі бабулі-дзядулі. Часам яны, што называецца, сядзелі з унучкай, вадзілі ў садок, сустракалі са школы, забіралі на канікулы...

Але ж, апроч іх, я заўжды з удзячнасцю ўспамінаю сабаку.

Людміла Сенька, г. Мінск


«І ноч... вясёлая была»

allaboutketogenicdiet.com

Годзе мо ў 1935-м мае бацькі працавалі ў саўгасе «Камунар», маці, апроч іншага, адказвала за выпуск газеты «Камунаравец» і час ад часу ездзіла ў гарадскі пасёлак Уваравічы — там была друкарня. А неяк узімку (раней зімы былі снежныя ды марозныя — не тое што цяпер) узяла з сабой і мяне.

Помню, што дабіраліся мы на кані, запрэжаным у сані, што, прыехаўшы, спыніліся ў маміных знаёмых Кацярыны і Паўла, якія жылі ў маленькім здымным пакойчыку. З мэблі ў ім стаялі шафа і ложак, упрытык да яго — стол і знізу дзве табурэткі.

Усё гэта як зараз бачу, бо мама на нейкі час пакінула мяне ў тым пакоі, а сама паехала па справах.

Потым, па дарозе назад і ўсё парабіўшы, яна зайшлася на рынак: купіла там замарожаных уюноў. У Каці яны рыбу гэту падзялілі на дзве часткі: адну мама забрала сабе, другую — склала ў міску і пакінула на стале. Пасля гэтага (дзень кароткі) мы з ёй хуценька сабраліся і адвіталіся.

Дамоў, наколькі помню, даехалі без ніякіх прыгод, бо яны... засталіся ў Каці. Яна сама расказвала, як вечарам, пасля нашага ад'езду, лягла з мужам спаць (рыба заставалася на стале, бо халадзільнікаў тады не было), як ноччу ўюны размарозіліся і сталі выскокваць з міскі: спачатку — на стол, са стала — на падлогу. Некалькі рыбін (стол, паўтаруся, стаяў упрытык) звалілася на пасцель...

Карацей, у чарговы раз павярнуўшыся, Каця «напаролася» на нешта халоднае і слізкае. Сцепанулася, спужалася, саскочыла з ложка, басанож матнулася па запалкі (электрычнасці ў хаце таксама не было) і ўжо на падлозе «зачапіўшыся» за нешта халоднае і слізкае, заверашчала так...

— Каравул!.. Вужакі!

Ад піску ды гэтага крыку прачнуліся, здаецца, усе (можа, нават суседзі), што ўжо казаць пра мужа ды гаспадара.

Той, бедны, прыбег у пакой кватарантаў і стаў малаціць качаргой па падлозе... Яго жонка ўрэшце запаліла газніцу.

Пры святле, хай сабе цьмяным, Кацярына згледзела пустую міску і, прыпомніўшы, што ў ёй было, стала рагатаць.

Убачыўшы, з кім ён ваяваў, засмяяўся і гаспадар, за імі — гаспадыня і Павел. Так што ноч у іх атрымалася вясёлай.

Не да смеху было хіба што ўюнам, якіх раніцай збіраліся падсмажыць.

М. К. Любаскіна, г. Бабруйск

Рубрыку вядзе Валянціна Доўнар

Ад яе ж. Пры апошняй гісторыі ад шаноўнай спадарыні Любаскінай, якая помніць, як у 35-м годзе (уявілі ўзрост?) ездзіла ў гарадскі пасёлак Уваравічы, ёсць цікавыя радкі. Даслоўна: «Мне падабаецца чытаць «Звязду», а галоўнае — пісаць па-беларуску, — прызнаецца Міра Канстанцінаўна. — Здзіўляе толькі адно: адкуль прыходзяць патрэбныя словы?»

Рытарычнае пытанне. Іх (ці ж не цуд?!) «падкідвае» памяць, «падказваюць» продкі... На жаль, не ўсім — тым, хто хоча іх слухаць. А таму, калі ласка, чытайце па-беларуску, пішыце і, дасылаючы лісты, не забывайце паведамляць нумары тэлефонаў — для аператыўнай зваротнай сувязі.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як сапраўдныя мужыкі засвойваюць «жаночую» справу

Як сапраўдныя мужыкі засвойваюць «жаночую» справу

У апошнія гады тэма раўнапраўя паміж мужчынамі і жанчынамі перажывае новую хвалю росквіту.

Культура

Згадкі пра Аркадзя Куляшова

Згадкі пра Аркадзя Куляшова

Гісторыя аднаго выступлення.