Вы тут

Ваенна-патрыятычны лагер арганізаваны ў 56-м палку сувязі


Гэтымі днямі ў 56-м палку сувязі знаходзіцца каля 250 вучняў дзясятых класаў школ Маскоўскага раёна сталіцы. Для іх на базе палка арганізаваны спецыяльны ваенна-патрыятычны лагер. Ён прызначаны для таго, каб замацаваць на практыцы веды, атрыманыя падчас тэарэтычных заняткаў па дапрызыўнай падрыхтоўцы. А заадно – і паказаць войска падлеткам знутры, каб пасля праходжання медыцынскага асведчання ў ваенкамаце армія не здавалася terra incognita.


- Сёлета мы прымаем тры змены з дзённым знаходжаннем на тэрыторыі нашай часці і адну – з кругласуткавым, - гаворыць намеснік камандзіра па ідэалагічнай працы падпалкоўнік Андрэй Ганчароў. - Усе змены доўжацца па пяць дзён. Агулам плануем прыняць каля 800 школьнікаў з Маскоўскага раёна сталіцы. Прычым хачу зазначыць, што мы прымаем у сябе не толькі старшакласнікаў. Напрыклад, з 38-й гімназіі, якая размешчана непадалёк адсюль, мы запрашалі і другія, і чацвёртыя, і пятыя класы. Нам неаднаразова тэлефануюць з розных школ з просьбай паказаць машыны малым. Дыі самі школьнікі гэтым вельмі цікавяцца.

Што ж будзе чакаць юнакоў цяпер? Кожны дзень непадобны на папярэдні. Напрыклад, мы хочам паказаць ім тэхніку, якая прыме ўдзел у парадзе 3 ліпеня. Створаны і некалькі навучальных кропак. Першая з іх абумоўлена нашай спецыфікай. Мы паказваем, як працуе сучасны вузел сувязі. На другой адбываецца агнявая падрыхтоўка. Трэцяя прысвечана аказанню першай медыцынскай дапамогі. Аднак самая захапляльная – апошняя. Там мы паказваем сакрэты выжывання ў экстрэмальных умовах.

Заняткі па гэтай дысцыпліне праводзіць выкладчык Цэнтра дапрызыўнай падрыхтоўкі Маскоўскага раёна падпалкоўнік запасу Ігар Бядэнка.

- Самае першае пытанне - як здабыць агонь у лесе? Адна справа, калі вы турыст, і зусім іншая – калі вы знаходзіцеся ў разведцы ў баявых умовах. Кожны ваеннаслужачы ў павінен умець здабыць ваду, без якой доўга не можа абысціся, знайсці ежу і развесці касцёр, а яшчэ валодаць тэхнікай маскіроўкі. Вось я і пакажу хлопцам, як можна здабыць агонь без звычайных сродкаў кшталту запалкі і запальнічкі. Думаю, што гэта павінен умець любы мужчына – хто ведае, куды яго можа закінуць жыццё?

- І гэта ўсё вывучаецца ў межах дапрызыўнай падрыхтоўкі?

- Так. Наогул, гэты прадмет ставіць на ўвазе маральна-псіхалагічную падрыхтоўку да службы ва Узброеных Сілах. Хочам, каб юнакі дакрануліся да войска яшчэ да таго, як ім споўніцца васямнаццаць год і яны пяройдуць у статус прызыўніка. Мы выкладаем страявую падрыхтоўку – яна дапамагае арганізаваць калектыў. Расказваем пра элементы тактычнай падрыхтоўкі падчас наступу і абароны. Займаемся са школьнікамі і ваеннай тапаграфіяй – гэта арыентаванне на мясцовасці. Канешне ж, ёсць у нас і агнявая падрыхтоўка. Міністэрства абароны перадало нам макеты аўтаматаў, з дапамогай якіх мы трэніруемся. Хлопцы вучацца разборцы-зборцы аўтамата. І паказваюць нядрэнныя вынікі. У нас ёсць цудоўны цір, у якім вучні страляюць з пнеўматычных вінтовак. Таксама яны здаюць нарматывы па апрананні агульнавайсковага абарончага касцюма, надзяванні процівагаза. А яшчэ ў нас ёсць цудоўная традыцыя – мы адзначаем усе ваенныя святы.

Навучанне дапрызыўнай падрыхтоўцы арганізавана па блочна-модульным прынцыпе. Раз на год на працягу шасці дзён старшакласнікі з адной школы займаюцца ў Цэнтры па шэсць урокаў. Новы тыдзень – новая школа. Пасля дзясятага класа вучняў чакаюць невялікія зборы даўжынёй у тыдзень. Калі яны атрымалі станоўчыя адзнакі – то пераходзяць у адзінаццаты клас і ўжо там іх чакае яшчэ адзін тыдзень заняткаў па вайсковай справе.

- Тэарэтычныя заняткі таксама праходзяць цікава, - працягвае Ігар Бядэнка. - Мы вывучаем гісторыю, вайсковыя ўставы. Школьнікі таксама робяць цікавыя даклады. Напрыклад, аднойчы аказалася, што адзін з вучняў з’яўляецца далёкім сваяком піянера-героя Марата Казея.

Як зазначыў кіраўнік Цэнтра дапрызыўнай падрыхтоўкі Маскоўскага раёна, старшы лейтэнант запасу Ігар Руткоўскі, зараз у ім навучаюцца 655 хлопчыкаў і 765 дзяўчынак. Апошнія праходзяць медыцынскую падрыхтоўку ў раённых паліклініках.

- Але быў у нас выпадак, калі дзяўчынка, якая навучалася ў кадэцкім класе, захацела вывучаць менавіта дапрызыўную падрыхтоўку. Ніякіх перашкодаў у гэтым не было – мы яе залічылі ва ўзвод, яна атрымала ацэнку ў атэстат па дапрызыўнай падрыхтоўцы. Прычым адзнака была выдатная.

- Заняткі ў Цэнтры могуць для нейкай школы праходзіць у кастрычніку, а збор будзе толькі ў чэрвені. Ці не забудуць вучні за гэты час тое, чаму навучыліся?

- Мы ж не спыняемся толькі на тыднёвым навучальным плане. Пастаянна ў нас праходзяць ваенныя спаборніцтвы, гульні... У іх праграму ўваходзіць усё, што яны вывучаюць. Акрамя таго, шмат школьнікаў наведваюць цір, які адкрыўся пасля капітальнага рамонту.

Аляксей Ахрэмчык – без пяці хвілін адзінаццацікласнік. Вучыцца ён у 209-й сярэдняй школе сталіцы. Пытаюся: наколькі цікава назіраць за працай тэхнікі?

- Тут усё проста заварожвае. Гэта ж не звычайная грамадзянская сувязь у выглядзе вышак сотавай сувязі, якія ты бачыш штодня. Тут каналы, якія не прызначаны, скажам так, для шырокіх вушэй. Ды і душа да сувязі ляжыць. Цікава ўсё – перадача самога сігналу, тэхнічныя сродкі, якія дазваляюць гэта рабіць… На спецыяльнасць, звязаную з сувяззю, хачу паступіць пасля школы ў БДУІР. І ўжо сур’ёзна да гэтага рыхтуюся.

Валяр’ян ШКЛЕННІК

Фота прадастаўлена 56-м палком сувязі

Выбар рэдакцыі

Здароўе

​Як абараніць сябе ад кардыялагічных праблем у халодны перыяд?

​Як абараніць сябе ад кардыялагічных праблем у халодны перыяд?

Менавіта зімой павялічваецца колькасць інфарктаў і павышаецца артэрыяльны ціск.

Культура

Успаміны пра Яўгенію Янішчыц

Успаміны пра Яўгенію Янішчыц

Піша Зіновій Прыгодзіч.

Грамадства

У 2023 годзе з'явяцца квоты на рабочыя месцы для людзей з інваліднасцю

У 2023 годзе з'явяцца квоты на рабочыя месцы для людзей з інваліднасцю

У Беларусі на сённяшні дзень звыш 570 тысяч чалавек маюць інваліднасць.

Грамадства

АЭС у Астраўцы гатова да імітацыі работы ядзернага рэактара

АЭС у Астраўцы гатова да імітацыі работы ядзернага рэактара

Першы энергаблок Беларускай АЭС гатовы на 95 %, другі — на 70 %.