Вы тут

Што ўяўляе з сябе галоўны прэс-цэнтр II Еўрапейскіх гульняў?


На Еўрапейскія гульні ў Мінску акрэдытавалася больш за 1 тысячу журналістаў: каля 400 беларускіх і больш за 600 прадстаўнікоў замежных медыя. З 21 да 30 чэрвеня галоўным месцам іх работы стане прэс-цэнтр алімпійскага стадыёна "Дынама".


Зазірнуўшы сюды за тры дні да старту Гульняў, мы заўважаем, што першыя прадстаўнікі СМІ ўжо занялі рабочыя месцы, але пакуль што больш тут усё ж такі валанцёраў. Яны рыхтуюць усё, каб стварыць максімальна камфортныя ўмовы для работы журналістаў.

Галоўны прэс-цэнтр Гульняў (наогул прэс-цэнтраў некалькі, яны ёсць на кожным спартыўным аб'екце) працуе з 7 раніцы да 00.30, а ў дні цырымоній адкрыцця і закрыцця, наогул да дзвюх гадзін ночы. Ён мае 200 пасадачных месцаў, кожнае з іх абсталявана разеткамі і прыстасаваннямі для падключэння да праваднога інтэрнэту. Тут жа на месцы ёсць магчымасць слухаць тое, што ў гэты момант адбываецца ў канферэнц-зале, прытым можна пераключацца на розныя мовы перакладу. У прэс-цэнтры таксама стаяць вялікія маніторы, на якіх транслююцца не толькі тыя падзеі, якія праходзяць на стадыёне "Дынама", але і спаборніцтвы з усіх астатніх спартыўных аб'ектаў Гульняў. "Гэта зручна для тых журналістаў, якія сочаць за некалькімі відамі спорту адначасова, - расказвае прэс-менеджар асноўнага прэс-цэнтра Таццяна Госцева. - Уся неабходная інфармацыя для журналістаў ёсць на інфармацыйнай дошцы, але калі ўзнікаюць нейкія пытанні, мы можам абсалютна ўсё ім расказаць: дзе паесці, як даехаць, дзе пасяліцца".

Таццяна адзначае, што асноўныя пытанні, якія ўзнікаюць у замежных журналістаў, датычацца раскладу, схем праезду да іншых арэн і цырымоніі адкрыцця. "Пакуль большасць журналістаў, якія прыязджаюць у прэс-цэнтр - гэта госці блізкага замежжа. Першыя два дні мы працуем у лёгкім рэжыме, асноўны паток журналістаў чакаем заўтра і паслязаўтра", - адзначае прэс-менеджар.

Сістэма транспартнага перамяшчэння прадстаўнікоў СМІ разлічана так, што аўтобусы курсіруюць паміж усімі арэнамі, улічваючы абсалютна ўсе спаборніцтвы, а таксама дастаўляюць журналістаў у гатэлі.

Каб дапамагчы прадстаўнікам СМІ, у прэс-цэнтры працуе каля 80 валанцёраў, абавязковае патрабаванні для іх - валоданне англійскай мовай. Гэта не толькі маладыя людзі, але і досыць сталыя, не толькі беларусы, але і замежнікі. Напрыклад, тут працуе 72-гадовая Джудзіт Гуньён з Вялікабрытаніі, у яе актыве ўжо ёсць Алімпійскія гульні ў Лондане ў 2012 годзе і Алімпіяда ў Рыа ў 2016-м, а літаральна адразу пасля Еўрапейскіх гульняў у Мінску жанчына адправіцца на Панамерыканскія гульні ў Перу.

Таццяна Госцева адзначае, што прэс-цэнтр гатовы прыняць таксама журналістаў на калясках, для іх створаны ўсе ўмовы. ожны без праблем можа трапіць ва ўсе зоны доступу. І мы зробім усё для вашай камфортнай работы".

Таццяна Госцева.

Аляксандр КАРЛЮКЕВІЧ, міністр інфармацыі, старшыня падкамітэта аргкамітэта Гульняў па пытаннях інфармацыйна-рэкламнага забеспячэння і работы сродкаў масавай інфармацыі:

— Ці не самая ўражальная падзея за апошнія гады прыйшла ў Беларусь, тая падзея, якая паказвае агромністы абсяг прадстаўлення нашай краіны ва ўсім свеце. Мне нават падаецца, што ў многім ІІ Еўрапейскія гульні адыграюць прарыўную ролю для Беларусі як краіны з высокім спартыўным аўтарытэтам. Па-першае, мы самі набываем велізарны вопыт, вучымся ісці за перадавым характарам на спартыўнай ніве ў свеце. Па-другое, шырокі свет разумее, што Беларусь — тая пляцоўка-краіна, якая здольная арганізоўваць, прымаць, якая адкрытая для розных дзяржаў і розных грамадстваў. На нашы памкненні ў высокай арганізацыі мерапрыемстваў, у высокай арганізацыі спаборніцтваў накладваецца міралюбства беларусаў, здольнасць весці дыялог з усім светам. Не здзіўлюся і буду бязмерна шчаслівы, калі заўтра ў Беларусі з'явіцца фармат новых спаборніцтваў, на якія прыедуць і з Захаду, і з Усходу, з Еўропы і Азіі, Афрыкі і нават Амерыкі.

Колькасць журналістаў, якія акрэдытаваліся для асвятлення спаборніцтваў ІІ Еўрапейскіх гульняў, уражвае. Назвы выданняў, медыйных рэсурсаў паказваюць, што спартыўныя журналісты свету праявілі нераўнадушша і гатовыя асвятляць спаборніцтвы, а адпаведна — расказваць пра нашу краіну, пра яе жывыя, сучасныя традыцыі, пра побыт беларусаў, пра славутасці, здабыткі і парадак у нашай краіне.

Трэба выказаць і тое, трэба разумець і тое, якая тытанічная праца за ўсім гэтым стаіць. Падрыхтоўка да такога ўнікальнага спартыўнага форуму доўжылася не адзін дзень, не
адзін месяц, ды і не адзін год. Кіраўніцтва краіны паслядоўна, дэталізавана прарабіла выключна высокую работу ў дасягненні вынікаў па дастойнай падрыхтоўцы. Рэспубліканскі арганізацыйны камітэт па Еўрапейскіх гульнях на чале з кіраўніком урада, віцэ-прэм'ерам, які вядзе ва ўрадзе сацыяльны блок, яго калегамі па іншых кірунках, падкамітэты на чале з міністрамі і іншымі службовымі асобамі былі і застаюцца вельмі ўважлівымі да клопатаў журналістаў, да таго, якія ўмовы створаны для работы прадстаўнікоў мас-медыя як з усяго свету, так і з Беларусі. Пільная ўвага да падрыхтаванасці айчынных СМІ ў асвятленні гульняў — і вялікі клопат Адміністрацыі Прэзідэнта краіны ў гэтыя дні.

Дарэчы, літаральна днямі будзе абвешчаны конкурс сярод журналістаў Беларусі на найлепшае асвятленне ІІ Еўрапейскіх гульняў. Спадзяёмся, што адгукнуцца сотні нашых калег праявіць выключную творчасць у стварэнні партрэта спартыўнай Беларусі. Спаборніцтвы, якія распачнуцца вось-вось, сама падзея Еўрагульняў у Беларусі — гэта як светач, як зіхацісты прамень, што настройвае на заўтра, што выбудоўвае ідэалогію спартыўных, фізкультурніцкіх аспектаў жыцця грамадства, краіны. Героі сённяшняй міралюбівай Беларусі — гэта героі спорту, якія ўзыходзяць на самыя высокія п'едэсталы. Іх імёны, іх вобразы — заўсёды перад вачыма ў людзей. І хіба не журналістаў задача — занатоўваць сучасную спартыўную біяграфію краіны ў самых розных медыйных рэсурсах — на тэлебачанні, у сеткавых выданнях, у газетах і часопісах, у радыёэфіры, у кнігах, даведніках, энцыклапедыях?!

Дар'я Лабажэвіч

Фота Ганны Занкавіч

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.