Вы тут

Эколагі зрабілі выбар на карысць «Здаровай краіны»


Пераможцам нацыянальнага этапу міжнароднага конкурсу “Экалагічна дружалюбны фермер Балтыйскага рэгіёну – 2019” стала арганічная гаспадарка “Здаровая краіна” з Бераставіцкага раёна. Аб гэтым паведамляе сайт Цэнтра экалагічных рашэнняў. Прадпрыемства атрымае прыз у памеры 1000 еўра і магчымасць прыняць удзел у рэгіянальным конкурсе, што пройдзе ў Польшчы ў гэтым годзе.


Конкурс праводзіцца Сусветным фондам дзікай прыроды (WWF) для таго, каб папулярызаваць перадавыя “зялёныя” тэхналогіі ў сельскай гаспадарцы, а таксама падтрымаць фермераў і сельгасвытворцаў, якія імкнуцца знізіць экалагічную нагрузку на басейн Балтыйскага мора.

У Беларусі нацыянальны этап прайшоў у другі раз. Яго ініцыятарамі па традыцыі выступілі Цэнтр экалагічных рашэнняў (Беларусь) і Кааліцыя Чыстая Балтыка (Швецыя). Пераможцаў і прызёраў вызначала прафесійнае журы, у склад якога ўвайшлі эколагі, спецыялісты ў галіне арганічнай сельскай гаспадаркі, а таксама прадстаўнік ад сельскагаспадарчага прадпрыемства. Пры ацэньванні ўвага звярталася, найперш, на адмаўленне ад выкарыстання хімічных угнаенняў і пестыцыдаў, а таксама на тое, як у гаспадарцы атрымліваецца скараціць сцёк забруджвальных рэчываў у вадаёмы.

— Перамогу мы аднагалосна прысудзілі ТАА “Здаровая краіна” — буйной сучаснай гаспадарцы, якая прымяняе перадавыя сельскагаспадарчыя тэхналогіі і беражліва ставіцца да водных рэсурсаў. Прыемна, што ў прадпрыемства ёсць стратэгічны план і сістэма далейшага развіцця, — пракаментавала рашэнне журы яго старшыня, начальнік галоўнага ўпраўлення экалагічнай палітыкі, міжнароднага супрацоўніцтва і навукі Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Кацярына КУЗНЯЦОВА.

— Паколькі арганічная сельская гаспадарка не прадугледжвае выкарыстанне сінтэтычных угнаенняў, мы ўважліва вывучалі, якім чынам фермер выбудоўвае сваю працу без іх,  чым “корміць” расліны, з дапамогай якіх сродкаў змагаецца з пустазеллем і шкоднікамі. Вялікае значэнне мела таксама культура земляробства, — дадаў дацэнт кафедры кіравання рэгіянальным развіццём Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, кандыдат біялагічных навук Віктар ЯРМОЛЕНКАЎ. — “Здаровая краіна” — унікальны для Беларусі прыклад буйной арганічнай гаспадаркі, дзе паспяхова вырошчваюць самыя разнастайныя культуры, выкарыстоўваючы інавацыйныя тэхналогіі севазвароту і ўнікальную сістэму арашэння.

Асноўная спецыялізацыя гаспадаркі — ягадныя культуры. Плошчы пасадак уражваюць — адных толькі клубніц  тут 25 гектараў. Акрамя яе ў “Здаровай краіне” вырошчваюць маліну, парэчкі, дурніцы, суніцы, бружмель. У гэтым годзе заклалі сад арганічнай чарэшні. Большая ж палова зямель адведзена пад збожжавыя культуры: пшаніцу, жыта, авёс, спельту, грэчку. Вырошчваюць у гаспадарцы  бабовыя і зернебабовыя культуры.

Відавочна, што атрымаць добры ўраджай без правільнага паліву і харчавання немагчыма, таму расліны падкормліваюць адмысловымі біяпрэпаратамі, а для паліву выкарыстоўваюць унікальную для Беларусі радыёкіраваную сістэму, якую наладжваюць пад кожную канкрэтную культуру.

Планы ў гаспадаркі амбіцыйныя — у наступным годзе будзе закладзены вялікі яблыневы сад, прапрацоўваецца магчымасць экспарту арганічнай прадукцыі ў Расію. Акрамя таго, нядаўна “Здаровая краіна” пачала супрацоўнічаць з буйнымі гандлёвымі сеткамі. Цяпер экалагічна чыстыя прадукты з Бераставіцкага раёна можна купіць у чатырох сталічных гіпермаркетах і анлайн-крамах арганічных прадуктаў.

Выйгрыш прадпрыемства плануе выдаткаваць на чарговую працэдуру сертыфікацыі. Яшчэ адзін бонус — магчымасць прыняць удзел у рэгіянальным этапе конкурсу “Экалагічна дружалюбны фермер Балтыйскага рэгіёну — 2019” у Польшчы. Яго пераможца атрымае прыз у памеры 10 000 еўра.

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.