Вы тут

Дэпутаты Гомельскай вобласці пра малы бізнес


Узаемадзеянню дэпутацкага корпуса раёна, суб'ектаў гаспадарання і органаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання па рэалізацыі мясцовых ініцыятыў быў прысвечаны практычны семінар для старшынь Саветаў дэпутатаў базавага ўзроўню Гомельскай вобласці.


Дырэктар «ЛСМ Пелет» Уладзімір Грабко (справа) знаёміць старшынь райсаветаў  Гомельшчыны з прадукцыяй прадпрыемства.

 

Драўляны бізнес

У Акцябрскім раёне размова пайшла аб эфектыўным выкарыстанні мясцовых рэсурсаў. Намеснік старшыні райвыканкама па эканоміцы, дэпутат раённага Савета Ірына Намачэнка адзначае, што раён зрабіў стаўку на развіццё лесанарыхтоўчай і дрэваапрацоўчай дзейнасці суб'ектамі малога прадпрымальніцтва невыпадкова:

— 57 % нашай тэрыторыі — лес. Акрамя таго, у нас развітая сетка транспартных шляхоў — ёсць магчымасць адгрузкі прадукцыі праз чыгунку і па аўтадарогах рэспубліканскага значэння. У Акцябрскім раёне ў галіне дрэваапрацоўкі вядуць дзейнасць 55 суб'ектаў гаспадарання. Дарэчы, новыя дрэваапрацоўчыя вытворчасці ствараюцца на базе плошчаў, якія неэфектыўна выкарыстоўваліся, шляхам продажу і здачы іх у арэнду. Да таго ж мы працуем з маёмасцю прадпрыемстваў усіх формаў уласнасці: дзяржаўнай, раённай, абласной, рэспубліканскай і прыватнай. Аказваем фінансавую дапамогу ў выглядзе бязвыплатных субсідый за кошт сродкаў Фонду сацыяльнай абароны для арганізацыі прадпрымальніцкай дзейнасці. Сустракаемся з прадстаўнікамі малога бізнесу. Пры гэтым абавязкова закранаем пытанні падаткаабкладання, рэгістрацыі суб'ектаў гаспадарання, заканадаўства ў галіне маёмасных адносін, развіцця бізнесу, набыцця дзяржаўнай маёмасці...

Экспартны патэнцыял лесу

Самым яскравым прыкладам развіцця прадпрымальніцтва ў сферы дрэваапрацоўкі Ірына Міхайлаўна называе дзейнасць таварыства з абмежаванай адказнасцю «Рэгата-Груп». Гэтае прадпрыемства знаходзіцца ў населеным пункце Шкава на былых плошчах ААТ «Маісееўка», якія не выкарыстоўваліся. Тут цяпер працуюць 72 чалавекі. Будынкі ўжо набыты ва ўласнасць, наладжаны вытворчасць і экспарт прадукцыі дрэваапрацоўкі. Дарэчы, аб'ём экспарту за мінулы год склаў 3,5 мільёна долараў.

Паспяхова вядзе дзейнасць і замежнае прыватнае вытворчае прадпрыемства «ЛСМ Пелет», дзе працуюць 11 чалавек. Прадпрыемства вырабляе паліўныя гранулы і адгружае іх на экспарт у еўрапейскія краіны. Дзякуючы яго рабоце ў раёне існуе поўны цыкл перапрацоўкі драўніны — безадходная вытворчасць. Арганізацыя прыцягнула ў раён прамыя замежныя інвестыцыі ў памеры 750 тысяч долараў.

Рабочыя месцы і сфера паслуг

У населеным пункце Рабкор на плошчах ААТ «Акцябррайаграсэрвіс» пачало дзейнічаць ТАА «Люмбекс». Сёння там працуюць даволі буйныя дрэваапрацоўчыя магутнасці. На іх вырабляецца больш за дзесяць відаў прадукцыі, якая пастаўляецца як на экспарт, так і на ўнутраны рынак.

Тут жа ў Рабкоры ў канцы мінулага года створана дрэваапрацоўчае прадпрыемства на набытых плошчах былой вытворчай базы «Мазырлес». За параўнача невялікі прамежак часу ТАА «Рудабельскі лес» здолела дасягнуць значных аб'ёмаў экспарту і стварыць 15 новых рабочых месцаў. Арганізацыя актыўна нарошчвае аб'ёмы вытворчасці і плануе стварыць яшчэ не менш за 35 новых месцаў працы.

Старшыні Саветаў дэпутатаў Гомельшчыны наведалі таксама аграэкасядзібу «Валошка» Аляксандра Лебедзева. Прыватны прадпрымальнік — дэпутат Акцябрскага сельскага Савета — заняўся дрэваперапрацоўкай адным з першых у раёне і сёння не толькі кіруе вытворчасцю, але і развівае сферу паслуг. Пры гэтым ён і выкарыстоўвае закінутыя аб'екты, і ўзводзіць новыя будынкі. Такім чынам зароблены капітал спрыяе развіццю малой радзімы.

Прадпрымальнікі адкрываюць рынак Кітая

Вялікі ўнёсак прыватнікаў у сацыяльна-эканамічнае развіццё Акцябрскага раёна ў лічбах выглядае так: калі ў 2015 годзе ўдзельная вага гэтых прадпрыемстваў у агульным аб'ёме экспарту тавараў складала 1,7 працэнта, то летась дасягнула амаль 47 працэнтаў. Усяго мясцовымі арганізацыямі вядзецца пастаўка тавараў у 16 краін свету. Сёлета суб'екты прыватнай формы ўласнасці сталі адпраўляць сваю прадукцыю яшчэ і ў Кітай.

Арганізацыямі, якія займаюцца ў Акцябрскім дрэваапрацоўкай, летась выплачана каля 400 тысяч рублёў падатковых плацяжоў у бюджэт. Важна і тое, што гэты сектар прадпрымальніцтва адыгрывае вялікую ролю ў забеспячэнні занятасці мясцовага насельніцтва. У сферы малога прадпрымальніцтва працуе 287 чалавек, або 7 % ад занятых у эканоміцы раёна.

Дабрачыннасць не забыта

Адначасова прыватныя прадпрыемствы ўдзельнічаюць у шматлікіх дабрачынных акцыях, якія праходзяць у раёне. Яны набываюць падарункі для прыёмных сем'яў, дзіцячых дамоў сямейнага тыпу, замяняюць аконныя блокі ў школах, падключаюць абсталяванне трывожнай сігналізацыі ў дашкольных установах, набываюць спартыўныя прылады для раённага фізкультурна-спартыўнага клуба, дапамагаюць сродкамі пры правядзенні культурных мерапрыемстваў раёна, спансіруюць дабрачынныя святы для дзяцей, уладкоўваюць дзіцячыя пляцоўкі...

— Мне пашанцавала з актывам, — лічыць старшыня Акцябрскага раённага Савета дэпутатаў Алег Таргонскі. — Па ініцыятыве дэпутацкага корпуса пры ўдзеле прадстаўнікоў малога бізнесу мы рэалізуем шмат сацыяльна значных мерапрыемстваў — напрыклад, сацыяльны праект «Уладкуем разам». Практычна ва ўсіх аграгарадках і буйных сельскіх населеных пунктах на месцы пустуючых участкаў абсталяваны дзіцячыя гульнявыя пляцоўкі, праведзена азеляненне і добраўпарадкаванне тэрыторый побач з імі.

Пляцоўкі для дзяцей

Алег Віктаравіч адзначае, што на пачатковым этапе не ўсё складалася лёгка. Аднак з часам ідэю стварэння ўмоў для арганізацыі вольнага часу моладзі жыхары падхапілі. Фінансаванне гэтых мерапрыемстваў вядзецца за кошт сродкаў, якія зароблены падчас суботнікаў і самаабкладання грамадзян. У некаторых населеных пунктах пляцоўкі для дзяцей былі зроблены пры падтрымцы прыватных прадпрымальнікаў:

— Традыцыйны ў нашым раёне сацыяльны праект «Разам — на радасць дзецям» мы праводзім для шматдзетных сем'яў, дзяцей-сірот і дзяцей са складаных сем'яў пры актыўным удзеле арганізацый раёна, прадстаўнікоў прыватнага бізнесу. У межах акцыі ладзіцца танцавальна-забаўляльная праграма, устанаўліваюцца батуты і надзіманыя горкі, арганізуюцца майстар-класы па дэкаратыўна-прыкладной творчасці, працуюць цырульнікі. Завяршае мерапрыемства чаяванне з ласункамі ад мясцовых кандытараў.

Праблемы здымаюцца разам

Акцыя «Дэпутацкі гектар» таксама стала традыцыяй у Акцябрскім раёне. Ужо сёлета ў населеных пунктах закладзена 15 алей, дзе высаджана больш за дзве тысячы дрэў. У раёне канструктыўна працуюць з дэпутатамі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Яўген Адаменка паспрыяў таму, каб у Акцябрскай цэнтральнай раённай бальніцы з'явіўся шматфункцыянальны апарат ультрагукавой дыягностыкі. З яго ж удзелам атрымалася вырашыць шматгадовую праблему з падтапленнем падворкаў грамадзян і праезных частак у райцэнтры.

Пры садзейнічанні члена Савета Рэспублікі Аляксандра Ляхава раёну аказана спонсарская дапамога ў памеры 100 тысяч рублёў — на выраб і ўстаноўку трыбун на 300 месцаў на гарадскім стадыёне. Гэта дазволіла праводзіць спартыўныя мерапрыемствы на вышэйшым узроўні.

Ірына АСТАШКЕВІЧ

Фота Алены СТАРЫНОВІЧ

Загаловак у газеце: Малы бізнес — вялікая адказнасць

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.