Вы тут

Мамін дзённік. Як становяцца эгаістамі


Першую раніцу гэтага лета мы сустрэлі ў бальніцы. Напярэдадні вечарам Цёмік вывернуў на сябе кубак з гарачай гарбатай. Самае крыўднае, што я стаяла побач, але мае вочы бачылі пакецік, які я выкідвала ў сметніцу...


Колькі пішуць, кажуць — трымайце такіх малых на ўзроўні выцягнутай рукі: да бяды, маўляў, недалёка. Але пакуль сам не апячэшся... У нашым выпадку ў прамым сэнсе. Ды дзе ж такія малыя ўсё зразумеюць, не час ім пакуль рабіць пэўныя высновы: як цягнуў усё са стала, так і цягне. А цяпер яшчэ і спрабуе залезці на табурэт ці зэдлічак.

Сёння, перш чым планаваць цяжарнасць, маладым бацькам варта падрыхтавацца як мае быць. Набыць нованароджанаму патрэбныя рэчы, абсталяваць яму пакойчык ці пэўны куточак — гэта само сабой. Варта падумаць і пра бяспеку. Заглушкі ў разеткі, замкі на пластыкавыя вокны, спецыяльныя зашчапкі на тумбачкі ды камоды — у інтэрнэт-крамах шырокі асартымент падобнага тавару. І ў большасці выпадкаў, на жаль, да яго звяртаюцца, калі ўжо нешта здарылася. Мы, у прыватнасці, зашчапкі з Кітая замовілі, калі ўжо не адзін пальчык быў у камодзе ці шафцы прыціснуты, сіліконавыя штучкі на ўсе вуглы прыляпілі пасля таго, як у іх неаднойчы ўпісаўся маленькі шкоднік. Гарбату цяпер робім далёка ад краёў стала нават тады, калі малы спіць. Чаму ж было не папярэдзіць бяду? У некаторых, на жаль, другіх шанцаў няма...

Яшчэ нядаўна думала: «Хутчэй бы сынок пайшоў». А ён і пайшоў, нават пабег. Цяпер толькі следам — каб зноў чаго на сябе не вывернуў, не пабіў калені, не пабіўся з кімсьці. Так-так, наш Цёмік, якому яшчэ толькі год і месяц, ужо ва ўсю моц распускае свае ручкі. Добра калі яшчэ на сваіх замахнецца (хоць крыўдна, вядома, а часам і балюча), а калі на дзяцей, якія мірна гуляюць на пляцоўцы. Адна такая, якой знянацку ўляцела, гэткай здачы бабахнула! Слёзы, крыўда — нават шкада стала, але ж сам напрасіўся. А паспрабуй яму не даць таго, што ён хоча, — хавайся ў бульбу: тое, што ў яго ў руках, абавязкова паляціць у цябе. І ніхто ж гэтаму не вучыў!

З горыччу заўважыла, што цяперашнія дзеці не ўмеюць гуляць. Ні разам, ні паасобку. Акурат учора нашаму спатрэбіўся мячык, з якім забаўлялася суседская дзяўчынка. Тая не дала (маўляў, буду кідаць сама сабе). Цёмік, канешне, у слёзы. Маці дзяўчынкі вынесла яму іншы мячык, але не паспела даць малому ў рукі, як дачка яго адабрала. Той жа мяч стаў нікому не патрэбен, пачалася бойка за гэты. І так з усімі цацкамі. На сваёй машынцы-каталцы не ўседзіць, і ў той жа час як іншыя дзеці будуць наперабой яе дзяліць, Арцёмка пойдзе да чужой — абсалютна такой жа, мо, колеру толькі іншага. І ў пясочніцы будуць ваяваць за вёдры-граблі, хоць кожны прыйшоў з уласным наборам.

Мы, малыя, памятаю, раніцай як выйдзем на вуліцу, так да вечара там і сядзім — на коўдрачцы каля балкона ці ў пяску. Гуляем у лялькі, гатуем ежу з травы і камянёў, там жа ядзім сапраўдную — свае бутэрброды і сяброўчыну каўбасу. І так нам было весела, так хораша, што ўвечары дамоў было не загнаць. Прычым і цацак з лішкам не было, уключалі фантазію і абыходзіліся спадручнымі рэчамі.

Сёння ж у двары нашых вясковых трохпавярховікаў стаіць батут, надуты басейн, абсталяваны розныя арэлі, пясочніцы, альтанкі. Толькі дзяцей там убачыш нячаста ды і паасобку ўсе неяк. Чым жа мы расплацімся перад выгодамі цывілізацыі? Маленькімі эгаістамі ці пакаленнем без сяброў?!

Вераніка КАНЮТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».