Вы тут

Найлепшая ў вобласці стараста вёскі жыве ў палескай глыбінцы


Тры вуліцы, на якіх менш за сотню дамоў. Гэта Лагвошчы — вёсачка, якая знаходзіцца на поўдні Беларусі, у Жыткавіцкім раёне. Сёння насельніцтва тут — сотня чалавек з нечым. Вялікая частка — пенсіянеры. Кацярына Трафімовіч, стараста населенага пункта, ведае кожнага жыхара і, напэўна, кожную жывёлу. Былую паштальёнку на агульным сходзе некалі, пры аб'яднанні сельсаветаў, людзі абралі лідарам. Вось яна і выконвае свой грамадскі абавязак — са шчырасцю і любоўю. Менавіта гэта, а яшчэ досвед працы прызналі найлепшым на Гомельшчыне па леташніх выніках.


Фота БелТА

Да грамадскіх спраў, дарэчы, прыцягнута ўся сям'я. Нават конь Орлік, калі трэба, працуе не толькі на сваіх гаспадароў, але і на ўсю вёску. Муж Кацярыны Антонаўны Мікалай Фёдаравіч запрагае коніка, калі трэба каму з жыхароў падвезці дровы ці што зрабіць па гаспадарцы. Сорак тры гады сумеснага жыцця, а значыць, паразуменне з першага позірку і вырашэнне ўсіх праблем, у тым ліку грамадскіх, разам.

Сын цяпер у Мінску, дачка ў суседняй вёсцы, радуюць пяцёра ўнукаў і нават маленькая праўнучка. Але ж побач — тыя, у каго няма нікога, каму патрэбна дапамога ці проста добрае слова. Кацярына Антонаўна кажа, што такія цёплыя стасункі склаліся ў яе з людзьмі даўно. Яшчэ ў той час, калі працавала паштальёнкай:

— Я прарабіла на пошце 31 год. За гэты час, зразумела ж, з усімі добра перазнаёмілася. Мне кожны расказваў пра сваё гора, радасць і крыўду. І трэба было кожнага выслухаць, недзе суцешыць, недзе прамаўчаць.

Псіхолаг-аматар працавала ў якасці дэпутата сельсавета ў адным са скліканняў. І сёння паспявае спраўляцца і з асабістай гаспадаркай, і з клопатамі аднавяскоўцаў. Кажа, часта тэлефануюць самотныя людзі, каб выклікаць хуткую дапамогу, паправіць плот, просяць нешта растлумачыць, даць слушную параду. Усіх пытанняў, з якімі сутыкаецца стараста, не пералічыць. Бываюць і такія, якія наскокам не вырашыць:

— Летась на мясцовых могілках шматгадовыя хвоі атакаваў караед. Людзі пачалі мне тэлефанаваць. На першым агульным сходзе не ўсе былі гатовыя плаціць грошы, каб выклікаць прафесійных альпіністаў, якія выдалілі б хворыя дрэвы. Але ж, калі дрэвы пачалі падаць, зноў сабралі сход. Тады і пераканалі ўсіх у неабходнасці экстранных мер. Мы нават выступалі праз мясцовую прэсу. Урэшце атрымалася сабраць больш за 2,1 тысячы рублёў. Выразалі той страшны лес і навялі парадак. Людзі — усе, хто можа, — выходзілі на суботнікі. Павыграбалі смецце і галлё — цяпер чысціня і парадак.

Такім чынам выдалілі 60 пашкоджаных, самых небяспечных дрэў. Але ж, дадае Кацярына Антонаўна, засталося яшчэ што рабіць. Таму плануе восенню завершыць добраўпарадкаванне на могілках.

Захоўваюць у Лагвошчах памяць пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны. Вёска цудам не паўтарыла лёс Хатыні. Мясцовых жыхароў карнікі ўжо загналі ў адрыну, аднак школьная настаўніца, якая ведала нямецкую мову, прадухіліла трагедыю. Цяпер імёны тых, хто загінулі ў баях за свабоду роднага краю, хто сталі ахвярамі фашызму, ушанавалі на гранітным помніку. Падтрыманне парадку вакол памятнага месца — клопат жыхароў. Згодна з мясцовай традыцыяй, тэрыторыю выкладаюць зялёнымі хваёвымі шышкамі.

— Нашы Лагвошчы ўздоўж рэчкі Случ, — знаёміць з населеным пунктам Кацярына Трафімовіч. — І возера Белае тут побач. Вельмі прыгожыя ў нас мясціны. Між тым і аўтадарога, і чыгунка блізка. Таму да нас шмат народу прыязджае адпачываць. Ягады, рыба — усё ў нас ёсць. Некалькі дамоў выкарыстоўваюцца толькі ў летні сезон. Дачнікі ў нас сумленныя: і смецце прыбіраюць, і тэрыторыю каля сядзібы абкошваюць, і кветкі высаджваюць.І мы ім дапамагаем пры неабходнасці. Нядаўна адна жанчына папрасіла павесіць ліхтар каля яе дома. Мы арганізавалі ёй асвятленне. Калі ў мяне ўзнікаюць нейкія праблемы, я заўсёды вырашаю іх разам з памочніцамі: Нінай Волчак, Валянцінай Цыганковай і Галінай Таболіч. Адказныя людзі. Увогуле ў нас у сельсавеце ўсе дружныя. Таму часта са складанымі пытаннямі звяртаюся да старшыні сельвыканкама Алены Шпакевіч. Алена Іванаўна ў нас — залаты чалавек. Відаць, таму ўсё разам і атрымліваецца добра.

Ірына АСТАШКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Клопат аб людзях

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?