Вы тут

Гомель чацвёрты раз стаў найлепшым па санітарным стане і добраўпарадкаванні


Гомель чацвёрты раз стаў найлепшым сярод абласных цэнтраў па санітарным стане і добраўпарадкаванні. Кіраўнік спраў Гомельскага аблвыканкама Алена Клічкоўская ўваходзіць у пастаянную камісію абласнога Савета дэпутатаў па мандатах, законнасці, мясцовым кіраванні і самакіраванні. Яна падкрэслівае: гэта зусім невыпадкова. Кантроль за чысцінёй адбываецца пастаянна і паўсюдна.


Фота Ірыны Асташкевіч

— Сістэма выбудавана такім чынам, што кіраўнікі спраў ва ўсіх раёнах вядуць кантроль за добраўпарадкаваннем. Пазіцыя нашага былога губернатара, цяпер віцэ-прэм'ера Уладзіміра Дворніка, заўсёды была такая: абласны цэнтр павінен быць візітоўкай усёй вобласці. Задача — убачыць нешта новае, прыўнесці гэта ў наш горад і зрабіць яго яшчэ прыгажэйшым. Штогод у добраўпарадкаванне Гомеля ўкладаліся пэўныя сродкі. Цяпер ён можа пахваліцца выдатнай набярэжнай, узорнай вуліцай Савецкай, цэнтральнай плошчай, дзе туі ў вялізных спецыяльных бетонных кадках-тумбах дазваляюць у розны час пад розныя задачы фарміраваць пэўныя кампазіцыі, — кажа Алена Клічкоўская.

У Гомелі нядаўна пачалі высаджваць дрэвы-буйнамеры. Калі невялікія саджанцы часта гінуць, то вырашчаныя па спецыяльнай тэхналогіі і акуратна перасаджаныя буйнамеры лепш прыжываюцца і здольныя радаваць адразу ж. Новая тэхналогія азелянення дапаможа палепшыць працэс замены загінулых і аварыйных насаджэнняў. Пасля пасадкі ў горадзе дарослых дрэў не трэба чакаць дзясятак гадоў, пакуль яны набяруць сілу. Да таго ж такія дрэвы выконваюць ролю паўнавартаснага элемента ландшафтнага дызайну.

— Мне б хацелася нагадаць і пра цалкам добраўпарадкаваныя гомельскі аэрапорт і новую дзіцячую бальніцу, якая пабудавана ў самым цэнтры горада, — дадае Алена Уладзіміраўна. — Яе не сталі выносіць за горад, як першапачаткова прапанавалі. Прыстасавалі ўсе неабходныя камунікацыі і зрабілі ў сэрцы горада сучасны медцэнтр. Летась у нас было добраўпарадкавана 175 дваровых тэрыторый, 29 з іх — комплексна. Калі робіцца капрамонт дома, адбываецца і поўны рамонт усяго двара. У Гомелі не так даўно з'явіўся дзіцячы садок, убудаваны ў першы паверх шматпавярховага жылога дома. Побач з ім — дзіцячая пляцоўка. Там цяпер кожны вечар адпачывае больш за паўсотні хлопчыкаў і дзяўчынак.

Грашовая прэмія для Гомеля, як пераможцы па санітарным стане і добраўпарадкаванні ў першай катэгорыі, складзе восем тысяч базавых велічынь. Дарэчы, пераможцы — узорныя населеныя пункты Гомельскай вобласці — ёсць і ў іншых катэгорыях. Напрыклад, сярод гарадоў з насельніцтвам ад 10 да 50 тысяч жыхароў найлепшымі сталі ў тым ліку і Жыткавічы. Сярод чатырох пераможцаў у катэгорыі да 10 тысяч — два з Гомельшчыны: Брагін і Нароўля.

Ірына АСТАШКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Наватарскі ландшафтны дызайн

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».