Вы тут

Плеценыя сумкі-авоські заменяць поліэтыленавыя пакеты?


Па сцвярджэнні беларускіх экспертаў, за кошт аднаразовых пакетаў у нашай краіне ўтвараецца да 10 % адходаў пластыку, які не падлягае перапрацоўцы. Як можна знізіць спажыванне аднаразовай ўпакоўкі з поліэтылену і пластыку? Напрыклад, прапанаваць пакупнікам альтэрнатыву — плеценыя гаспадарчыя сумкі-авоські.


Тым больш што авоська ў апошнія гады ўспрымаецца не як бабулін аксесуар: яна цяпер вельмі папулярная ў Еўропе. Вядучыя еўрапейскія модныя дамы выпускаюць цэлыя калекцыі гаспадарчых сумак. Прычым цана плеценай сумкі пад знакамітым брэндам можа дасягаць некалькіх сотняў долараў.

У Мінску хутка таксама любы ахвотны зможа без праблем купіць модную авоську, прычым па прымальнай цане — каля шасці рублёў. Даступныя плеценыя сумкі з'явяцца ў продажы дзякуючы новаму сацыяльнаму праекту «Добрая авоська», які запусціла «Кока-Кола Беўрыджыз Беларусь» сумесна з грамадскім аб'яднаннем «Беларускае таварыства інвалідаў па зроку».

У гэтага праекта дзве асноўныя мэты — прыцягнуць увагу беларусаў да экалагічных праблем і даць работу людзям з абмежаванымі магчымасцямі.

— Такая авоська заменіць 200 пластыкавых пакетаў штогод, — сцвярджае намеснік генеральнага дырэктара па сувязях з грамадскасцю Унітарнага прадпрыемства «Кока-Кола Беўрыджыз Беларусь» Марына Бароўка. — Адначасова, карыстаючыся «добрымі» авоськамі, людзі дапамогуць працаўладкаванню жанчын, якія слаба бачаць, бо менавіта яны іх і будуць плесці.

У праекта, па словах Марыны, свая гісторыя.

— Мы абмяркоўвалі мноства ідэй для вырашэння экалагічных праблем у нашай краіне і ў адной з такіх гарачых дыскусій успомнілі пра авоські, — кажа яна. — Але не проста пра іх, а пра тое, што ў СССР авоські выраблялі людзі, якія мелі праблемы з вачыма. З гэтай, здавалася б, неверагоднай ідэяй мы прыйшлі ў Беларускае таварыства інвалідаў па зроку. І праца закруцілася.

Таварыства знайшло жанчыну з Навагрудка, яна мае праблемы са зрокам і ў савецкія часы працавала на вытворчасці авосек. Яе рукі дагэтуль памятаюць, як гэта робіцца. Гэтая жанчына і спляла першыя некалькі сумак. Зараз яна працаўладкаваная і вучыць плесці іншых.

Адной з задач стала зрабіць авоську, даступную па цане, таму спыніліся на простым базавым дызайне, белым колеры і сярэднім памеры. «Добрая авоська» — добрая і тым, што любы ахвочы зможа на свой густ яе мадыфікаваць.

Добра гэта ці дрэнна, але сучаснае грамадства так шмат спажывае, што ўпакоўка стала ледзь не галоўным прадуктам жыццядзейнасці чалавека. Тых жа пакетаў з супермаркетаў мы выкарыстоўваем трыльёны кожны год, наносячы незваротную шкоду экасістэме ўсёй планеты. Таму неабыякавыя людзі і сталі шукаць, чым можна замяніць усюдыісны пластык. «Добрая авоська» — адно з такіх рашэнняў.

Падчас Трынаццатага сезона Sосіаl Wееkеnd быў прадстаўлены і праект KrаріvkаBу, на аснове якога школьнікі з Мінска хочуць стварыць мануфактуру па вытворчасці крапіўнага валакна, каб потым шыць з яго эка-сумкі. Гэта прынцыпова новы спосаб упакоўкі і захоўвання прадуктаў з дапамогай экалагічна чыстага матэрыялу з крапівы. Таксама добрая альтэрнатыва аднаразовым пакетам.

У Літве змагаюцца з пакетамі на заканадаўчым узроўні

Міністэрства аховы навакольнага асяроддзя Літвы прапануе караць гандляроў за бясплатную раздачу аднаразовых поліэтыленавых пакетаў. Адпаведныя папраўкі неўзабаве абмяркуе ўрад.

Парламентам Літвы ў 2016 годзе ўжо былі прынятыя папраўкі, згодна з якімі з 2019 года крамам дазволена выдаваць бясплатна толькі самыя тонкія аднаразовыя поліэтыленавыя пакеты (танчэйшыя за 15 мікрон). Пакеты таўшчынёй 15—50 мікрон з лагатыпамі кампаній бясплатна даваць нельга, таму што такія пакеты складана аддзяліць ад іншага смецця і перапрацоўваюць толькі невялікую іх частку. Акрамя таго, яны доўга раскладаюцца ў прыродзе.

Па звестках Літоўскай асацыяцыі гандлёвых кампаній, у апошнія гады ў Літве сталі выкарыстоўваць менш аднаразовых поліэтыленавых пакетаў. У 2014 годзе на аднаго жыхара прыходзілася 260 вельмі тонкіх і 39 тонкіх пакетаў, а ў 2017 годзе — ужо адпаведна 226 і 34.

Святлана БУСЬКО

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.