Вы тут

​Эколагі плануюць захаваць рэдкіх звяркоў


У Беларусі шукаюць хамякоў, суслікаў і палятух — супергрызуноў, якія амаль зніклі з тэрыторыі нашай краіны. Ініцыятыву распачала прыродаахоўная грамадская арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны» (АПБ) у рамках праекта «Экаманіторынг», што фінансуецца ЕС і рэалізуецца ПРААН у партнёрстве з Мінпрыроды. Каб захаваць рэдкіх звяркоў, спецыялісты просяць дапамогі ва ўсіх неабыякавых!


Палятуха.

Колькі дакладна засталося суслікаў, хамякоў і палятух на тэрыторыі нашай краіны, невядома. Яшчэ ў 1980-х першыя два грызуны лічыліся шкоднікамі сельскай гаспадаркі, таму больш за 90 % іх было знішчана. Палятуха ўвогуле не сустракалася ў Беларусі ажно з 1996 года, пакуль два гады таму спецыялісты АПБ не заўважылі яе на паўночным усходзе краіны. Новая ініцыятыва дапаможа сабраць неабходныя звесткі пра месцы знаходжання жывёл і прыняць меры па іх захаванні.

— Мы зробім апрабацыю сучаснай апаратуры для пошуку і маніторынгу грызуноў, — расказаў спецыяліст АПБ па прыродаахоўных пытаннях Сямён Левы. — Квадракоптары дапамогуць нам знайсці калоніі суслікаў і сцяжыны хамякоў на вялікіх тэрыторыях, фотапасткі — атрымаць цікавыя матэрыялы аб пагрозах і біялогіі звяркоў. А праз цеплавізары мы зможам назіраць за хамякамі і палятухамі ўначы, калі яны найбольш актыўныя.

Хамяк.

Дарэчы, супергрызунамі рэдкія звяркі называюцца невыпадкова, кожны з іх валодае сваімі ўнікальнымі суперздольнасцямі. Лётаць, як птушка, палятуха, вядома, не ўмее, але яна можа планаваць свой палёт з дапамогай шырокай скурнай складкі, размешчанай паміж пярэднімі і заднімі лапамі, а яе доўгі хвост дае магчымасць кіраваць траекторыяй палёту. Так яна можа скакаць на адлегласць да 90 метраў.

Хамяк (самы рэдкі з трох супергрызуноў!) цікавы сваімі вялікімі зашчочнымі мяшкамі, у якіх ён можа пераносіць каля 50 г пшаніцы на адлегласць больш за кіламетр. Таксама гэты звярок здольны рабіць запасы вагой да 20 кг.

Суслік.

А рабы суслік варты ўвагі таму, што змог выжыць пасля актыўнага знішчэння ў савецкія гады.

Шукаць супергрызыноў будуць у кожным шостым раёне Беларусі. Хамяка і сусліка — у Камянецкім, Брэсцкім, Жабінкаўскім, Кобрынскім, Пружанскім, Ляхавіцкім, Баранавіцкім раёнах Брэсцкай вобласці. Сусліка таксама спадзяюцца знайсці ў Навагрудскім, Карэліцкім раёнах Гродзенскай вобласці і Нясвіжскім, Капыльскім, Клецкім, Слуцкім раёнах Мінскай вобласці. Хамяка — у Гомельскім і Добрушскім раёнах Гомельскай вобласці. А пошукі палятухі абвешчаны ў Віцебскім, Гарадоцкім, Шумілінскім, Лёзненскім раёнах Віцебскай вобласці.

— Мы плануем правесці сустрэчы з настаўнікамі, школьнікамі, леснікамі, мясцовымі жыхарамі, каб расказаць ім пра біялогію гэтых відаў і пра тое, што ім пагражае. Будзем прыцягваць валанцёраў да маніторынгу, — падкрэсліў Сямён Левы. — На жаль, чалавек вельмі моцна паўплываў на зніжэнне папуляцыі гэтых відаў, якія з'яўляюцца індыкатарамі натуральных і малапарушаных экасістэм.

Таксама спецыялісты створаць інтэрактыўную анлайн-карту, дзе любы ахвотны зможа адзначыць новыя месцы пражывання рэдкіх грызуноў. Пасля чаго гэтыя пункты будуць абследавацца і аддавацца пад ахову.

Калі вы заўважыце аднаго з супергрызуноў, калі ласка, напішыце на пошту іnfо@рtushkі.оrg.

Кацярына ЦІТОВА

Загаловак у газеце: Супергрызуны сярод нас!

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.