Вы тут

Якiм чынам адаптуюцца да жыцця людзi з псiхiчнымi асаблiвасцямi


У Дзмітрыя Дружыніна цёмная скура, аксамітны тэнар і ментальны дыягназ. Ён пранікнёна спявае пра белы снег. Спевамі хлопец займаўся з дзяцінства — прыёмная маці ў Жлобіне некалі завяла яго да педагога па вакале.


Дзмітрый Дружынін спявае ў мастацкай самадзейнасці інтэрната

Кажа, родныя бацькі адмовіліся ад яго ў дзяцінстве. Цяпер малады чалавек жыве ў Хальчанскім псіханеўралагічным доме-інтэрнаце для састарэлых і інвалідаў, які знаходзіцца ў Жлобінскім раёне.

Яшчэ адзін нумар мастацкай самадзейнасці — танцавальны — для ўдзельнікаў выязнога пасяджэння пастаяннай камісіі па развіцці сацыяльнай сферы Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў дэманструе Алег Патапаў. Мужчына скарае ўсіх пластычнасцю і адчуваннем рытму. Між тым у яго парушаны маўленне і слых. А танцы ён развучвае, калі глядзіць тэлевізар ці відэаролікі — у інтэрнаце такая магчымасць ёсць. Камп'ютары заўсёды занятыя маладымі людзьмі, якія нават не звяртаюць увагі на наведвальнікаў.

Дэпутаты абласнога Савета знаёмяцца з работай Хальчанскага псіханеўралагічнага дома-інтэрната для састарэлых і інвалідаў

Заняць з карысцю людзей, магчымасці якіх сур'ёзна абмежаваны неўралагічнымі і псіхіятрычнымі дыягназамі, — адна з задач, якія імкнуцца выконваць у доме-інтэрнаце. Удзел у мастацкай самадзейнасці — толькі адзін з кірункаў. Дэпутаты падрабязна цікавяцца практыкай работы камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама па стварэнні камфортных умоў пражывання грамадзян у дамах-інтэрнатах на прыкладзе Жлобінскага раёна.

Дэпутаты абласнога Савета знаёмяцца з харблокам Хальчанскага псіханеўралагічнага дома-інтэрната для састарэлых і інвалідаў

Дырэктар Хальчанскага псіханеўралагічнага дома-інтэрната Алена Старынская праводзіць экскурсію па ўстанове і паказвае, якім разнастайным чынам пастаяльцам знаходзяць занятак:

— У нас працоўныя майстэрні, неабходнае абсталяванне і транспарт. Ёсць свая дапаможная гаспадарка. Выдзелены зямельны ўчастак і дзесяць цяпліц. Тыя, хто здольны працаваць і выконваць нескладаную работу, дапамагаюць вырошчваць агародніну і даглядаць жывёл.

Сапраўды, жанчыны пад наглядам персаналу працуюць у цяпліцах з задавальненнем, а таматы і агуркі хутка трапяць на стол тых, хто жыве ў інтэрнаце. Карысць відавочная: працатэрапія паўсюдна лічыцца адным з самых важных сродкаў рэабілітацыі такіх хворых. А вынік — вырашчаная агародніна значна дапамагае скараціць дзяржаўныя выдаткі на харчаванне.

Цяпліцы Хальчанскага псіханеўралагічнага дома-інтэрната

— Хапае прыкладна на палову ад таго, што патрабуецца для поўнага забеспячэння, — расказвае Алена Міхайлаўна. — Нашы людзі занятыя на некаторых работах у суседняй гаспадарцы — ААТ «Бабоўскі».

Пастаяльцы Хальчанскага псіханеўралагічнага дома-інтэрната заўзята гуляюць у валейбол

Да таго ж працуюць спартыўныя секцыі, гурткі па вязанні, шыцці, вышыванні, выпальванні, разьбе па дрэве, маляванні...

Загадчыца аддзялення суправаджанага пражывання Надзея Дранец заводзіць усіх на кухню.

Загадчыца аддзялення Надзея Дранец (справа) вучыць жанчын гатаваць ежу

Абсталяванне там дамашняе. Кухары-аматары — пастаяльцы дома-інтэрната шчыра частуюць стравамі з цеста і мяса, якія нядаўна асвоілі.

— Наша задача, — кажа Надзея Сяргееўна, — сацыяльна-бытавая адаптацыя. Самае важнае — даць магчымасць чалавеку, які жыве тут, рэалізаваць сябе. Людзей трэба падрыхтаваць да выхаду і існавання па-за сценамі нашай установы, да жыцця ў соцыуме. Таму мы робім усё, каб людзі былі па максімуме і разнастайна задзейнічаны на працягу ўсяго дня. Іх жыццё павінна быць падобнае на наша.

Камп’ютарны клас у Хальчанскім псіханеўралагічным доме-інтэрнаце для састарэлых і інвалідаў

Цяпер у аддзяленні 14 чалавек. Яны вядуць практычна самастойны лад жыцця, самі размяркоўваюць сваю пенсію, займаюцца ўборкай пакояў, дапамагаюць даглядаць інвалідаў-калясачнікаў, у іх шмат розных захапленняў: мастацкая самадзейнасць, спорт, прыкладное мастацтва.

Супрацоўнікі прызнаюцца, што тыя, хто да іх трапляе ўпершыню, часам не навучаны нейкім элементарным навыкам догляду за сабой. Таму некаторых даводзіцца вучыць, як малых дзяцей. Зразумела ж, падыход персанальны, з улікам узросту, фізічнага і ментальнага стану.

Адпачынак на свежым паветры для тых, хто не можа перасоўвацца самастойна

У цырульніка інтэрната Вікторыі Крышнёвай праца ёсць штодзень

— Тут важна разумець індывідуальныя характарыстыкі і дапамагчы рэалізаваць той патэнцыял, які ёсць у чалавека, — лічыць старшыня камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Гомельскага аблвыканкама Пётр Шуцько. — Каб чалавек не застаўся адзінокі. Працэс рэсацыялізацыі такіх хворых вельмі складаны. У кожнай стацыянарнай установе — а іх у Гомельскай вобласці чатырнаццаць — ёсць аддзяленне суправаджанага пражывання. Там жывуць людзі, у якіх ёсць патэнцыял для рэсацыялізацыі. У гэтых аддзяленнях створаны умовы, каб навучыць іх карыстацца бытавымі прыборамі, навучыць гатаваць, даглядаць сябе, размяркоўваць фінансавыя сродкі — увогуле, каб падрыхтаваць чалавека да жыцця ў грамадстве. Летась чатыры чалавекі на Гомельшчыне аднавілі дзеяздольнасць і цяпер жывуць у грамадстве. Дарэчы, аднаўленне можа адбыцца толькі праз суд. Далей такога чалавека суправаджаюць у сацыяльным тэрытарыяльным цэнтры. Між тым, пазбавіць дзеяздольнасці прасцей, чым яе аднавіць. Таму супрацоўнікі інтэрнатаў шукаюць сваякоў, якія б дапамагалі такім людзям. Бо якія б добрыя ўмовы ў дзяржаўных установах для іх ні ствараліся, хатнія заўсёды будуць лепшыя.

Намеснік старшыні камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Гомельскага аблвыканкама Аляксандр Ляшэнка адзначае, што, нягледзячы на прынятыя ў вобласці меры, пытанне пра прадстаўленне спецыяльных жылых памяшканняў у псіханеўралагічных дамах-інтэрнатах усім недзеяздольным грамадзянам, у якіх ёсць патрэба, застаецца актуальным, бо колькасць іх апошнім часам павялічваецца:

— Разам з тым колькасць грамадзян, якія патрабуюць накіравання ў дамы-інтэрнаты агульнага і дзіцячага тыпу, памяншаецца. На сённяшні дзень усе дамы-інтэрнаты маюць неабходную матэрыяльна-тэхнічную базу і ўкамплектаваны адпаведнымі спецыялістамі. Пры гэтым ёсць і пытанні, якія патрабуюць хуткага рашэння. Так, не ва ўсіх дамах-інтэрнатах вобласці ёсць псіхолагі, спецыялісты па сацыяльнай рабоце, інструктар-метадыст па адаптыўнай фізкультуры, фізічнай рэабілітацыі.

Дэпутаты абласнога Савета знаёмяцца з работай Хальчанскага псіханеўралагічнага дома-інтэрната для састарэлых і інвалідаў

Член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і старшыня пастаяннай камісіі па развіцці сацыяльнай сферы Гомельскага аблсавета, галоўны ўрач Гомельскай клінічнай бальніцы № 1 Алег Ядранцаў кажа, што дзяржава шмат робіць для таго, каб палепшыць жыццё людзей з інваліднасцю:

— Пастаянна ўдасканальваецца заканадаўчая база. Многа робіцца для стварэння безбар'ернага асяроддзя для інвалідаў. На фінансаванне выдаткаў па ўтрыманні стацыянарных устаноў, умацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы, развіццё сеткі і паляпшэнне функцыянавання інтэрнатных устаноў прыцягваюцца бюджэтныя, пазабюджэтныя сродкі і сродкі спонсараў. Але ж, зразумела, няма межаў для ўдасканальвання. Напрыклад, у Хальчанскім доме-інтэрнаце нізкая якасць пітной вады. Утрыманне жалеза ў вадзе перавышае дапушчальны ўзровень амаль у дзесяць разоў. Таму мы прапануем жлобінскаму райвыканкаму тэрмінова разгледзець гэтае пытанне.

У перспектыве ў доме-інтэрнаце патрабуюцца капітальны рамонт сістэмы ацяплення, аднаўленне работы ліфтаў, капітальны рамонт сістэмы пажарнай сігналізацыі, удасканаленне безбар'ернага асяроддзя, замена мэблі.

Між тым усе дэпутаты сыходзяцца ў адным: важна, каб такія ўстановы не заставаліся ізаляванымі ад грамадства. Яно павінна ведаць пра ментальна хворых людзей і іх асаблівасці і рабіць так, каб людзям з ментальнай інваліднасцю было максімальна ўтульна жыць.

Ірына АСТАШКЕВІЧ

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Рэсацыялiзацыя магчымая

Выбар рэдакцыі

Грамадства

У 72-м аб'яднаным вучэбным цэнтры юнакі атрымліваюць і грамадзянскія спецыяльнасці

У 72-м аб'яднаным вучэбным цэнтры юнакі атрымліваюць і грамадзянскія спецыяльнасці

72-і аб'яднаны вучэбны цэнтр, што ў Печах, — самая вялікая воінская часць у Беларусі. 

Грамадства

Распавядаем, як арганізавана меддапамога ў Паставах

Распавядаем, як арганізавана меддапамога ў Паставах

Самым аддаленым ад абласнога цэнтра раёне краіны.

У свеце

Чаму Дональд Трамп захацеў набыць Грэнландыю?

Чаму Дональд Трамп захацеў набыць Грэнландыю?

Цяпер гэтая аўтаномная тэрыторыя ўваходзіць у склад Каралеўства Данія.

Грамадства

Школы Гомельшчыны прайшлі праверку на гатоўнасць да навучальнага года

Школы Гомельшчыны прайшлі праверку на гатоўнасць да навучальнага года

Сё­ле­та ў да­школь­ныя ўста­но­вы ра­ё­на прый­дзе 2 700 ма­лых.