Вы тут

Хведар Чэрня. Сябра маёй вясны


Радок на яго помніку спыняе і змушае задумацца:

«А жыццё, як імгненне, такое кароткае»


Словы належаць яму, сябру маёй маладосці, Хведару Чэрню. А жыццё яго сапраўды прамільгнула імгненна. Нейкая недарэчная, раптоўная смерць. Пражытае чалавекам можна вымяраць і гадамі, і вёрстамі, але ці ёсць тая мера, якой бы можна было вымераць перажытае? Мабыць жа, няма. Бо ў кожнага яно сваё, асабістае, пазначанае ўласным лёсам. А перажытае паэтам часта застаецца ў яго вершах.

Хведар Чэрня жыў усім тым, чым жыло яго пакаленне. А гэта — дзеці вайны, у якіх было нялёгкае дзяцінства, многіх з іх называлі бязбацькавічамі, бо бацькі загінулі на палях вялікай і страшнай вайны. Хведар жа быў яшчэ зусім малым хлапчанём, калі памерла яго маці. Давялося прывыкаць да зусім чужога слова «мачаха». Спачатку ён так і падумаў, што чужая жанчына, якая жыве з ім у адной хаце, завецца мачахай. Неяк Хведар, гуляючы, зламаў вазон. Адразу ў роспачы заплакаў і тут жа пабег павініцца: «Пані Мачаха, даруйце, я зламаў вазон!» Тая была так расчулена, ледзь сама не заплакала ад такой хлапчукоўскай шчырасці і непасрэднасці. А хлапчук падрастаў, хадзіў у школу і колькі вучыўся, столькі і выношваў у душы сваю запаветную мару. Ён мусіў лятаць, яму снілася неба, ён хацеў быць лётчыкам. Не будзем сцвярджаць, што гэтаму паспрыяў вядомы купалаўскі верш. У тыя пасляваенныя гады многія вясковыя хлапчукі ўяўлялі сябе будучымі лётчыкамі. Нязведанае і недасяжнае заўсёды прыцягальнае. Пасля заканчэння сярэдняй школы Хведар збіраў дакументы для паступлення ў лётнае вучылішча, рыхтаваўся да экзаменаў. Але лётную мару юнака перакрэсліла сваім строгім прысудам медыцынская камісія. Падвяло маладое сэрца. Вось такое нешанцаванне на пачатку дарогі. Няцяжка і старонняму зразумець настрой юнака пасля ўсяго гэтага. Пасумаваў хлопец ды адчуў у сабе іншыя крылы.

Род Чэрні славіўся музыкамі. Дзед паэта іграў на скрыпцы. Бацьку на Валожыншчыне ведалі як выдатнага кларнетыста. А Хведар ужо ў дзіцячыя гады добра асвоіў акардэон. Хлопца тут жа запрасілі на працу ў якасці загадчыка Вішнеўскага сельскага клуба. Вясковая моладзь любіла і паважала свайго клубнага музыку. А ён не толькі пасабляў мастацкай самадзейнасці, але і пісаў і клаў на музыку ўласныя вершы. Падборкі яго вершаў пачалі з’яўляцца ў Валожынскай раённай газеце. А неўзабаве хлопца паклікала сталіца. Ён працаваў фармоўшчыкам-ліцейшчыкам на Мінскім аўтазаводзе, перад гэтым закончыўшы вучылішча пры заводзе. Вакол заводскай шматтыражкі групавалася літаб’яднанне рабочых паэтаў, наведваў яго і Хведар, ды ўсё смялей стукаўся ў дзверы рэспубліканскіх літаратурных выданняў. А тут прыспела і служба ў арміі. Служыў Хведар Чэрня ў Гродне. Там малады паэт пазнаёміўся з многімі, пазней вядомымі ў краіне літаратарамі. Яны і параілі салдату пасля службы паступаць у БДУ. Памяць пракручвае ўжо далекаватыя па часе кадры ўспамінаў.

…Студэнцкі інтэрнат на Бабруйскай. Мы, абітурыенты, што з’ехаліся ў сталіцу з самых розных куткоў Беларусі, вельмі няёмка пачуваем сябе ў пакоі, які нечым нагадвае салдацкую кашару. Звольненыя ў запас хлопцы толькі паспелі зняць пагоны, але формы ваеннай не распранаюць. Кажуць, у ёй зручней хадзіць на экзамены — у тых, хто іх прымае, асаблівая павага да салдата. Ведаючы па фотаздымку ў часопісе «Маладосць», знаходжу невысокага чарнявага армейца. Пераадольваючы няёмкасць, іду знаёміцца. І тут жа сустрэчная, свойская ўсмешка Хведара Чэрні знішчае маю сарамлівасць. Знаёмімся з ім і адразу з усімі прысутнымі ў пакоі. Чэрня паступае на журналістыку, але ўжо праз дзень, сустрэўшы ў калідоры і паслухаўшы вясёлага і найшчырэйшага дэкана Міхася Рыгоравіча Ларчанку, здае экзамены разам з намі на аддзяленне беларускай мовы і літаратуры. Потым ён будзе нашым студэнцкім старастам. Наперадзе — і студэнцкія вечары, і дні, і месяцы. Яго вёска Доржні стане роднай мне, а мае Малыя Навікі прывабяць сваёй гасціннасцю яго.

Мне падабаліся армейскія вершы Хведара Чэрні. Асабліва ўразілі радкі пра палявую кухню. Яшчэ будучы дзевяцікласнікам, я цытаваў іх па памяці. Сам жа паэт ставіўся да іх як да чагосьці пасрэднага. Нават не ўключыў у сваю першую кнігу. Самому паэту больш падабаліся яго заводскія вершы. Рабочая тэма тады лічылася ці не самай важнай у літаратуры. Строгім запаволеным гекзаметрам апяваў малады паэт свае заводскія будні:

Глянь,

На плітах мадэльных апокі пудовыя скачуць,

Глынуўшы па норме фармовачнае зямлі…

А на літаб’яднанні ў «Чырвонай змене» хвалілі канцоўку гэтага верша:

У полымі веку — сплаў чалавека і сталі:

І плавіцца сталь, і гартуецца чалавек.

Загараліся вочы ў факультэцкіх прыгажунь, калі Хведар браў у рукі бывалы акардэон. Спачывае недзе ён сёння, сумуе без свайго гаспадара, а калісьці на спачынак не меў часу. Колькі шчаслівых вечароў памятае той акардэон! Хто з былых студэнтаў, што жылі ў тыя шчасныя гады ў інтэрнаце па вуліцы Свярдлова, не памятае яго вясёлыя акорды! Аб’ехаў ён ледзь не ўсю Беларусь, спякотлівым студэнцкім летам весяліў сэрцы ў сонечным Крыме. Пасля сябры паэта напішуць аб гэтым вершы. Але не толькі акардэон быў паслухмяным у руках Хведара Чэрні. Гэтак жа лёгка ён мог гнаць разам з вяскоўцамі пракос у лузе, хадзіць за плугам. Ён быў сынам селяніна, і яго рук слухалася любая сялянская праца. У гэтым я сам неаднойчы пераконваўся, бываючы ў гасцях у паэта на яго малой радзіме.

Мы нарадзіліся з ім па адзін бок Налібоцкай пушчы. І тое роднае і непаўторнае, што жыло і бунтавала ў ягоным сэрцы, заўсёды адгукалася і ў маім. Пра свае мясціны, якія мы неаднойчы разам з ім прайшлі пешшу, паэт напіша гэтак:

Мне б хоць раз на свет яшчэ радзіцца,

Знаю, што радзіўся б толькі тут.

Пэўны час паэт працаваў на Беларускім радыё, потым нібы перадаў эстафету мне. Я сядзеў за сталом, дзе перад гэтым сядзеў і ён. А Хведар Чэрня шчыраваў у выдавецтве «Мастацкая літаратура». Быў ён рэдактарам і маіх некалькіх кніжак вершаў. Перад гэтым заўсёды папярэджваў: «На сяброўства скідак ніякіх не будзе!» Не даваў паслабкі паэт і сабе. У адным з вершаў ён прызнаецца:

І цягнецца дарога

Праз лабірынт гадоў.

Не вынайшаў нічога,

Нічога не знайшоў.

Не знаю: мала-многа

Адведзена жыццю.

…Прыспешвае дарога

Насустрач адкрыццю.

А жыццю было адведзена не так і шмат. Адна за адной выходзяць з друку кнігі паэта «Размова з памяццю», «Сады юнацтва», «Настрой», «Ваколіца», «Святло рамонкаў». А ў 1982 годзе пабачыла свет і выбранае «На скрыжаваннях часу». Піша Хведар Чэрня і вершы для дзяцей, і гумар. Прымерваецца ў задумах і да прозы. Галоўнае, што ў вершах майго сябра няма павярхоўнасці, яны ў сваёй аснове шчырыя і чалавечныя, без пазёрства і прытворства. А душа яго была, як і мусіць быць у паэта, ранімай. Пра гэта, можа, крыху развярэджана, скажацца ў перадсмяротных радках:

Жыву як ёсць. Бывае так і сяк.

Жыццё то праміком, то наўскасяк.

Тралюе шлях. І толькі свой. Таму

Лягчэй і зацішней мне аднаму.

І гавару з адкрытаю душой.

Няхай здаецца некаму пустой.

Таму вас і прашу, дабром прашу:

Не лезьце з рознай дробяззю ў душу!

Вершы паэтаў часцей за ўсё вырастаюць з іх слядоў на сцяжынах Бацькаўшчыны. А сляды паэта варта шукаць у яго родных мясцінах. Здаецца, не так даўно мы з сябрамі і жонкай паэта Надзеяй Анатольеўнай, сынам Алёшам наведаліся ў яго роднае Вішнева, дзе ён і вучыўся, і працаваў загадчыкам клуба. Стаяла зіма, і было холадна ў прасторнай зале тутэйшага Дома культуры. І ніхто не спадзяваўся, што столькі цяпла адразу можа падарыць нам памяць і ўвага землякоў да свайго песняра. Прыйшлі на сустрэчу тыя, хто ведаў паэта, блізкія, родныя і знаёмыя. Згадвалі, чыталі творы, гучалі песні на словы паэта, і ў зале адразу цяплела.

Ён верыў у дабрыню, меркай дабрыні вымяраў усё чалавечае і прасіў: «Не хачу, каб у часе былым пра маю дабрату гаварылі». Першыя дзве кнігі яго так і называліся: «Добрай раніцы, людзі» і «Дабрэе свет».

Свежа і прачула пісаў Хведар Чэрня і пра былога франтавіка, і пра свой кут, і пра дзяцінства. Дык хто ж будзе гаварыць пра яго дабрату ў мінулым часе?

Зноў спынюся на радках, якія не магу не паўтарыць услед за аўтарам:

Будзем жыць.

Узыходзіць зара

І гарыць над зямлёй непагасна.

Мне ж якраз у дарогу пара.

Да людзей.

Дзень павінен быць ясным!

Клопат пра ўсіх, хто жыве сёння пад гэтым небам, і пра тых, хто будзе жыць пасля нас, гучыць у працытаваных радках. І адчуваецца ён ва ўсіх астатніх. Хай жа і гэтымі, і іншымі сваімі клопатамі ды адчуваннямі паэт застаецца з намі, жывымі!

Казімір КАМЕЙША

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.