Вы тут

Не кладзіце «пластык» праязнога побач з банкаўскімі карткамі


Пачнём з дробязяў. У гарадскога жыхара абавязкова ёсць цэлы стос пластыкавых картак, банкаўскіх, праязных, крамных, любых. У гэтым выпадку спатрэбяцца своеасаблівыя візітоўніцы — зусім не цацанкі, а аксесуары, якія здаўна лічыліся адным з прыкмет сацыяльнага і дзелавога статусу. Іншая назва — картхолдар, утворанае ад англійскіх слоў «card» і «holder» — наогул карткатрымальнік.


Я таксама палічыў, што гэты выраб упарадкуе і захавае ўсе мае карткі, узяў і зрабіў картхолдар сваімі рукамі. Маё штодзённае жыццё змянілася ў лепшы бок. У адным месцы ў мяне былі сумешчаны праязны на метро, аўтобус і трамвай; зарплатная банкаўская картка; «пластык» інтэрнэт-банкінгу майго любімага банка і карта лаяльнасці майго найлепшага магазіна. Усё пад рукой. Картхолдар з гэтым наборам картак я не змяняю ўжо мінімум тры гады. Дакладней — не мяняў. Мая зарплатная картка стала злёгку сцірацца і патрабавала замены. У аддзяленні банка мне параілі ўзяць больш сучасную картку з чыпам, тую, якая бескантактавая. Параілі, але папярэдзілі...

Аказваецца, цяпер, калі я паднясу свой карткатрымальнік да турнікета на станцыі метро, каб такім чынам актывізаваць мой пластыкавы праязны, то ў мяне адначасова спішуць 65 капеек і з банкаўскай карткі. Як так? Але я не жадаю плаціць за адну паездку двойчы. Хто верне мне залішне аплачаныя грошы? Аказваецца, ужо ніхто нічога не верне. І вось чаму.

Усе мы, наведваючы метро, апрыёры павінны ведаць пэўныя інструкцыі. Зараз падрыхтаваны і вывешаны ў метро і на сайце новыя правілы праходу пасажыраў на станцыі метрапалітэна праз аўтаматычны турнікет з выкарыстаннем жэтона, праязнога білета на бескантактавай смарт-карце і банкаўскай бескантактавай карты.

Там гаворыцца, што калі пасля размяшчэння ў зоне счытвання бескантактавай смарт-карты чутны гукавы сігнал і на інфармацыйным табло турнікета высвятляецца надпіс «СКОНЧАНЫ ПАЕЗДКІ», «НЕ ГОДНЫ», «НЕ ЧЫТАЕ», «РАНА» — гэта азначае, што ўваход на станцыю не дазволены, а картка не прымаецца турнікетам па адной з прычын.

Крыху ніжэй чырвонай фарбай напісана:

Каб пазбегнуць непажаданага спісвання паездак або грашовых сродкаў, неабходна прыкладваць да валідатара толькі тую картку, з дапамогай якой пасажыр жадае аплаціць праезд.

Вось яно дзе «акапалася»... Атрымліваецца, што мы з вамі, праходзячы ў метро, пагаджаемся з тым пастулатам, быццам усе гэтыя правілы ўжо ведаем. А калі я не згодны, хай нават па няведанні, плаціць за паездку двойчы?

Дзеля чаго, скажыце вы, я тут хвалю падняў? Падумаеш, адзінкавы выпадак... А вось і не адгадалі. Апошнім часам неаднаразова бачыў, калі да валідатара (прычым не толькі к метро, аплата бескантактнай картай праезду ў іншых відах транспарту — пытанне найбліжэйшай будучыні) падносілі не толькі картхолдары з праязным, а партманеты, пухлявыя кашалькі, кампактныя і не вельмі сумачкі, партфелі і нават заплечнікі. Хто з упэўненасцю скажа, што ў гэтых рэчах не было бескантактавай банкаўскай карткі? Пытанні, якія без адказаў.

Але ж... Не ўсе. Напрыклад, было зададзена пытанне: «Чаму пры аплаце праезду ў метро бескантактавым спосабам з банкаўскай карты спісваюцца сродкі не адразу пасля кожнай паездкі, а праз некаторы час за некалькі паездак? Вось як адказалі на сайце метрапалітэна:

— У рамках развіцця праекта партнёрамі метрапалітэна ўкаранёна тэхналагічнае рашэнне, якое дазваляе аптымізаваць гэты працэс.У найбліжэйшай перспектыве для зручнасці і камфорту пасажыраў плануецца запусціць інавацыйныя механізмы аплаты праезду, уключаючы магчымасць атрымання скідак і правядзення акцый. На першапачатковым этапе рэалізаваны механізм аб'яднання некалькіх паспяховых аплат праезду, учыненых на працягу 48 гадзін, у адну транзакцыю з аднаразовым спісаннем з рахунку трымальніка карткі. На цяперашнім этапе максімальную колькасць аперацый, якія могуць агрэгавацца ў адну транзакцыю, — не больш за тры паспяховыя аплаты праезду. Зыходзячы з дзеючага тарыфу за праезд у метро 0,65 рубля, сума адной транзакцыі не перавышае 1,95 рубля.

Як абараніць кашалёк ад RFІD і NFC-ашуканцаў

Пластыкавыя карткі і дакументы з мікрачыпамі на аснове блізкай радыёсувязі (NFC) або з радыёчастотнымі пазнакамі (RFІD) сёння ёсць амаль у кожнага. Імі абсталёўваюцца многія крэдытныя і плацежныя карткі, пасведчанні кіроўцы, праязныя білеты на метро і многае іншае. Нягледзячы на сваю зручнасць, абедзве тэхналогіі ўтрымліваюць шмат «дзірак» у плане бяспекі.

Для таго каб цалкам выключыць непажаданыя кантакты са счытвальнымі прыладамі, праграмных сродкаў можа быць недастаткова. Таму варта звярнуцца да дзедаўскіх метадаў і начыста адрэзаць выпраменьванню шлях да сваіх картак. Ідэальныя для гэтага два матэрыялы — вада і метал.

Вядома, у пакеце з вадой насіць карткі цяжкавата. А вось кавалак звычайнай харчовай фольгі з рулона (падыдзе і ад шакаладкі — але не з пачка ад цыгарэт) цалкам блакіруе сігналы RFІD і NFC. Гэта найбольш эфектыўны і зручны спосаб. Дастаткова абгарнуць картку фольгай і даставаць з яе толькі ў момант аплаты. Усё.

Дарэчы, многія заходнія кампаніі патрабуюць ад супрацоўнікаў карыстацца спецыяльнымі папернікамі і вокладкамі для дакументаў з адпаведным лагатыпам «Protected from RFІD». Найбольшы выбар аксесуараў, якія блакуюць RFІD-сігнал, прапануе адна прыватная кампанія. Частка іх асартыменту выраблена па замове ўрада ЗША для дзяржаўных служачых. Можна знайсці і больш танны варыянт — у інтэрнэт-магазінах ёсць маса разнастайных чахлоў для картак і папернікаў з металічнымі ўстаўкамі.

На сайтах у інтэрнэце можна набыць вопратку з абаронай ад несанкцыянаванага доступу. Аналагі ёсць. Да таго ж металізаваную тканіну можна знайсці ў продажы і адштабнаваць ёй кішэні адзення. Дарэчы, ёсць і абароненыя ад бесправаднога ўзлому заплечнікі. Вы скажаце, што нам да гэтага яшчэ далёка, што гэта будучыня. Не, яна стукае ўжо да нас у дзверы. А пакуль...

Як надоўга захаваць сваю пластыкавую картку?

Банкаўскі «пластык» складаецца з непасрэдна пластыкавага прамавугольніка і аднаго або некалькіх убудаваных носьбітаў інфармацыі (магнітная палоска, чып, мікрасхема). Меры засцярогі для картак з рознымі носьбітамі інфармацыі падобныя. Каб картка пражыла доўга, варта выконваць наступныя.

Нельга трымаць картку побач з металічнымі, выпраменьваючымі радыёхвалі, намагнічанымі прадметамі. Далей ад сотавага тэлефона, мікрахвалёўкі, ключоў, раўтэраў, планшэта, офіснай апаратуры, і вядома, магнітаў. Для таго каб картка пачапа размагнічвацца, патрэбен даволі цесны і доўгі кантакт з гэтымі прадметамі (акрамя магнітаў). Нічога страшнага не адбудзецца ад таго, што ваш «пластык» менш за гадзіну ляжаў у адной кішэні з тэлефонам. Але ўсё-такі такога суседства лепш пазбягаць.

Яшчэ адным «ворагам» безнаяўнага кашалька з'яўляецца статычная электрычнасць. Нават такі маленькі зарад здольны пашкодзіць або знішчыць даныя на пластыкавай картцы. Статычную электрычнасць лепш за ўсё назапашвае звычайны бытавы пыл.

Акрамя гэтага, мікрачасціцы пылу драпаюць малюнкі на карце, з часам робячы чып непазнавальным. Таму картку трэба пастаянна трымаць у чысціні.

Для картак з магнітнай паласой ёсць адна асаблівасць. Тэрмін службы такой палоскі абмежаваны. Гэта звязана і з тым, што яна з часам сціраецца аб счытвальнік, і з тым, што інфармацыя, запісаная на палоску, мае абмежаваную колькасць цыклаў счытвання. Тэрмін службы такой карткі звычайна ад года да двух. Захоўваць такі «пластык» даўжэй гэтага тэрміну не трэба.

Што яшчэ варта сказаць аб мерах засцярогі? Тое, што картку можна гнуць не больш чым на 30 градусаў, інакш можна зламаць унутраную мікрасхему ці пашкодзіць палоску. Карту нельга пакідаць на марозе больш чым пры мінус 20 градусах: пластык можа патрэскацца. Нельга награваць больш чым на плюс 50 градусаў. Нельга кідаць картку ў ваду, у кіслату, бензін, растваральнік, шчолач.

Сяргей КУРКАЧ

Загаловак у газеце: Каб не плаціць двойчы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Жыхар Жодзіна Генадзь Пузанкевіч даехаў на веласіпедзе з Беларусі да Уладзівастока

Жыхар Жодзіна Генадзь Пузанкевіч даехаў на веласіпедзе з Беларусі да Уладзівастока

Ён кожны дзень імкнуўся пераадольваць не менш за сто кіламетраў.

Грамадства

Як «Звязда» парушальнікаў адпачынку з міліцыяй шукала

Як «Звязда» парушальнікаў адпачынку з міліцыяй шукала

Апошнімі цёплымі дзянькамі многія мінчане стараюцца скарыстацца напоўніцу і па магчымасці адпачыць на прыродзе, хай сабе і ў межах горада.

Культура

Спявак Аляксандр Гелах: Як толькі паступіў, пачаў шукаць работу

Спявак Аляксандр Гелах: Як толькі паступіў, пачаў шукаць работу

Малады тэнар, які прыйшоў у Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр Беларусі ў 2015-м, звярнуў на сябе ўвагу аматараў оперы адразу.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Танцуй... Пакуль не замужам?