Вы тут

Зялёнае ўгнаенне — каштоўная знаходка для садаводаў і дачнікаў


Зялёнае ўгнаенне — каштоўная знаходка для садаводаў і дачнікаў. Літаральна з нічога можна прыгатаваць выдатную арганічную падкормку для раслін, раўнацэнную па складзе гною.


Спатрэбяцца ўсяго тры кампаненты: вада, пустазелле з участка і жменя азотнага ўгнаення для паляпшэння закісання. Адна 200-літровая бочка на працягу лета з запасам забяспечыць стандартны садовы ўчастак харчаваннем.

Травяныя настоі для падкормкі раслін, якія атрымліваюцца ў выніку браджэння розных відаў пустазелля ў вадзе, прыйшліся садоўнікам па душы за прастату, бяспеку, а таксама за добрую засваяльнасць і хуткадзейнасць.

Жывакост.

Акрамя харчавання раслін, яны здольныя выконваць і іншыя функцыі: адпужваць сваім пахам шкоднікаў, прыцягваць дажджавых чарвякоў, ствараць шчолачнае асяроддзе, пагібельнае для хваробатворных грыбкоў. Уласцівасці зялёных угнаенняў залежаць ад раслін, якія выкарыстоўваюцца.

Для прыгатавання ўгнаення з вялікім утрыманнем азоту рэкамендуюць выкарыстоўваць крапіву, канюшыну, макрыцу, лебяду, бабовыя расліны (гарох, лубін, фасолю). Вадкая падкормка з крапівы прыдатная амаль для ўсіх агародных культур. Не рэкамендуецца падкормліваць ёю толькі бабовыя, цыбулю і часнок.

Для культур, патрабавальных да калію (памідораў, агуркоў, фасолі), выкарыстоўваюць угнаенне з жывакосту. Гэта расліна па ўтрыманні калію пераўзыходзіць гной і змяшчае амаль столькі ж фосфару.

Для насычэння настою фосфарам і каліем падыдзе пустазелле з доўгім стрыжневым коранем: дзьмухавец, баркун, конскае шчаўе. Не рэкамендуецца выкарыстоўваць лісце і галінкі дрэў, асабліва клёна, бярозы, каштана.

Спосаб прыгатавання

1. Запоўніць палову ёмістасці абранымі раслінамі. Ёмістасць лепш выкарыстоўваць пластыкавую, бо метал уступае ў акісляльныя рэакцыі і ў настоі могуць утварыцца непажаданыя для раслін злучэнні.

2. Буйное пустазелле пасекчы на кавалкі па 10—15 сантыметраў.

3. Заліць вадой, нагрэтай на сонцы, але не да краёў, улічваючы, што жыжка будзе брадзіць і пеніцца. Для паскарэння працэсаў закісання дадаць рыдлёўку гною.

4. Каб трава не ўсплывала, прыціснуць яе гнётам, напрыклад цэглай. Накрыць няшчыльнай накрыўкай.

5. Перыядычна памешваючы, настойваць паўтара—два тыдні. Пры закісанні травы будзе адчувацца непрыемны пах.

6. Прыкладна праз паўтара тыдня пена знікне, усё лісце ператворыцца ў кашу, а колер вадкасці стане цёмна-карычневым. Гэта прыкмета гатоўнасці падкормкі.

Выкарыстанне ўгнаення

Вадкая падкормка змяшчае пераважна азот. Гэты элемент неабходны на ранніх тэрмінах вегетацыі для нарошчвання зялёных частак раслін (бацвіння, лісця, парасткаў). Таму ўносіць такую падкормку лепш у пачатку лета.

Перад выкарыстаннем раствор трэба старанна перамяшаць і працадзіць. Для паліву пад корань вадкасць разводзяць чыстай вадой у суадносінах 1:10.

Норма расходу падкормкі такая ж, як пры паліве чыстай вадой. Напрыклад, пад сеянец агурка з 2—3 лісточкамі хопіць 0,5 літра, пад дарослы куст клубніц — 1,5—2 літры, пад дрэва — вядро.

Вопыт паспяховых садаводаў даказвае, што дзякуючы даступнаму і абсалютна бясплатнаму вадкаму ўгнаенню нават маленькі агарод з зямлёй нізкай урадлівасці можа паспяхова плоданасіць і радаваць выдатнымі ўраджаямі.

Загаловак у газеце: Арганічнае ўгнаенне з пустазелля

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Чым Адэса прываблівае турыстаў

Чым Адэса прываблівае турыстаў

Гэта — недарагі адносна іншых курортаў адпачынак.

Грамадства

Як апынуцца ў раннім Сярэднявеччы?

Як апынуцца ў раннім Сярэднявеччы?

Ці сапраўды ў акваторыі сучаснага горада можна ўбачыць і нават праплыць на парусніку вікінгаў?

Грамадства

На Пастаўшчыне адбыўся інклюзіўны фестываль

На Пастаўшчыне адбыўся інклюзіўны фестываль

Для дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі «Асаблівыя, як усе».