Вы тут

Анжаліка Гоман пра бабулю з дваранскімі каранямі, унучку Пушкіна і сямейны праклён


Калі няма ўжо побач тых, хто можа нешта расказаць пра продкаў, выручыць сямейны альбом. У такія хвіліны асабліва востра адчуваеш удзячнасць да тых, хто захаваў кавалачак сямейнай гісторыі для нашчадкаў. Старшыні Краснапольскага райсавета дэпутатаў Анжаліцы Гоман, лічы, пашчасціла. У яе альбоме знайшліся і старыя фотаздымкі, і каштоўныя дакументы. Трымаеш іх у руках і быццам адчуваеш подых таго часу, калі ўсе гэтыя людзі былі яшчэ жывыя.


Агаф'я Воўк-Ле­ва­но­віч (край­няя зле­ва ў пер­шым ра­дзе) бы­ла «сма­лян­кай».

На адным з дарэвалюцыйных фота вакол паважнай пары ў цэнтры вялікая сям'я.

— Гэта мае продкі па мацярынскай лініі, — удакладняе Анжаліка Арнольдаўна. — Вось гэты мужчына, падобны на Чэхава, — Іван Якаўлевіч Воўк-Левановіч, мой прапрадзядуля. А вось імя яго жонкі мне невядома. Крайняя злева ў першым радзе, з дзіцем на руках — мая прабабуля Агаф'я Воўк-Левановіч, прыгожы мужчына за ёй — яе муж Антон Адамовіч, на фота таксама ёсць сястра Агаф'і Вольга і брат Міхаіл.

Маці Анжалікі Арнольдаўны — Жанна Георгіеўна — успамінала, што яе прадзед Іван Якаўлевіч Воўк-Левановіч быў упраўляючым маёнтка ўнучкі рускага паэта Аляксандра Сяргеевіча Пушкіна — Наталлі Варанцовай-Вельямінавай у Бабруйскім раёне. А яго жонка працавала там ключніцай. На грошы заможнага і высокаадукаванага сямейства Варанцовых-Вельямінавых у тамтэйшай вёсцы з цёплай назвай Цялуша былі пабудаваныя храм, бібліятэка і школа. Зараз пра тыя часы нагадвае толькі царква ў гонар Цудатворца Мікалая, якая была асвечаная ў 1902 годзе. Непадалёк ад яе і пахаваная ўнучка рускага паэта, якая памерла ў 1912 годзе ад запалення лёгкіх. Жанна Георгіеўна добра памятае са свайго даваеннага дзяцінства «цялушскі» перыяд. І той выпадак, калі яе брат залез на дах царквы і яго доўга не маглі адтуль зняць.

— На жаль, вядомых фактаў з жыцця маіх продкаў захавалася мала, — кажа Анжаліка Арнольдаўна. — Але, як расказвае маці, мая прабабуля Агаф'я Іванаўна Воўк-Левановіч вучылася ў Смольным інстытуце высакародных дзяўчат у Санкт-Пецярбургу — была «смалянкай». Вось толькі калі, невядома. Можна меркаваць, што прыкладна ў 1900-х. Бо дзесьці ў 1910-м яна выйшла замуж за Антона Адамовіча — прыгожага статнага мужчыну, які працаваў на чыгунцы начальнікам. А ў 1911-м у іх нарадзілася мая будучая бабуля — Ларыса.

Атрыманыя ў інстытуце высакародных дзяўчат навыкі вельмі спатрэбіліся Агаф'і Іванаўне для сямейнага жыцця. На памяць дзецям, унукам і нават праўнукам яна пакінула шмат прыгожых вытанчаных рукадзельных рэчаў, звязаных шыдэлкам, — карункавыя пакрывалы, навалачкі, сурвэткі, каўнерыкі, нават цацкі. Краснапольская праўнучка з удзячнасцю ўспамінае пра маленькія дзіцячыя боцікі, пашытыя асабіста для яе.

Усім сваім дзецям Агаф'я Іванаўна дала адукацыю. У Бабруйску здымала кватэру і на ўвесь вучэбны сезон перасялялася туды разам з дзецьмі. А надзейнай карміцелькай для сям'і была карова, якую яны бралі з сабой у горад. На канікулы вярталіся дамоў усе разам, прыхапіўшы карову.

Амаль му­зей­ны ра­ры­тэт.

Яшчэ адно фота, дзе сфатаграфавана сямейства Воўк-Левановічаў, ужо савецкага перыяду — 1927 года. На адваротным баку здымка подпіс: «хутар Бярозаўка».

— Гэта непадалёк ад Цялушы, — удакладняе Анжаліка Гоман. — Вунь тая прыгожая дзяўчына з доўгай касой і ёсць мая бабуля Ларыса. Пасля вучобы ў Бабруйску яна стала настаўніцай і выкладала ў Цялушскай школе.

У альбоме пачэснае месца займае вялікі даваенны здымак вучняў пятага выпуску Цялушскай школы. Пад фота ў авальнай рамачцы, з якога строга глядзіць маладая жанчына ў сукенцы з белым каўнерыкам, подпіс — Адамовіч Л. А.

— Бабуля ў маладосці была вельмі рамантычная натура, а яшчэ даволі адчайная, — усміхаецца Анжаліка Арнольдаўна. — Захавалася фота, дзе яна ў штанах і кепцы сядзіць вярхом на кані. Некаторыя думаюць, што гэта мужчына. І калі б не подпіс, сапраўды можна было б пераблытаць. Маці расказвала, што Ларыса вельмі падабалася мужчынам. Да яе заляцаўся нават адзін знакаміты пісьменнік. Але ён быў ёй не падушы.

Фо­та 1927 го­да. Ім­ёны лю­дзей, на жаль, не за­ха­ва­лі­ся. Вя­до­ма толь­кі,  што дзяў­чы­на ў бе­лай спад­ні­цы з доў­гі­мі ко­са­мі — Ла­ры­са Ада­мо­віч.

Замуж цялушская настаўніца выйшла за Георгія Фёдарава, які працаваў доктарам. А праз 11 гадоў ён памёр, пакінуўшы жонку з чатырма дзецьмі.

— У сям'і ёсць легенда, што нехта пракляў наш род, — дзеліцца сямейнай тайнай суразмоўніца. — Мужчыны сыходзілі з жыцця вельмі рана. Бацька Ларысы памёр, калі ёй было 10 гадоў. У шлюбе з Агаф'яй ён пражыў усяго 11 гадоў. Столькі ж са сваім мужам жыла і Ларыса. Але калі і быў які праклён, то ён ужо перастаў дзейнічаць. Вунь брат маёй матулі дажыў да пачэсных гадоў.

На памяць ад Георгія Фёдарава застаўся вельмі рэдкі дакумент — сапраўдная знаходка для музейных работнікаў. Гэта яго метрычная выпіска 1908 года, дзе пазначана, што «немаўля нарадзілася 26 лістапада 1894 года». Каліграфічным почыркам напісана, што шчаслівая падзея адбылася ў сям'і запаснога радавога Івана Фёдарава і яго «законнай жонкі» Яўлаліі Андрэевай. А засведчылі факт хрышчэння хросныя бацькі — радавы Георгій Нікіцін і сялянка Марыя Куксава. Таінства адбылося ў сценах Іосіфаўскага сабора ў Магілёве, які быў пабудаваны ў гонар сустрэчы Кацярыны ІІ і аўстрыйскага імператара Іосіфа ІІ. Гэты сабор узарвалі ў савецкі час, калі з Магілёва збіраліся зрабіць сталіцу БССР. На яго месцы цяпер знаходзіцца гасцініца «Днепр». А дакумент, выдадзены ў яго сценах, мае вялікую гістарычную каштоўнасць. Папера вельмі сур'ёзная — з пячаткай.

Анжаліка Гоман спадзяецца, што ў будучым даведаецца яшчэ шмат чаго цікавага пра свае карані. На жаль, усё не хапае часу, каб пасядзець у архівах. Але пра тое, што продкі яе былі не простыя людзі, можна меркаваць па тых жа здымках. Наогул, род Воўк-Левановічаў прывілеяваны. Ёсць звесткі, што яго гісторыя на Бабруйшчыне пачалася з 1777 года, калі польскім каралём Станіславам Аўгустам Аляксандру Воўк-Левановічу быў падораны маёнтак Ясны Лес. Вядома таксама, што сям'я Воўк-Левановічаў у канцы ХVІІІ — пачатку ХІХ стагоддзя была найбагацейшай на Бабруйшчыне, але потым разарылася. Напэўна, з гэтым родам і звязаны продкі Анжалікі Гоман па лініі Івана Якаўлевіча Воўк-Левановіча.

— Гартаць сямейны альбом у нашай сям'і любяць усе. На жаль, раней проста разглядалі фота і не ўдаваліся ў падрабязнасці, — кажа Анжаліка Арнольдаўна. — Цяпер тых людзей, якія б нешта маглі расказаць, няма. Але ўзнікла вострае жаданне заглянуць у мінулае. Маці, дарэчы, расказвала, што ў сям'і было прынята бацькоў называць на «вы». Я яшчэ звяртаюся да маці на «вы», а вось мая дачка са мной ужо на «ты». Цяпер на гэтым ніхто асабліва не зацыкліваецца. А паразважаць, як было раней, заўсёды цікава. Прыемна акунуцца ў гісторыю свайго роду і сагрэцца душой. Бо хто б што ні казаў, а нябачная сувязь паміж пакаленнямі існуе. І яна дапамагае нам быць моцнымі.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Загаловак у газеце: Нябачная сувязь сапраўды існуе

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.