Вы тут

Чэрвень шчадруе – спякотай турбуе


“Чэрвень не гуляе — ураджай люляе,” –  казалі беларусы раней. Здаецца, сёння настала пара новых прыказак і прымавак, бо прырода гуляе з чалавекам не толькі ў чэрвені, а на працягу ўсяго года. Гэты месяц, яшчэ толькі пачаўшыся, ужо паказаў свае тэмпературныя рэкорды, падарыў першы ўраджай грыбоў і літаральна засыпаў клубніцамі ўсю краіну. Таму на гэты сезон я прапаную новую прымаўку: “Чэрвень шчадруе – спякотай турбуе”.

Фота Дзяніса Іўковіча.

Жарты жартамі, але забарона на наведванне лясоў у засушлівыя перыяды вясны, лета і восені ўжо стала для беларусаў звычайнай з'явай. Такое абмежаванне кажа пра тое, што ў падпалах (наўмысных або выпадковых) часцей за ўсё вінаватыя людзі. Так, вясной гэтага года ў Рэспубліканскім ландшафтным заказніку "Альманскія балоты", размешчаным у Столінскім раёне Брэсцкай вобласці, адбыўся маштабны пажар, які прыйшоў з суседняй Украіны і знішчыў усё жывое на тэрыторыі больш за 400 га. Прычыны ўзгаранняў могуць быць рознымі — вясновыя палы, летняя спякота і неасцярожна кінуты недакурак, восеньскія наведванні лесу, звязаныя са зборам ягад і грыбоў. Вынік жа адзін – знішчэнне ўсяго жывога і доўгі перыяд біялагічнай рэстаўрацыі. Пра гэта чытайце ў рубрыцы “Востры ракурс” (матэрыял “Не трэба агню”).

Зразумела, што падобныя пытанні неабходна вырашаць на дзяржаўным узроўні. І сапраўды, у нашай краіне прыродаахоўным праблемам надаецца ўсё больш увагі. Зусім нядаўна ў Навагрудку прайшоў XV Рэспубліканскі экалагічны форум. На ім былі прадстаўлены экалагічныя распрацоўкі і інавацыі, якія адпавядаюць найлепшым даступным практыкам. Удзельнікі і госці форуму мелі магчымасць прымаць удзел у спецыялізаваных навукова-практычных семінарах, дыскусіях спецыялістаў па пытаннях укаранення сучасных экалагічна чыстых тэхналогій у гарадскую прамысловасць, захавання біялагічнай разнастайнасці, устойлівага кіравання адходамі, рацыянальнага выкарыстання водных рэсурсаў. Пра вынікі форуму чытайце ў матэрыялах Аксаны Яноўскай і Вольгі Пралюк.

Тэму навядзення парадку на зямлі закранула Вераніка Коласава ("Гарачы" сезон), бо ў самым разгары час адпачынкаў, а значыць, і выхадаў на прыроду — у лес, на рэкі і азёры — становіцца больш. Прапарцыйна павялічваецца і колькасць смецця, якое застаецца пасля адпачывальнікаў. Аўтар заклікае не забывацца падчас чарговага пікніка або паходу захапіць з сабой смеццевыя пакеты і ачысціць месца свайго знаходжання.

Наш часопіс працягвае публікаваць гісторыі "смеццевага" чэленджу, які стартаваў сёлетняй вясной. У гэтым выпуску – нашы юныя героі з Гомельскай вобласці.

Свой нарыс, прысвечаны чужародным відам раслін (рубрыка “Чорная кніга”), Аркадзь Скуратовіч, старшы навуковы супрацоўнік лабараторыі флоры і сістэматыкі раслін Інстытута эксперыментальнай батанікі імя В. Ф. Купрэвіча НАН Беларусі, адрасуе маладым мамам. Чаму? Ды таму, што хоча пазнаёміць чытачоў з дзіўным родам, у складзе якога ёсць дзікарослы від, які надзвычай шырока выкарыстоўваўся ў педыятрыі. Гэта чарада (“Ці прынясе шкоду чарада?”).

Таксама ў нашай пастаяннай рубрыцы Аксаны Катовіч “Прырода традыцый” вы пазнаёміцеся са старадаўнім славянскім абрадам пабудовы жылля. Ён складаўся з трох асноўных этапаў: закладка дома, яго ўзвядзенне і, нарэшце, ажыўленне і засяленне. Кожны з іх быў напоўнены шматлікімі рытуальнымі дзеяннямі, якія "забяспечвалі" поспех будаўніцтва, а таксама дабрабыт і росквіт будучых гаспадароў. Гэтым этапам узвядзення жылля папярэднічаў падрыхтоўчы, не менш адказны перыяд, у ходзе якога выбіралі будаўнічы матэрыял і месца для будучай хаты (“Будаўніцтва дома як стварэнне свету”).

Чытайце, выпісвайце наш часопіс, расказвайце сябрам і родным пра тое, што даведаліся з яго старонак, і не забывайцеся ўдзельнічаць у нашых апытанках!

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».