Вы тут

Як хутка людзі змогуць стаць менш агрэсіўнымі?


Не так даўно інтэрнэт-супольнасць узбударажыла відэа, якое навучэнцы аднаго з віцебскіх каледжаў вылажылі ў сеціва. Там яны здзекаваліся з аднагрупніка: заклеілі яму рот скотчам, звязалі рукі, цягалі па падлозе... Многія тады задаліся пытаннем: адкуль у падлеткаў столькі агрэсіі? Дзе ўвогуле шукаць яе вытокі — у сям'і, у соцыуме, у інтэрнэце?

Зразумела, органы аховы правапарадку прыцягваюць да адказнасці тых, хто так ці інакш прымяняе насілле да іншых. Праўда, калі тыя папаліся. Вось, напрыклад, той жа хлопец з віцебскага каледжа не заявіў адразу на сваіх крыўдзіцеляў. Іх злачынства стала вядома, як толькі відэа з'явілася ў сеціве. І такіх, як гэты хлопец, хапае — яны проста церпяць. Але ёсць і добрая навіна. Усё часцей праблема насілля стала ўздымацца ў грамадстве. У яго прычынах імкнуцца разабрацца. Праводзяць круглыя сталы з псіхолагамі, міліцыяй, грамадскімі актывістамі і дзеячамі. Не дрэмле прэса. А некаторыя нават ладзяць незвычайныя перформансы. Так, напрыклад, аднойчы невядомыя ў сталічным парку развесілі жаночае адзенне, аблітае чырвонай фарбай, а на зямлі раскідалі брашуры для ахвяр хатняга гвалту. Псіхолаг і кіраўнік карэкцыйнай праграмы для мужчын у Мінскім гарадскім Цэнтры сацыяльнага абслугоўвання сям'і і дзяцей Раман КРУЧКОЎ упэўнены, што на самай справе агрэсія ўласціва ўсім людзям.


— Яна нібыта ўніверсальны рухавік, як у эканоміцы — грошы, ці вада ў гэтым свеце, — гаворыць спецыяліст. — Калі рацыяналізаваць, то агрэсія неабходна нам, каб абазначыць свае межы. Гэта энергія існуе, і мы павінны з ёй лічыцца і ўмець кантраляваць. Нас заўсёды «наведваюць» нейкія імпульсы, якія мы кантралюем, нягледзячы на тое, усведамляем гэта ці не. Усе жывуць па нейкіх правілах і нормах у адрозненне ад тых жа малпаў. Але ж некаторыя не кантралююць сваю агрэсію — ненаўмысна ці знарок.

— Вы хочаце сказаць, што ёсць людзі, якія наўмысна агрэсіўныя, а ёсць тыя, хто ненаўмысна?

— Тут на самай справе тонкая мяжа. Я ўжо не першы год працую з людзьмі, якія маюць цяжкасці з кантролем, і заўважыў, што ў іх найбольш распаўсюджаная спроба растлумачыць свае паводзіны такая: «Я не думаю, што гэта гвалт» ці «Усе так робяць, не толькі я». Людзі шукаюць спосаб нармалізацыі сваіх паводзін.

— Вы лічыце, што яны часцей займаюцца самаапраўданнем?

— Так. На самай справе гэтым займаюцца больш людзей, чым можна сябе ўявіць. Амаль усе агрэсіўныя людзі выраслі ў сем'ях. Але мала хто з бацькоў возьме адказнасць за свае дзеянні або бяздзейнасць у выхаванні. Як правіла, большасць імкнецца растлумачыць агрэсіўнасць сваіх дарослых дзяцей тым, што «яны такія нарадзіліся». Людзі не прывыклі жыць свядома, проста жывуць побач з насіллем і ўсё.

Зразумела, усе жыхары нашай планеты жывуць ў стане перманентнага стрэсу. А вось наш спосаб саўладаць з ім — індывідуальны. Калі жыць у грамадстве, дзе лічыцца нормай «разгрузіцца ад стрэсу» праз насілле над сваімі блізкімі і не панесці за гэта адказнасці, то такое ёсць легітымны спосаб выкарыстоўваць насілле ў сваім жыцці. Але калі вы жывяце ў грамадстве, якое не прымае насілле за норму, выхоўвае сваіх дзяцей без гвалту, вучыць іх канструктыўна вырашаць канфлікты з дашкольнага ўзросту і прымае адэкватнае заканадаўства ў гэтым кірунку, то градус насілля ў грамадстве і агрэсіўнасць будуць істотна меншыя.

— Вы лічыце, што іерархіі ў сям'і не павінна быць?

— Калі казаць пра ўладу аднаго чалавека ў сям'і, які вызначае правілы, нормы, паводзіны, то атрымліваецца, што другі прымае ролю падпарадкаваную. У гэтым і ёсць небяспека. Калі такі «галоўны» злоўжывае сваёй уладай, яго ніхто не кантралюе і ён сам сябе не можа кантраляваць (проста не прывык, не хоча, не лічыць патрэбным), то такая сістэма дысфункцыянальная і паталагічная. Да мяне часта звяртаюцца жанчыны, якія не ведаюць, як жыць са сваім такім «галоўным», бо ўсе правілы, па якіх жыве сям'я, мяняюцца ў залежнасці ад таго, з якім настроем такі «іерарх» вярнуўся, напрыклад, з работы. Я не кажу, што жанчыны не прымяняюць насілле. Ды колькі заўгодна. Але ёсць свая спецыфіка. Напрыклад, жанчыны выкарыстоўваюць часцей за ўсё псіхаэмацыянальнае насілле, а вось мужчыны і псіхаэмацыянальнае, і даволі часта фізічнае.

— Многія лічаць, што выхаваць дзіця, не выбудаваўшы выразна іерархію, вельмі цяжка. Вы лічыце, што бацькі павінны быць сябрамі сваім дзецям?

— Іерархію пакаленняў ніхто не адмяняў. Яна павінна быць — гэта норма. Тым больш што бацькі не могуць быць сапраўднымі сябрамі. У іх роля іншая. Выхаваць, забяспечыць біялагічнае выжыванне і навучыць дзяцей мінімальным сацыяльным навыкам. Ужо ў садку, школе і ВНУ дадуць адукацыю і прафесію. База сацыяльнага ўзаемадзеяння, падтрымка кантактаў — усё з сям'і. Вядома, што ў працэсе жыцця яны дабіраюць нешта сваё і часам вельмі адрозніваюцца ад бацькоў. Але калі бацькам удасца выбудаваць з дзіцем блізкія адносіны, то гэта будзе шчаслівы, запатрабаваны чалавек, які мае адэкватныя ролевыя мадэлі, ён здолее сам выбудаваць блізкія адносіны і падтрымліваць іх. Калі гаварыць аб дысфункцыянальных сем'ях, дзе адзін чалавек вырашае, за што караць дзіця і за што хваліць, і гэтыя рашэнні не заўсёды адэкватныя, то дзіця можа вырасці з траўмаванай псіхікай.

— Вы праводзіце работу з мужчынамі, якія так ці інакш прымяняюць насілле ў сваёй сям'і. З чым яны да вас звяртаюцца?

— Вы ведаеце, няма такога паказальнага «агрэсара» — яны ўсе розныя. Па сутнасці, кожны з нас быў сведкам насілля, і ахвярай, і агрэсарам — у дзяцінстве, у юнацтве ці дарослым жыцці. Проста некаторыя людзі сістэматычна ўжываюць у стасунках насілле. Ну, напрыклад, мужчына, які прыходзіць і кажа: маўляў, у мяне праблемы з жонкай, таму што я б'ю дзяцей. Але ён лічыць, што караць дзяцей фізічна — гэта правільна, так павінна быць! І ў гэтую ж групу патрапіць мужчына, у якога ўсё лётала ў доме і ў жонкі былі цяжкія траўмы... І тут жа са сваімі праблемамі акажацца пажылы мужчына, які ніколі не паднімаў руку ні на дзяцей, ні на жонку. Але ўсе 25 гадоў сумеснага жыцця ўсяляк прыніжаў яе: і з нагоды яе заробку, і з-за «бабскага розуму» і іншага.

— Ці магчыма пазбавіцца ад агрэсіі?

— Ад агрэсіі пазбавіцца нельга, бо гэта наша ўласцівасць, а вось ад прымянення насілля — можна. Трэба вучыцца кантраляваць свае агрэсіўныя імпульсы, накіроўваць іх у пазітыўнае рэчышча.

— Як можна накіраваць агрэсію ў пазітыўнае рэчышча?

— Як мінімум навучыцца не прыносіць дадому тое, што назапасіў унутраны «кантэйнер». Ва ўсіх людзей ёсць своеасаблівы ўнутраны «кантэйнер». Туды чалавек збірае свае эмоцыі, назапашаныя за дзень, напрыклад расчараванасць тым, што далі малую зарплату, дрэннае самаадчуванне ці хамства калегі. Ёсць пэўныя практыкаванні і тэхнікі, якія дапамагаюць зняць напружанне. Гэта вельмі павольная і крапатлівая праца чалавека над сабой.

— Што неабходна для пачатку працы над сабой у гэтым кірунку?

— Чалавек не павінен быць у адмаўленні. Гэта як у алкаголікаў. Ну, напрыклад, Вася п'е. Вы турбуецеся, гаворыце яму, маўляў, кінь дурное. Але гэта патрэбна вам, а не яму. І вось Вася дапіўся «да ручкі», у яго развалілася печань. Яму стала балюча, і ён зразумеў, што трэба кінуць. І тады ўжо сам звярнуўся па дапамогу... З насіллем прыкладна гэтак жа, толькі ў чалавека не прысутнічае ў крыві хімічна актыўных рэчываў. Агрэсар ужывае гвалт таму, што ў яго ёсць пэўныя каштоўнасці, навыкі і патэрны. Памятаю мужчыну, які ў гневе нават не паспяваў падумаць — адразу біў. Па сутнасці, трэба навучыцца разумець і «рэгістраваць» свае пачуцці ў пэўны момант, і калі чалавек гэтаму навучыцца, то яму стане зразумела, калі неабходна спыніцца.

— А якім чынам можна ўвогуле выправіць сітуацыю?

— Цалкам выкараніць насілле немагчыма. Гэта як марыць перамагчы ўсе хваробы і смерць. Але, заўважце, на Усходзе людзі больш агрэсіўныя, чым на Захадзе. Чаму? Таму што на Захадзе ўжо прайшлі даволі вялікі шлях у гэтым кірунку, там прынятыя патрэбныя законы, і нормы ўкараніліся. Гэта змянялася не рэвалюцыйна, а эвалюцыйна. А пачыналася з таго, што спецыялісты, грамадскія дзеячы пачыналі пра гэта гаварыць. І ў нашай краіне працэс пайшоў, хоць і павольна. З часам людзі зразумеюць, што мець канструктыўныя зносіны выгадна, бо стасункі, у якіх прысутнічае насілле, прыносяць пакуты не толькі ахвярам, але ў выніку і тым, хто яго ўжывае.

Размаўляла Наталля ТАЛІВІНСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.