Вы тут

«У сельскай гаспадарцы важна працаваць творча»


Падчас рабочай паездкі ў Баранавіцкі раён старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч наведаў шэраг сельгаспрадпрыемстваў розных формаў уласнасці.

У агракамбінаце «Мір», адной з найбуйнейшых гаспадарак Баранавіцкага раёна, нядаўна за кошт абласнога бюджэту і ўласных сродкаў распачалося будаўніцтва малочнатаварнай фермы на 765 галоў, таксама пабудаваны чатыры сянажныя і сіласныя траншэі. «Мір» — адметны вытворца прадукцыі жывёлагадоўлі не толькі ў раёне, але і ў вобласці. Гаспадарка зацікавіла ўпаўнаважанага Прэзідэнта па Брэсцкай вобласці яшчэ і тым, што нядаўна да яе было далучана вялікае стратнае прадпрыемства «Аграсэрвіс стандарт». Міхаіл Мясніковіч звярнуў увагу, што праблемную гаспадарку
ў «Міры» дастаткова хутка адаптавалі да сваіх умоў, заработная плата тут наблізілася да сярэдніх 750 рублёў і праглядаюцца добрыя далейшыя перспектывы.


Дырэктар ААТ «Агракамбінат «Мір» Іван КЛІШЭВІЧ паведаміў, што праблемных момантаў пакуль вельмі і вельмі многа, але кіраўніцтва камбіната бачыць сваю задачу ў тым, каб захаваць і адзін, і другі калектыў, а таксама падтрымліваць неабходную дынаміку развіцця.

Адно з галоўных пытанняў, якое было ў полі зроку падчас рабочай паездкі, датычылася нарыхтоўкі травяных кармоў. На Брэстчыне сёлета плануецца нарыхтаваць іх у аб'ёме 1,7 мільёна тон. Такая лічба абумоўлена высокай шчыльнасцю буйной рагатай жывёлы: на 100 гектараў сельгасугоддзяў у рэгіёне прыпадае 73 галавы буйной рагатай жывёлы, у тым ліку 24 каровы, што амаль у 1,3 раза перавышае рэспубліканскія паказчыкі. На дзень, які папярэднічаў рабочай паездцы, у вобласці было нарыхтавана 23 працэнты ад плана травяных кармоў, што на ўмоўную галаву жывёлы складае 6,19 цэнтнера, а ў Баранавіцкім раёне названы паказчык наблізіўся да сямі цэнтнераў.

Гэты факт адзначыў старшыня Савета Рэспублікі, адказваючы на пытанні журналістаў, указаў на станоўчы вопыт мясцовых аграрыяў, якія ўцягваюць у гаспадарчы зварот так званыя няўдобіцы — поймы рэк, лугі, на якіх атрымліваюць кармы. 1100 гектараў такіх плошчаў выкарыстоўваюць сельгасвытворцы Баранавіцкага раёна менавіта для атрымання ўкосу траў.

Яшчэ адным цікавым аб'ектам для наведвання стала фермерская гаспадарка «Фартуна» Галіны і Сяргея МАТУСАЎ. Варта адзначыць, што яна складаецца з дзвюх асобных гаспадарак, якімі кіруюць муж і жонка. Гэтыя фермеры вылучаюцца не толькі ў сваім раёне, але і ў вобласці. Дастаткова сказаць, што сёлета Галіна Аркадзьеўна — дарэчы, другі раз за дзесяцігоддзе — стала чалавекам года ў Брэсцкай вобласці. Кіраўніка Савета Рэспублікі ў гэтым паспяховым прадпрыемстве цікавіла ўсё, асабліва калі ўлічыць, што жанчына — выпускніца гістфака БДУ. У «Фартуне» выкарыстоўваюцца самыя перадавыя айчынныя і замежныя тэхналогіі, Матусы пастаянна супрацоўнічаюць з навуковымі інстытутамі, ставяць на сваіх палях самыя смелыя эксперыменты.

Дык вось Галіна Матус рассказала, што работа на зямлі — самая творчая і цікавая. На думку Міхаіла Уладзіміравіча, у гэтым выказванні закладзена формула поспеху.

На гаспадарчым двары фермераў гаворка зайшла пра экалагічную прадукцыю, альбо арганічнае земляробства, пра якое апошнім часам шмат гаворыцца. На думку Галіны Матус, экалагічная прадукцыя — задача фермерскіх гаспадарак, вялікія аграхолдынгі гэтым займацца не будуць, таму што справа надзвычай працаёмістая і затратная. Тут патрэбныя адмысловыя тэхніка і тэхналогіі. Перш чым распачаць справу, Матусы аб'ехалі калег з Германіі, Даніі, паглядзелі, на якіх машынах і якім чынам тыя працуюць. Там, напрыклад, ёсць машыны, што змагаюцца з лішняй расліннасцю з дапамогай гарачай пары, выпарваюць зелле. Фермеры прапануюць на ўзроўні краіны разгледзець пытанне, каб тым, хто займаецца экалагічным земляробствам, можна было завозіць спецыяльную тэхніку без аплаты ПДВ і мытных пошлін. Міхаіл Мясніковіч узяў на заметку ідэі фермераў, якія поўным ходам вядуць падрыхтоўку да арганічнага земляробства і займаюцца сертыфікацыяй 200 гектараў зямлі паводле ўсіх міжнародных стандартаў. Такую сертыфікацыю на іх полі прайшло ўжо 67 гектараў. У 2020 годзе Матусы спадзяюцца вырасціць першыя тоны арганічнай прадукцыі, якую ўжо сёння гатовыя забраць замежныя партнёры.

Адрасам наведвання стала таксама лыжаролерная траса ў аграгарадку Мір. Тут паводле даручэння Прэзідэнта зусім нядаўна абсталявана новае прафесійнае біятлоннае стрэльбішча. Траса цяпер функцыянуе ў поўным сваім аб'ёме, ідуць трэніроўкі. Зараз тут праходзіць дзіцячы спартыўны лагер. На трасе штодзень трэніруюцца самыя юныя спартсмены дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы Баранавіцкага раёна, якія толькі скончылі першы клас. Паводле слоў дырэктара школы Ларысы ЖАЛЕЗНАЙ, усе цяперашнія выхаванцы школы ганарацца, што на ІІ Еўрапейскіх гульнях у Мінску выступае яе выпускнік, спартсмен па спартыўнай хадзе Мікіта Каляда. А цяпер ва ўсіх дзяцей раёна з'явілася магчымасць займацца біятлонам.

Вынікі паездкі па Баранавіцкім раёне былі падведзеныя на пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта. Было разгледжана пытанне гатоўнасці сельгасарганізацый да правядзення ўборкі ўраджаю, а таксама абмеркаваны бізнес-планы развіцця сельгасарганізацый у рамках выканання даручэнняў Прэзідэнта краіны.

Падчас паездкі Міхаіл Мясніковіч аддаў вялікую ўвагу агляду комплекснага выканання плана ўстойлівага развіцця Баранавічаў. Нарада па гэтым пытанні прайшла ў гарвыканкаме. Абмеркавалі прывядзенне ў парадак мясцовых дарог. У горадзе трэба добраўпарадкаваць 150 кіламетраў вуліц толькі ў прыватным сектары. З іх 50 кіламетраў будзе прыведзена ў парадак ужо сёлета.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.