Вы тут

Хоць і ў Неапалі ды ў Рыме, але ж думкамі — на Радзіме!


І ў беларускіх суполках Італіі актыўна рыхтуюцца да ІІ Еўрапейскіх гульняў


Беларускі прэзентуюць II Еўрапейскія гульні ў Неапалі

Што ўся Беларусь жыве падрыхтоўкай да ІІ Еўрапейскіх гульняў — гэта зразумела. Прыемна таксама бачыць, што інтарэс да падзеі праяўляюць і беларусы ў замежжы. Мы ведаем, што ў Сібіры, напрыклад, расказваюць пра хуткі ўжо спартыўны еўрапейскі форум у Новасібірскім цэнтры беларускай культуры — у яго ёсць такая дамова з арганізатарамі Гульняў. Змяшчаюць адпаведныя прэзентацыйныя матэрыялы на старонцы ў Фэйсбуку актывісты суполкі “Сябры” з эстонскай Нарвы…

А беларусы Неапаля правялі адпаведныя “перадгульнёвыя” імпрэзы — пра тое распавядае на старонцы ў Фэйсбуку кіраўніца таймтэйшай суполкі Assocіazіone “BELLARUS” Таццяна Пумпулева. Змяшчаюцца прыгожыя эмблемы свята, здымкі з урачыстага прыёму й адкрыцця фотавыставы “Беларусь спартыўная”, што праходзіць у Ганаровым консульстве Беларусі ў Неапалі. Афіша, праўда, пададзена па-італьянску, але ж Таццяна ўся ў колавароце спраў! Неяк напісаў ёй — дзякуе, што знайшоў на тое часу. Бо яго, прадаўжае, сёння ўсім не хапае. І далей: “А што да дзейнасці пасля вяртання з Беларусі, з курсаў у Рэспубліканскім цэнтры нацыянальных культур, то шмат чаго ўжо было (Мы пра курсы пісалі: на іх былі беларусы з Арменіі, Італіі, Казахстана, Латвіі, Літвы, Польшчы, Расіі, Узбекістана, Украіны і Эстоніі. — Гл: “З родных крыніц” — ГР, 26.04.2019. — Рэд.) Скажам, Дзень касманаўтыкі адсвяткавалі ў абсерваторыі Неапаля з дарослымі й маленькімі з нашага “Славянскага кола”. Хоць касмічныя караблі там не рабілі, але самалёцікі дзецям змайстравалі — спадабаліся ім, і пра нашу беларуску, першую ў свеце касманаўтку Валянціну Церашкову ім расказалі. Потым — Пасху светлую адзначылі. Былі таксама на прыёме, прысвечаным запаленню агню Еўрапейскіх гульняў у Рыме: там нашы песні беларускія праспявалі. Яшчэ пабылі на сустрэчы дэкана факультэта міжнародных адносін БДУ Віктара Шадурскага з ягонымі калегамі з універсітэта ў Неапалі “L’Orіentale” (гэта Універсітэт усходніх моваў). Потым і Дзень Перамогі адсвяткавалі. А планаў наперадзе — яшчэ больш”.

Таццяна размяшчае на сваёй старонцы спасылкі на нашу газету ў ПДФ-фармаце, а таксама розныя матэрыялы, відэаролікі, прысвечаныя Еўрапейскім гульням. І пра бязвіз, і пра камфортны аэрапорт Мінск, і сімвал Лесік там ёсць, і аповед пра першае ў свеце васільковае марожанае… Што да фотавыставы “Беларусь спартыўная”, то зладжана яна, піша Таццяна, “у адпаведнасці з пагадненнем, падпісаным 15.01.2019 паміж фондам “Дырэкцыя Еўрапейскіх гульняў 2019 года” і Культурнай асацыяцыяй “BELLARUS” г. Неапаля аб супрацы ў сферы прапаганды, інфармацыйнага прасоўвання й прыцягнення ўвагі міжнароднай грамадскасці, у тым ліку беларускай дыяспары за мяжой да ІІ Еўрапейскіх гульняў. Наша суполка сумесна з Ганаровым консульствам Беларусі ў Неапалі зладзіла фотавыставу пры падтрымцы Амбасады Беларусі ў Італіі, муніцыпальнага савета й мэра Неапаля”. У часе працы фотавыставы яна была прадстаўлена й мэтавай аўдыторыі: студэнтам Навуковага ліцэя горада імя Дж. Маціні (з 24 па 30 мая), а таксама спартсменам і заўзятарам спартцэнтра “Кодакан” (з 31 мая па 7 чэрвеня).

Вядома ж, клопатаў у беларусаў Неапаля ў сувязі з гэтым праектам было нямала. У дні адкрыцця выставы ў згаданых установах на імпрэзе былі прадстаўнікі адміністрацыі горада, і вядомыя ў спартыўнай сферы людзі. Сярод іх і спартсмены Антоніа і Джавані Эспазіта, Крысціян Парлаці: яны паўдзельнічаюць у ІІ Еўрапейскіх гульнях у Мінску; знакамітыя трэнеры Джузэпэ і Лука Мармі, Джанлука Пунца ды многія іншыя. “Праект “Беларусь спартыўная” мае вялікі розгалас у нашым горадзе, — паведамляе Таццяна Пумпулева. — І мы бачым вялікую эфектыўнасць яе ў падняцці агульнага іміджу нашай краіны, што надзвычай важна да Еўрапейскіх гульняў у Мінску. Ёсць у неапальцаў жывое захапленне, зацікаўленасць, многія жадаюць наведаць Беларусь, каб на свае вочы пабачыць і краіну, і самі спаборніцтвы”.

Таццяна выказвае асаблівую й шчырую ўдзячнасць Амбасадзе Беларусі ў Італіі за апекаванне праектам, прадастаўленне матэрыялаў для пашырэння інфармацыі пра Гульні, садзеянне ва ўрэгуляванні пытанняў дастаўкі фотавыставы (а яна яшчэ ў Неапалі). Удзячнасць — і Ганароваму консульству Беларусі ў Неапалі: “за аказаную падтрымку й канкрэтную дапамогу ў арганізацыі цыклу імпрэзаў па прапагандзе, інфармацыйным прасоўванні, прыцягнення ўвагі міжнароднай грамадскасці да ІІ Еўрапейскіх гульняў”. Цёплыя словы Таццяна адрасуе таксама Нацыянальнаму алімпійскаму камітэту Беларусі, Дырэкцыі Другіх Еўрапейскіх гульняў 2019 года — за прадстаўленую фотаэкспазіцыю “Беларусь спартыўная”.

Юныя беларусы Рыма фатаграфуюцца на памяць з беларускімі чэмпіёнамі ды Лесікам. 3 мая 2019 года

Пашанцавала, можна сказаць, і беларусам Рыма: 3 мая пабывалі некаторыя з іх на ўрачыстай цырымоніі запальвання агню ІІ Еўрапейскіх гульняў у музейным комплексе Ara Pacіs Museum, дзе знаходзіцца Алтар міру. “Мы даведаліся пра ўрачыстасць ад прадстаўнікоў Амбасады Беларусі ў Італьянскай Рэспубліцы, — напісала ў рэдакцыю Ніна Пашчанка, прэзідэнтка Культурна-адукацыйнага цэнтра “Францыск Скарына”. — Таццяна Сяргееўна Тыльковіч, віцэ-прэзідэнтка цэнтра, размясціла інфармацыю ў нашай групе ў Вацапе: яна там называецца “Девочки из Беларуси в Италии”. Дзякуючы такой групе й зносяцца многія нашы суайчынніцы ў Рыме. Вось і ўзнікла прапанова падтрымаць нашых суайчыннікаў на цырымоніі. Так і зрабілі. Бацькі, дзеці сабралі актыўную, шматколерную групу падтрымкі. Гэта было яркае, незабыўнае мерапрыемства! Дзеці фатаграфаваліся з вядомымі беларускімі чэмпіёнамі! А які прыгожы факел-паходня! Дзецям яшчэ, казалі мне, вельмі спадабаўся сімвал свята — лісяня Лесік”.

Дзякуем, паважаныя сябры, за тое, што хоць і жывяце ўдалечыні ад Бацькаўшчыны, у Неапалі ці ў Рыме, але ж думкамі з намі, на Радзіме!

Іван Іванаў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».