Вы тут

Непаслухмяныя шкарпэткі


Са з'яўленнем трэцяга дзіцяці не адразу, але праз пэўны час, я стала філосафам з ноткай пафігізму ў характары. І паверце, я не перабольшваю. Калі ў мяне было двое дзетак (дзяўчынка і хлопчык), то часта непакоілася пра ўсё на свеце. Ну, напрыклад, упала дзіця ў лужыну. Вяду малое дадому чырвоная-чырвоная і сама на сябе злуюся: маўляў, дзіця не даглядзела, яно мокрае і можа захварэць... Да таго ж аглядваюцца мінакі, што яны падумаюць? Што я дрэнная маці?


А ў гэты час ідзе маё дзіця мокрае, бруднае і ледзьве не плача — крыўдна самому, што ўпала, дык яшчэ і мама злуецца! Але на выратаванне двум старэйшым дзецям Бог паслаў мне трэцяе — дзяўчынку Волечку з яркім і няпростым характарам, вельмі ўпартую, дэманстратыўную, якая любіць вішчаць нават без дай прычыны. Канешне, з узростам яна нібыта перарастае некаторыя свае праблемы...

Раней я думала, што яе характар — маё выпрабаванне. Цяпер думаю, што яе характар — гэта проста яе характар. Яе прыгоды дапамаглі мне больш адэкватна ставіцца да маіх старэйшых дзяцей, а цяпер і малодшай. Але больш за ўсё мне дапамагае выхоўваць дзяцей і не з'ехаць з глузду пачуццё гумару!

Неяк вырашыла я, што рассеянасць маёй Олі дасягнула памераў, калі трэба на гэта ўжо звярнуць увагу. Яна рэгулярна нешта забывае і губляе. Асаблівай «папулярнасцю» карыстаюцца «шкарпэткі на трэніроўку» і «падручнік у школу». Праблему з падручнікам вырашылі даволі хутка — проста перасталі браць буквар дадому. А вось са шкарпэткамі прыйшлося павазіцца. Сама іх даю дзіцяці ў рукі, каб яна паклала іх у сумку для трэніроўкі. Але як толькі прыходзім на месца, аказваецца, што яна іх зноў «забыла пакласці». Затое ў сумцы можна знайсці якія-небудзь цацкі, гумкі для валасоў, алоўкі і нават нейкія творчыя вырабы, якія проста неабходна паказаць сябрам.

Вось пагаварыла з дачкой сур'ёзна: маўляў, ужо не маленькая, трэба быць больш уважлівай. Атрымала абяцанне, што яна будзе больш сабранай. І ў чарговы раз перад выхадам на трэніроўку я, як сяржант з салдатам, абменьваюся фразамі:

— Оля, форму ўзяла?

— Так, мама (трасе сумкай).

— Шкарпэткі не забыла?

— Не забыла.

— А калі праверу?

— Правярай! Калі я першыя забыла, то другія ўзяла!

— Як гэта?

— А вось так! Калі я першыя забыла, то другія не.

— Ты, што, дзве пары ўзяла?

— Не-а... — хітра ўсміхаецца. — ТРЫ!

— Навошта?

— Ну, калі першыя забыла, то другія ёсць, а калі другіх няма — то трэція!

Я пырснула са смеху.

— А калі трэція забыла?

Гляджу, «завісла» дзіця, напружана глядзіць у бок свайго пакоя. Думаю, зараз пойдзе чацвёртыя браць!

— Ну, пойдзем-пойдзем, а то спознімся, — смеючыся дадала я, і мы пайшлі.

Ужо ў маршрутцы я перастала смяяцца, бо заўважыла, што Волька мая нейкая неспакойная. У адказ на заўвагу малая жаласна прашаптала: «Мама! Шкарпэткі...» Я апусціла галаву і зноў стала смяяцца ўголас. Па салоне каталіся ўсе тры пары шкарпэтак — ужо шэрыя ад бруду. Збіралі мы іх з дапамогай іншых пасажыраў.

Пасля таго выпадку не скажу, што дзіця маё стала менш рассеяным, але ўсё ж за шкарпэткамі яна сочыць як трэба.

Наталля ТАЛІВІНСКАЯ

Фота з праекта Таццяны ТКАЧОВАЙ "Маластоўка"

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».