Вы тут

Штотыднёвы спартыўны агляд «Звязды»


У штотыднёвым спартыўным аглядзе «Звязды» расказваем пра выхад зборнай Беларусі па гандболе ў фінал чэмпіянату кантыненту, а валейбалісты - у «Фінал чатырох» залатой Еўралігі і іншыя спартыўныя падзеі выхадных. 


1. Гандбалісты зборнай Беларусі разграмілі фінаў у заключным матчы адборачнага турніру чэмпіянату Еўропы. Пасля першага тайма гаспадары выйгравалі з розніцай у 12 мячоў, а ў выніку перамаглі з лікам 40:15.

У другім паядынку 6-га тура 5-й кваліфікацыйнай групы зборная Чэхіі на сваёй пляцоўцы саступіла камандзе Босніі і Герцагавіны — 23:24. Выніковае становішча: Чэхія — 8 ачкоў (6 гульняў), Беларусь — 8 (6), Боснія і Герцагавіна — 8 (6), Фінляндыя — 0 (6). Беларусы, чэхі і баснійцы выйшлі ў фінальную стадыю кантынентальнага першынства. Туды таксама трапілі зборныя Германіі, Славеніі, Харватыі, Паўночнай Македоніі, Даніі, Венгрыі, Латвіі, Партугаліі, Францыі, Украіны, Расіі, Польшчы, Швейцарыі, Ісландыі, Чарнагорыі, Сербіі і Нідэрландаў.

Фінальны этап мужчынскага гандбольнага Еўра-2020 з 9 да 26 студзеня прымуць арэны Аўстрыі, Нарвегіі і Швецыі. Каманды гаспадароў чэмпіянату, як і дзеючы чэмпіён Еўропы — Іспанія, былі вызваленыя ад адборачных гульняў. Адзначым, што ўпершыню ў фінале згуляюць 24 зборныя, а не 16, як было ранней.

2. Мужчынская і жаночая зборныя Беларусі па валейболе выйшлі ў «Фінал чатырох» залатой Еўралігі. Мужчынская зборная ў вырашальным матчы з камандай Украіны саступіла сапернікам — 3:2. Найбольш выніковым гульцом сустрэчы ў беларускай зборнай стаў Радзівон Міскевіч (22 ачкі). Але гэтае паражэнне не перашкодзіла нашым хлопцам заняць першае месца ў групе С. «Фінал чатырох» залатой Еўралігі ў Таліне пройдзе 21—22 чэрвеня. Акрамя Эстоніі і Беларусі, пуцёўкі ў вырашальную стадыю атрымалі пераможцы груп А і В — Турцыя і Нідэрланды. Адзначым, што Беларусь упершыню згуляе ў «Фінале чатырох» Еўралігі. Раней найвышэйшым дасягненнем у гэтым турніры для нашых валейбалістаў было пятае месца.

Жаночая зборная перамагла ў гасцях каманду Іспаніі — 3:2. Самым выніковым гульцом стала Кацярына Сакольчык (13 ачкоў). Як і мужчыны, беларускія дзяўчаты занялі першае месца ў групе С. «Фінал чатырох» у жаночай залатой Еўралізе адбудзецца 21—22 чэрвеня ў харвацкай Вараждзіне. Акрамя гаспадынь турніру і беларусак, за ганаровы трафей пазмагаюцца валейбалісткі зборных Чэхіі і Іспаніі.

3. Беларускія баскетбалісткі прайгралі другі таварыскі матч камандзе Італіі — 56:73. Найлепшай у складзе беларусак была Анастасія Верамеенка, у актыве якой 11 ачкоў і 7 падбораў. Нагадаем, у першай сустрэчы італьянкі выйгралі з лікам 71:67. Да гэтага наша зборная правяла два спарынгі ў Рызе. У першым з іх яна перамагла каманду Латвіі з лікам 81:77, а затым прайграла зборнай Турцыі — 56:76. Пасля матчаў з італьянкамі падапечныя Наталлі Трафімавай адправяцца ў венгерскі Секешфехервар, дзе 21 і 22 чэрвеня згуляюць са зборнай Венгрыі. Гэта будуць заключныя кантрольныя сустрэчы перад стартам чэмпіянату Еўропы.

4. Завяршыліся матчы 11-га тура чэмпіянату краіны па футболе. Барысаўскі БАТЭ абыграў футбалістаў салігорскага «Шахцёра» — 3:1, «Гарадзея» і «Тарпеда» не змаглі выявіць пераможцу — 0:0, «Дняпро» (Магілёў) перайграў «Іслач» (Мінскі раён) — 3:0, «Славія» (Мазыр) згуляла ўнічыю са «Слуцкам» — 1:1, «Тарпеда-БелАЗ» (Жодзіна) быў мацнейшы за «Віцебск» — 1:0, «Мінск» перайграў «Нёман» (Гродна) — 2:1, «Дынама» (Брэст) з буйным лікам перайграла «Гомель» — 3:0, а «Дынама» (Мінск) перайграла РЦАР БДУ з яшчэ буйнейшым лікам — 6:1.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Загаловак у газеце: Насустрач Еўропе

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».