Вы тут

Як 70-гадовая бабуля з Івацэвіцкага раёна вышывае дыванкі


Вёска Рудня ад райцэнтра знаходзіцца на адлегласці ажно 70 кіламетраў — паўднёва-ўсходняя ўскраіна Івацэвіцкага раёна. Жыццё тут працякае ціха і спакойна, і людзі ў гэтай вёсцы жывуць няспешна. Там-сям «падзынькваюць» дрэваапрацоўчыя станкі, то конікам з возам, нагружаным сенам, хто праедзе па дарозе, то трактар ці машына якая прагудзе, забрэша сабака на чужога — і зноў ціха, спакойна.


Можна было б расказаць пра настаўнікаў базавай школы, якая тут захавалася, і ў памяшканні якой дружна ўжываюцца і аддзяленне сувязі, і ФАП. Можна было б успомніць, як летась жыхары вёскі адрамантавалі сваімі сіламі адну з вуліц, нават можна было б спыніцца на паветры — чыстым, здаровым, якім не надыхаешся...

Двароў тут налічваецца каля дзвюх соцень, а жыхароў крыху больш за чатырыста. Большасць пенсіянеры, а жанчыны, бадай, усе рукадзельніцы.

Вось і Праскоўя Мікалаеўна Шляжка рукадзеллем займаецца з дзяцінства. Як кажуць, колькі сябе помніць, ніколі рукі не былі без справы: то вышывала гладдзю, то ткала, то вышыўка крыжыкам пайшла ў ход, то вязала кручком падузорнікі для вышытых прасцін і карункі для ручнікоў, а апошнім часам захапілася пляценнем дыванкоў, рознакаляровых, бы вясёлка грае.

У сям'і захавалася сарочка, якую баба Парася вышывала, калі яшчэ сама ў школу хадзіла, — рэліквія. З гадамі майстэрства Праскоўі Мікалаеўны адточвалася, яна рыхтавала вышыўкі на пасаг дзяўчатам — чацвёра дачок ды тры сыны, якім таксама дарыла вышыўкі, потым унукам — іх 21, а цяпер прычакала і двух праўнукаў. То работы — без канца і краю. І нават калі па адным дыванку кожнаму, з улікам нявестак і зяцёў, то спатрэбіцца іх чатыры дзясяткі. А яшчэ ж падзеі здараюцца, святы, неспадзяваная нагода прыспявае, госці завітаюць...

«Фабрыка» дыванкоў

Муж Канстанцін Сцяпанавіч быў суровы па характары, і хоць надта ж у жонкі прыгожа ўсё атрымлівалася, не любіў, калі яна бралася за рукадзелле, лічыў — пустое. Калі не стала яго, толькі праз гады Праскоўя Мікалаеўна дала свабоду свайму любімаму занятку. Вакол яе, чалавека таварыскага і добрага, пачалі смялей згуртоўвацца суседкі і іншыя вясковыя жанчыны. Каго яна вучыла асноўным навыкам вязання кручком сонечных дыванкоў, каму паказвала новыя вясёлкавыя пераходы фарбаў ці ўзоры, формы... І на глебе гэтага адмысловага захаплення ў яе з'явілася шмат сябровак у вёсцы, з якімі яны ладзяць пасядзелкі, дзеляцца навінкамі з інтэрнэту і абменьваюцца зыходным матэрыялам.

— Раней на дыванкі мы распускалі старыя вязаныя рэчы, — расказвае дачка Зоя Палуяновіч, — потым рэзалі на палоскі старыя рэчы з тканіны альбо вязалі дыванкі са шпагату, з упаковачнага матэрыялу, агараджальнай стужкі, з настольнай цыраты, з малочных пакетаў і іншай другаснай сыравіны. А цяпер адзін мужчына возіць з Пінска ў вёску забракаваную новую тканіну, якую збывае ў Рудні за бясцэнак, і мясцовыя жанчыны ахвотна купляюць яе і з імпэтам вырабляюць дыванкі, якія з новай тканіны атрымліваюцца і прыгожыя, і трывалыя, — зносу ім няма.

Фантазія бабуль працуе, з'явіліся новыя ўзоры, памяняўся стыль. Інструментам быў драўляны кручок, а потым у магазінах з'явіліся металічныя.

— Памятаю, тэлефануе мама: «Купі, дочачка, у Івацэвічах мне металічны кручок». «Добра, мама, куплю», — адказваю. Назаўтра зноў тэлефануе — не, два кручкі купі... Праз колькі гадзін: «Не, мілая, тры кручкі трэба, суседкі просяць». Я тады адказваю: «Добра, мама, куплю табе пяць кручкоў, каб усім хапіла»... У іх ужо бы свая «фабрыка», — смяецца Зоя Канстанцінаўна.

Матчыны таленты перадаліся і дочкам. Старэйшыя Жанна і Маргарыта здатныя да малявання, а Зоя пераняла ўсе віды матчынага рукадзелля, ды яшчэ і свайго дадала — з розных адходаў робіць сувеніры: пад Новы год — ёлачкі, цацкі, да дзён нараджэння — шкатулкі і кошыкі з паперы, эксклюзіўныя паштоўкі, падстаўкі, пано... На рабоце, а працуе Зоя Палуяновіч у ААТ «Івацэвічдрэў», жанчыны кажуць, што ў яе руках усё гарыць, нічога не прападае. Нават жарт ходзіць па канторы: «Перш чым выкінуць у сметніцу якую стужку ці вяровачку, трэба папытаць, ці не спатрэбяцца яны Канстанцінаўне».

Бабуля «працуе» мамай

З вялікай любоўю і павагай расказвалі пра род Шляжкаў пляменніцы Праскоўі Мікалаеўны Тамара Аляксееўна Шляжка і Яўгенія Уладзіміраўна Домась. Іх дзед быў знакаміты ў акрузе бондар і цясляр. У гэтай сям'і цётка Паша была малодшай з чатырох дзяцей, а ў сям'і яе мужа дзяцей было восем. Хату яны пабудавалі побач з бацькоўскай. Працавалі ўсё жыццё ў мясцовай гаспадарцы: Праскоўя Мікалаеўна — паляводам у перапынках паміж сямю родамі, а Канстанцін Сцяпанавіч — у будаўнічай брыгадзе.

Сям'я жыла небагата, але трымала вялікую гаспадарку з канём, каровамі, свіннямі і птушкай. Акрамя таго, бралі па гектары буракоў, садзілі па гектары бульбы... «Першы веласіпед, памятаю, мы купілі, калі я хадзіла ў шосты клас», — кажа дачка Зоя Канстанцінаўна. Летам сям'я зарабляла на ягадах, чарніц ці брусніц кожны збіраў па 35—40 літраў, хадзілі і ў грыбы.

— Ногі баляць ужо ў мяне, але чаго я буду сядзець дома ды слухаць, як яны баляць, — лепш у лес пайду ды грыбоў назбіраю, — кажа Праскоўя Мікалаеўна. — Я іх не ем, не люблю, але збіраю дзецям, унукам. Насушваю мяхі ў сваёй рускай печы, каб усім хапіла.

Чатыры гады таму каня збылі, а карову замянілі на козачак. Яшчэ Праскоўя Мікалаеўна трымае курэй: нясушак і бройлераў. Па-ранейшаму садзіць многа бульбы. І дзеці сем'ямі прыязджаюць, дапамагаюць усё ўбраць восенню.

Дарэчы, амаль у кожнага з дзяцей сям'я шматдзетная. Шляжкі падтрымліваюць сувязь з сям'ёй брата Юрыя, хоць прайшло шмат гадоў з дня яго смерці, дапамагаюць у клопатах абедзвюм яго дочкам, а дваіх дзяцей, якіх яго жонка Кацярына нарадзіла з другім мужам, не лічаць чужымі. Асаблівае стаўленне ў Праскоўі Мікалаеўны да сына Мікалая, які працуе звальшчыкам лесу, але з жонкай у разводзе з мінулага года, а двое дзяцей па рашэнні суда гадуюцца з ім. Сын прыязджае да маці толькі на выхадныя, бо ўвесь час па камандзіроўках, а яго дачка Наталля і сын Дзмітрый усе дні пад наглядам бабулі Параскі. Яна ім як маці. І на бацькоўскія сходы ходзіць, і ўрокі дапамагае рабіць. У Руднянскай школе яе так і называюць — «мама-бабуля». Калі на парозе зрэдку з'яўляецца сапраўдная маці дзяцей, Праскоўя Мікалаеўна адчыняе ёй дзверы і не папракае, што кінула іх, а ў глыбіні душы нават спадзяецца, што нявестка адумаецца. Якая яна ні была б, а дзецям — маці. Сэрца толькі рвецца, калі малодшы Дзіма з усіх ног бяжыць да яе, а як паедзе тая, — сумуе, тужыць доўгі час...

Сіла — у шматдзетнасці

Вядома, жыццё гладкае, без выпрабаванняў не выпадае амаль нікому, іншая справа — як чалавек пераадольвае цяжкасці. Праскоўя Мікалаеўна — са змірэннем, хоць жаночае сэрца не раз аблівалася крывёю ад гора. Характар мужа ўлагоджвала цярплівасцю, добрымі словамі ў яго адрас. Страту маладога сына, а потым і сына дачкі Маргарыты перажывала ціхмяна, без істэрык на людзях, развод сына — са шкадаваннем, але зноў жа ў душы. Свой боль лечыць працай і захапленнямі. А яшчэ яна ўсіх дзяцей навучыла жыць дружна, дапамагаць адно аднаму. І хоць разам сям'і сабрацца ўдаецца нячаста, адчуванне падтрымкі ёсць у кожнага, а абавязак дапамагаць маці і адно аднаму свята выконваюць усе, як і традыцыі роду — быць дружнымі і... шматдзетнымі.

Валянціна БОБРЫК

Фота з архіва сям'і

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?